Тэатр паміж вучэбным працэсам, касай і планам

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Без “абавязалаўкі”: школьныя культпаходы чакае перазагрузка
Для мяне гэта гісторыя пачалася надзвычай надзённа: прыйшла ў касу набыць для дзяцей білеты ў Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. І нечакана сутыкнулася з адменамі: з майскай афішы “вылецела” чатыры спектаклі. Аказалася, тэатр чакае карэнная перавёрстка рэпертуару: верагодна, у новым сезоне на дзённыя спектаклі можна будзе патрапіць толькі ў выхадныя дні і ў канікулярны час.

/i/content/pi/cult/641/14242/4-1.jpgГрафік як падтрымка

Ведаю, што лялечнікі з той жа Расіі заўсёды са здзіўленнем разглядалі рэпертуар беларускіх калег, маўляў, як вы можаце працаваць у буднія дні ды яшчэ па два спектаклі запар? Для тэатра лялек, як правіла, складана запоўніць глядзельную залу ў перыяд, калі дзеці прывязаныя да школы, а большасць бацькоў на працы. Каб грошы, атрыманыя ад продажу білетаў, гарантавана перавышалі выдаткі на пракат спектакля, адміністрацыя перанакіроўвае асноўныя высілкі на суботу-нядзелю, святочныя і канікулярныя дні. У адказ беларусы распавядалі пра партнёрскія адносіны паміж дзвюма роднаснымі сістэмамі: культуры і адукацыі. У сталіцы, як і ў абласных гарадах, шмат гадоў існуе графік супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і ўстаноў культуры. Згодна з ім, кожны школьнік мае магчымасць пазнаёміцца з тэатрамі, музеямі, кінатэатрамі, бібліятэкамі горада. У гэтым быў і сакрэт дзённых спектакляў тэатраў лялек: разам з нешматлікімі сямейнымі групкамі глядзельную залу напаўнялі навучэнцы школ з розных канцоў горада, у якіх па школьнай праграме значыўся культпаход.

Адносіны да апошніх заўсёды былі спрэчныя. Аднак першапачаткова пачынанне добрае, бо сучасныя дзеці з-за шматлікіх гаджатаў не бачаць нічога вакол сябе, а сталічныя жыхары наогул могуць і гадамі не выходзіць за межы свайго мікрараёна. Многія юныя мінчане ўвогуле не разумеюць, як практычна выкарыстоўваць багацце, якое знаходзіцца ў родным горадзе: яны прызвычаіліся атрымліваць інфармацыю з “Вікіпедыі” і нават не здагадваюцца, колькі адказаў на свае жыццёвыя пытанні можна атрымаць, усяго толькі пераступіўшы парог тэатра. Дарослыя не заўсёды маюць час (і, шчыра прызнаемся, — патрэбу), каб самастойна прывесці дзіця ў тэатр. Для некаторых бацькоў перашкодай да сямейнага культурнага выхаду становіцца яго грашовы эквівалент. Такіх малеч і падлеткаў у пэўнай ступені і выратоўвае школа: ёсць магчымасць выправіць сына ці дачку на мерапрыемства, пры гэтым сэканоміўшы на білеце для сябе.

Па словах намесніка дырэктара мінскага тэатра лялек Ігара Ларчанкі, адпаведна графіку кожны са сталічных раёнаў адзін раз на месяц мог накіраваць да іх сваіх школьнікаў. “Падлічыце: у сярэднім атрымлівалася, што з кожнай школы раз за вучэбны год патрэбна было прывесці да нас 25 — 30 чалавек. Знайсці такую колькасць ахвотных з некалькіх паралелей — няўжо гэта праблема? — засмучаецца мой суразмоўца. — У нас надзвычай добрыя адносіны са многімі раёнамі, мы гадамі працавалі па названай схеме, і ўсе, падаецца, былі задаволеныя”.

Лодка гайдаецца

Афіцыйна да галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама адносяцца два тэатры для дзяцей і моладзі — Беларускі дзяржаўны тэатр лялек і Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Здавалася б, з кім, як не з гэтымі ўстановамі культуры развіваць узаемадзеянне сферы адукацыі? Аднак з гадамі ў графіку для супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і культуры пабольшала рэкамендаваных да магчымага наведвання калектываў, сярод якіх нямала прыватных: Рускі дзіцячы тэатр, Новы тэатр драматургіі, Камерны тэатр, маладзёжны форум “Моц жыцця”, культурна-адукацыйны праект “Жывая кніга”, літаратурны тэатр... І я разглядаю толькі тэатральную плынь, а ў спісе яшчэ значацца іншыя сферы мастацтва.

