Гаджаты не змогуць…

№ 22 (1305) 03.06.2017 - 09.06.2017 г

Сто пішам, двесце дваццаць у розуме
Сёлета 100-годдзе адзначае дзяржаўнае прадпрыемства “Выдавецтва “Беларускі Дом друку”. За мінулыя дзесяцігоддзі яно неаднаразова змяняла сваю назву, аднак, не адыходзіла ад галоўнага кірунку: друкарня выпускала вучэбную, метадычную, мастацкую літаратуру, папярова-белавую прадукцыю — усё тое, што чалавеку патрэбна штодня. Пра гісторыю прадпрыемства, пра будучыню паліграфічнай справы і новыя напрамкі дзейнасці вядучай друкарні краіны аглядальніку “К” распавёў генеральны дырэктар установы Раман АЛЕЙНІК. А экскурсію па цэхах для карэспандэнтаў “К” правёў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і ідэалагічнай працы Юрый Арыхоўскі.

/i/content/pi/cult/640/14228/13-1.jpgЮбілей наяўны і мажлівы

— Кропкай адліку юбілейнай даты стаў 1917-ы, калі Мінскую губернскую друкарню рэфармавалі і перадалі Савету народных камісараў Заходняй вобласці і Заходняга фронту, — зазначае Раман Сцяпанавіч. Насамрэч, рэвалюцыйны год трэба лічыць не пачаткам, а этапам нашай гісторыі: мы ўзнялі архівы, даследавалі факты і высветлілі, што тая самая Мінская губернская друкарня была заснаваная ў 1797 годзе! Так што прадпрыемства можа справядліва адзначаць 220-годдзе сваёй дзейнасці. Да святкавання выдадзім альбом пра асноўныя вехі гісторыі нашай установы. Мы прыцягнулі да працы над ім музейных супрацоўнікаў, гісторыкаў, літаратараў. Не змаглі абысці ў гэткім выданні і тэму 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: яму будзе прысвечаны асобны раздзел.

Першапачаткова наша прадпрыемства было класічнай друкарняй, у якой выдаваліся кнігі, газеты, часопісы. Найбольшы выпуск газетна-часопіснай прадукцыі прыпаў на пачатак 1990-х, калі мы выдрукоўвалі каля 3,5 мільёна экзэмпляраў у суткі. На сённяшні момант тая лічба паменшылася да амаль 2 мільёнаў, на што стае аб’ектыўных прычын: зніжаецца цікавасць да папяровых версій выданняў, падаюць тыражы, памяншаецца колькасць найменняў.

Што да ўласна кнігавыдання, то яго залаты перыяд прыпаў на 1960 — 1980-я. Тады кнігі былі ў вялікім дэфіцыце, іх расхоплівалі як гарачыя піражкі. Каб займець нават права набыць асобнік пэўнага наймення, чалавеку было неабходна здаць 20 кілаграмаў макулатуры. За прынесеную сыравіну патэнцыйны пакупнік атрымліваў талон, дзе пазначалася, на якую назву ён можа яго атаварыць. Асабліва папулярнымі назвамі на той час былі кнігі Аляксандра Дзюма. Напрыклад, абодва тамы яго “Графа Монтэ-Крыста” — а тыраж кожнага з іх набліжаўся да паўтара мільёна экзэмпляраў — друкаваліся па 3 — 4 месяцы. Тыраж “Дзвюх Дзіян” таго ж аўтара быў пазначаны неверагоднымі для сённяшняга пакалення паліграфістаў лічбамі ў 2,5 мільёнаў экзэмпляраў. А агульныя тыражы твораў гэтага аўтара дасягалі дзясяткаў мільёнаў асобнікаў.

Мода, бывай!

