Першы з варыянтаў — падпрацоўкі. Скажам, адзін знаёмы клубны работнік са Столінскага раёна ў вольны ад асноўнай працы час адкрыў у сабе талент тамады і цяпер проста “на расхват” на мясцовых вяселлях. Іншы — дырэктар сельскага клуба з Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці — прафесійна здымае самыя розныя ўрачыстасці, якія ладзяцца ў ягоным паселішчы, у першую чаргу, вясельныя картэжы ды святочныя імпрэзы ў сем’ях. Натуральна, абодва знаёмцы аформлены як індывідуальныя прадпрымальнікі.
Такім жа шляхам ідуць і расійскія калегі. Напрыклад, як адзначыў “К” заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і сябар Іркуцкага беларускага клуба “Крывічы” Алег Рудакоў, падпрацоўкі для яго — справа будзённая.
— Таварыства працуе на грамадскіх пачатках, таму ўсе нашы вандроўкі ў Беларусь, на фэсты беларускай культуры ў Расіі, на міжнародныя канферэнцыі, адбываюцца за свой кошт, — адзначыў візаві. — Таму даводзіцца займацца бізнесам, напрыклад, гандляваць аршанскім ільном у Іркуцку. Праўда, цяпер справа ідзе значна горш, бо Аршанскі льнокамбінат падняў кошты, а магчымасці жыхароў Іркуцка і вобласці істотна зменшыліся.
Часам “перакваліфікоўваецца” ў тамаду яшчэ адзін мой знаёмы з Расіі — загадчык Ржаніцкага СДК, кіраўнік сямейнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Гарошыны” і вядучы метадыст па фальклоры Бранскага абласнога метадцэнтра “Народная творчасць” Іван Булаткін, хоць яму гэта і не надта даспадобы. Але што рабіць, калі трэба грошы?
Іншы шлях павялічыць заробак — удзельнічаць у дзейнасці сваёй установы культуры не толькі падчас працоўнага часу, а і пасля яго. Скажам, як я ўжо калісьці згадваў, супрацоўнікі Лельчыцкай раённай дзіцячай бібліятэкі спачатку рыхтуюць, а пасля разам з дзецьмі ладзяць лялечныя спектаклі на сцэне раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. За гэтую дадатковую працу маюць пэўныя даплаты да службовага акладу, бо імпрэзы — платныя і яны таксама папаўняюць “скарбонку” платных паслуг для аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Акрамя таго, як вядома, у многіх рэспубліканскіх і раённых музеях краіны тыя супрацоўнікі, якія актыўна займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю, выступаюць на канферэнцыях з дакладамі і друкуюцца ў навуковых часопісах, таксама маюць пэўную дадатковую “капейчыну” да асноўнага заробку.
Ды, кажа былы дырэктар Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў і былы загадчык філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, а цяпер спецыяліст па экскурсійнай рабоце агенцтва “Беларустурыст” Надзея Дударонак, тут ёсць нюансы. "Даплата за ўдзел у раённай ці рэспубліканскай канферэнцыі можа быць адна, а ўжо за актыўную працу на міжнародным мерапрыемстве — іншая, — адзначыла суразмоўца. — Прынамсі, летась, калі я працавала кіраўніком аб’яднання музеяў, даплаты супрацоўнікаў, якія займаліся навукай, вар’іраваліся ад 10 да 40 % ад акладу з улікам названага".
Яшчэ адзін шлях павялічыць заробак у культуры — уладкавацца працаваць на паўтары ці нават дзве стаўкі, як гэта звычайна і робяць многія супрацоўнікі сферы культуры, асабліва тыя, якія працуюць у дзіцячых школах мастацтваў. Пры падобнай умове зарабіць 600 — 800 рублёў для выкладчыкаў ДШМ не складае вялікіх праблем. Такія выкладчыкі, дарэчы, могуць зарабляць больш за дырэктара школы, у якой яны працуюць, бо ён двайной стаўкі сабе дазволіць, натуральна, не можа.
Іншая справа, што тыя паўтары — дзве стаўкі — не толькі рэальныя грошы, але і значная перапрацоўка па часе. Зразумела, не ўсялякі пагадзіцца праводзіць дзень у школе, пераходзячы з класа ў клас і даючы ўрок за ўрокам…
Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"