“Кірылам Тураўскім” па моры Герадота

№ 20 (1303) 20.05.2017 - 26.05.2017 г

Выязное пасяджэнне Рэспубліканскага савета: будучыня вёскі
Нядаўна ён называўся саветам дырэктараў абласных метадцэнтраў. Цяпер гэта — Рэспубліканскі савет па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці. Як зазначыў яго кіраўнік Алег Хмялькоў, адказнасці паболела, але і паўнамоцтвы сталі шырэйшымі. Маўляў, сёння ўзняць праблему — адно, а вызначыць шляхі яе вырашэння — зусім іншае. Вось пра гэта “зусім іншае” і паспрабую распавесці гаворку.

/i/content/pi/cult/638/14182/10-1.jpgЦягам 11 — 12 мая, падчас выязнога пасяджэння, члены савета —намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская, галоўны спецыяліст згаданага ўпраўлення Алена Палавец, начальнік аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інстытута культуры Беларусі Алесь Лозка ды кіраўнікі абласных метадычных цэнтраў — наведалі Гомельшчыну. Натуральна, дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Мікалай Шамшэня пастараўся паказаць лепшае з культурных цікавостак Прыпяцкага Палесся. І, трэба аддаць належнае, рэжысура ды драматургія двухдзённай праграмы была распрацавана па-майстэрску. І лейтматыў яе быў надзвычай актуальным: “Вёска ўчора, сёння, заўтра”. А мне падчас камандзіроўкі пастаянна згадваліся словы загадчыка кафедры менеджменту сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і члена згаданага савета Алены Макаравай: “Абавязкова варта павесці гаворку пра неадкладную неабходнасць маркетынгавага падыходу да справы, пра абавязковае выкарыстанне самых сучасных тэхналогій культурна-дасугавай дзейнасці!” Алена Аляксандраўна не змагла прыняць удзел у рабоце савета, бо ва ўніверсітэце тымі днямі праходзілі дзяржаўныя іспыты, але словы яе лічыце эпіграфам да гэтага артыкула (у згаданым выказванні, па маім перакананні, і трэба шукаць ключык да вырашэння ці не ўсіх нашых праблем). Да слова, такога стаўлення да справы не стае не толькі рэгіянальнай культуры Гомельшчыны, на гэта “хварэе“ ўся культура краіны.

Піяр і яшчэ раз піяр

У Тураве мы заспелі свята шанавання свяціцеля Кірылы, епіскапа Тураўскага. Яно адбываецца раз на год менавіта 11 мая ў філіяле мясцовага музея — гісторыка-археалагічным комплексе “Старадаўні Тураў”. Людзей сабралася мора. Мяркуючы па маіх ранейшых прыездах у Тураў, турыстаў у любы дзень тыдня ў мястэчку — з аншлагам. То тут, то там прыпаркаваны вялізныя турыстычныя аўтобусы. Інакш кажучы, Жыткавіччына даўно стала адным з важкіх аб’ектаў у Залатым турыстычным колцы Гомельшчыны.

Па словах супрацоўніцы мясцовага музея Веранікі (нашага экскурсавода па Тураве), штогод бывае каля 15 тысяч турыстаў. Мястэчка для гэтага добра прыстасавана, ягоная інфраструктура пастаянна развіваецца. У далейшай гутарцы з ветлівай дзяўчынай высвятляем, што толькі тры працэнты ад агульнай колькасці гасцей — замежнікі (у асноўным — расіяне). Больш за тое, госці знаёмяцца з Туравам па накатанай схеме: археалагічны комплекс, помнік Тураўскаму, каменныя крыжы на мясцовых могілках, кафедральны сабор. А вось мясцовы краязнаўчы музей наведваюць зрэдчас. Вераніка, маркетолаг па адукацыі, сама каментуе сітуацыю: “Не стае рэкламы”.