— Затым прайшла мода на чытанне, паменшыліся тыражы. Параўнайце: недзе ў 1990-х наша друкарня не брала ў работу матэрыял, калі яго наклад быў меншы за 50 тысяч экзэмпляраў, — кажа Раман Алейнік. — Лічылася, што гэта не выгадна, бо нашы вытворчыя лініі былі разлічаны на мільённыя заказы. З пачатку нулявых гадоў загрузка па кніжнай вытворчасці пачала зніжацца, а тры гады таму рэзка ўпала. Сёння за шчасце лічым нават тысячу экзэмпляраў. Насельніцтва можна зразумець: друкаваныя выданні не з’яўляюцца прадметам першай неабходнасці... Пасля абвалу расійскага рубля ад нас сышлі найменні расійскіх буйных выдавецтваў, у 2014-м у “Беларускім Доме друку” засталося ўсяго 20 — 25 працэнтаў заказаў на прадукцыю ад таго, што мы мелі да гэтага часу. Айчынны рынак даволі вузкі, таму мы шмат высілкаў прыклалі, каб ізноў атрымаць доступ да расійскіх выдавецтваў, але… Зараз там шмат сваіх незагружаных магутнасцей. Да таго ж, асноўная сыравіна, на якой мы працуем, вытворчасці ўсё той жа краіны-суседкі, і па сабекошце былым партнёрам перастала быць выгадна спачатку везці сюды сваю паперу, а потым вывозіць ад нас у тую ж Расію ўвесь тыраж.

Зараз мы працуем з цэлым шэрагам прыватных кніжных выдавецтваў, а таксама дзяржаўнымі, сярод якіх “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, “Народная асвета”, “Беларусь”. Аб’ёмы невялікія: сярэдні тыраж складае дзесьці каля 2200 экзэмпляраў, але не адмовімся і ад заказу на 500 адзінак. Канешне, пры такіх маленькіх лічбах павялічваецца час на наладкі, на перастаноўкі з тыражу на тыраж. З-за гэтага некалькі гадоў таму мы набылі новую кніжную лінію, якая забяспечвае хуткую пераналадку, трымаючы пры гэтым годны ўзровень якасці прадукцыі. Практычна яна нас і выратоўвае ў кніжнай вытворчасці. Дарэчы, менавіта на ёй мы выпусцілі кнігу “Дзмітрый Струкаў. Альбом малюнкаў 1864 — 1867”, за якую атрымалі Гран-пры Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.

Мы вывучаем тэндэнцыі сусветнай паліграфіі, імкнемся ісці ў нагу з найноўшымі дасягненнямі ў галіне. Напрыклад, засвоілі інтэгральны пераплёт, выдаткі на вытворчасць якога куды меншыя. У Расіі яго актыўна выкарыстоўваюць для стварэння падручнікаў, бо такая вокладка дастаткова каляная, але лягчэйшая за класічны цвёрды пераплёт, што вельмі важна для школьніка — памяншаецца маса кнігі, значыць, і агульная маса партфеля. Год таму мы займелі новую машыну ліставога друку, каб выдаваць высокамастацкую прадукцыю. Яна шасціфарбавая, з лакіравальнай секцыяй і за адзін прагон ліста можам аддрукаваць асноўны колер, дадатковую фарбу, напрыклад, серабро ці бронзу, і залакіраваць. Такая магчымасць уплывае на паніжэнне кошту канчатковай прадукцыі. Новая машына дазваляе аддрукоўваць здымкі і ілюстрацыі “топавага” ўзроўню.

Кнізе не першае дзесяцігоддзе прарочаць скон, на маю ж думку электронныя носьбіты не змогуць па ўсіх кірунках замяніць друкаваныя. Так, вучэбная літаратура, што перыядычна змяняецца і хутка састарваецца, будзе і далей заваёўваць пазіцыі ў электронным эквіваленце. Аднак гаджаты не змогуць пацясніць кнігі для дзяцей, мастацкія альбомы, падарункавыя выданні. Мне трапіла інфармацыя па Вялікабрытаніі за мінулы год: на туманным Альбіёне назіралася падзенне набытку электронных кніг на 17 працэнтаў і адначасовы рост рэалізацыі кніг на папяровых носьбітах. Мяркую, тую тэндэнцыю можна смела адносіць і да астатніх краін.

