ТУРАЎСКІ КРЫЖ: лёс праз восем стагоддзяў

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Пытанні і адказы пра невядомы раней артэфакт
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час паездкі па Гомельшчыне 16 чэрвеня даручыў аднавіць у бліжэйшы час Тураўскі крыж. “Я публічна ўпершыню жадаю гэта агучыць”, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Тым часам “К” сабрала пытанні і адказы аб страчанай святыні XIII стагоддзя.

“Крыж Ефрасінні Полацкай, вы памятаеце, у свой час мы з Філарэтам, мітрапалітам нашым ганаровым сёння, аднавілі, і крыж Тураўскі адновім”, — сказаў Прэзідэнт. Па яго словах, тэма ўжо абмяркоўвалася са святарамі і кіраўніком Банка развіцця Рэспублікі Беларусь Сяргеем Румасам. Гэтая ўстанова сумесна з дзяржаўнымі банкамі прафінансуе праект. Таксама Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пры аднаўленні крыжа гатовы выкарыстаць чатыры старажытныя абразкі з абліччамі святых: “Яны захаваліся ў навукоўца, які іх выявіў”. Гаворка пра доктара гістарычных навук, прафесара Пятра Лысенку. Ён і стаў для чытачоў “К” своеасаблівым правадніком у ХІІІ стагоддзе.

/i/content/pi/cult/644/14270/DSC_9458.jpg

— Я вельмі рады магчымасці зрабіць якаснае ўзнаўленне Тураўскага крыжа! — адразу кажа Пётр Фёдаравіч і дадае, што заўжды рады дзяліцца з грамадой звесткамі па пракаветнай гісторыі Беларусі. — Дзеля гэтага і даследуем! — усміхаецца ён.

Як вызначылі месца раскопак у Тураве?

У пачатку 1960-х Акадэмія навук БССР упершыню вырашыла “замацаваць” за старажытным горадам “свайго” спецыяліста. Лысенка быў сярод першых яго даследчыкаў. Але адным з галоўных навуковых інтарэсаў беларускага вучонага Тураў стаў па волі выпадку. Ураджэнец Віцебшчыны, ён імкнуўся “капаць” полацкае і віцебскае гарадзішчы.

— Але паўночную зону Беларусі за год да майго паступлення ў аспірантуру абраў тэмай дысертацыі старэйшы калега, — успамінае Пётр Фёдаравіч. — Я прапанаваў яму “абмяняцца” рэгіёнамі, бо родам ён з паўднёвай часткі рэспублікі. Вось толькі ў таго калегі ўжо прайшлі першыя раскопкі, назапашваўся матэрыял, ды і Полацк не раз даследаваўся, і ён адмовіўся.

Што знайшоў археолаг?

Як і ў папярэдняй раскопкам Лысенкі маскоўскай экспедыцыі на чале з Валянцінам Сядовым, гаворка ішла толькі аб першапачатковым выяўленні помнікаў археалогіі IX — XIII стагоддзяў. Фактычна, гаворка ішла пра абсалютна новы матэрыял па паўднёвай Беларусі. Вось яго Лысенка і спадзяваўся “ўпаляваць” на дзядзінцы старажытнага Турава. Але падчас першых жа раскопак археолага ў 1962 годзе яму неверагодна пашанцавала. Сярод іншых артэфактаў Пётр Фёдаравіч і яго група знайшлі чатыры свінцовыя абразкі з выявамі святых.

Чаму знаходка ўнікальная?

Па словах Лысенкі, гэта абсалютна ўнікальныя рэчы. Справа ў тым, што нічога падобнага да іх не зафіксавана ані ў спецыяльнай літаратуры, ані ў музейных экспазіцыях. “Дагэтуль памятаю, як здзівіліся навуковыя кіраўнікі і калегі! Я спрабаваў атрымаць кансультацыю ў манастырах, у музеях Троіца-Сергіевай Лаўры ў Сергіевым Пасадзе, Гістарычным музеі ў Маскве, у музеі ленінградскай епархіі. Але — ніякіх аналогій. У праваслаўнай царкве такіх старажытных рарытэтаў, наколькі я ведаю, няма”, — падкрэслівае прафесар.

Хто на абразках?

Археолаг устанавіў, што на адным са свінцовых абразкоў (ліццё ХІІІ стагоддзя!) змешчана выява Багародзіцы з дэісуснага чыну. Яшчэ два змяшчаюць, меркавана, абліччы вялікамучаніцы Варвары і прападобнай Анастасіі. Нарэшце, адзіная мужчынская выява — гэта, найхутчэй, святы Кірыла Тураўскі.

Адкуль артэфакты?

Пётр Лысенка ў 1963 годзе апублікаваў вынікі сваіх раскопак у брашуры “Савецкая археалогія” ў Маскве з выявамі абразкоў і іх апісаннем. Там жа высунуў гіпотэзу аб прыналежнасці знаходак да тураўскага напрастольнага епархіяльнага крыжа (як элементаў на ім). А крыж мог захоўвацца ў кафедральным храме Тураўскай епархіі.