Усё правільна. Аснова маркетынгавага падыходу нескладаная — піяр, прасоўванне брэнда, стварэнне станоўчага іміджу, папулярызацыя культурнага складніка і мясцовых традыцый. З гэтай нагоды ў нас любое мястэчка, любая беларуская вёска мае падставы стаць брэндавым аб’ектам. На якой стадыі знаходзіцца гэты працэс? У тым ліку і на гэтае пытанне члены савета паспрабавалі даць адказ на пасяджэнні савета, што адбылося ў Дварэцкім ГДК (дом культуры знаходзіцца ў гарадскім мікрараёне Дварэц, таму і носіць такое імя).

Гаворка ішла аб дзейнасці клубных устаноў у сучаснай нарматыўна-прававой прасторы (з гэтай нагоды абмяркоўваўся Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры), пра тое, што абласныя цэнтры народнай творчасці (метадычныя цэнтры), якім неўзабаве споўніцца па 80 гадоў, павінны зацвердзіць падчас юбілеяў, што яны былі, ёсць і будуць своеасаблівымі лабараторыямі, дзе апрабуюцца самыя свежыя ідэі і прагназуецца будучыня рэгіянальнай культуры, а значыць, будучыня беларускай вёскі. Але не ўсё тут так гладка, як хацелася б. Аднак на тое і існуе Рэспубліканскі савет, каб дзеянні ў названым кірунку былі каардынаванымі і эфектыўнымі. Як падаецца, вынік такой каардынаванасці — вёска Ляскавічы, што на Петрыкаўшчыне.

Салаўіная анімацыя

Асаблівы дзякуй генеральнаму дырэктару Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” Сцяпану Бамбізе. За гасціннасць, за камфартабельны начлег у шыкоўным мясцовым гатэлі, за цудоўныя вясковыя ландшафты і нечаканыя ўражанні. Вось ён ведае, як прасоўваць брэнды: і Нацыянальны парк, і Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”, адным з ініцыятараў якога ён з’яўляецца. Прынамсі, мы ў Ляскавічах убачылі красамоўны прыклад маркетынгавага творчага ўзаемадзеяння вёскаўтваральнага Нацыянальнага парку і мясцовых устаноў культуры: Ляскавіцкага ЦКіД ды Музея прыроды; першы — на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, другі — на балансе парка. І ўсё гэта “дыхае” непаўторнай мясцовай традыцыяй: адмысловым саламяным жывапісам ды драўлянай разьбой мясцовых рамеснікаў Валянціны Фалеевай і Аляксея Батана (скульптуры апошняга можна пабачыць не толькі на шматлікіх выстаўках, але і на вуліцах Ляскавічаў); унікальнымі тутэйшымі песнямі (Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці нават асобную кніжку выпусціў — “Фальклор прыпяцкага запаведніка”, дзе занатаваны традыцыі вёсак Азяраны, Перароў, Пепрароўскі Млынок, Хваенск, Хлупін Жыткавіцкага раёна). Пазалішне казаць, што не існуе ў межах “Прыпяцкага” нейкіх ведамасных бар’ераў: музейшчыкі пастаянна стасункуюцца з клубнікамі ды бібліятэкарамі. Анімацыямі багаты не толькі “Покліч Палесся”, нестандартнымі акцыямі адметныя і шараговыя будні мясцовых работнікаў культуры.

Пра нечаканыя ўражанні. Побач з гатэлем — прыстань, ля яе — катар з нечаканым назовам “Кірыла Тураўскі”. Мы ўжо пра сон думаць пачалі, але прагучаў катэгарычны заклік: “На катар, адыходзім слухаць салаўёў!” Не буду падбіраць словы, каб дакладна перадаць нашы ўражанні ад нечаканага плавання па Прыпяці падчас разліву (сапраўднае Герадотава мора!) і салаўіны акампанемент. Няма такіх словаў! Для мяне Гомельскае, так бы мовіць, Палессе — малая радзіма. Так што начная вандроўка на “Кірыле Тураўскім” — нібыта вяртанне ў юнацтва. Дзякуй! Так што ў Ляскавічах апрача стацыянарнай сцэны ёсць яшчэ і сцэна, якая не тоне.

