“Вялікі Рэмбрант”: кіраўніцтва па эксплуатацыі

№ 21 (1304) 27.05.2017 - 02.06.2017 г

Што значыць зрабіць выставу “пад ключ”?
Мінскае падзейнае поле поўніцца новымі праектамі, якія грамадскасць не паспявае ні паўнавартасна ацаніць, ні дазнацца, а якім жа чынам яны робяцца? Што стаіць за фразай “прывезці Рэмбранта” і як гэта ўплывае на нашу культурную прастору? Раскрыць менеджарскую “кухню” на прыкладзе выставы “Вялікі Рэмбрант”, што адкрылася ў маі ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны, для “К” пагадзілася куратар і мастацтвазнаўца Вольга КЛІП.

/i/content/pi/cult/639/14200/14-1.jpg

Аўтапартрэт з Саскіяй. 1636 год.

Вольга — магістр мастацтваў, куратарка, досвед якой уключае супрацоўніцтва з “Белгазпрамбанкам” — праект першага “Восеньскага салона…”; з галерэяй “Дом карцін” — тут варта ўзгадаць нашумелую акцыю-выставу “Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч”. “Вялікі Рэмбрант” — арганічны крок для яе каманды, кажа яна, бо “наша галоўная мэта — фарміраванне мастацкага асяродку”.

Як незалежны куратар

“Вольга, як вы абіраеце матэрыял, які падаецца вам прыдатным для рэалізацыі праекта? Як да вас, у прыватнасці, прыйшла ідэя выставы менавіта Рэмбранта?” — пачынаю я размову.

— Напэўна, варта адштурхоўвацца ад думкі, што магчыма ўсё. Калі Рэмбранта хтосьці дзесьці паказвае, значыцца, мы таксама можам. Таму спачатку з’яўляецца ідэя — паказваць у Мінску праекты сусветнай спадчыны (гэта галоўны мэсідж), даваць людзям візуальны досвед, якога яны з розных прычын пазбаўлены. Далей, калі галоўны напрамак ужо абраны, — пачынаюцца пошукі.

Каб я працавала ў музеі, пошук ішоў бы праз музей, вядома. Але я дзейнічаю ад імя прыватнай асобы — і тое, адпаведна, вызначае кірунак даследавання: прыватныя калекцыі, агенцтвы, якія займаюцца пракатам выстаў. Іх у свеце вялікая колькасць, і ўжо падобная разнастайнасць, з аднаго боку, дае шырокае поле магчымасцяў, з іншага — ускладняе працу. Прапановы пэўных агенцтваў, скажам, вельмі годныя, але кошты арэнды калекцый завоблачныя. Іншыя ж наадварот прапаноўваюць штосьці больш даступнае, але якасць не зусім тая, з якой хацелася б працаваць. Потым у пэўны момант знаходзяцца контрагенты, з якімі ўсё ж такі выходзіш на кропкі судакранання.

Пачалі з Шагала

The Art Сompany — агенцтва, якое працуе з некалькі прэстыжнымі зборамі. Адзін з іх — графічная калекцыя Элізы Марэці, якая налічвае больш за 4 тысячы твораў: ад Дзюрэра да Уорхала. Яна фарміравалася на працягу 40 гадоў і лічыцца адной з самых каштоўных не толькі ў Італіі, але і за яе межамі. У пераліку арыгіналаў — і гравюры Рэмбранта.

— Але перш чым мы спыніліся на афортах галандскага мастака, было перагледжана шмат “сюжэтаў”, якія маглі б быць цікавыя Мінску, — адказвае арт-менеджарка на маё пытанне наконт мэтанакіраванасці выбару. — Кампанія спачатку прапанавала нам Шагала, потым Кандзінскага, але мы адмовіліся, бо з гэтымі велічынямі беларусы больш-менш знаёмыя. Потым як мастацтвазнаўца я “запалілася” тым, каб зрабіць выставу Джавані Піранезі — матэрыял, які ў нас дакладна не бачылі і які парадуе знаўцаў. Але, паразважаўшы, усё ж адмовіліся і ад гэтай ідэі, бо гэтага выбітнага майстра архітэктурных пейзажаў, на жаль, ведаюць не ўсе. Так паступова прыйшло асэнсаванне, што лепш за Рэмбранта ў дадзены момант не знайсці.