— Тураў у свой час стаў ключавым месцам для развіцця беларускага пісьменства і культуры. Скажам, Ефрасіння Полацкая займалася фундаваннем і перапісваннем кніг, а ў Тураве іх стваралі! Згадайма Тураўскае Евангелле. На шчасце, дзякуючы рупнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і яе партнёраў захаваная частка Евангелля перавыдадзена факсіміле. Вяртаючыся да крыжа: верагодна, у выпадку з ім гаворка ідзе пра больш сціплае аздабленне, чым у крыжа аўтарства майстра Лазара Богшы. Прынамсі ў нас няма звестак пра багатых мясцовых фундатараў, як прападобная Ефрасіння для Полацка, — зазначае археолаг.

Цікава, што гіпотэза Лысенкі не аспрэчана і праз 55 гадоў пасля часу раскопак.

/i/content/pi/cult/644/14270/25 kultura 3.jpg

Чаму пра крыж не было вядома?

Верагодна, ні Пётр Фёдаравіч, ні яго калегі высунутую версію не “раскручвалі”.

— І канешне — вобмаль літаратуры па тэме што тады, што цяпер. У 2007-м у мяне выйшла кніга “Сказанне аб Тураве”. Дык вось, навукова-папулярнае выданне надрукавана накладам у 300 асобнікаў! Але ж у гэтай кнізе — усё, што вядома пра Тураў са старажытнасці! — скрушна заўважае Лысенка.

Але ёсць для няведання пра тураўскі крыж і яшчэ адзін важкі аргумент. Верагодна, ад 3 мая 1230 года артэфакта папросту не існавала. Менавіта тады да Турава дайшло водгулле магутнага (па сённяшніх ацэнках — 8-бальнага па шкале Рыхтара) землятрусу ў Румыніі. Сярод ахвяраў аказаўся і той самы храм, для якога ствараўся крыж. Мяркуецца, што ён быў збудаваны на надта плыткім падмурку.

Усё гэта было ўстаноўлена прафесарам Лысенкам падчас раскопак на месцы руін храма ў 2005 годзе. Перад археолагамі адкрываліся часам жахлівыя карціны, якія дазвалялі ўявіць маштаб землятрусу. Здымкі з раскопак сведчаць, што тыя, хто апынуўся на той час у храме, трапілі ў пастку стыхійнага бедства. Скажам, было бачна, як вялізнымі глыбамі абрынуліся цагляныя зводы і калоны. Па выніках даследавання гісторыкі таксама перакананыя: літаральна напярэдадні ў царкву прынеслі для адпявання двух нябожчыкаў. Іх рэшткі таксама ўдалося выявіць.

Цяпер на месцы епархіяльнага храма другой паловы ХII стагоддзя і, адпаведна, археалагічных раскопак 2005-га — экспазіцыя “Старажытны Тураў” мясцовага краязнаўчага музея. Пад вялізным павільёнам акурат і выстаўлены падмурак епархіяльнага сабора. Пётр Лысенка і яго калега старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Наталля Дубіцкая прыгадваюць, як з археолагамі ў звязцы працавалі будаўнікі: “Скажам, мы даследуем адну частку раскопу, а яны ўзводзяць дах над другой”. Тады за справу музеефікацыі раскопак узяліся вельмі аператыўна. Паколькі ініцыяваў ускрыццё руінаў і прафінансаваў работы за кошт сродкаў Гомельскага аблвыканкама тагачасны яго старшыня Аляксандр Якабсон. Адзначае археолаг і дапамогу студэнтаў мясцовага ПТУ, энтузіястаў.

Што адбывалася пасля раскопак?

Пасля публікацыі вынікаў раскопак асаблівай рэакцыі калег на свае знаходкі Пётр Фёдаравіч не адчуў. Але той жа абразок з Кірылам Тураўскім неаднойчы станавіўся гістарычным матэрыялам для напісання партрэта асветніка. Скажам, Пятру Лысенку вельмі падабаецца праца Яўгена Каробушкіна. Гэты мастак, дарэчы, ствараў у свой час і малюнак-рэканструкцыю старажытнага Турава паводле даных прафесара.

Праз гады з сынам-гімназістам Фёдарам у хатніх умовах і з падручных матэрыялаў археолаг вырабіў сваю версію аднаўлення крыжа. За ўзор былі прынятыя апісанні і выявы крыжа Ефрасінні Полацкай. У Лысенкаў, вядома, няма золата, эмаляў, пярлін, як у прафесійным аднаўленні брэсцкага ювеліра Мікалая Кузьміча. Але гэта і не стопрацэнтны “навадзел” з сучасных матэрыялаў, бо ў ім могуць прысутнічаць чатыры старажытныя абразкі. Пры гэтым, на думку Пятра Лысенкі, аднаўленняў Тураўскага крыжа можа аказацца і некалькі. Напрыклад, адна копія — для епархіяльнага храма, другая — для музея... На адным з варыянтаў будуць самі абразкі з Тураўшчыны, а на астатніх — іх паўторы.