Моцныя традыцыі, новыя кірункі

— “Беларускі Дом друку” заўсёды быў рэнтабельным. Як бы ні было складана ў няпростых эканамічных умовах, мы працягваем працаваць з прыбыткам, маючы сёння працэнтаў сем рэнтабельнасці ад продажу прадукцыі сваёй вытворчасці. Мы працягваем выпускаць кнігі, але іх колькасць пераглядаем адпаведна эканамічнаму абгрунтаванню. Трэба аб’ектыўна прызнаць, што аб’ёмы класічнай паліграфіі памяншаюцца, напрыклад, па газетах і часопісах мы штогадова адзначаем зніжэнне вытворчасці на восем — дзесяць працэнтаў. Каб не стаць маленькай друкарняй, захаваць калектыў, з 2009 года мы пачалі распрацоўваць новы для нас і перспектыўны для рынку напрамак упакоўкі. Сёння яе выпуск займае 20 — 25 працэнтаў агульнага аб’ёму вытворчасці, і мы плануем павялічыць гэтыя лічбы. На ўнутраным рынку ў дадзеным кірунку вялікая канкурэнцыя, таму мы вымушаны аптымізаваць вытворчасць, затраты і працэнт прыбытку, каб атрымаць заказ. Я лічу, што для калектыву лепш брацца за замовы з невялікай рэнтабельнасцю, але пры гэтым стабільна атрымліваць заробак і прыбытак, чым прастойваць без працы з-за нейкіх прынцыпаў. Зазначу, мы дасягнулі значных поспехаў на ніве ўпакоўкі, у тым ліку дызайнерскай. Напрыклад, для дзяржаўнага падарункавага фонду мы робім элітную прадукцыю.

Дарэчы

З 2010 года прадпрыемства засвоіла новы від вытворчасці: друк на тканіне. Для гэтага быў уведзены ў эксплуатацыю новы комплекс абсталявання. У асноўным займаюцца дзяржаўнай сімволікай: кабінетныя сцягі, штандары, якія выносяць на ўрачыстых мерапрыемствах, і многае іншае ў гэтым напрамку. Хтосьці скажа, што ў нас кошт вышэй, чым у канкурэнтаў, але і якасць нашых вырабаў куды лепш. Узяць хаця б тое, што мы працуем з тканінай нямецкай фірмы, якая паўсвету забяспечвае матэрыялам для такой прадукцыі”, — дадае Раман Алейнік і працягвае:

— З гонарам адзначу, што штандар для Плошчы Дзяржаўнага сцяга выйшаў з нашых сцен. Каб вынайсці аптымальную тканіну для палотнішча ў 7 метраў ушыр і 14 метраў у даўжыню, нам спатрэбілася зрабіць не адзін экзэмпляр і паэксперыментаваць з тэхналогіяй. Як вядома, архітэктары арыентаваліся на падобны праект у Баку. Але флагшток у сталіцы Азербайджана размешчаны на Каспіі, непасрэдна на беразе мора, дзе заўсёды моцна дзьме. Ружа вятроў Мінска не спрыяе таму, каб сцяг, які важыць каля 300 кілаграмаў, развяваўся. З-за гэтага мы адмовіліся ад тканін, на якія нас арыентавалі праекціроўшчыкі. Перад калектывам “Беларускага Дому друку” паўстала няпростае патрабаванне: вынайсці тканіну-сеціва, тым самым паменшыць агульную вагу, каб пры самым нязначным хваляванні паветра яна магла “ляцець”, пры гэтым зрабіць так, каб палотнішча не разарвалася. Да таго неабходна было дабіцца ад фарбы такой якасці, каб яна як мага менш залежала ад з’яў стыхій, напрыклад, каб тканіна доўга не выгарала на сонцы. Нашы спецыялісты падбіралі стойкія фарбы, тэсціравалі тканіну ў пральных машынах, запраўленых агрэсіўнымі парашкамі, а пасля параўноўвалі абрэзкі — ці змяняецца колер. Мы дабіліся неабходных якасцей, вынайшлі найбольш прыдатны склад для тканіны. Зараз мінчане і госці сталіцы могуць кожны дзень бачыць вынік нашых даследаванняў. Мяркую, сваёй штодзённай працай наш калектыў даказвае, што яму сапраўды па плячы нават самыя складаныя задачы.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"