Рэмбрант як гравёр

Насамрэч, творы Рэмбранта Харменса ван Рэйна ў Беларусі бачылі. 37 гадоў таму ў тым жа мастацкім музеі была зладжана выстава з Дрэзданскай карціннай галерэі. У яе склад уваходзілі і некалькі твораў славутага жывапісца.

— Але ў нашым выпадку — гэта паўнавартасны імянны праект мастака, — каментуе інфармацыю куратарка.  — Перад намі графіка Рэмбранта ад першых афортаў да работ больш сталага перыяду. Партрэты, жанравыя сцэны… Па гэтай калекцыі можна прасачыць эвалюцыю майстра. Падкрэслю, што Рэмбранта высока цанілі як гравёра, нягледзячы на яго прызнаны талент жывапісца. Менавіта ў афортах і малюнках ён выступаў найвыбітным пейзажыстам. Таму нават абазнаны глядач, які кожныя выхадныя бывае, скажам, у пецярбургскім Эрмітажы, дзе, як вядома, знаходзіцца “Вяртанне блуднага сына” майстра, здолее ў гэтай падборцы, падаецца, убачыць шмат каштоўнага і цікавага.

Рынак жорстка падзелены

Вяртаемся да менеджарскіх пытанняў арганізацыі выставы.

— Італьянцы — прафесіяналы ў свеце мастацтва, і ў іх свая выбудаваная сістэма працы,  — працягвае Вольга Кліп. — Калекцыя спадарыні Марэці вельмі вялікая, каб яна магла захоўваць яе дома. Таму яна выкарыстоўвае разумную практыку — паказвае свой збор на розных пляцоўках. У дадзеным выпадку, да таго як гравюры Рэмбранта прыехалі ў Мінск, яны экспанаваліся ў Дзяржаўным музеі горада Пезаро. Мы дамовіліся з агенцтвам пра тэрміны, на якія мы забіраем калекцыю, пра кошт. Але далей у перамовы ўключаецца транспартная кампанія, якая займаецца атрыманнем дазволу на вываз твораў.

Адмыслоўца ўдакладняе, што, нягледзячы на прыналежнасць калекцыі гравюр прыватнай асобе, яе вываз кантралюецца дзяржавай. “Бо гэты збор мае статус культурнай спадчыны Італіі, — кажа яна. — Гаворка пра рэчы ХVII стагоддзя, арыгінальныя, каштоўныя. Так, яны з’яўляюцца прыватнай уласнасцю грамадзяніна Італіі, але ў пэўнай ступені належаць і самой краіне. Возьмем вядомую калекцыю “Белгазпрамбанка”, — згадвае мая візаві. — Шэрагу твораў з яе прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Для вывазу іх за мяжу таксама трэба атрымоўваць дазвол Міністэрства культуры краіны”.

— Абавязкі кампаній жорстка падзелены, — падкрэслівае асаблівасці італьянскага арт-асяродку Вольга Кліп. — Агенцтвы адказваюць за выбар калекцыі, узгадненні з яе ўласнікам, а атрыманне дазволу на вываз за мяжу, лагістыка, транспарціроўка — у абавязках транспартнай кампаніі. І, да слова, дазвол на вываз Рэмбранта быў атрыманы ў Рыме: транспартны перавозчык забраў абраныя творы з музея ў Пезаро, перавёз у Рым, і толькі адтуль пасля атрымання адпаведнага дакумента Міністэрства культуры Італіі, калекцыя рушыла ў Беларусь.

/i/content/pi/cult/639/14200/14-2.jpg

Вольга Кліп з гравюрамі Рэмбранта падчас мантажу выставы. / Фота аўтара

Ці будзе прыбытак?