Да ўсяго, прапановы ісці “спрычыніцца да культуры” сталі занадта частымі, а невядомыя шырокай публіцы калектывы падарвалі давер педагогаў. Як распавяла настаўніца адной са сталічных гімназій, неаднаразова ёй і яе калегам даводзілася доўга высвятляць у сеціве, дзе знаходзіцца той ці іншы тэатр, куды прапануецца прывесці падапечных. “З тымі, хто працуе ў адной паралелі, мы заўсёды імкнуліся размеркаваць “культурную нагрузку”, аднак білеты ж ідуць безупыннай плынню… Неаднаразова складвалася так, што бацькоўскі камітэт выкупаў уваходныя, аднак дзеці нікуды не ішлі: як можа першая змена паспець у тэатр аб 11 гадзіне, калі па раскладзе ў нас у гэты час ідуць заняткі?” — узрушаны класны кіраўнік. Дарэчы, я сама патрапіла ў сітуацыю, калі неабходна было з фонду бацькоўскага камітэта выдаткаваць грошы на шэсць білетаў у адзін з камерцыйных тэатраў. І нікога з боку творчага калектыву не цікавіла, ці пойдуць на прадстаўленне дзеці. Няўжо сапраўды для тых тэатраў галоўным быў сам факт абмену білетаў на грошы?

Але зараз не пра тое.

“Катэгарычна: не!”

Намеснік кіраўніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая супраць самога слова “абавязалаўка” і абураецца, калі бацькі школьнікаў выкарыстоўваюць яго. “Як вы сабе ўяўляеце, каб мы сёння кагосьці прымусілі набыць білет?! Графік супрацоўніцтва трэба разумець — гэта не “абавязалаўка”, а прапанова. Там распісаны ўсе адукацыйныя праекты, прынамсі, патрыятычныя, па правілах дарожнага руху, па здаровым ладзе жыцця. Сёння мы гаворым толькі пра тое, каб дзяцей прывабіць, пашырыць іх далягляд, адцягнуць увагу ад тэлевізараў і камп’ютараў. Мы займаемся фарміраваннем культуры навучэнцаў, заклікаем іх наведваць установы культуры, каб больш шырока вывучыць тэму, напрыклад, нацыянальную драматургію”, — падкрэслівае Надзея Міхайлаўна. Візаві нагадала, што для школьнікаў заўсёды рыхтуюцца тэматычныя культурна-адукацыйныя акцыі, якія прымеркаваны да рэспубліканскіх мерапрыемстваў кшталту Дня пісьменства. У Мінску дзейнічае 22 шматпрофільныя ўстановы, на базе якіх работнікі сферы адукацыі могуць самастойна ладзіць масавыя мерапрыемствы з удзелам школьнікаў.

І ўсё ж у сталіцы ў сувязі з пастаяннымі размовамі наконт грошай і добраахвотна-абавязковых імпрэз было вырашана перагледзець погляды на ўзаемадзеянне школы і тэатраў, у прыватнасці, новаўвядзенні закранулі распаўсюд і набыццё білетаў. “Што да таго, каб нам пакінулі білеты, а мы, педагогі, іх распаўсюджвалі — тысячу разоў не! Пра гэта не можа быць і размовы! На ўсіх інструктыўна-метадычных нарадах, планёрках мы гаворым: не павінна быць перадачы грошай за білеты ў школе. Для гэтага ёсць касы”, — у гэтым пытанні мая суразмоўца катэгарычная.

