Школьная сцэна: прыпавесці і...

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

У дваццаць першы раз у тэатральнай гасцёўні Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа прайшлі сцэнічныя чытанні “Школьны тэатр” сярод драматычных калектываў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі.

/i/content/pi/cult/639/14204/13-2.jpgЛепшыя работы трапляюць на коласаўскую сцэну па выніках раённых конкурсаў школьных тэатраў. Сёлета адабралі як ніколі шмат калектываў. Цягам аднаго дня журы перагледзела 13 сцэнічных работ (дарэчы, узначаліла яго сёлета народная артыстка Беларусі Святлана Акружная). Да выбару літаратурнага матэрыялу кіраўнікі школьных тэатраў падыходзяць па-рознаму. Адны ідуць больш простым шляхам, прапануючы сваім удзельнікам вядомыя, хрэстаматыйныя рэчы, іншыя спрабуюць ствараць уласны, аўтарскі драматургічны матэрыял. Асноўная праблема, як мне бачыцца, палягае ў тым, што нашы беларускія драматургі не пішуць твораў, разлічаных на падлеткавую аўдыторыю, на тых гледачоў (а ў дадзеным выпадку і артыстаў), хто яшчэ не дасягнуў паўналецця. Магчыма, міністэрствам культуры і адукацыі варта было б падумаць аб заснаванні конкурсу драматычных твораў для дзяцей і падлеткаў.

Але вернемся да конкурсу. Найбольш яскравымі, на мой погляд, атрымаліся спектаклі філасофска-метафарычныя, блізкія да жанру прыпавесці. І гэта добры знак, які азначае, што кіраўнікі і самі юныя артысты адыходзяць ад просталінейных, прымітыўных, хай сабе і актуалізаваных сюжэтаў (але былі і такія пастаноўкі), а імкнуцца спасцігнуць сутнасныя пытанні, выйсці на размову з Душой, Космасам, Вечнасцю. Найбольш удала гэта атрымалася ў двух творчых калектываў узорнай студыі “Дарослыя дзеці” гімназіі № 8 пад кіраўніцтвам Аляксандры Раманавай (не толькі таленавітага рэжысёра, але і здольнага драматурга), што прадставіла на суд журы аўтарскі спектакль “Пра мужыка, які на неба лазіў” (Гран-пры фестывалю і дыплом “За лепшае мастацкае афармленне”) і студыі “Перазагрузка” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік Наталля Шлімакова) з іх прачытаннем п’есы-прыпавесці Андрэя Курэйчыка па матывах апавядання Габрыэля Гарсія Маркеса “Вельмі стары сіньёр з вялізнымі крыламі” (ІІ месца і дыплом “За лепшую рэжысуру”).

Пры наяўнасці пэўнай фальклорнай, этнаграфічнай асновы “Мужыка, што на неба лазіў” (дзея п’есы нават перанесена ў сівую мінуўшчыну) спектакль гучыць пранізліва-сучасна: там, дзе разлік, дзе няма кахання, а ёсць яго імітацыя, заўсёды ёсць бруд. І — чорная сіла. А перамагчы яе можна толькі чысцінёй. Магчыма, аўтару п’есы і рэжысёру-педагогу варта было б сябе абмежаваць, засяродзіцца на адной-двух сюжэтных лініях, у дадзеным выпадку іх значна больш, узнікае адчуванне, што кожны вобраз — гэта не проста лёс, а Сусвет. Тут і тэмы хрысціянскай міласэрнасці, і злачынства, і пакаяння. Ды, можа, раманны дыяпазон, эпічная аснова не вельмі пасуюць аб’ёму невялікай, хай і змястоўнай п’есы? І таму юным артыстам, на маю думку, вельмі складана адолець, прапусціць праз сябе тое, што яны яшчэ самі не перажылі. Але ж больш істотна іншае. Сам матэрыял вучыць іх думаць, разважаць пра маральныя складнікі нашага супярэчлівага жыцця.

У выпадку з Курэйчыкам-Маркесам парадавала здольнасць рэжысёра працаваць з вялікай групай юных артыстаў, арганізоўваць масавыя сцэны. А ў канцэптуальным плане яна з выканаўцамі спрабуе данесці роздум аб тым, чаму мы развучыліся быць бескарыслівымі, чаму ва ўсім шукаем толькі выгоду для сябе, чаму сталі занадта прагматычнымі, эгаістычнымі, жорсткімі. Хоць падлеткі іграюць дарослых герояў, але ж гэтыя адмоўныя якасці ўласцівыя і іхняму асяроддзю. А яшчэ рэжысёру ўдалося перадаць адметную стылістыку твора Маркеса, што чытаецца і ў музыцы, і ў пластыцы, і ў касцюмах, і ў мастацкім афармленні, і ў іранічным дапасаванні выканаўцаў да сваіх герояў.

Некалькі казачных твораў, паказаных на фестывалі, таксама мелі выразныя алегарычныя матывы. Гэта і “Птушыны суд” Сяргея Кавалёва па матывах твораў Уладзіміра Караткевіча ў выкананні школьнага тэатра СШ № 23 Віцебска (кіраўнік Мікалай Бандарэнка), які атрымаў дыплом і прыз за I месца, і “Я буду жыць!” па п’есе таго ж аўтара “Пацалунак ночы” ў выкананні тэатральнага гурта “Дэбют” СШ № 46 Віцебска (кіраўнік Ірына Салаўёва) — дыплом “За яскравае ўвасабленне ідэй гуманізму”, і “Адважныя парсючкі” Ягора Конева школьнага тэатра “Арлекін” СШ № 3 (кіраўнік Юрый Іваноўскі) , які ўзяў ІІІ месца.

Тэмы кахання, маральнага выбару маладой асобы выразна прагучалі ў спектаклях “Медальён” па п’есе Алеся Замкоўскага (яе аўтар, дарэчы, кіраўнік літчасткі Коласаўскага тэатра, прадставіў на конкурсе тэатр “Шкаляр” СШ № 22, які таксама атрымаў 3-е месца), “Пакінутае дзіця” паводле апавядання Алены Масла (студыя “Пігмаліён” СШ № 35, кіраўнік Вольга Клімовіч, 1-е месца і дыплом “За лепшае музычнае афармленне”), “Грыша, “Грышка, Рыгор Аляксандравіч” па п’есе віцебскага аўтара Аляксандра Хацкевіча (школьны тэатр СШ № 28, кіраўнік Зоя Таранеўская).

Былі адзначаны дыпломамі і прызамі спектаклі на ваенна-патрыятычную тэматыку — “Не пакідай мяне…” Аляксея Дударава (СШ № 2 Віцебска, кіраўнік Алена Іванова, 2-е месца) і “Апошні шанц” Васіля Быкава (тэатр “Крыніцы” СШ № 31 Віцебска — спецыяльны прыз віцебскай абласной арганізацыі СТД).

Пры ўсіх цяжкасцях “Школьны тэатр” у Віцебску жыве. І спадзяемся, будзе жыць, бо гэта ўнікальная з’ява для Беларусі. Зараз шмат фінансавых праблем, якія прымушаюць аптымізаваць праекты. Але хацелася б, каб гэта напрацаваная дзесяцігоддзямі падзея і надалей радавала дзяцей і падлеткаў.

Юрый ІВАНОЎСКІ, тэатральны крытык, педагог, каардынатар сцэнічных чытанняў “Школьны тэатр”

Віцебск

Фота Наталлі ЯРМОЛАВАЙ

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа