Пра байкераў, цуд свету і квас-фэст

№ 24 (1307) 17.06.2017 - 23.06.2017 г

Пэўны час таму разам з Кастусём Антановічам пабывалі ў Бераставіцкім раёне. У вёсцы Лішкі, у мясцовай сельскай бібліятэцы, пазнаёміліся з Зояй Хлебнікавай. З таго часу бібліятэкар, якая працуе ў культуры з 1987 года, пачала літаральна закідваць рэдакцыю лістамі. Пісала пра тое, чым жыве ўстанова культуры. Але гэтым разам пісьмо прыйшло не ад яе. Яго напісалі чытачы сельскай бібліятэкі: “Нашу ўстанову скасоўваюць, бо Лішкі — не аграгарадок. А Хлебнікаву перавядуць у іншае месца — аптымізацыя… Але ж сходу з тлумачэннямі, ці будзе нас наведваць бібліёбус, не было!” Давялося звярнуцца да дырэктара раённай бібліятэкі Таццяны Марцішэвіч. Яна запэўніла, што сход нядаўна прайшоў, Лішкі, дзе жывуць у асноўным пенсіянеры, будзе абслугоўваць бібліёбус. А будынак установы — лядашчы, няма сэнсу яго рамантаваць. Зою Хлебнікаву пераводзяць у бібліятэку вёскі Алекшыцы. Словам, сітуацыя, падобная на дзясяткі іншых у розных кутках краіны.

/i/content/pi/cult/642/14287/24+++.jpg

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, распавядае Святлана Ганчарова, не першы год ладзіць конкурс лепшага дзіцячага малюнка “Права на дзяцінства”. Сёлета яго прызёрамі сталі навучэнцы мастацкага аддзялення Эйсмантаўскага філіяла Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Лізавета Крупа, Віялета Эйсмант і Эльвіра Мілашэўская.

Галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Ірына Ляйко піша: “Па запрашэнні дырэктара Палаца мастацтваў Маладзечна Святланы Сарока творчая дэлегацыя Бабруйска ў складзе Заслужаных аматарскіх калектываў Рэспублікі Беларусь тэатра песні “Шына-най” Палаца мастацтваў, фольк-шоу-балета “Альянс” гімназіі-каледжа, ансамбля танца “Зязюлечка” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт”, а таксама — узорнага гурта эстрадна-спартыўнага танца “Мара” Цэнтра вольнага часу і творчасці прыняла ўдзел у канцэртнай праграме “Масты сяброўства культурных сталіц”. Выступ бабруйчан адбыўся на пляцоўцы “Фестывальная талака” Цэнтральнай плошчы Маладзечна падчас Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

Бабруйскія гарадская бібліятэка № 7 імя Алі Шагенцукава, цэнтральная дзіцячая імя Аркадзя Гайдара, дзіцячыя бібліятэкі № 5 і № 6 правялі шэраг мерапрыемстваў у падтрымку сямейнага чытання. Пра гэта напісала бібліятэкар аддзела маркетынгу цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Максіма Горкага Ірына Кондзік.

/i/content/pi/cult/642/14287/24++++.jpg

З Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі паведамляюць: у гэтай краіне адкрыліся ІІ Беларускія музычныя сезоны. Мерапрыемства арганізавана сумесна з Франка-беларускай музычнай асацыяцыяй “Жыццё ў музыцы”, якую ўзначальвае вядомы беларускі музыкант і кампазітар Георгій Сасноўскі, што жыве ў Францыі. Паралельна прайшла прэзентацыя культуры, эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу Гродна і Гродзенскай вобласці. Гродзенскія музыканты Аляксей Пятроў і Ганна Голуб далі канцэрт класічнай музыкі. Кіраўнік Гродзенскага клуба фатографаў Аляксандр Ласмінскі прэзентаваў сваю фотавыставу “З Гродна з любоўю”. Быў прадэманстраваны фільм аб турыстычным развіцці рэгіёна.