Падаецца, усё слушна. Аднак па факце ўсё вылілася ў тое, што школы… пачалі адмаўляцца ад запланаваных візітаў у тэатр. Па старой схеме працаваць няма магчымасці, а новыя варыянты пакуль не зразумелыя. Адзін з прапанаваных шляхоў: прыходзіць прадстаўнікам тэатра на бацькоўскія сходы, там рэкламаваць рэпертуар і запрашаць бацькоў у тэатральныя касы. Альбо змяшчаць флаеры на інфармацыйных дошках у школьным фае. Ці эфектыўныя такія рэкламныя “ноу-хау”? Лічбы гавораць аб адваротным. Возьмем тэатр лялек: загадзя быў складзены адпаведна графіку супрацоўніцтва рэпертуар на май з традыцыйнымі дзённымі спектаклямі з разлікам на тых самых навучэнцаў. У апошні вясновы месяц тут чакалі шкаляроў з Маскоўскага раёна. Аднак з 35 устаноў адукацыі толькі дзве ўзялі па 10 білетаў. Што атрымалася ў выніку? Быццам бы і збераглі бацькоўскія грошы ды нервы настаўнікаў, аднак, дзеці засталіся без тэатральнага мастацтва — духоўнага складніка адукацыі. Ну а лялечнікі былі вымушаны адмяняць заяўленыя спектаклі…

Надзея Міхайлаўна акцэнтуе ўвагу на наступным: іх аддзел выступае за ўзаемадзеянне праз сумеснае прыцягненне бацькоў і дзяцей. Па яе меркаванні, у стагоддзе прагрэсу тэхналогій школа ў рамках супрацоўніцтва можа дапамагчы бацькам, якія заахвочаны адправіць сваіх дзяцей у тэатр, напрыклад, зарэзерваваць неабходную колькасць білетаў ва ўстанове культуры. Аддзел выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама катэгарычна супраць парушэння вучэбнага працэсу. Мне нагадалі пра шосты школьны дзень і канікулы — у гэты тэрмін зручна весці дзяцей на шматлікія імпрэзы. Праўда, тэатры і не мелі на ўвазе зрыў вучэбнага плана. Яны заўсёды імкнуліся дамаўляцца з адміністрацыяй устаноў адукацыі. Падаецца, не павінна ўзнікаць пытанняў з буднімі днямі, калі першыя змены могуць выправіцца ў тэатр пасля заканчэння ўрокаў, а другія — перад іх пачаткам. У выйгрышы былі б усе. Аднак перакласці ўвесь дзіцячы рэпертуар на выхадныя — ці магчыма гэта?

Задачка без вырашэння

Што рабіць тэатру лялек, значная частка афішы якога адмыслова разлічана на дзіцячую аўдыторыю, калі дзённыя спектаклі хочаш-не хочаш перамяшчаюцца на суботу-нядзелю? У годзе пры любым раскладзе 52 тыдні (раз на чатыры гады дадасца яшчэ адзін). Намеснік дырэктара Ігар Ларчанка нагадвае, што ад гэтай лічбы неабходна адмінусаваць тэрмін адпачынку калектыву, дзяржаўныя святы. Нават калі паставіць на выхадныя дні па тры дзённыя спектаклі, а па працоўных днях граць спектаклі для дарослых (памятаючы, што ён усё ж не Купалаўскі ці Горкаўскі — столькі ж як у іх вечаровых назваў у лялечнікаў не набярэцца), усё роўна нават фізічна немагчыма выканаць гадавы план у 250 спектакляў! Ды і фінансавы план ніхто не памяншаў, нягледзячы на новыя абставіны... Май па эканамічных паказчыках “прасеў”, ад лета павявае смуткам, а што будзе восенню?

Мяне пры гэткім раскладзе насцярожвае яшчэ адна акалічнасць: раней выхадныя дні неафіцыйна лічыліся сямейнымі. У суботу-нядзелю ішлі таты-мамы, якім хацелася асабіста прывесці дзіця на спектакль, пасля заканчэння — абмеркаваць пабачанае. Я сама заўсёды выбірала для сваіх дзяцей менавіта гэтыя дні, бо суседства са школьнікамі ў аўторак-пятніцу часам нагадвала рулетку: невядома, патрапіш на ўдумлівых гледачоў ці на неўтаймаваную банду… Калі школьныя культпаходы ссунуць на “сямейныя” прагляды, то куды падзенуцца тыя самыя заўзятары? Ці не згубіць тэатр частку сваёй аўдыторыі, прычым самую ўдзячную? Шчыра кажучы, у гэтым напрамку эксперыментаў не хочацца…

Хтосьці спашлецца на абласныя тэатры, маўляў, яны ж па раёнах ездзяць, дык, можа, і сталічнаму калектыву аднавіць практыку выязных спектакляў. Адразу адкажу: усю вясну адміністратары тэатра не адыходзілі ад тэлефона, вялі перамовы з дзіцячымі летнікамі. Аднак толькі чатыры з іх пагадзіліся пазнаёміцца з камерцыйнай прапановай, астатнія адмовіліся адразу: пракат сталічных гасцей адбіваецца на кошце пуцёўкі, а ў сённяшніх эканамічных абставінах у бацькоў няма лішніх грошай нават на невялікае павышэнне цаны. Адміністрацыя аздараўленчых летнікаў у гэтым сезоне разлічвае на педагагічны склад: яго сіламі і плануецца рабіць святы ды тэатральныя імпрэзы.

