Як калекцыя стала музейнай уласнасцю

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Напэўна, не часта судовае рашэнне спрыяе развіццю музейнай справы. Але факт застаецца фактам. Калекцыя ікон і іх літога ўпрыгожання стала ўласнасцю Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава менавіта пасля судовага ўмяшальніцтва. Вердыкт уступіў у сілу 23 мая.

/i/content/pi/cult/639/14221/3-1.jpgСправа тут вось у чым. (Мабыць, музейшчыкі-практыкі сутыкаліся з такімі казусамі? Калі не, дык і такія веды не стануць для іх лішнімі.) У 1994 — 1996 гадах адзін грамадзянін перадаў на часовае захоўванне ў Веткаўскі музей не абы-якую калекцыю стараверскіх ікон, іх убрання, ліцця і дробнай пластыкі — усяго 243 прадметы. Сітуацыя больш-менш звычайная хаця б з той прычыны, што 1990-я — час масавага перасялення чарнобыльцаў; менавіта тады, калі верыць спецыялістам, многія музеі іканапісу такім чынам папоўнілі свае зборы. Дык вось, усе гэтыя гады згаданая калекцыя знаходзілася на захоўванні ў згаданым музеі. І ў такім статусе яна не з’яўлялася ўласнасцю ні дзяржавы, ні музея.

Далей варта спаслацца на словы начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Ірыны Даўгала. Паводле іх, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь паспрыяла таму, каб ва ўстаноўленым парадку была праведзена ацэнка калекцыі. Потым быў зварот у адзін з гомельскіх судоў для таго, каб названая маёмасць была прызнана вымарачнай (нічыйнай, бо яе гаспадар памёр). У заканадаўчым судовым парадку вырашана, што ўсе 243 прадметы перадаюцца Веткаўскаму райвыканкаму, які ў сваю чаргу перадасць іх ва ўласнасць Веткаўскага музея.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"