Яркія: маладое пакаленне

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Падтрымка талентаў ды размова пра мастацтва і навуку
За 2016 год больш за 2 тысячы чалавек і каля 20 калектываў былі падтрыманыя спецыяльнымі фондамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў адбылася ў сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт”.

/i/content/pi/cult/639/14215/2-1.jpgПа словах намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко, спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў у 2016 годзе адзначана 2178 чалавек і чатыры навуковыя ды інтэлектуальныя аб’яднанні. З іх 81 чалавек уганараваны Гран-прэміямі і званнем лаўрэата. Спецыяльным фондам па падтрымцы таленавітай моладзі летась падтрымана 169 чалавек і 18 калектываў. Вышэйшай узнагародай і званнем лаўрэата з іх адзначаны 10 чалавек і 2 калектывы.

— Гэта яркія прадстаўнікі маладога пакалення, якія памнажаюць духоўнае багацце нашай краіны і прадстаўляюць яе інтэлектуальную і творчую эліту, — адзначыў у прывітальнай прамове на пачатку цырымоніі Васіль Жарко. — Дапамога і падтрымка моладзі — адзін з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў, бо ад таго, якую змену мы выхаваем, наколькі падрыхтуем яе да самастойнага жыцця, залежыць будучыня краіны, якой патрэбныя таленавітыя, працавітыя і захопленыя сваёй справай людзі.

Пераможцы міжнародных алімпіяд і навуковых конкурсаў атрымалі ўзнагароды ад старшыні Савета спецфонда Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў, рэктара Белдзяржуніверсітэта Сяргея Абламейкі. Старшыня савета фонда Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава ўручыла прэміі пераможцам творчых конкурсаў і фестываляў.

Таццяна Русак — студэнтка 5 курса кафедры народнай песні і творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — ужо была стыпендыятам. Цяпер атрымала званне лаўрэата за бронзавы медаль, што прывезла з Дэльфійскіх гульняў у Расіі ў 2015 годзе.

— Гэта спаборніцтвы ў галіне мастацтва, але ўдзел у іх можна параўнаць з тым, што ты выступіў на Алімпійскіх гульнях і прывёз яшчэ адзін медаль у скарбонку сваёй краіны за выкананне беларускіх народных песень, а гэта першы медаль у маім жыцці, — расказала Таццяна. — З гонарам трымаю сваю ўзнагароду, даўно чакала яе. Удзячна Міністэрству культуры і фонду, дзякуючы дзейнасці якіх кожны год наша краіна адкрывае новыя імёны. Хачу выказаць падзяку рэктару нашага ўніверсітэта Юрыю Бондару за актыўную падтрымку мяне асабіста і ўсіх студэнтаў. Мой педагог — гэта Ларыса Снапкова. Я прыйшла да яе без музычнай адукацыі, мне проста хацелася спяваць, і яна ўзяла мяне, навучыла мяне ўсяму, што маю зараз. Дзякуючы ёй, гэтай узнагародзе, удзелу ў мюзіклах “Дуброўскі” і “Казанова” мне ўдалося перавесціся з платнага навучання на бюджэт.

Падзякі педагогам лаўрэатаў і стыпендыятаў уручылі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і міністр адукацыі Ігар Карпенка.

— Наша праца скіравана на раскрыццё і развіццё маладых талентаў, а гэта значыць на магчымасць рэалізавацца, — лічыць педагог Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Святлана Порахава. — Умовы для гэтага ў краіне ёсць, арганізоўваюцца і падтрымліваюцца цікавыя праекты, рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы. Дзякуючы гэтаму мае вучаніцы таксама атрымалі магчымасць удзельнічаць у Дэльфійскіх гульнях. Любы педагог вам скажа, што заўжды моцна хвалюешся і адчуваеш вялікую адказнасць за тое, што менавіта тваім выхаванцам аказаны давер прадстаўляць краіну на такім узроўні, а таксама радуешся і ганарышся, што давер апраўданы атрыманнем залатога і бронзавага медалёў.

Абодва фонды створаныя ў 1996 годзе і выплачваюць стыпендыі, прэміі, даюць разавую матэрыяльную дапамогу таленавітым вучням, студэнтам, педагогам, маладым дзеячам культуры і мастацтваў, што ўжо маюць пэўныя прафесійныя дасягненні. Фонды таксама вылучаюць сродкі на правядзенне ці ўдзел у навуковых канферэнцыях, конкурсах, семінарах, алімпіядах, майстар-класах ці аплачваюць стажыроўкі.

На здымку: Васіль Жарко падчас сустрэчы з юнымі талентамі.

Фота Максіма ГУЧАКА, БелТА


Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"