Аматары супраць прафесіяналаў

Сітуацыю сталічных лялечнікаў добра разумеюць калегі з рэгіёнаў. Дырэктар Гродзенскага абласнога тэатра лялек Марыя Шабашова пагаджаецца, што лепшы варыянт той, калі маленькага гледача ў тэатр прыводзяць бацькі. “Але ж мы ведаем рэальнасць: са ста чалавек самастойна ў тэатр прыйдзе дзве сям’і. Апраўданняў гэтаму факту знойдзецца досыць, але бачыць у фае дзіця, якое ўпершыню прыйшло ў тэатр ужо трэцякласнікам — трывожны званочак”, — працягвае яна. Марыя Антонаўна нагадвае, што прырода не трывае пустэчы: калі парушыцца супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі тэатрамі і ўстановамі адукацыі, то апошнія запоўніць лавіна прыватнікаў: “Школы будуць прымаць, бо так зручна: заняткі скончыліся, а нікуды ехаць не трэба — толькі перавесці класы ў залу. Хто будзе кантраляваць, як яны прадалі білеты? А хто адкажа за якасць тых імпрэз? У прыватнікаў няма мастацкіх саветаў, усё залежыць ад густу пэўнага чалавека”.

Канешне, дзяржаўнаму тэатру можна першаму перайсці ў наступленне і павезці свае пастаноўкі па сталічных школах. Тэатр вядомы, адміністрацыя ўстаноў адукацыі хутчэй аддасць перавагу знакамітым прафесіяналам, чым невядомым прыватнікам (дарэчы, тэатру лялек замовілі два выезды ў Малінаўку). Але памятаю сваё школьнае дзяцінства: як мы, салігарчане, зайздросцілі сталічным аднагодкам, у якіх у сталым доступе тэатры ўсіх кірункаў, цырк, харэаграфічныя і музычныя канцэрты, музеі. Мы ж маглі толькі раз ці два на год выправіцца на нейкую культурную імпрэзу. У “Ікарус” ля школы набівалася дзяцей з розных класаў і паралелей, настаўнікі везлі нас у адзін з музеяў, а пасля вялі на спектакль, прадстаўленне ці на канцэрт у філармонію. Для нас той культпаход ператвараўся ў доўгачаканую (і доўгатэрміновую, бо дзве гадзіны патрабавалася толькі на тое, каб даехаць з райцэнтра ў сталіцу) падзею. А сёння сталічныя школьнікі, якім з любой кропкі горада да безлічы культурных мерапрыемстваў рукой падаць, будуць глядзець тытулаваныя пастаноўкі ў школьных сценах? Маючы пад бокам абсталяваныя шыкоўным гукам, святлом, дэкарацыямі тэатры, спажываць, прабачце, паўфабрыкат у актавай ці спартыўнай зале, а то і ў сталоўцы?

Між іншым, адпаведна Кодэксу аб культуры, які ўступіў у дзеянне з 3 лютага бягучага года, з прывазнымі спектаклямі ў школьным атачэнні ўсё не так адназначна. Як распавёў намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кіраўнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай работы Мінгарвыканкама Аляксандр Шастакоў, у артыкуле 213 кодэкса з’явілася дакладнае вызначэнне сцэнічнай пляцоўкі: “капітальная пабудова (будынак, збудаванне), яе (іх) часткі, тэрыторыя, якія прызначаны для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў”. “Школы прызначаны для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу, а ніяк не для дэманстрацыі спектакляў, — падкрэслівае Аляксандр Віктаравіч. — Калі бацькоўскі камітэт вырашае запрасіць ва ўстанову адукацыі тэатральную пастаноўку, камітэт здымае з сябе адказнасць за мастацкі ўзровень відовішча”.

