Такім будзе помнік Песняру ў Мінску

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Сталічны бульвар, названы імем Уладзіміра Мулявіна, у хуткім часе атрымае вобразную дамінанту. Тут паўстане помнік музыканту.

/i/content/pi/cult/641/14257/1-1.jpgЗменіцца і планіроўка прасторы тамтэйшага сквера, каб надаць яму больш утульнасці і прэзентабельнасці. Над помнікам працуе скульптар Аляксандр Каструкоў — майстар, які ўжо неаднойчы звяртаўся да вобраза Мулявіна. Пра помнік скульптар распавядае нашаму карэспандэнту.

— Я імкнуся зрабіць скульптуру камернай, бо такога вырашэння вымагае сама прастора. Гэта зялёны сквер у крокавай даступнасці ад шумлівага праспекта. Тут людзі адпачываюць ад гарадскога тлуму, і помнік кшталту таго, што Мулявіну паставілі ў Екацярынбургу, падаецца, не пасуе скверу. Бо ён, у адрозненне ад плошчы, патрабуе іншага маштабу пластыкі.

У скульптуры, над якой зараз працую, я хачу ўвасобіць сваё разуменне гэтай выдатнай асобы. Мне пашчасціла ведаць Мулявіна. Па маладых гадах, а гэта быў час бітламаніі, я захапляўся музыкай, іграў у ансамблі на рытм-гітары. “Песняры” нас уражвалі найперш адпаведнасцю высокім стандартам заходняй рок-музыкі пры захаванні беларускай тоеснасці. У час гастроляў “Песняроў” у маім родным Гродне хлопцы з нашага ансамбля, і сярод іх я, пазнаёміліся з Мулявіным і ягонай камандай. Тады ў мяне і склалася першае ўражанне, якое пазней толькі ўмацавалася, што гэта вельмі добразычлівы, сціплы, ціхі, негаваркі… геній. Менавіта такога Мулявіна я хацеў бы ўвасобіць у помніку для Мінска.

Да гэтай работы ішоў не адзін год. Я рабіў і мемарыяльную шыльду на доме, дзе жыў Мулявін, і надмагільны помнік. Мноства эскізаў, шмат напрацовак як канцэптуальнага характару, так і вобразных. Мулявін — уладар сцэны і пры гэтым звычайны чалавек, такі ж, як людзі, што прыйдуць адпачываць у гэты сквер. Інакш кажучы, сціплы геній. Такім я бачу гэты помнік.

"К" паведаміць, як будзе стварацца помнік Песняру.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"