Фонд ідэй, якія ўмеюць чакаць

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

Беларускі фонд культуры, што святкуе сваё трыццацігоддзе паспяхова здолеў перажыць эпоху, якая яго спарадзіла, ды ўліцца ў сучаснае культурнае жыццё незалежнай Беларусі. Пры гэтым, зусім не адчуваючы сябе ў ім нейкім рэліктам альбо “ганаровым ветэранам”. Таму і нядзіўна, што старшыня БФК Уладзімір ГІЛЕП быў заспеты мною ў рабочым настроі.

/i/content/pi/cult/637/14176/3-2.jpg— Рашэнне адсвяткаваць свае ўгодкі шырока мы прынялі найперш дзеля таго, каб з’явілася добрая нагода падзякаваць тым рупліўцам, якія нямала зрабілі на ніве нашай культуры. — кажа ён. — Хаця юбілеяў у нас, як мне падаецца, і так зашмат. А на самой справе, трэба было б болей не гуляць, але працаваць. Пагатоў, спраў яшчэ хапае...

— У чым вы бачыце асноўную місію Беларускага фонду культуры?

— Такое пытанне, дарэчы, гучала і трыццаць гадоў таму, калі ствараўся Усесаюзны фонд культуры. Памятаю, на ўстаноўчым пасяджэнні яго кіраўнік Дзмітрый Ліхачоў казаў: гэта зусім не яшчэ адно Міністэрства культуры, мы маем прынцыпова іншыя мэты — найперш, акумуляцыю грамадскай думкі. Не грошай, але менавіта ідэй! Бо якімі разумнымі ні былі адказныя асобы, усё адно яны патрабуюць парадаў звонку. Уласна, Беларускі фонд культуры, “бацькам” якога можна лічыць народнага пісьменніка Беларусі Івана Чыгрынава, заўсёды прытрымліваўся такога прынцыпу. Цяпер мы працягваем напрацаванае пры ім. І, як паказвае досвед, ідэі, якія нараджаюцца ў галовах энтузіястаў, з часам выходзяць і на дзяржаўны ўзровень. Хаця зазвычай мала хто здагадваецца, адкуль у іх растуць ногі…

Напрыклад, не так даўно пачалася сур’ёзная гутарка адносна стварэння мемарыялу ў Курапатах. Даўно пара! Але ці шмат хто памятае, што яго ідэя была выкрышталізаваная БФК яшчэ нават за савецкім часам! Тады пры мінскім аддзяленні фонда з’явілася спецыяльная група, якую ўзначаліў знакаміты мастак Васіль Шаранговіч, і яе высілкамі быў распрацаваны праект мемарыялізацыі. Падыход да гэтага месца быў вельмі далікатны: абгарадзіць, пабудаваць сціплую каплічку для прадстаўнікоў усіх канфесій… Сёння, больш чым праз чвэрць стагоддзя, урэшце, прыспеў час увасаблення той задумы ў жыццё.

Іншы красамоўны прыклад — тэма вяртання каштоўнасцяў, якая набыла для нас актуальнасць адразу па стварэнні БФК. Спатрэбілася добрых дваццаць гадоў, каб ідэя стала дзяржаўнай, і цяпер гэтую праблематыку курыруе паважная камісія Савета Міністраў.

— Адпаведна, даводзіцца чакаць дзесяцігоддзямі…

— Не, мы акурат не чакалі ды без справы не сядзелі. Створаныя фондам восем тамоў “Вяртання” (апошні, на жаль, пакуль не выдадзены праз брак сродкаў) забяспечылі ўрадавую камісію належным матэрыялам для работы.

— Ці моцна паўплывала на дзейнасць фонду тая змена эпох, якую давялося перажыць?

— Без сумневу. Але не магу сказаць, што грамадскія пературбацыі скасавалі нашы папярэднія даробкі альбо істотна змянілі абраны курс. Вось у маіх руках  — доўгатэрміновая праграма “Спадчына”, што была прынятая падчас заснавання фонду. Бачыце, старонкі ўжо трохі пажухлі, але мы і дасюль працуем згодна з ёю. Думаю, выкладзеных тут ідэй хопіць і яшчэ на наступныя трыццаць гадоў дзейнасці фонду. Хаця, вядома ж, час падказвае і нешта новае.

— Няўжо так мала з задачаў удалося рэалізаваць?

— Не! Некаторыя з выкладзеных тут ідэй даўно ўвасоблены ў жыццё, але ёсць і тыя, якія дасюль чакаюць свайго часу. Ад іх нават не тое што адмовіліся — проста пакуль адклалі. Напрыклад, гэта ўсталяванне ў Мінску помніка Каліноўскаму. Няма сумневу, што да гэтай задумы мы абавязкова вернемся — праўда, не наважуся пакуль прагназаваць, калі.

— Затое літаральна сёлета вашымі намаганнямі будзе ўсталяваны мемарыяльны знак “Беларусам свету”…

— Дарэчы, яго ідэя таксама — хай і трохі ў іншым выглядзе — закладзена ў праграме “Спадчына”. І вось праз некалькі дзесяцігоддзяў яна нарэшце мае быць урэчаіснена.

— Для ўвасаблення кожнай ідэі патрэбны матэрыяльныя рэсурсы. Адкуль іх узяць грамадскай арганізацыі?

