Як і куды знікаюць творы?

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Гісторыя страчанага ў калейдаскопе шматкроп’яў
"К" працягвае расповед пра лёс мастацкіх твораў, якія аказаліся страчанымі ў віры гісторыі.

/i/content/pi/cult/641/14244/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 20, 21.)

Ну, партрэтаў членаў Палітбюро ЦК КПСС, якія два разы на год неслі, як іконы, на святах дэманстранты, і вялізных партрэтаў заснавальнікаў марксізму-ленінізму-сталінізму, якія ўпрыгожвалі галоўныя ўрадавыя будынкі гарадоў і вёсак, канешне, даўно няма. Гэта была “прафесійная халтура” і надзейны спосаб для мастакоў зарабіць добрыя грошы. “Героі” так хутка мяняліся, што падобнай работы заўсёды хапала: толькі паспявай на завізаванай высокім заказчыкам фатаграфіі акуратна рабіць клетачкі, і потым па гэтых клетачках “сухім” пэндзлем ці тэмперай, гуашшу, алеем перанасіць вобразы кіраўнікоў партыі і ўрада на палотны строга азначаных памераў. Урэшце, у фондах Нацыянальнага мастацкага музея і некаторых іншых і сёння захоўваецца шмат добрых па прафесійнай якасці жывапісных, скульптурных і графічных работ беларускіх мастакоў-сацрэалістаў, прысвечаных перыяду Савецкай улады. У лістападзе гэтага года, у 100-гадовы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі, няблага было б пабачыць хаця б частку такіх твораў, якія, на шчасце, захаваліся…

Але, тым не менш, многае было згублена. Прывяду толькі некаторыя факты, з якімі я асабіста сутыкаўся. Няпросты лёс цікавага манументальнага трыпціха “Балада аб Бацькаўшчыне” Віктара Хацкевіча (аўтар памёр летась), зробленага на палатне гуашшу і тэмперай, які шмат гадоў упрыгожваў сцяну другога паверха інтэр’ера будынка аўтавакзала “Маскоўскі” ў Мінску. Пасля дэмантажу будынка твор, на шчасце, на сметнік не выкінулі, а пакрылі клеявым растворам і акуратна знялі. Зараз, як мне сказалі, упакаваны трыпціх знаходзіцца на Мінскім мастацкім камбінаце. Невядома, што будзе з ім далей. Віктару Хацкевічу не пашанцавала і з другой буйной работай — вітражамі “Наш горад” (шкло, свінцовая жыла, алюміній) у інтэр’ерах-холах гасцініцы “Юбілейная”. Яны невядома куды зніклі.

А што ў рэшце рэшт будзе са знакамітым “Габеленам веку” Аляксандра Кішчанкі (зараз часова захоўваецца на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А.М. Кішчанкі)?..

Шматгадовыя дыскусіі ні да чаго не прывялі. А прайшло ўжо амаль два дзясяткі гадоў, і за гэты час ён толькі некалькі разоў паказваўся гледачу (апошні раз у маі 2014 года — у інтэр’еры Банка развіцця Рэспублікі Беларусь). І знайсці яму прыдатнае месца ў нейкім памяшканні пакуль няма магчымасці.

Аднойчы, у канцы мая 1993 года, нейкі шаснаццацігадовы юнак, які пакутаваў на клептаманію, уначы ўзламаў цэх Барысаўскага камбіната, дзе працавалі ткачыхі, і выразаў з габелена частку фрагмента “Тайная вячэра” з адлюстраваннем ліку Хрыста — плошчай 18 квадратных метраў. Скажу, што лепшая майстрыха можа выткаць за дзень не больш як шэсць квадратных сантыметраў. Праз нейкі час фрагмент твора быў знойдзены следчымі на адной з кватэр горада Барысава. Злачынца, не разлічваючы на сустрэчу з міліцыяй, намагаўся надаць яму “таварны выгляд”. Разрэзаўшы фрагмент яшчэ на дзве часткі, ён “абаверлочыў” кожную паасобку. Карацей, зладзюжка скарыстаў выкрадзенае па прызначэнні — у якасці дыванка для свайго хатняга пакоя. Гэта жаданне ўпрыгожыць жыллё на судзе абышлося яму дарагавата, ткачыхам — дадатковы час складаных рэстаўрацыйных работ, мастаку яно каштавала моцнага нервовага стрэсу, а журналістам “жоўтай прэсы” — кландайк для сенсацыі.