Загадчык бібліятэкі-філіяла № 2 сеткі публічных бібліятэк Гомеля Алена Новікава распавядае: “Мы рэалізоўваем этнаграфічны праект “Часоў злучальная нітка”, правялі ўжо фальклорна-абрадавы вечар “Запрашаем, дзяўчаткі, на зялёныя святкі”. Юныя чытачы адгадвалі загадкі, прыгадвалі прыказкі ды прымаўкі пра з’явы прыроды, расліны і жывёл роднага краю, бралі ўдзел у абрадах”.

Пра справы Асіповіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея паведамляе супрацоўнік установы Юрый Клеванец. Тут прайшла канферэнцыя, прысвечаная пошукам слядоў Вялікай Айчыннай вайны, лёсам землякоў, чыё жыццё закранула ваеннае ліхалецце. Асіповіцкія байкеры перадалі дырэктару музея Антаніне Сцяпанавай гільзу з зямлёй з месцаў баёў за Асіповіччыну.

“Кніга — восьмы цуд свету, — распавядае загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі Святлана Баброўнік. — Вакол яе заўжды гуртуюцца людзі. Таму кніжнае свята ў гарадскім парку мы назвалі “Кніга збірае сяброў”. Для паслуг ахвотных працавала “Альтанка для чытанкі”, а таксама — пляцоўкі для адпачынку і гульні”.

Дар’я Ільніч паведамляе, што Музей народнага мастацтва ў Раўбічах распачынае серыю інтэрактыўных лекцый пра наступныя віды народнай творчасці: тэкстыль (народны строй і побытавыя рэчы), кераміку, саломкапляценне, драўляную скульптуру і народны жывапіс. Лекторый называецца “За кубачкам гарбаты”.

/i/content/pi/cult/642/14287/24+++++.jpg

Вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна напісала пра выставу майстроў народных мастацкіх рамёстваў са Смаленшчыны і Пскоўшчыны. У экспазіцыі — какошнікі і сукенкі, творы з лазы, скуры, бяросты, разьба па дрэве.

Інфармацыя ад кіраўніка гуртка Мазалаўскага СДК (Віцебскі раён) Андрэя Струнчанкі. Днямі прайшоў выніковы форум сумеснай ініцыятывы “Стварэнне і адраджэнне гісторыка-эканамічнай спадчыны для ўстойлівага развіцця Мазалаўскага і Бабініцкага сельскіх саветаў” у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Пашырэнне эканамічных сувязяў у сельскай Беларусі”. Фінансуюць праект Еўрапейскі Саюз і фонд “Еўразія”. Форум прапанаваў экскурсію па аграгарадку, краязнаўчую квэст-гульню, “круглы стол” з удзелам латвійскіх гасцей, раённы квас-фэст і раённы агляд-конкурс “Маладыя гаспадары”.

Андрэй Струнчанка напісаў і пра тое, што Мазалаўская дзіцячая школа мастацтваў (Віцебскі раён) правяла фестываль творчасці сямейных талентаў. Навучэнцы, іх бацькі і родзічы (усяго 15 сем’яў) спявалі ды гралі на розных музычных інструментах.

II Адкрыты фестываль-конкурс для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Вясёлы Жужа” прыняў гэтым разам каля 400 дзяцей з усіх абласцей краіны. Пра гэта паведамляе дырэктар Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў Ашмянскага раёна Наталля Трот. Гран-пры ў намінацыі вакальнага жанру атрымалі Каця Корапава (Магілёўская ДШМ № 5) і Сяргей Кіндзякоў з Маладзечанскага дзіцячага цэнтра культуры “Расток”. А Гран-пры ў “інструменталцы” павезлі дахаты Даша Гарох (сярэдняя школа № 4 Іванава) і ўзорны ансамбль скрыпачоў “Фантазія” са сталічнай музычнай школы мастацтваў № 7.

