Летні “бум”, дамок для кнігі і Цэнтр спадчыны

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Прычына суму — аднастайнасць. Каб не сумаваць, парыжане прыдумалі Музей каналізацыі (самы сапраўдны фрагмент 2000-кіламетровай падземнай сістэмы). А ў шведскім Стакгольме ёсць Музей танца з жывой харэаграфіяй (рэжысура яе залежыць ад часіны года). Музеем сняжынкі ганарацца на японскім востраве Хакайда. Бадай, самы арыгінальны — Музей хлусні ў горадзе Кюрыц (Германія). Чым можам пахваліцца мы?..

/i/content/pi/cult/638/14184/11-1.jpgПрарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Віктар Языковіч паведамляе: “Пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праведзена ХІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Культура. Навука. Творчасць”, прысвечаная Году навукі. Гаворка ішла пра ацэнку сучаснага стану нацыянальнай культуры і мастацтва і вызначэнне тэндэнцый іх развіцця ў сусветным культурным працэсе, распрацоўку навуковага забеспячэння работы ўстаноў культуры. Навукоўцы з Украіны, Беларусі, Расіі, Казахстана, Літвы, іншых краін прадставілі вынікі даследаванняў у культуралогіі, музеязнаўстве, бібліятэчнай справе, кампаратыўным мастацтвазнаўстве, у тэорыі, методыцы і арганізацыі сацыякультурнай дзейнасці, сацыяльнай філасофіі, паліталогіі…”

Пра клопаты Культурнай сталіцы Беларусі-2017 распавяла загадчык аддзела абслугоўвання Бабруйскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Максіма Горкага Валянціна Нікіціна. Дзейнічае літаратурная гасцёўня “Бабруйскі почырк”, якой амаль пяць гадоў. Бібліятэка, як магнітам, прыцягвае таленавітых людзей: паэтаў, фатографаў, музыкантаў, журналістаў, мастакоў. Днямі ў гасцёўні чытачоў чакала чарговая музычна-паэтычная праграма.

Мастацкі кіраўнік Цэнтра культуры і дасугу Ленінскага раёна Бабруйска Антон Тацькоў распавёў пра ўзорны ансамбль цымбалістаў “Спадчына”, што дзесяць гадоў дзейнічае пры названай установе. Кіруе калектывам цымбалістка і педагог Сняжана Смолерава. Юбілейны канцэрт “Спадчына” дала на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

У краіне распачаўся летні фестывальны “бум”. Сёння фэст “Гальшанскі замак-2017” стартаваў у аднайменным аграгарадку Ашмянскага раёна. Мерапрыемства прысвечана 595-годдзю з часу ўступлення ў шлюб Соф’і Гальшанскай — родапачынальніцы дынастыі Ягелонаў. Фэст сабраў аматараў сярэднявечнай культуры і прыхільнікаў рыцарскіх турніраў.

20 мая пройдзе і VIII Абласны фестываль народнай музыкі “Зайграйце, музыкі!” у Палацы культуры Ліды. Выступяць дарослыя і дзіцячыя аркестры народных інструментаў, ансамблі музыкі і песні. А Лідская дзіцячая школа мастацтваў правяла Абласны адкрыты джазавы фестываль-конкурс “Птушка”. Першае такое мерапрыемства адбылося ў 2013 годзе. Сёлета ў конкурсе сапернічалі 130 юных удзельнікаў з 26 навучальных устаноў краіны.

18 — 20 мая на Любаншчыне ладзіцца ХІ Абласны фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”. Сёлета праекту споўнілася 20 гадоў. 17 творчых калектываў з гарадоў і мястэчак выступілі на сцэнах Сароцкага СДК і Любанскіх цэнтра культуры і дзіцячай школы мастацтваў.

Заўтра завершыцца XXIV Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.

Наша сталая аўтарка Галіна Гашчук са Століна піша пра заключны канцэрт раённага конкурсу сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся”, які адбыўся ў гарадскім парку. Сцэнарый дзеі стварыла намеснік дырэктара Рэчыцкага ГДК Валянціна Палхоўская.

Сям’я Грахоўскіх з Мінска піша пра свае ўражанні ад экскурсіі ў Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Экскурсанты наведалі палац Козел-Паклёўскіх і мемарыял, прысвечаны малалетнім вязням фашысцкага канцэнтрацыйнага лагера.