Да слова, існуе легальная схема для прыдзірлівых бацькоў, каб той самы мастацкі ўзровень замоўленага вызначыць: можна падаць адпаведны запыт ва ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму свайго раёна сталіцы. Адтуль дакументы патрапяць на экспертызу ў мастацкі савет, які створаны паводле таго ж Кодэкса аб культуры пры ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама. Праўда, вельмі сумняваюся, што за такую шматузроўневую аперацыю рызыкне ўзяцца які-небудзь бацькоўскі камітэт ці адміністрацыя школы…

Дзе аптымальная формула?

Пакуль жа справа знаходзіцца ў такім стане: у школы і дзіцячыя садкі ездзяць прыватнікі, сярод якіх хапае халтуршчыкаў. Тэатр, якасць пастановак якога пацверджана званнем заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь і шматлікімі міжнароднымі ўзнагародамі, недалічваецца сваёй асноўнай аўдыторыі. Дзеці, якіх раз за разам “частуюць” пастаноўкамі неадназначнага гатунку ў непрыстасаваных памяшканнях, перастаюць разумець прызначэнне тэатра, а хтосьці так і не даведваецца аб яго магічным уздзеянні. Што ў выніку стане з выхаваннем цэлых пакаленняў? Упэўнена, адукацыі і культуры неабходна вярнуцца да разумнага ўзаемадзеяння. Не магу не пагадзіцца з меркаваннем Марыі Шабашовай: “Культура без адукацыі існаваць не зможа! Толькі ва ўзаемапагадненні магчыма дабіцца неабходных вынікаў, у першую чаргу — узняцця ўзроўню адукаванасці і культуры вучняў. Я ўвогуле параіла б аддзелам адукацыі разгледзець такі варыянт: прысвяціць адзін урок штомесяц Мельпамене — зрабіць своеасаблівы дзень тэатра. Прыводзьце школьнікаў у тэатр! У нас ёсць пра што з імі пагаварыць”.

Каментарыі з нагоды

Тамара ПАЎЛЮКОВІЧ, дырэктар Брэсцкага тэатра лялек:

— Тэатру ўжо колькі гадоў узводзяць новы будынак, што, зразумела, ускладняе нашу працу. У дадзеных умовах здымная стацыянарная пляцоўка задзейнічана толькі на выхадныя, прычым папераменна: даём па адным — два спектаклі то ў суботу-нядзелю, то толькі ў нядзелю. Каб выканаць гадавы план у 298 спектакляў, калектыў шмат працуе на выездзе. Мы актыўна наведваем вобласць, не застаюцца па-за ўвагай школы і дзіцячыя садкі Брэста. Асабліва часта накіроўваемся ў раёны, аддаленыя ад месцазнаходжання нашага стацыянара, бо жыхары той часткі абласнога цэнтра не вельмі хочуць ехаць праз увесь горад да нас. Ёсць спецыяльны рэпертуар для дашкольнікаў, аднак апошнім часам садкі сталі менш ахвотна пускаць нас у свае залы. З даведзеным планам тэатр спраўляецца, нават перавыконвае яго, але рабіць гэта ўсё цяжэй, бо публіка стала відавочна горш набываць білеты. Тэндэнцыя звязана ў тым ліку і з эканамічнай сітуацыяй у краіне…

Уладзімір АНДРЭЕНКА, дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра лялек:

— У нас вельмі шчыльная афіша. Раніцай практычна праз дзень вітае самых маленькіх дзетак праект “Другая сцэна”. Пастаноўкі разлічаны на малечу ад 2 да 4 гадкоў. Матулі гэтых гледачоў часцей за ўсё знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, таму ім нескладана прывесці сыноў і дачок да нас аб 11-й гадзіне. З 12 гадзін у асноўную залу на 200 месцаў ідуць школы, раз на тыдзень па серадах у афішы стаіць вечаровы спектакль, а субота-нядзеля задзейнічана напоўніцу. Наш графік узгоднены з упраўленнем адукацыі, спорту і турызму горада і вобласці. Менавіта яны дапамагаюць вызначыцца школам, калі прыйсці ў тэатр з улікам змены той ці іншай паралелі. Кожны дырэктар школы і яго намеснік па выхаваўчай працы ведае, што некалькі разоў за вучэбны год у пэўны дзень іх навучэнцы выправяцца ў абласны тэатр лялек. Часта пад гэтае наведванне адводзіцца класная гадзіна. Часта даём два-тры спектаклі на дзень, абслугоўваем вёску, аграгарадкі, стала накіроўваемся на сваім транспарце ва ўстановы адукацыі Магілёва, нягледзячы на сталую працу стацыянара. Шчыра кажучы, мне не вельмі падабаецца ідэя з выездамі ў школы, бо зразумела, што ў звычайнай зале не можа быць асвятлення і гуку, якім абсталяваны стацыянар, але… За год тэатр зрабіў замест даведзеных 240 спектакляў больш за 400 паказаў. Канешне, гэта галаўны боль. Мы вымушаны завышаць сабе план, інакш не зможам адысці па заробках нават ад бюджэту пражытачнага мінімуму, даць людзям прэмію, а таксама закупіць матэрыялы для чарговай пастаноўкі.