Цяжка падлічыць, колькі кілаграмаў фарбы выкарыстана ў Навагрудку цягам “Колер-фэста-2017”. Прынамсі, кіраўнік раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская пераконвае, што гарадскі парк пераўтварыўся ў вялізную вясёлку. Сучаснай музыкай дзеці сустрэлі чарговыя школьныя вакацыі. І яшчэ інфармацыя ад Наталлі Кавальскай. Летні сезон распачаўся ў эколага-інфармацыйным цэнтры, які знаходзіцца ў вёсцы Навасады, на беразе Свіцязі. Тут прайшоў дзіцячы творчы форум “Калейдаскоп талентаў”. У ліку іншых акцый ладзіўся і мастацкі пленэр.

У горадзе Свіслач, як распавядае Сяргей Чыгрын, прайшоў першы абласны фестываль “Кніга і час”. Мерапрыемства прысвячалася 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Але спачатку была навукова-краязнаўчая канферэнцыя “Шлях беларускага друкаванага слова ў Свіслацкім краі”. Пра “радавод” нашай кнігі распавялі гісторыкі, краязнаўцы, бібліятэкары. Доктар гістарычных навук Святлана Марозава згадала пра лёс бібліятэкі Супрасльскага манастыра. Супрацоўніца Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Трафімік гаварыла пра гісторыю папяровай фабрыкі Тышкевічаў, якая працавала на Свіслаччыне напрыканцы XVIII — у XIX стагоддзях. Потым бібліятэкі Гродзеншчыны прэзентавалі кніжныя пляцоўкі. Лепшай прызнана пляцоўка Слонімскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Якуба Коласа (кіраўнік Ларыса Рэпінская).

Яшчэ адна інфармацыя ад Юрыя Клеванца. Чацвёрты па ліку Міжнародны літаратурны форум “Славянская ліра” прайшоў у Мінску. Арганізаваў яго рэспубліканскі літаратурны саюз “Полоцкая ветвь”. У мерапрыемстве прымалі ўдзел пісьменнікі з Аўстраліі, Беларусі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Украіны, Фінляндыі.

/i/content/pi/cult/642/14287/24++++++.jpg

11 чэрвеня ў аграгарадку Дзярэчын Зэльвенскага раёна адбылося свята “Рамяство як лад жыцця”. Як піша загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Ламека, вёска пераўтварылася ў маштабную выставу вырабаў традыцыйных народных промыслаў і рамёстваў: ткацтва, саломкапляцення, вышыўкі, разьбы па дрэве. Майстар-клас па вырабе беларускіх паясоў прапанавала дырэктар Раённага дома рамёстваў Ала Сідорык. Быў дадзены канцэрт мастацкай самадзейнасці Мастоўскага раёна і народнага ансамбля “Званочкі” з Дзярэчына.

Пра школу мацярынства ў Беразіне, якая працуе з бягучага года пры Бярэзінскай цэнтральнай райбібліятэцы, напісала загадчык аддзела маркетынгу гэтай установы Тамара Круталевіч. Школа прызначана, як паведамляе аўтар, “для жанчын з сем’яў, што з розных прычын знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”. Аўтары праекта дапамагаюць такім сем’ям справіцца з цяжкасцямі, імкнуцца маральна і матэрыяльна іх падтрымаць.

Тамара Круталевіч піша і пра захады калег па прафілактыцы п’янства. Гаворка вядзецца і аб мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня памяці ахвяраў СНІДу. Адпаведныя мерапрыемствы праведзены ў аграгарадку Паплавы.

Палацавы ансамбль музея-запаведніка “Нясвіж” наладзіў для выпускнікоў сталічных школ квэст-гульні, а таксама акцыю “Беларусь супраць тытуню”.

У Шчучынскім раённым цэнтры культуры адбыўся справаздачны канцэрт дзіцячай аматарскай творчасці. Вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы названай установы Наталля Гардзейчык распавядае пра тое, што ў мерапрыемстве бралі ўдзел практычна ўсе гурткоўцы раёна.