Спорт — за культурай

“К” часта бывае на Мазыршчыне. Таму не буду асабліва спыняцца на тым, як сябры савета наведалі замчышча, Музей “Палеская веда”. Пра гэтыя аб’екты мы шмат і ўдумліва распавядалі. А пабывалі мы яшчэ ў аграгарадку Рудня Міхайлаўская, паглядзелі, як працуе мясцовы сельскі дом культуры. Працуе бездакорна. Я асабіста даўно ведаю начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірыну Міронычаву. Як мне падаецца, яна — адна з самых дасведчаных кіраўнікоў. А Мазыршчына — раён больш чым асаблівы, мае трывалую ды прыбытковую прамысловасць. Дык вось, і культура тут — адпаведная.

Чым запомнілася Рудня Міхайлаўская? Тым, што СДК мае спартыўную залу, з інвентаром і футбольнай разметкай. Цудоўна! Трэнажорныя пакоі сустракаюцца шмат у якіх клубных установах краіны, а вось такую спартыўную раскошу, як у згаданым аграгарадку, бачыць даводзіцца досыць рэдка. Зразумела, гэта спадчына савецкага часу. Але ашчадна захаваная для нашчадкаў.

У Мазыры мы пабывалі ў Палацы культуры нафтаперапрацоўчага завода. Ірына Міронычава зазначыла: “Мы — калегі, а не канкурэнты”. Кіруе ўстановай Аляксандр Буры, называе яе працягам завода — цэхам добрага настрою. Мне спадабалася тут тое, што сцены палаца ўпрыгожваюць вялікія фотапартрэты артыстычных клубных дынастый. А вось гэта ўжо маркетынгавы падыход да стварэння іміджу ўласнай установы культуры. Нашым клубам гэтага не стае хранічна. Падобную фотагалерэю бачыў толькі ў Шклоўскім РДК.

А была яшчэ дарога на Гомель, якая запомнілася дакументальнай стужкай пра палескі край, якую мы прагледзелі ў салоне бусіка. Азёры, рэчкі, балацянкі, знятыя з вышыні птушынага палёту, сапраўды нагадвалі бясконцае люстранае мора, у якім адбівалася ласкавае беларускае неба. У Тураве нам распавялі, што адзін з каменных крыжоў адным часам перастаў расці. Людзі напалохаліся (чым, маўляў, мы Бога прагнявілі?) і супакоіліся толькі тады, калі крыж зноў пачаў павялічвацца. У свае гады я пачынаю разумець, што ступень пяшчотнасці неба і росту каменных крыжоў залежыць ад стану душы не асобна ўзятага чалавека, а ўсёй грамады ў цэлым. Варта толькі шанаваць вытокі, якія мацуюць нашы крыжы…

У адрамантаваным Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці давялося сустрэцца з неглюбскай ткачыхай Людмілай Кавалёвай. Яна ткала калісьці вясельны ручнік для майго малодшага сына.

Не аптымізацыя, а ўзбуйненне

Так, у вёсцы Чабатовічы, што на Буда-Кашалёўшчыне, пра аптымізацыю не думаюць, наадварот — дбаюць пра ўзбуйненне клубнай установы. Але пра ўсё па парадку.

Больш за тры дзясяткі гадоў працуе на культурнай дзялянцы Алена Шаўчэнка, кіруе клубам у Чабатовічах. І ці не ўвесь гэты немалы час выношвае думку: адзін клуб — гэта сумнавата, трэба яшчэ хату выкупіць і ўладкаваць там музей сялянскага жыцця-быцця, ды такі музей, каб жывым быў. Калі марыш па-сапраўднаму — жаданае здзяйсняецца. Грошы на хату збіралі ўсім светам, райвыканкам дапамог значна.