Марыя ШАБАШОВА, дырэктар Гродзенскага абласнога тэатра лялек:

— Тузін гадоў, як у нас дзейнічаюць гадавыя абанементы для школьнікаў і выхаванцаў старэйшых груп дзіцячых садкоў Гродна. Штогод тэматыка праекта змяняецца: адпаведна ёй праводзім 15-хвілінныя гутаркі з дзецьмі ў антракце ці, калі ён адсутнічае, — да пачатку пастаноўкі. Мы раімся з педагогамі, якія спектаклі ўключыць у абанемент, калі-нікалі ладзім адпаведны конкурс. У верасні ўзгадняем план з упраўленнем адукацыі, спорту і турызму, а з кастрычніка па май адпаведна яму актыўна працуем. Абанементы размяркоўваюцца па школах адміністратарамі. Яны аформлены ў выглядзе прыгожага канверта, які застанецца дзецям на памяць. Унутр уклейваецца 6 — 7 білетаў — такім чынам школьнік загадзя ведае, на якіх спектаклях і ў якія дні на працягу сезона ён пабывае. Зазначу, што кошт на абанементныя спектаклі ніжэйшы за адпаведныя назвы ў выхадныя дні — для школьнікаў атрымліваецца сапраўдная зніжка. Да таго ж, сума, аддадзеная бацькамі ў верасні, застаецца нязменнай на ўвесь год.

Мы не зрываем вучэбны працэс: абавязкова агаворваем з кожнай школай час, калі ім зручна да нас прыйсці. Прынамсі, метадам спроб высветлілі, што для нашага горада самы аптымальны час для спектакляў —10.00 і 12.30. На ранішнія паказы добра ідуць сады і школьнікі, што вучацца ў другую змену (апошнія паспяваюць пасля тэатра зайсці дадому паабедаць перад школай). Спектаклі па абанеменце можам ставіць па жаданні школьнай адміністрацыі на 14.00, 16.00 і на 18.00. На традыцыйныя 19.00 не пагаджаюцца бацькі — дзеці позна вяртаюцца дадому, асабліва гэта напружвае ў зімовы перыяд. У гэтым сезоне ўпершыню зрабілі абанемент для старэйшых класаў і не прагадалі: на “Партрэт” і “Вій. Страшэнная помста” Мікалая Гогаля, “Сон у летнюю ноч” Уільяма Шэкспіра, “Магічнае люстра пана Твардоўскага” Сяргея Кавалёва навучэнцы 8 — 11 класаў ішлі з вялікім задавальненнем. Зараз шмат гаворыцца пра шосты школьны дзень. У нашага тэатра ёсць некалькі школ, якія прынцыпова водзяць выхаванцаў толькі па суботах — калі ласка, мы кожнаму ідзём насустрач! У выхадныя мы часта прапануем па два спектаклі.

У вясковай мясцовасці мы граем 86 спектакляў на год. Падладжваемся пад школы: прыязджаем туды пасля заняткаў ці на класную гадзіну. У цэлым за 2016 год па праграме культуры горада правялі 535 спектакляў, у тым ліку асабістых, сіламі калектыву, — 337. Маем практыку камерцыйных канцэртаў, але ў нас маленькая зала, каб мець добры ганарар, гастралёрам даводзіцца ўзнімаць кошт білетаў, таму такога кшталту імпрэз набярэцца за названы тэрмін каля 40. Прынамсі, штомесяц выступае Гродзенская капэла, пару разоў з Мінска прыязджала Ганна Хітрык са сваім гуртом S°unduk. Усяго летась гродзенцы зарабілі 3 мільярды 370 мільёнаў рублёў. У нас самая высокая зарплата сярод айчынных тэатраў лялек. Аднак даецца тое нялёгка…

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"