Пакуль спяваем…

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

У тур са сваім... журналістам / Учора, сёння і заўтра беларускага хора
Для калектываў і кіраўнікоў прафесійных і аматарскіх хораў народнага і акадэмічнага напрамкаў у краіне праходзяць майстар-класы Міхаіла Дрынеўскага, народнага артыста Беларусі, прафесара, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора iмя Генадзя Цітовіча, і Тамары Слабодчыкавай, дацэнта кафедры харавога дырыжыравання вакальна-харавога факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. “К” падабралася да асвятлення падзеі спосабам правераным, даслаўшы карэспандэнта выдання “У тур са сваім журналістам” на чарговы этап у Магілёў... Адбываецца ўсё названае ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча”, накіраванай на папулярызацыю нацыянальнага харавога мастацтва, што нарадзілася ў 2015-м. Сёлета падзея, якую мяркуецца праводзіць раз на два гады, стартавала ў красавіку, а завяршыцца павінна вераснёўскім гала-прадстаўленнем у Мінску. У рамках праекта хор імя Цітовіча ўжо даў шэраг канцэртаў у абласных цэнтрах (плюс Маладзечна), 22 мая ён выступіў у сталіцы, а 31-га яго чакае Гомель.

/i/content/pi/cult/639/14205/10-1.jpgСтыль працы такі?

Адным з натхняльнікаў акцыі стала Тамара Слабодчыкава, памятаючы пра падобныя ідэі, што луналі ў рэспубліцы яшчэ з канца 1940-х — пачатку 1950-х. На жаль, як гэта ў нас бывае, з цягам часу разнастайныя бар’еры, якія раптам узнікаюць, прытарможваюць рэалізацыю добрых намераў. У нашым выпадку — гэтак жа. Два гады таму адбор хораў да “фінальнага акорда” — грандыёзнага канцэрта ля сталічнага храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, што выратаванню Айчыны нашай паслужылі, — праходзіў некалькі ў “аўральным” і спантанным рэжыме, што лагічна (Тамара Гаўрылаўна ў пошуках лепшых калектываў збольшага кіравалася думкамі набліжаных да іх людзей). Але пра тое, што “Харавое веча-2017” абавязкова адбудзецца, стала канчаткова вядома мінулай восенню. Аднак на месцах на граблі зноў наступілі, пачаўшы рыхтавацца да прагляду ўсустыч да зыходнай кропкі акцыі — менавіта ў красавіку. Форс-мажор здарыўся, натуральна, праз непрадбачаныя і “незалежныя ад…” абставіны. Адсюль і нейкая непаваротлівасць асобных абласных структур і чыноўнікаў і “прыціснутыя да сцяны” адміністрацыі навучальных устаноў ды хормайстары, якія зараз, само сабой, у першую чаргу думаюць пра канец навучальнага года. Перабольшаннем будзе сказаць, што прэтэндэнтаў адбіралі і адбіраюць выключна з таго, што было пад рукой, але і змяншаць праблему, якая немаведама адкуль узялася, не варта. Прыйдзе гэтая восень, паглядзім, хто што з сябе ўяўляе... І ўсё гэта напластоўваецца на “закавыку” больш маштабную, пра якую спадарыня Слабодчыкава кажа не першы дзясятак гадоў, — гаворка пра тое, што адбываецца з беларускім харавым мастацтвам наогул:

— Дзе яго вытокі? У агульнаадукацыйных школах, ва ўроках спеваў. Калісьці ім вучылі аж да сёмага класа, цяпер — да чацвёртага. У выніку хоры сёння ёсць далёка не ва ўсіх такіх навучальных установах, нават аднагалосыя. Зборнікі для школ з песнямі для хораў засталіся, а спяваць іх няма каму — выгналі песню са школы. Але і зборнікі гэтыя сучаснымі творамі такога профілю не папаўняюцца. А навошта іх пісаць аўтарам, калі выконвацца рэчы не будуць? І пайшоў ланцужок віцца далей, да звяна аматарскіх калектываў, якія няма кім абнаўляць. Далей — звяно калектываў пачатковых і спецыяльных музычных установаў, прафесійных хароў.