— Так, кожны этап патрабуе фінансавых выдаткаў, — кажа мая візаві. — Мы дастаткова доўга абмяркоўвалі кошт арэнды калекцыі, але ўстрымаюся ад агучвання лічбаў. Магу сказаць, што кошты на калекцыі розняцца ў залежнасці ад часу экспанавання, колькасці прац у ёй. Кожны момант можна агаварыць, і тое адбіваецца на канчатковым рахунку.

Вольга распавядае, што дапамагчы ажыццявіць праект ім дапамог інвестар. “Пакуль ён не афішуе сваё імя. У дадзеным выпадку — гэта асабістыя знаёмыя. Наша каманда прапанавала ім зрабіць падобную інвестыцыю — і пасля доўгіх перамоваў мы атрымалі згоду”.

На пытанне пра тое, ці лёгка ідуць на кантакт патэнцыйныя інвестары падобных праектаў, куратарка адказвае: “Дарэчы, на пачатку мы хацелі паказаць Рэмбранта ў “Доме карцін”, але спонсараў на такі фармат не знайшлося. А вось калі выйшлі на пляцоўку Нацыянальнага мастацкага музея, справа зрушылася. З боку нашых фінанасавых партнёраў у выпадку “Вялікага Рэмбранта” гэта быў і ёсць спадзеў на годны, прыгожы бізнес-праект, які, акрамя грашовых дывідэндаў, прыносіць і задавальненне. Новае кола людзей, стасункі з творчым асяроддзем. У прынцыпе, наш інвестар уклаўся ў культурна-сацыяльны праект са спадзяваннем на прыбытак”.

“Ці магчыма ў нашых умовах разлічваць на тое, што гэты прыбытак будзе?” — не ўтрымліваюся ад рэакцыі. “Прынамсі, мы на яго спадзяемся, — адказвае мая суразмоўца. — Імя Рэмбранта вядомае савецкаму і постсавецкаму гледачу, — узгадаем маркі 1970-х гадоў з выявамі карцін жывапісца, наяўнасць яго прац у вядучых музейных установах СССР, увогуле тагачасную папулярызацыю культуры — усё сыграла і іграе да нашага часу вялікую ролю ў цікаўнасці людзей да мастацтва. Маладое пакаленне, магчыма, не “зараджанае” на класічныя ўзоры, але я лічу, што трэба дзейнічаць і даваць людзям нагоды для наведвання пляцовак”.

Ідзі і глядзі

— Беларуская публіка мала бачыла ў параўнанні з еўрапейскім гледачом. І яна хутчэй успрымае класічнае жывапіснае мастацтва, чым contemporary art. Да ўспрыняцця апошняга нам яшчэ трэба дарасці, — дзеліцца назіраннямі і высновамі мая візаві.

Але нават і пры такім раскладзе — арыентацыі на класіку — публіка прагне выставачны ”блакбастар”. Згадваем з Вольгай прыклады ажыятажу на выставах Сярова і Айвазоўскага ў Маскве. “Публіка любіць тое, што можна назваць “багатай карцінкай”: шмат работ, вялікіх, каляровых,  — канстатуе куратар. — У выпадку ж з гравюрамі Рэмбранта мы хочам паказаць, што сусветнае класічае мастацтва можа быць самым разнастайным, — у тым ліку, лаканічным і стыльным. Варта паступова пашыраць свой візуальны досвед. Ісці і глядзець, ехаць і глядзець новае, нябачанае, каб не заставацца толькі ў абмежаваным полі папярэдніх вопытаў“.

Дарэчы

Перш чым калекцыя гравюр Рэмбранта са збору Элізы Марэці прыехала ў Мінск, яна пабывала, сярод іншых, у Палацы Альбрыцы (Венецыя, Італія), Музеі Канюшні Квірынале (Рым, Італія), Музеі Дыачэзан (Барселона, Іспанія), Фондзе Мерседэс Кальес (Касерэс, Іспанія), Музеі Далорас Альмета Паціна (Мехіка, Мексіка), Гарадскім музеі Нюрнберга (Германія)…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"