Работнікі сельскага дома культуры аграгарадка Райцы Талачынскага раёна сумесна з супрацоўнікамі аўтаклуба рыхтуюцца да рэалізацыі праекта “Лета на календары”. Яны прыйшлі ў школу, як паведамляе вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна, і прапіярылі свае культурныя паслугі. Падчас перапынкаў школьнікі пазнаёміліся з клубам аматараў фальклору “Забава”, развучылі народныя гульні, прынялі ўдзел у міні-дыскатэцы.

Лельчыцкая цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала тэматычную праграму “У нас у сям’і ўсе сябруюць з кнігай”. Для чытачоў прадугледжаны салон псіхалагічнай дапамогі з кансультацыямі псіхолагаў, урачоў, юрыстаў.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Марына Бортка піша: “Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка арганізавала выставу “Вайна вачыма мастакоў”, запрасіла на мерапрыемства школьнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Падобныя акцыі прайшлі як у раённай, так і ў Хвінявіцкай, Вензавецкай, Жукоўшчынскай, Дварэцкай сельскіх бібліятэках”.

Загадчык філіяла № 2 “Цэнтр спадчыны” Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры Святлана Палчанкова распавядае пра тое, што гэтая ўстанова набірае папулярнасці ў гродзенцаў і турыстаў. “Цэнтр спадчыны” адкрыўся летась у гістарычнай частцы Гродна. Гэта — комплекс павільёнаў, майстэрняў, выставачных залаў, дзе працуюць народныя майстры, ладзяцца мастацкія выставы, пленэры, народныя святы, канцэрты. Днямі, да прыкладу, прайшло свята льну.

На пагранічнай заставе “Сямёнаўка” з запрашэннем пагранічнікаў заставы “Русакі” работнікі культуры Бераставіцкага раёна правялі канцэртна-забаўляльную праграму “Дзембель-2017”. Пра гэта паведаміла бібліятэкар філіяла “Лішкаўская сельская бібліятэка” Зоя Хлебнікава.

Аграгарадок Залессе, што на Смаргоншчыне, стаў месцам правядзення свята народнай творчасці “Таямніцы бабулінага куфэрка”. Загадчыца аддзела традыцыйнай культуры “Раённы дом рамёстваў” Таццяна Гобач распавядае: “Такім чынам рэалізоўвалася партнёрская ініцыятыва “Творчая майстэрня. Залескія сувеніры”. Майстры Ірына Маеўская, Аляксандр і Людміла Мускія, Дзяніс Маркаў, Уладзімір Навіцкі, Ніна і Паліна Кянько, Наталля Логач прэзентавалі на выставе свае вырабы. Кожны з гасцей выбраў сувенір на свой густ”.

Бібліёбус наведаў вёску Каменка. Разам з бібліятэкарам мабільнай установы Галінай Аніхоўскай завіталі сюды і супрацоўнікі Ашмянскай раённай бібліятэкі. Чытачам прапаноўваліся не толькі кніжныя навінкі, але і відэаролікі. Пра гэта напісала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай райбібліятэкі Святлана Галінская.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Зэльвенскай раённай бібліятэкі Вольга Камякевіч распавядае: “У Князеўскай сельскай бібліятэцы ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Сучасніца” сустрэліся з зямлячкай Валянцінай Дзерачэнік. Валянціна Станіславаўна — майстар на ўсе рукі. Можа шкліць вокны, класці плітку, займаецца садам і гародам, а яшчэ — вышывае крыжыкам”.

Там-сям у Навагрудку з’явіліся мініяцюрныя дамкі. Жывуць у іх… кнігі. Сутнасць своеасаблівых бібліятэчак простая: любы ахвотны можа ўзяць асобнік, а ўзамен пакласці свой. “Гэтым праектам, — піша загадчык аддзела Навагрудскай райбібліятэкі Фаіна Малюжэнец, — мы далучыліся да руху па стварэнні міні-бібліятэк пад адкрытым небам (да слова, у ім занятыя 16 тысяч бібліятэк з 60 краін свету), прычым кнігаабарот адбываецца без удзелу сацыяльных сетак. Задача — даць чалавеку магчымасць чытання ў любым месцы і ў любы час. Ідэя рэалізаваць праект у Навагрудку належыць “маладзёжнаму парламенту” пры раённым Савеце дэпутатаў. Домікі зрабілі і ўсталявалі супрацоўнікі ЖКГ, а мы расклалі ў іх першыя кніжкі. Вось такі тройчы саюз дзеля кнігі і чытання”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"