Адзінай чорнай стужкай

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Ці можна cказаць, што World Press Photo радуе беларусаў чарговай выставай? Можна, але слова “радуе” — не тое, што можа апісаць усю сёлетнюю экспазіцыю па выніках міжнароднага фотаконкурсу ў Мінску. На кадрах амаль не сустрэнеце блакітнага неба ды зялёнай травы, шчаслівых сем’яў. Вы ўбачыце кроў, пыл, агонь, голад, беднасць і смерць. А што рабіць, калі 2016-ы такім патрапляў у аб’ектывы фатографаў.

/i/content/pi/cult/638/14187/9-1.jpgСёлета ў прасторы “Цэх” прадстаўлены 45 фотаздымкаў, якія прайшлі вялікі конкурс, і зараз дэманструюць жыццё без цэнзуры. Тут, вачыма журналістаў з розных дзяржаў, я пабачыла, што такое вайна, смерць, браканьерства, голад і мноства розных рэчаў, пра якія больш хочацца спытаць кагосьці зверху: “Чаму так і дзе справядлівасць?!”

Адсюль вынікае пытанне: ці падрыхтаваныя беларусы да такой голай праўды? Бо не ведаем, на шчасце, як выглядае вайна ў ХХІ стагоддзі…

Нагадаю, што экспазіцыя года складаецца з наступных тэм: фота-пераможца, праблемы сучаснасці, штодзённае жыццё, галоўныя навіны, доўгатэрміновыя праекты, прырода, людзі, спорт і яго навіны. Цікава, што фотаздымкі, па сутнасці, не дакладна адпавядаюць тэматычнай разнастайнасці, хіба толькі спорт больш стаіць асабняком, як ужо іншая “культура”. Усе астатнія фота абагульнены адзінай чорнай стужкай, мы быццам бачым смерць ва ўсіх яе іпастасях: пачынаючы з разбураных гарадоў Бразіліі, масавых забойстваў рэдкіх відаў жывёлаў і заканчваючы фота ваенных падзей, зробленых як з боку мірнага насельніцтва, так і з пазіцый ваенных.

Вось, скажам, дзесьці там, далёка на ўсходзе, маленькіх дзяцей, забітых падчас ваенных дзеянняў, выносяць з разбураных дамоў ацалелыя мясцовыя жыхары, сярод якіх — брудныя з-за крыві, пылу, поту і слёзаў абліччы бацькоў тых няшчасных малечаў. А на сцяне насупраць кадры, дзе маладыя ваенныя хаваюцца з вінтоўкамі за руінамі, бежанцы пераплываюць акіян, людзі ў вёсцы хаваюцца ад выстралаў. Але, на жаль, зараз гэтым нікога не здзівіш — наш свет перанасычаны трагічнымі навінамі, таму іх не ўспрымаюць як нешта значнае.

Фота-пераможца здзівіла ўсіх і проста выбухнула ў інтэрнэце, бо гэта — эксклюзіў: не кожны дзень можна сфатаграфаваць забойцу на месцы злачынства. Бурхан Азбілічы выпадкова апынуўся ў мастацкай галерэі і зрабіў некалькі здымкаў жахлівага моманту — забойства расійскага пасла ў Турцыі Андрэя Карлава. Гэту фатаграфію я бачыла ва ўсіх сацыяльных сетках, сябры дасылалі яе мне ў асабістыя паведамленні і пісалі “Паглядзі, ён выглядае шчаслівым”. А ён, забойца, сапраўды выглядае шчаслівым, і гэты дысананс мяне пужае, асабліва на фоне дзіцячых забойстваў. Арганізатары выставы вельмі добра зрабілі кампазіцыю з фотаздымкаў пераможцы: побач з кадрам з забойцам пасла ў поўны памер змясцілі здымак наведвальнікаў той галерэі, якія забіліся ў кут ад жаху. Выглядае так, быццам хтосьці зрабіў скрыншоты з баевіка, але гэта — рэальнае фота.

Выснова: каб стаць пераможцам World Press Photo, трэба быць у патрэбным месцы ў патрэбны час, але што ў гэтым добрага, калі атрымліваецца, што ўсе фотажурналісты, якія працуюць у “гарачых кропках”, вядуць паляванне на злачынствы. Такім чынам, фатографы едуць на вайну, каб папоўніць сваё партфоліа, а хіба не гэта — прыкмета камерцыялізацыі тых жа ваенных дзеянняў? Спынюся на гэтым, аднак я ўсё ж такі спадзяюся, што гэта паляванне ў хуткім часе скончыцца, як і ўсе войны. Бо кожны з нас напэўна не аднойчы марыў аб міры ва ўсім міры?

Другі бок праблемы забойстваў — жывёлы, якія сваёй унікальнасцю правакуюць браканьераў на жудасныя знішчэнні. Ахвяры — і панды, і насарогі, чарапахі, якія заблыталіся ў рыбалоўных сетках, і іншыя жывёлы, што проста не трапілі ў аб’ектыў фатографаў. Аднак тут выснова больш простая: беражыце жывёл ад браканьераў, старайцеся забяспечваць ім здаровае жыццё, выратоўвайце рэдкія віды ад вымірання.

Іншыя тэматычныя блокі менш жудасныя, але — не менш дзіўныя. Гэта спорт. Фотаздымкі, што нясуць у сабе нейкую эстэтычную каштоўнасць — рэдкая ўдача, якую спартыўныя фатографы атрымліваюць у барацьбе за лепшы здымак. Падчас экскурсіі па выставе, прадстаўніца конкурсу ў Беларусі І Вэнь Ся распавяла, што на спаборніцтве можа быць каля дзвюх соцень фатографаў, якіх мы проста не бачым па тэлевізары, аднак на іх баку адбываецца не менш гарачая барацьба. Таму і здымкі адпаведныя (як кажуць, адзін на мільён), дзе спартсмены быццам у бязважкасці лётаюць у кадры. Спорт такім чынам пераўтвараецца ў новую катэгорыю эстэтыкі.

На астатніх стэндах былі прадстаўлены здымкі на тэмы жыцця сексуальных меншасцяў, дзяцей з мікрацэфаліяй, іранскіх жанчын і… маленькага амерыканскага мястэчка. Гэтая серыя фатаграфій — вынік добрай даследчай працы журналіста. Пад фота было кароткае апісанне, у якім гаварылася, што калісьці Маркус Ёкела заехаў у маленькую сельскую абшчыну Тэйбл Пок, якая яму так спадабалася, што ён здымаў яе на працягу практычна 25 гадоў. На здымках неверагодная атмасфера 1990-х, якія спыніліся ў часе.

На мой погляд, акурат такой працы і не хапае сучаснай фотажурналістыцы. Мы ўсе спрабуем першымі ўхапіцца за навіны, а тыя навіны насамрэч ёсць у розных месцах, не толькі на вайне ці ў саване з тыграмі. Так, жыццё маленькага гарадка куды больш бяспечнае, але, увогуле, не ў гэтым справа… Навіны ёсць усюды, проста іх трэба ўмець шукаць, а ў выпадку выставы World Press Photo — і фатаграфаваць, у тым ліку, каб знайсці ўласную тэму і эстэтыку.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"