— Ніадкуль. Іх у нас і няма. БФК нават членскія ўнёскі не бярэ. Грошы мы можам атрымаць хіба за кошт выдавецкай дзейнасці і з прыбытку Маладзечанскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Але абедзве крыніцы ў цяперашні век наўрад ці могуць каго падсілкоўваць — добра, калі тая ж фабрыка сама сябе падтрымлівае на плыву. Таму БФК існуе, лічыце, на грамадскіх пачатках. А для ідэй, якія мы вылучаем, даводзіцца кожнага разу шукаць фінансаванне збоку. Гэта і спонсарская дапамога, і дзяржаўная падтрымка. На шчасце, нашы ідэі дзяржавай запатрабаваны — чаму сведчаннем хаця б той самы мемарыяльны знак.

—- А што наконт грамадскага збору сродкаў — ці, як цяпер модна казаць, краўдфандынгу?

— Мы практыкавалі такія акцыі ўжо вельмі даўно — прыкладам, у выпадку з помнікам ахвярам Першай сусветнай. Гэта было яшчэ ў часы, калі тая вайна заставалася амаль “невядомай”, ніхто пра яе надта не ўспамінаў. На жаль, інфляцыя пераўтварыла сабраныя грошы ў пыл, але… сама задума, на шчасце, не загінула. Мы былі вельмі ўсцешаныя, калі неўзабаве свой мемарыял пачаў ствараць у Заброддзі мастак Барыс Цітовіч.

Яшчэ адзін прыклад — рэстаўрацыя ўнікальнага алтара Будслаўскага касцёла, куды неўзабаве можна будзе даляцець з Мінска нават на верталёце. На сённяшні дзень на высокім дзяржаўным узроўні прынятае рашэнне аб стварэнні сумеснай беларуска-польскай камісіі, якая будзе курыраваць гэтыя надзвычай складаныя і далікатныя работы. А пачыналася ўсё чатыры гады таму, калі выканкам БФК прыняў рашэнне аб зборы сродкаў у касцёлах.

— Розных спакуслівых ідэй цяпер агучваецца настолькі шмат, што нават узнікае пытанне: а ці ўсе яны вартыя ўвасаблення? Напрыклад, паводле метадалагічных крытэрыяў альбо хаця б нават элементарнай фінансавай мэтазгоднасці…

— З гэтым цяжка не пагадзіцца, але важна і іншае: тыя ідэі павінны з’яўляцца, выспяваць, абмяркоўвацца на самым шырокім узроўні. А потым хай нешта адкінецца, нешта ўдакладніцца ў ходзе дыскусій… І калі член БФК Уладзімір Цялежнікаў на падставе дбайнага вывучэння дакументаў зрабіў рэканструкцыю першапачатковага аблічча Полацкай Сафіі, у прафесіяналаў гэта на пачатку выклікала скепсіс. Тым больш, сам даследчык па адукацыі эканаміст, а не архітэктар. Аднак я ўжо заўважаю, што рэакцыя мяняецца на іншую: “У гэтым нешта ёсць!” Самае важнае, каб у працэсы стварэння і абмеркавання ідэй было ўцягнена як мага болей неабыякавых людзей. Уласна, у гэтым і бачыць сваю задачу наш фонд.

— Але ў яго з’яўляецца шмат маладзейшых канкурэнтаў — грамадскіх арганізацый, якія шчыруюць на той самай ніве…

— Ды пра якую канкурэнцыю тут наогул можна казаць? Мы яе не адчуваем — наадварот, аказваем пасільную дапамогу ўсім новым пачынам, якія ствараюцца на глебе нацыянальнай культуры! Тым больш, такіх арганізацый, усё ж, замала. Шкада, што дасюль так і не з’явілася краязнаўчага таварыства, хаця ў свой час спробы яго стварыць рабіліся. Узнікла ініцыятыўная група, правялі нават сход, куды з’ехаліся краязнаўцы з усёй краіны, быў падрыхтаваны ладны пакет дакументаў. Але ў выніку не атрымалася…

Хаця кожнаму відавочна: патрэба ў такой арганізацыі наспела ўжо вельмі-вельмі даўно, і асабліва ў рэгіёнах. Рупліўцаў можна знайсці ледзь не ў кожнай вёсцы — толькі школьных музеяў у свой час налічвалася недзе дзве з паловай тысячы, прычым сярод іх ёсць і папраўдзе ўнікальныя! А тыя краязнаўчыя куткі, якія створаны сёння ледзь не пры кожнай бібліятэцы! А саматужныя выданні па гісторыі краю, што выпускаюць энтузіясты! Ды, на жаль, дасюль няма нікога, хто ўзяў бы на сябе функцыю метадычнай дапамогі, спрыяў кантактам паміж краязнаўцамі ды кансалідацыі гэтага руху. Наша “Краязнаўчая газета”, якая выдаецца ўжо пятнаццаты год, у пэўнай меры спрабуе запоўніць гэтую нішу, але… адной яе, канешне ж, замала.

— Як падаецца, многія рупліўцы хутка “перагараюць”, спаткаўшыся з першымі няўдачамі. Што бы вы маглі ім параіць з вышыні свайго досведу?

— Толькі аднаго: быць паслядоўнымі! Я не скакаў з боку ў бок, шукаючы лепшай долі. Як пайшоў некалі кінамеханікам працаваць, так і дасюль шчырую на ніве культуры. І таму магу шчыра прызнацца: я задаволены сваім жыццём і тым, што мне ўдалося зрабіць. Менавіта паслядоўнасць прыводзіць да таго, што азіраючыся назад, ты бачыш не бязладныя сляды, уласцівыя тым, хто блукае ў трох соснах, але роўную лінію, якая вядзе ў вызначаным кірунку — да мэты.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