Пра лічбу, фотакрос і месца чытання, якое нельга змяніць

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Якая будучыня ў сельскага клуба? Імкнуся спадзявацца, што клуб якасна зменіцца (як і самі паселішчы). Што мроіцца з гэтай нагоды? У кожнай установы — пазнавальны брэнд. Яшчэ — уласнае брэндавае імя. Калі, да прыкладу, мясцовасць знакамітая ягадамі, поўнае найменне можа выглядаць так: сельскі дом культуры “Журавінавы рай” (не лішнімі тут будуць адпаведны ўнутраны і знешні дызайн, музейная экспазіцыя ды дэгустацыя морсу). Трывалы брэнд стварае трывалую аўдыторыю. Гэта закон менеджменту. Такія іміджавыя ўстановы, дзейнасць якіх скіраваная на папулярызацыю мясцовых цікавостак, арганічна стануць не толькі культурнымі, але і турыстычнымі аб’ектамі. І яшчэ некалькі назваў наўскідку па асацыяцыі з калісьці ўбачаным: “Сівыя муры”, “Стары маёнтак”, “Ля возера”, “Казка Дняпра”, “Дубовая засень”…

/i/content/pi/cult/641/14247/11-1.jpgЧарговая навіна з Культурнай сталіцы Беларусі. Настаўнік тэарэтычных дысцыплін дзіцячай школы мастацтваў № 1 Бабруйска Марына Богуш піша, што сёлета яе ўстанова адзначыць 90-гадовы юбілей. І вось ужо другі раз тут прайшоў адкрыты конкурс “Віват, гітара!” 240 юных выканаўцаў на класічнай гітары (летась было ўдвая менш) з Украіны, Латвіі, Расіі, Беларусі паказалі сваё майстэрства. 64 сталі лаўрэатамі. Спецыяльны прыз — гітару — атрымаў вучань Магілёўскай ДШМ № 5 Дзмітрый Бушлякоў.

“Падчас XVII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне бібліятэка сямейнага чытання “Верасок”, — распавядае загадчык установы Лідзія Якуш, — сустрэлася з дзіцячымі пісьменнікамі Міколам Чарняўскім, Уладзімірам Мазго, Аленай Стэльмах і Тамарай Бунта. Творцы падаравалі юным чытачам свае кнігі”.

Сенькаўскі клуб-бібліятэка Верхнядзвінскага раёна правёў свята “Траецкая раніца”. Установа адметная тым, што тут апрача народнага фальклорнага гурта “Сенькавіца” ёсць яшчэ і ягоны дзіцячы калектыў-спадарожнік “Галасы вякоў”. Сіламі ансамбляў і была адзначана Троіца.

Галіна Гашчук са Століна піша. Днямі ў кінатэатры “Экран” быў дадзены старт лічбавай дэманстрацыі кінафільмаў. У адпаведнасці з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” тут уведзена новае абсталяванне на 140 тысяч рублёў з рэспубліканскага бюджэту. А Брэсцкі абласны кінапракат паспрыяў, каб істотна змяніўся інтэр’ер глядзельнай залы. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк удакладніў, што ў вобласці перайшлі на “лічбу” кінатэатры сямі райцэнтраў. Цягам чатырох гадоў да іх далучацца яшчэ шэсць, а да 2020 года ўсе раённыя і гарадскія кінатэатры будуць забяспечаны найноўшым абсталяваннем.

У аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2017”. Яго галоўнымі героямі сталі чатыры маладыя сям’і з розных куткоў Ашмяншчыны.

На XXIV Міжнародным фестывалі песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” выступілі 30 самадзейных калектываў з сямі краін. Падзея стала адметнай новым праектам. Кожная дэлегацыя прывезла саматканы нацыянальны ручнік, што сшылі ў адзінае палатно.

Наваполацкая дзіцячая мастацкая школа імя Івана Хруцкага правяла IX Міждзяржаўны пленэр-конкурс юных мастакоў “Палітра Прыдзвіння”. 49 удзельнікаў з Латвіі, Расіі, Беларусі малявалі гарадскія пейзажы, нацюрморты і работы, прысвечаныя Івану Хруцкаму.

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч напісала пра вулічны тэатр кнігі, які дзейнічаў у скверы ля ўстановы, і бібліятэчныя мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей і Сусветнага дня бацькоў. Такім чынам быў распачаты чарговы праект “Лета дабрыні-2017”.

Мастоўская райбібліятэка арганізавала фотакрос “Горад чытае”. Метадыст установы Вольга Коршун піша: “Удзельнікі цягам тыдня дасылалі свае работы на нашу электронку. Лепшыя фотаздымкі “Я + Кніга = Любоў” і “Месца чытання змяніць нельга” зрабілі Вольга Вайцяховіч і Алена Добрук”.

Беларуская грамада Малдовы сумесна з Беларускім культурным цэнтрам Рэспублікі Малдова правялі вечар, прысвечаны 135-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У Полацку 5 чэрвеня, у Дзень памяці Ефрасінні Полацкай, Хросны ход аб’яднаў больш за тысячу вернікаў. Ля помніка святой быў рэалізаваны святочны праект “Імя Ефрасінні праз стагоддзі нясём”. Шэраг мерапрыемстваў прайшоў і ў гарадскіх музеях.

Сталі вядомы вынікі фестывалю-свята “Танцуем па-даўнейшаму”, які ладзіўся у аграгарадку Тарнова Лідскага раёна. Лепшымі сталі Аляксей Лустач і Аляксандра Струк з Карэлічаў; Ілля Валасюк і Кацярына Жукоўская, Аляксандр Пятчыц і Іна Траян, Раман Бескаравайны і Ксенія Бусловіч з Ваўкавышчыны; Андрэй Гіль і Алена Давыдзенкава з Жодзішкаў Смаргонскага раёна.

Вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Людміла Мельнікава напісала пра абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”. Яго захавалі жыхары вёскі Казацкія Балсуны (Веткаўшчына). Абрад мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і штогод пацвярджае сваю жыццядзейнасць падчас самых розных маніторынгаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"