Хор-"парад" з прысвячэннямі

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

5 — 6 мая прайшло II Мінскае харавое свята “Спявай, мая сталіца!”, прысвечанае Дню Вялікай Перамогі і 950-годдзю горада-героя Мінска.

/i/content/pi/cult/637/14167/8-1.jpgПершы з канцэртаў адбыўся ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гімн дзяцінству, міру, роднаму Мінску спявалі больш як паўтысячы дзяцей. Любоў да Радзімы аб’яднала калектывы пятнаццаці ўстаноў музычнай адукацыі. Не выпадкова адкрывалася свята прэм’ерай песні Алены Атрашкевіч “Спяваем разам” у выкананні зводнага дзіцячага хору сталіцы, дзе пад кіраўніцтвам магістра мастацтвазнаўства, дырыжора Аляксея Снітко аб’ядналіся ўзорныя калектывы дзіцячых школ мастацтваў, жаночы хор “Мелодыка” і жаночая група канцэртнага хору Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі. Сімвалам свята можна лічыць і песню “Нас яднае хор!” Эдуарда Зарыцкага, выкананнем якой дырыжыраваў Аляксей Клімовіч у суправаджэнні інструментальнага гурта каледжа пад кіраўніцтвам Алеся Собаля, і песню “Музыка” Аліны Безенсон (дырыжор — Вераніка Місюра). А тое, што кампазітары ў час выканання займалі месца за раялем, стала не толькі падарункам для гледачоў і ўдзельнікаў, але і дадатковым прыцягненнем увагі да нашых творцаў, якія часцяком застаюцца “за кадрам”.

Харавое свята — гэта заўсёды “парад” не толькі спеўных калектываў, але і хормайстраў. На чале гэткага “спеўнага поля”, створанага навучальнымі ўстановамі ў рамках падзеі, арганізаванай каледжам імя Міхаіла Глінкі пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, аказаліся не толькі знаныя прафесіяналы. Кампазіцыяй “Дзяцінства — гэта я і ты” Юрыя Чычкова ўпершыню кіраваў пераможца конкурсу дырыжораў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі, навучэнец установы Сяргей Вярбіла (клас Вольгі Крыпец). У другім аддзяленні браў удзел таксама аркестр рускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чэрнікава з творамі беларускіх кампазітараў, апрацоўкамі беларускіх народных песень і танцаў з удзелам навучэнцаў і выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа Настассі Рабцэвіч, Сяргея Падавалава, Вячаслава Сачыловіча, Ганны Мілавідавай. Завяршала падзею прызнанне ў любові да сталіцы — “Песня пра Мінск” Уладзіміра Алоўнікава, праспяваная зводным хорам (мастацкі кіраўнік — Аляксей Снітко) і хорам навучэнцаў спецыяльнасці “Спевы” каледжа імя Глінкі (мастацкі кіраўнік — Кіра Славінская) у суправаджэнні аркестра.

На другі дзень свята перамясцілася ў гандлёвы цэнтр “Сталіца”. Цягам амаль чатырох гадзін гучала наша фальклорная спадчына ў выкананні шасці калектываў: фальклорнага ансамбля “ФолкРада” Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 17, заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля беларускай песні “Цернічка” Цэнтра культуры і спорту чыгуначнікаў, фальклорнага ансамбля народнай песні “Святкі” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Золак”, ансамбля народнай музыкі “Медуніца” СШ № 11, народных калектываў каледжа імя Глінкі. Такое спалучэнне сучаснай харавой музыкі з шырокім паказам фальклорных мелодый і іх разнастайных апрацовак — зарука трывалага працягу традыцый сумеснага спеўнага выканання.

— Хор ужо сам па сабе — свята, — падвёў вынікі галоўны хормайстар святочных мерапрыемстваў, кіраўнік узорнага хору “Тоніка” Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Ларысы Александроўскай Аляксей Снітко. — Важна, каб гэтае свята было не толькі для харыстаў, але і для слухачоў.

Дадамо: і каб тыя слухачы таксама далучаліся да харыстаў, робячы нашу сталіцу, а з ёй і ўсю краіну папраўдзе спеўным краем.

Наталля КАРДАШОВА, старшыня цыклавой камісіі “Практыка” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі

Фота аўтара