А зараз (у кантэксце маёй тэмы) я раскажу пра лёс яшчэ аднаго твора Кішчанкі, практычна невядомага чытачу. Гаворка пойдзе пра габелен “Л.І. Брэжнеў”. У канцы 1980 года Барысаўскі камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва атрымаў адказную дзяржаўную замову — выткаць партрэт Леаніда Ільіча. І не проста выткаць, а паказаць кіраўніка краіны ў параднай форме пры ўсіх рэгаліях. А тады якраз набліжаўся юбілей генеральнага сакратара — 75-годдзе з дня яго нараджэння. Мастака доўга шукаць не давялося. Пасля бліскучага поспеху габеленаў для Залы прыёмаў ЦК КПБ кандыдатура вырысоўвалася толькі адна: Кішчанка. Заказ на мастацкі камбінат прывёз асабіста Уладзімір Паўлюкевіч, кіраўнік справамі ЦК КПБ. Выткаць партрэт даручылі прафесійным ткачыхам Тамары Сініца і Валянціне Цецеравай, якіх папярэдне запрасіў да сябе ў кабінет другі сакратар ЦК КПБ Уладзімір Бровікаў. Ён уладкаваў іх у лепшую гасцініцу, выдаў грашовую ўзнагароду і папрасіў жанчын кішчанкаўскі кардон габелена “ператварыць у матэрыял” на працягу… паўтара месяца, якія заставаліся да юбілея Брэжнева! А што зробіш? Давялося працаваць літаральна дні і ночы, практычна без адпачынку, аднак замова была выканана ў тэрмін. Галаву, знакамітыя бровы, вочы, нос, рот, падбародак Леаніда Ільіча выткала Цецерава. Рукі, гузікі, шматлікія ўзнагароды, складкі касцюма, іншыя “неадушаўлёныя” фрагменты — Сініца.

Што здарылася далей з партрэтам, доўгі час заставалася невядомым нават для ткачых. Ды і сам Кішчанка, па яго словах, таксама нічога не ведаў пра лёс свайго дзецішча. Урэшце, на гэтую тэму ён гаварыў неахвотна, ды і сёння мала хто ведае пра гэту замову. Ужо пасля смерці Аляксандра Міхайлавіча з дапамогай выдатнага архівіста і майго калегі па гістфаку Ленінградскага ўніверсітэта Віталя Скалабана я высветліў наступнае. Аказваецца, габелен сёння захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі з дарчым надпісам: “Леониду Ильичу Брежневу от белорусского народа. Белорусская ССР. Минск. ЦК Компартии Белоруссии. 1981 год”. Імёны аўтараў у падобных падарунках правадырам заўсёды апускаліся. Поўнае апісанне партрэта на рускай мове такое: “Нити хлопчатобумажные, шерсть, полушерсть; оформление — металл, эмали, литье, ковка. Размер 198 х 138,5 сантиметров”. Праўда, канчатковы габелен “у матэрыяле” Кішчанка так ніколі і не пабачыў. Усе стадыі падрыхтоўчай работы (эскізы, кардон) зацвярджаліся “наверсе” вузкім колам высокіх партыйных чыноўнікаў. Так атрымалася, што ніводнай крытычнай заўвагі на адрас аўтара не выказалі. А вось вусная падзяка мастаку была агучана з ЦК па тэлефоне. Габелен быў перададзены ў тагачасны Цэнтральны музей Рэвалюцыі з Агульнага аддзела ЦК КПСС 15 лютага 1982 года, гэта значыць яшчэ да смерці Брэжнева (яго не стала ў лістападзе таго ж года). Такім чынам, Леанід Ільіч прызначаны яму падарунак дамоў не забраў — пакінуў у распараджэнні КПСС. Прайшоў час. І вось 27 кастрычніка 2006 года ў Маскоўскай дзяржаўнай выставачнай зале “Новы Манеж” пры вялікай сціжме народа адкрылася выстава “Падарункі правадырам”, арганізаваная музеямі Маскоўскага Крамля пры падтрымцы Міністэрства культуры і масавых камунікацый Расіі і іншых арганізацый. У экспазіцыі, па ўспамінах Віталя Скалабана, які прысутнічаў на вернісажы, экспанаваўся і габелен Аляксандра Кішчанкі і барысаўскіх ткачых.

Саша ў свой час расказваў, што ён стварыў і габеленавы партрэт Ціхана Якаўлевіча Кісялёва, з 1980 года — пасля смерці Пятра Міронавіча Машэрава — першага сакратара ЦК КПБ. Мастак быццам бы па просьбе “мадэлі” паказаў яго без усялякіх дзяржаўных узнагарод. Дзе гэты габелен сёння, мне невядома, і сам яго я ніколі і не бачыў. Але дакладна — не ў нашых музеях. Магчыма, у сям’і Кісялёвых...

Працяг — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"