Чарговае пасяджэнне клуба “Сяброўка” Пружанскай райбібліятэкі адбылося на сядзібе “Жадзінскі дворык”. Гаворка гэтым разам ішла пра сакральныя валуны раёна.

Вядучы метадыст аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Лугіна паведамляе, што ў аграгарадку Жамыслаўль прайшоў шляхецкі фэст “Жамчужная зорка — палац Умястоўскіх”. Закладзена новая алея дрэў. Услед за тэатралізацыяй адбыўся канцэрт аматарскай творчасці Воранаўскага ды Іўеўскага раёнаў.

Аграгарадок Крывічы Зэльвенскага раёна стаў цэнтрам свята малака. Загадчык мясцовага аддзела па развіцці народнай творчасці Алена Ламека распавяла, што на свяце не толькі пелі ды таньчылі, але і каштавалі хатнія сыры, ёгурты, напоі на сыроватцы, выпечку з тварагу.

Віцебская гімназія № 3 імя Аляксандра Пушкіна адметная тым, што тут акрамя агульнаадукацыйных дысцыплін дзеці вывучаюць музыку, спевы, харэаграфію, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У гімназіі — шэсць узорных творчых калектываў (вось вам і рэкорд!). З іх творчасцю знаёміліся ў Германіі, Літве, Латвіі, Македоніі, Малдове, Польшчы, ва Украіне, у Францыі, Швецыі. Днямі, як піша Фёдар Шкіранда, ва ўстанове адбылася абарона творчых прац гімназістаў.

А вось аграгарадок Дварэц (Дзятлаўшчына) вызначыўся правядзеннем свята лёну. Мясцовыя вучні зладзілі флэш-моб, выступілі ветэраны льнозавода. А потым быў канцэрт.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася сустрэча з кандыдатам гістарычных навук, магістрам Варшаўскага ўніверсітэта Ігарам Мельнікавым. Гісторык прэзентаваў кнігу “Адысея палешука”. Гісторык культуры Аляксей Шалахоўскі піша ў рэдакцыю, што ў кнізе публікуюцца ўспаміны ўраджэнца Кобрыншчыны, жаўнера другога польскага корпуса Паўла Нічыпарука, які памёр у ЗША ў 1979 годзе. У свой час рукапіс гэтых мемуараў ухваліў Васіль Быкаў. Нічыпарук прайшоў праз лагер ГУЛАГ, потым удзельнічаў у баях з нацыстамі ў Італіі.

Музейшчык Ала Драган з Бярозы паведамляе: “Кожны апошні чацвер месяца гісторыка-краязнаўчы музей ці яго філіял “Галерэя мастацтваў” збірае за сотню гараджан на тэматычныя вечары. Яны ладзяцца ў рамках новага праекта “Горад у панараме стагоддзяў”, прымеркаванага да 540-гадовага юбілею Бярозы. Прайшлі ўжо археалагічны, гістарычны, этнаграфічны вечары. А днямі адбылося і літаратурнае мерапрыемства. У выніку яго з’явілася адпаведная экспазіцыя з фондавай калекцыі. Тут змешчаны рукапісы літаратараў-землякоў, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі, пісьмы, афішы. Такім чынам было адзначана 50-годдзе літаратурнага аб’яднання “Крыніца”.

Усё лета будзе доўжыцца Рэспубліканская акцыя “Вакацыі без дыму і агню”, арганізаваная Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Як паведамляе спецыяліст Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сталіцы Таццяна Бычанок, “Марафон бяспекі” стартаваў 1 чэрвеня. Работнікі МНС усіх рэгіёнаў Беларусі ладзяць для школьнікаў і дашкольнікаў, што знаходзяцца ў аздараўленчых і прышкольных летніках, навучальныя мерапрыемствы. Мэта акцыі — нагадаць дзецям правілы паводзін як у побыце, так і на вуліцы, пры адпачынку ў лесе і ля вадаёма. Інструктажы праводзяцца і для педагогаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"