Хор — як фарміраванне калектыўнае — нясе ў сабе велізарную кансалідуючую сілу, лічыць Тамара Гаўрылаўна. А слова, аб’яднанае з музыкай, хутчэй пранікае ў розум чалавека, што даказана шматгадовымі даследаваннямі свяцілаў навукі. Такі тандэм адыгрывае ролю інструмента выхавання, захоўвання і распаўсюджвання інфармацыі, гэта энцыклапедыя жыцця.

— І хто стане распаўсюджваць, узбагачаць і памнажаць нашу культуру, нашу гісторыю, па вялікім рахунку? — зноў і зноў “б’е ў званы” спадарыня Слабодчыкава, паўтараючы: — Дзіцячыя хоры і хоры ветэранаў? А нiтка, якая злучае iх, знікае, не ідуць людзі сярэдняга веку ў хоры, як і моладзь, няма адкуль iм ісці. У Расіі яны на нізавым узроўні ўсё ж узнімаюцца, у Прыбалтыцы нікуды не зніклі, у нас жа... Як заўгодна шмат мы можам казаць пра беларускае харавое мастацтва, пра тое, як яго ўзняць, але пакуль не вернуцца нармальныя ўрокі спеваў у школу, воз застанецца і дагэтуль там — нідзе. Патрэбна стратэгія развіцця мастацтва ў цэлым, нельга абмяжоўвацца толькі правядзеннем асобных мерапрыемстваў.

Але ў канчатковую роспач Тамара Гаўрылаўна не ўпадае і спадзяецца на лепшае. У паездках яе пастаянна церабяць прадстаўнікі хораў: “Мы хочам стаць удзельнікамі “...Веча”, запрасіце нас, вазьміце!” Напэўна, каб не такiя неабыякавасць ды энтузіязм, Слабодчыкава ўжо даўно спачывала б на лаўрах, балазе іх заваліся, і ні пра якія стратэгіi яе душа не перажывала б. І пакуль ёсць прапановы ды попыт, няўрымслівае сэрца яе не супакоіцца...

Да пытання пра попыт

Запазычыць ведаў ад Міхаіла Дрынеўскага і праспяваць пад яго кіраўніцтвам у абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы сабраліся ўдзельнікі народнага хору народнай песні Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Мікалая Рымскага-Корсакава і народнага хору народнай песні Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (і там, і там — спяваюць толькі дзяўчаты). Але спярша для іх некалькі слоў сказала Тамара Слабодчыкава, распавёўшы пра гісторыю праекта, пра тое, што сёлета яго праграма ў тым ліку адштурхоўваецца ад памятных дат, звязаных з імёнамі Якуба Коласа і Янкі Купалы, ад творчай спадчыны, пакінутай імі. Ну а затым стаў “правіць хоры” спадар Дрынеўскі і ніякай скідкі на юны ўзрост спявачак, каму было прапанавана выканаць шэраг твораў, ён не рабіў. Спачатку маэстра як бы знаёміўся з “прадуктам”, быў мяккі, абыходлівы, нібы ўсыпляў пільнасць. Ну а калі сталі ўсплываць на паверхню непазбежныя агрэхі, тут ужо Міхаіл Паўлавіч даў волю свайму прафесіяналізму. У яго прамове з’явіліся металічныя ноткі, ён тактоўна, але жорстка паказваў на хібы, прымушаў раз за разам паўтараць адны і тыя ж музычныя фразы. “Будзь на месцы гэтых дзяўчынак падапечныя майстра, што чамусьці дазволілі сабе памыляцца, — падумаў я, — мала б ім не падалося...” Але да “кансэнсусу” бакi ўсё ж прыйшлі: у выніку спадар Дрынеўскі, падзякаваўшы “паддоследным”, даў даволі станоўчую ацэнку пачутаму. Не хаваў прыемных эмоцый ад сустрэчы і “супрацьлеглы лагер”, пазначыўшы іх так: “жывое” знаёмства з беларускай музычнай легендай адбылося і прайшло ў атмасферы ўзаемнай сімпатыі, у рэчышчы вельмі канструктыўным; у бруд тварам выхаванкі магілёўскіх устаноў не ўдарылі; на якасныя выкладчыцкія і іншыя профільныя кадры краіна разлічваць можа.