Ці вяртаўся археолаг да раскопак Турава?

Так, праз 42 гады пасля першых раскопак. У літаратуры Пятру Лысенку даводзілася сустракаць такую інфармацыю: на тэрыторыі старажытнага дзядзінца плошчаю пад гектар, на трохкутным мысе ў месцы зліцця Прыпяці і Язды могуць знаходзіцца рэшткі каменнай вежы накшталт Камянецкай. Але маштабныя раскопкі старажытных гарадоў на той час, у 2004-м, сістэмна не вяліся гадоў дзесяць. На шчасце, тагачасны прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч вылучыў грошы на Тураўскую экспедыцыю. І ўвагу навукоўцы прыцягнуў авальны абрыс узвышша з паўднёвага захаду дзядзінца. У адпаведнасці з фінансавымі магчымасцямі, археолагі заклалі толькі выведвальную траншэю.

— Акурат у ёй мой сын Фёдар і выявіў участак цаглянага мура. Пашыраем траншэю ў розныя бакі, як перад намі апынуўся каменны крыж прыкладна 5 на 5 метраў. У яго верхняй частцы — сырцовая цэгла па-над цэглай абпаленай. Тое ўнікальна для еўрапейскай археалогіі!

Прафесар датаваў каменны крыж XVI стагоддзем. Але неўзабаве знаходку закапалі. Археолагу не паведамілі пра тое, адпаведна, пры засыпанні ён не прысутнічаў.

— Не ведаю, наколькі крыж захаваўся пасля работ, але пры наяўнасці фінансавання яго можна было б
адкрыць і ўвесці ў турзварот.

Вось толькі грошай, дадае Лысенка, для тых мэтаў няма ні ў рэспубліканскіх, ні ў мясцовых уладаў, ні ў навукоўцаў.

Чым яшчэ займаўся прафесар Лысенка?

Адной з самых сенсацыйных знаходак у кар’еры прафесара Лысенкі стала выяўленне старажытнага Бярэсця (сёння гэта экспазіцыя пад павільёнам археалагічнага музея ў Брэсце). Пётр Фёдаравіч прыгадвае, што маскоўскія навукоўцы, якія даследавалі нашы землі, не маглі ўказаць размяшчэнне гарадзішча. Але пашанцавала менавіта беларусу.

/i/content/pi/cult/644/14270/DSC_9501.jpg

— Прычым раскоп пад дахам музея — усяго толькі акно ў XIII стагоддзе, куды мы вас апусцілі нібы на машыне часу. Вы ведаеце сучасныя гарады Беларусі, Расіі, Еўропы, Амерыкі, а што было ў нас восем стагоддзяў таму — не. Дык вось, тут — частка ранейшага горада: вуліцы, забудова, планіроўка, умовы жыцця. І літаральна нічога з гэтага не зафіксавана ў пісьмовых дакументах! Вядома, адразу ж узнікаюць пытанні. А што знаходзілася вакол? Якімі былі драўляныя абарончыя збудаванні? Ды і ў прынцыпе, толькі тут людзі змогуць убачыць, як жылі іх продкі восем стагоддзяў таму. Падобнай магчымасці няма ні ва Украіне, ні ў Польшчы, ні ў Паўночнай Германіі, ні ў краінах Скандынавіі! Значыць, Беларусь валодае неверагодным багаццем! Але за свае больш чым сціплыя заробак і пенсію мне не пабудаваць падобны комплекс. А з брэсцкімі ўладамі ў мяне пакуль што канструктыўнага дыялогу не выходзіць: на свае ідэі не першы год атрымліваю адмоўныя адказы.

Такога ж кшталту гісторыя ў мяне і з публікацыямі. Калі мы скончылі работы ў старажытным Бярэсці і ў 1982 годзе быў адкрыты музей, куды паваліў народ (чвэрць мільёна чалавек штогод!), я зразумеў, што публіцы патрэбныя не навуковыя работы (мая па раскопках у Брэсце выйшла ў 1985-м), а больш папулярны матэрыял. Так ў 1989 годзе з’явілася кніга “Адкрыццё Бярэсця” накладам у 10 тысяч асобнікаў, якія імгненна размялі. Перавыдалі яе тыражом усяго ў тысячу асобнікаў у 2007-м, дый тое дзякуючы спонсарам. Гарадскія ж і абласныя брэсцкія ўлады не спяшаюцца садзейнічаць таму, каб кніга цяпер была даступнай і жыхарам абласнога цэнтра (35 гадоў з часу адкрыцця музея — лічыце, два пакаленні змяніліся), і турыстам — наведвальнікам "Бярэсця" . У мяне пытаюцца пра выданні, а я толькі разводжу рукамі. Адказаў на мае звароты ў мясцовыя органы ўлады ў мяне хапае, а справа ніяк не зрушыцца.

Фота аўтара 
і з архіва Пятра Лысенкі

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах