Беларуская Джульета “ажыла” ў Бабруйску

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

У 2008 годзе на базе Дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя Яўгена Цікоцкага горада Бабруйска (тады — ДШМ № 3) адкрылі тэатральнае аддзяленне. Я сама іграла ў школьным тэатры, прапускала кожны казачны вобраз праз сябе, прыдумляла, уяўляла, фантазіравала. Лёс зноў даў магчымасць акунуцца ў гэты шчаслівы час праз прафесію настаўніка.

Але вернемся да нашых вытокаў. Першы набор на аддзяленне быў невялікі (10 вучняў), але з кожным годам колькасць дзяцей узрастала, і да канца 2016 года юных акцёраў стала больш за сорак. Першыя акцёрскія досведы акцэнтаваліся на навагодніх ранішніках, мініяцюрах да дня святога Валянціна, дня тэатра. Наступнай нашай прыступкай стала пастаноўка паводле Карнея Чукоўскага “Муха-Цакатуха”, спектакль па матывах Ксеніі Драгунскай “І вось аднойчы!”, “Папялушка на новы лад”, аповесць-казка “Маленькая Баба Яга” Отфрыд Пройслер, казка-жарт па матывах братоў Грым “Стаптаныя туфлікі”, удзел у міжнародных конкурсах, адкрытыя ўрокі па спецыяльных дысцыплінах і іншае.

Самым плённым годам выдаецца 2017-ы, калі мой родны горад прыняў эстафету Культурнай сталіцы Беларусі. Узгадваю адзін яго студзеньскі дзень з дакладнасцю да дробязяў: усе дзеці на канікулах, рыхтуюся да тэсціравання і раптам на чарговай старонцы кнігі бачу партрэт выдатнай Барбары Радзівіл — каралевы Вялікага Княства Літоўскага. Не было жанчыны ў яе эпоху і пазней больш знакамітай, бліскучай, акружанай багаццем і глянцам! Беларуская Джульета, як яе называлі сучаснікі! І я падумала: а што калі рызыкнуць і адлюстраваць рэчаіснасць беларускай гісторыі ў пастаноўцы! За аснову ўзяла найпрыгожую гісторыю пра каханне Жыгімонта II Аўгуста і Барбары Радзівіл. Давялося занурыцца ў гістарычныя факты і хронікі не толькі ХVІ стагоддзя. Скажам, дазналася, што частка земляў старадаўняга Бабруйска належала заможнаму роду Гаштольдаў, а сама Барбара Радзівіл магла наведваць Бабруйск у перыяд з 1537 года, узяўшы шлюб са Станіславам Гаштольдам, памершым у 1542-м.

/i/content/pi/cult/642/14289/24---.jpg

Як той казаў, “праца закіпела”, і я разумела, што, працуючы ў музычнай школе, трэба аб’ядноўваць намаганні і з музычнымі калектывамі, бо кульмінацыйным момантам спектакля павінен стаць баль, мае гучаць музыка таго часу. На прапанову адразу адгукнуўся музычны ансамбль “Арт-Альянс” пад кіраўніцтвам Людмілы Зайкоўскай. Было праслухана шмат музыкі і выбар спыніўся на сярэднявечным танцы са зборніка музыкі ХVІІ стагоддзя “Полацкі сшытак”. Быў абраны наступны склад: лютня — Людміла Зайкоўская, скрыпка — Наталля Казека, віяланчэль — Святлана Сушко, флейта — Святлана Жвірбліце, тамбурын — Вольга Петрушэнка, барабан — Марына Емяльянава. Партытура была напісана кіраўніком калектыва. Харэаграфію паставіла выпускніца гімназіі № 4 Вольга Чайкова, прычым дзеці, па маіх назіраннях, авалодалі харэаграфіяй з незвычайнай лёгкасцю.

Як жа быць з касцюмамі? 38 сярэднявечных сукенак.... Дзякуй Рыме Пукач (настаўніца па класе гітары). “Алесенька, не хвалюйся, мы табе дапаможам”, — як пазней выявілася, Рыма Пукач і яе родная сястра Тамара Самсончык родам з Нясвіжа, таму любоў да роднага горада ў іх з нараджэння. У тыдзень мае рукадзельніцы шылі да шасці касцюмаў! Хочацца асобна падзякаваць калектыву з нашай школы, усе дапамагалі ўсім, чым маглі: неслі перліны, тканіну, футра, біжутэрыю для ўпрыгожвання касцюмаў.

Нарэшце, 18 сакавіка на базе Бабруйскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа адбылася прэм’ера беларускамоўнага драматычнага спектакля “Погляд у мінулае” паводле п'есы Раісы Баравіковай. Было задзейнічана 40 навучэнцаў і ансамбль “Арт-альянс”. Поўны аншлаг, чуткі пра маленькіх акцёраў разнесліся па горадзе і не толькі. 9 красавіка на свой страх і рызыку мы адправіліся скараць сталіцу на Міжнародны конкурс сучаснага мастацтва “Avanti” і з поспехам узялі дыплом лаўрэатаў I ступені. І самай значнай падзеяй гэтага года стаў удзел у I Гарадскім конкурсе тэатральнага мастацтва “У святле сафітаў Бабруйск!”, дзе дзіцячы тэатральны калектыў атрымаў Гран-пры. Балазе, маленькія артысты выклаліся на ўсе сто, як і бацькі дзяцей, дарэчы. Яны былі з калектывам з самага пачатку, перажывалі, хваляваліся, дапамагалі, а самае галоўнае даверылі мне, настаўніку, сваё дзіця.

Усе пытаюцца: “Як ты змагла справіцца з такой задачай? Шмат дзяцей і да кожнага трэба ведаць падыход?” Адказваю: “Я была не адна, са мной была цэлая каманда!” Як дакладна адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі гарвыканкама Ірына Роскач, вы былі камандай, а зараз сталі сям’ёй! І гэтая цудоўная фраза прагучала для мяне як сігнал да новага тэатральнага праекта. Якога? Пакуль паінтрыгую. Ну а з 29 па 3 ліпеня ў нашым горадзе пройдзе XIV Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы-2017”, калі дзіцячы тэатральны калектыў “На Біс! Тэатралушкі” акуне вас у эпоху Сярэднявечча на пляцоўцы “Старадаўні і сучасны Бабруйск”.

Алеся МАНЬКО,
настаўнік ДШМ № 1 імя Яўгена Цікоцкага