— Чаго я чакаю ад гэтага праекта? — задумваецца спадар Дрынеўскі. — Каб паўсюль гучала беларуская песня. Пад словам “паўсюль” я маю на ўвазе і тое, каб нашу песню ведалі ў замежжы і маглі б ідэнтыфікаваць яе сярод твораў на іншых мовах. Але для пачатку неабходна зберагчы яе ў сабе, даць новы імпульс у яе жыцці. Гэтаму і служыць акцыя.

Але Міхаіл Паўлавіч выразна падзяляе песню, якая ўвасабляе сабой нацыю ў яе шматвяковым гістарычным кантэксце, і імгненны папсовы выраб, што, здараецца, спрабуе прэтэндаваць на сучасную старонку ў такім кантэксце. І ўвогуле негатыўна ставіцца да кавер-версій кампазіцый, якія з’яўляюцца знакавымі ў айчыннай песеннай культуры, і да пераасэнсавання на новы лад народнай песеннай творчасці.

— Нічога незвычайнага з так званых апрацовак у апошнія гады я не чуў, — дзеліцца ён. — У асноўным гэта — жаданне заявіць пра сябе хоць нейкім спосабам. Там ні водбліску таленту няма, ні ўмення — адно крыўлянне. У мяне складваецца адчуванне, што на нашы этніку і фольк ідзе сапраўднае паляванне неадукаваных людзей, якія нейкім чынам апынуліся ў музыцы. І калі бяда здарыцца з нацыянальнымі хорамі, якія захоўваюць сапраўдную беларускую песенную культуру, баюся, што праз якіх-небудзь гадоў пяцьдзясят людзі будуць меркаваць пра яе вось па гэтых псеўдатрадыцыяналістах.

А ў дзень нашага знаходжання ў Магілёве людзі меркавалі аб уласнай культуры па выступе хора імя Цітовіча. Ён быў бясплатным для публікі, але ў выдатнай зале метадцэнтра сабралася наўрад ці яго палова (віной, відаць, дзень і час — панядзелак, а 17-й). Калектыў прывёз амаль поўны склад харавой, балетнай ды аркестравай груп (канцэртная колькасць артыстаў заўжды залежыць ад змяшчальнасці прымаючай пляцоўкі, ды і, чаго хітраваць, ад эканамічнага фактару). Прапанавалі гледачам тэатральна-мастацкую iмпрэзу “Кірмаш”. Галоўны сэнс вакальна-харэаграфічнай пастаноўкі — праз песні і танцы паказаць дружбу народаў нашай краіны. Поспехам карысталіся ўсе без выключэння нацыянальныя нумары — яўрэйскія, цыганскія, польскія... А першы раз “выбухнула” зала на ўкраінскіх, калі “гарны хлопцы” закруцілі свае піруэты. І куды без беларусаў — “стрэлу кантрольнага”? Куды без “Касіў Ясь канюшыну”, прыпевак, песень пра сала і бульбу? І плямістага бычка, у якога апрануліся танцоры? Вось ужо сапраўды — смех і радасць прынеслі гэтым вечарам магілёўцам!

Хор, якi ў пачатку года адзначыў 65-гадовы юбілей, знаходзіцца ў выдатнай форме. І, што немалаважна, артысты ў ім — прадстаўнікі пакаленняў розных. Праўда, як з сумам распавёў спадар Дрынеўскі, моладзь у калектыве магла б затрымлівацца і даўжэй. Але выгадуеце ж новыя таленты, Міхаіл Паўлавіч, так?! Нягледзячы ні на што?..

Мінск — Магілёў — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"