Цяпер “стары” ДК выкарыстоўваецца як глядзельная зала. А асноўная дзея — у клубным “філіяле”, які называецца “Цэнтр народнага побыту”. Па яго падворку ходзяць куры, дзесьці ў стайні засяроджана дыхае конь, у печы даходзіць хлебны каравай, у студні — смачная вада, а ў возеры за гародчыкам хутка з’явіцца рыба. І ўсе гаспадарчыя пабудовы выкарыстаны для таго, каб наглядна паказаць, чым жыла калісьці вёска. Калекцыя прадзільнага, ткацкага рыштунку — найбагацейшая. Мікалай Шамшэня, трымаючы клубок нітак, згадаў дзяцінства і патлумачыў: “Бабуля ў сярэдзіну клала кавалачак цукру, каб мы, дзеці, хутчэй гэты клубок размотвалі”, — а потым узяў дуду даўжынёй на палову хаты і паклікаў, як пісаў Кузьма Чорны, каровы. Я такога не чуў і не бачыў. А яшчэ за падворкам ёсць пляцоўка для рэгістрацыі шлюбаў. А ў альтанцы ладзяцца выставы рамесніцкіх вырабаў (дом рамёстваў і цэнтр народнай творчасці ёсць яшчэ ў Губічах і Рагіні). Карацей на гаспадарцы ў Алены Шаўчэнка можна правесці з вялікай карысцю для сябе не адзін дзень. Цэнтр народнага побыту працуе, зарабляе і застаецца ўстановай проста ўнікальнай.

Я чаму так падрабязна? Часта падчас камандзіровак чую ад сельскіх клубнікаў: “Нам, каб пашырыцца ды развівацца яшчэ і хату купіць бы!” Але словы гэтыя так і застаюцца словамі. А ў Чабатовічах вось яна — справа! Культура тут пашыраецца ды развіваецца. А цяпер скажыце, у каго ўзнімецца рука яе аптымізаваць?

Гэта вельмі характэрная з’ява для нашай рэгіянальнай культуры: чалавек за той жа заробак гатовы падвоіць і патроіць уласны службовы абавязак. Па якіх такіх прычынах? Ды проста прафесію сваю паважае. І прымаўка “Не мела баба клопату, ды купіла парася” не мае ў дадзеным выпадку ніякага сэнсу. Ну як можна не ганарыцца такімі людзьмі? Іх як наглядны дапаможнік самаадданасці варта паказваць будучым маладым спецыялістам ва Універсітэце культуры і мастацтваў.

Адна толькі заўвага. Канешне, датычная піяру, дакладней — яго адсутнасці. Новая ўстанова культуры існуе ў Чабатовічах з 2005 года. А мы пра гэта нічогенька не ведаем. Шкада! Гэта якраз той досвед, пра які варта біць ва ўсе званы. Не для паказухі, а дзеля сцвярджэння факта: вёска жыве і чэрпае для гэтага гаючыя сілы з крыніцы беларускай народнай традыцыі. Такім чынам, Чабатовічы — таксама вёска будучыні. Сюды трэба вазіць экскурсіі з усёй Беларусі, паказваць ды расказваць, хто мы такія, дзе і як выраслі і куды рушым.

Слова заключнае

“Адноўлены ды абноўлены” Рэспубліканскі савет па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці толькі пачынае працу. Наступны выезд, наколькі ведаю, запланаваны на Брэстчыну. Цалкам згодны з Алегам Хмяльковым, адказнасць на сябрах савета — вялізная: па абагульненні станоўчага досведу, выпрацоўцы алгарытму клубных намаганняў і захаванні нашай вёскі.

Мінск — Жыткавіцкі,Петрыкаўскі, Мазырскі, Буда-Кашалёўскі раёны Гомельшчыны — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"