Ці здолееш быць свабодным?

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Выбар спектакля можа быць выпадковым — запрасілі, білеты танныя трапілі — ці асэнсаваным. І апошняе — працэс індывідуальны. Хтосьці ходзіць ва ўлюбёныя месцы, нехта эксперыментуе з формамі і відамі імпрэз, іншы сочыць за тэатральным жыццём ці давярае папулярным выданням… Я трапіла на спектакль “Эмігранты” таму, што мне даспадобы творчасць яго рэжысёра Андрэя Саўчанкі. А яшчэ таму, што даспадобы і незвычайныя фарматы, альтэрнатывы класічнаму тэатру. Хаця, прызнацца, тое, што ўяўлялася перад спектаклем, даволі рэзка разыходзіцца з “паслясмакам” ад яго.

/i/content/pi/cult/641/14251/9-2.jpgВыяўленне мастацкага твора тэатральнымі сродкамі, асабліва такога павуціннага, як п’еса Славаміра Мрожака “Эмігранты”,  — смелы эксперымент. У вас узнікае пытанне: “Пра што гэта?” О! Вам можна пазайздросціць! Нават не ведаючы твора, прыкладна за дзве гадзіны на аднайменным спектаклі рэжысёра Андрэя Саўчанкі можна атрымаць дагэтуль невядомыя вібрацыі. Быццам вялікая шклянка халоднай вады на галаву. І нават калі падаецца, што размовы пра эміграцыю, свабоду, свой шлях і выбар не выклікаюць у вас аніякіх асаблівых пачуццяў, паспрабуйце патрапіць на гэты спектакль. Глыбока патаемныя думкі мусяць праявіцца ў свядомасці.

Спектакль на адным дыханні… Можна было б і так напісаць, але — не. Вельмі шмат тут змяняецца ад пачатку і да канца. Па-першае, сама атмасфера. Невялікае памяшканне ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Акцёры сярод гледачоў, гледачы сярод акцёраў… Усе настолькі блізка адзін да аднаго, што нават і няёмка. Вас уцягваюць у спектакль, і, магчыма, вы абураецеся. Але мусіце застацца. Бо і квіток набылі, і, кажуць, падчас спектакля можна і размаўляць, і хадзіць, і каву піць… Можна. Але не хочацца. Нешта такое істотна сапраўднае, важнае на абліччах акцёраў. Вам цікава, але роўна настолькі, наколькі можа быць цікавая п’еса пра эміграцыю. Што будзе далей?

Напачатку проста цікава. Праз хвілін дваццаць героі прымушаюць вас слухаць свой дыялог. Слухаць, смяяцца, цікавіцца, адчуваць, спачуваць, аналізаваць… Сюжэт зразумелы, незразумела, да чаго я тут… Унутры гэтага спекталя. Але немагчыма сысці. Такая магутная энергетыка Зміцера Есяневіча не дае магчымасці нават паварушыцца. Я ведаю твор. І разумею, што яны кажуць, і чым гэта скончыцца, але я здзіўляюся. Нешта я прапусціла, і ў мяне ёсць магчымасць знайсці гэта тут. Магчыма, для гэтага я ўнутры спектакля.

Разам з акцёрамі змяняюся і я.

Два эмігранты жывуць у падвальным памяшканні. Для аднаго гэта танная і добрая магчымасць збіраць грошы, каб вярнуцца на Радзіму да жонкі і дзяцей, збудаваць шыкоўны дом… Я яго разумею. Што для другога? Інтэлігентны герой Івана Патапава не можа вярнуцца дадому, не мае рашучасці напісаць задуманы твор пра чалавека-раба… Адзінокі, змучаны думкамі і словамі, без жадання штосьці рабіць, мяняць, ён цікавіцца сваім суседам. І толькі гульня акцёра дае мне магчымасць зразумець, як ён па-сяброўску ставіцца да земляка-гастарбайтара, адчуць, наколькі ён невыносна адзінокі, непераносна жахліва сціснуты ў сваіх думках і разважаннях пра свабоду. І я хачу разабрацца. У аднаго ёсць думкі пра свабоду, але няма магчымасці ёю скарыстацца, у другога — ёсць магчымасць, але няма думак. Чым больш слухаю, тым больш павуціння ў маёй галаве. Але нараджаюцца нейкія адносіны. Перш за ўсё асабістыя да эміграцыі. Узнікаюць пытанні і нараджаюцца пачуцці.

Напрыканцы кожны застаецца па-свойму няшчасны. І разам з імі невыносна становіцца і мне. Хочацца кінуцца да акцёраў, неяк суцешыць, абняць, выказаць сваё захапленне. Але ні кветак, ні шакалада я не прынесла. А шкада. Магчыма, усё гэта было б і не да месца. І я тут не да месца.. Так, ніводнай светлай празрыстай думкі так і не ўзнікла, але ёсць устойлівае адчуванне фарміравання пытання. А ці здолее чалавек вытрымаць свабоду, атрымаўшы яе? І тут надыходзіць канец. Канец спектакля і пачатак маёй асабістай гісторыі.

Алена МАЗУРА, журналістка