Кантэкст дзён культуры

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

9 чэрвеня афіцыйна адкрыліся Дні культуры Пермскага краю Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Афіцыйную дэлегацыю ўзначальвае намеснік старшыні Урада Пермскага краю Ірына Івенскіх. У планах дэлегацыі — наведванне Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/641/14255/2-1.jpg

Барыс Святлоў і Ірына Івенскіх падчас пасяджэння рабочай групы. / Фота Юрыя ЧАРНЯКЕВІЧА

У вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі падчас адкрыцця падзеі выступіў Пермскі губернскі аркестр пад кіраўніцтвам галоўнага рэжысёра, мастацкага кіраўніка, заслужанага работніка культуры Расійскай Федэрацыі, палкоўніка Яўгенія Тверацінава. Калектыў прэзентаваў вялікую канцэртную праграму “Мой родны край”, якая распавядае пра шматнацыянальнасць Пермскай зямлі, самабытнасць рускай культуры і шырыню рускай душы. Сёння, 10 чэрвеня, аркестр выступіць у гістарычным цэнтры нашай сталіцы — у Верхнім горадзе.

Учора ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося і пасяджэнне сумеснай рабочай групы па пытаннях развіцця двухбаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Пермскім краем Расійскай Федэрацыі. Кіраўніком беларускай часткі рабочай групы з’яўляецца міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, расійскую ўзначаліла Ірына Івенскіх. Падчас працы рабочай групы былі абмеркаваныя пытанні ў сферы адукацыі і культуры, вызначаны перспектыўныя кірункі развіцця для далейшага супрацоўніцтва.

Як адзначыў, адкрываючы пасяджэнне, Святлоў, у апошні час кантакты паміж Беларуссю і Пермскім краем Расіі развіваюцца досыць інтэнсіўна ў самых розных сферах. Гэтаму значна паспрыяла падпісанне Пагаднення паміж бакамі аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарным супрацоўніцтве. Так, са жніўня мінулага года, калі ў Пярмі адбылося першае пасяджэнне рабочай групы, паміж Беларуссю і Пермскім краем Расіі значна вырас тавараабарот, актывізаваліся культурныя і творчыя стасункі. Ірына Івенскіх падкрэсліла, што ў Пярмі кожны добра ведае беларускую прадукцыю, а супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі музейнай супольнасці Пермскага краю і Беларусі выйшла на даволі значны ўзровень, і, натуральна, мае быць працягнута ў далейшым.

Нагадаем, што летась у рамках ІІІ Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі дэлегацыя Пермскага краю на чале з губернатарам Пермшчыны Віктарам Басаргіным ужо наведвала Мінск. Тады адбылося падпісанне Пагаднення паміж бакамі аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарным супрацоўніцтве. У жніўні мінулага года візіт у адказ зрабіла беларуская дэлегацыя на чале з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Барысам Святловым. Там адбылося першае пасяджэнне працоўнай групы па азначаным вышэй супрацоўніцтве, на якім былі вызначаны перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння ў кірунку павелічэння аб’ёмаў экспарту.

Адразу па завяршэнні пасяджэння Барыс Святлоў і Ірына Івенскіх прынялі ўдзел у адкрыцці фотавыставы “Пермскія багі. Вобраз. Месца. Час”, якая размясцілася ў “Атрыуме”, на трэцім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі краіны. На ёй прадстаўлены архіўныя фота, а таксама здымкі сучасных пермскіх фатографаў, якія адлюстроўваюць гісторыю незвычайных драўляных скульптур, створаных многімі пакаленнямі жыхароў Пермскага краю. У экспазіцыю ўвайшлі працы Сяргея Тартакоўскага, чые фатаграфіі склалі кнігу “Пермская драўляная скульптура”, пермскага майстра Анатолія Далматава, маскоўскага фотамастака Міхаіла Каламкарава, а таксама фатографа Валерыя Зароўняных, які адлюстраваў у сваіх здымках жыццё галерэі — ад падрыхтоўкі выстаў да эмоцый гледачоў.

Дададзім, што дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі яшчэ перад пачаткам пасяджэння правёў для ганаровай госці азнаямляльную экскурсію па будынку бібліятэкі, у час якой расказаў пра інфармацыйныя рэсурсы і паслугі, якія прадастаўляюцца ўстановай. Ірына Івенскіх азнаёмілася з архітэктурнымі асаблівасцямі, мастацкім афармленнем бібліятэкі, наведала музей кнігі.