Шасцізор’е ў монаверсіі

№ 19 (1302) 13.05.2017 - 19.05.2017 г

На што здольны адзін чалавек, калі ён — самадастатковая асоба?.. У Беларускім паэтычным тэатры аднаго акцёра “Зніч” — калектыве Белдзяржфілармоніі — можна паверыць у бязмежнасць магчымасцяў артыста. Сама ж заснавальнік, дырэктар і мастацкі кіраўнік адзінага ў Беларусі тэатра монадрамы Галіна Дзягілева іграе шэсць пастановак у сучасным рэпертуары тэатра. А як рэжысёр і драматург-інсцэніроўшчык стварыла трынаццаць дзеючых монаспектакляў.

/i/content/pi/cult/637/14156/13-1.jpgСцэна з музычнай монадрамы "Пачакай, сонца!". / Фота Алены ЮРКЕВІЧ

Першы беларускі драматычны монаспектакль “Выгнанне ў рай” па п’есе Н.Рапа (калектыўны псеўданім Віргініі Тарнаўскайтэ і Вольгі Амромінай) апавядае пра лёс легендарнай князёўны Рагнеды, уздымаючы нашу старажытную гісторыю да ўзроўню антычнай трагедыі. У сваім сімвалічным аскетызме, гульні асноўных колераў, рытуале сцэнічнага дзеяння, учыненага Галінай Дзягілевай, гэты спектакль у пастаноўцы Віргініі Тарнаўскайтэ найбольш блізкі мастацкай мове сучаснага заходнееўрапейскага тэатра.

Монаспектакль “Любіць!..” паводле паэзіі Анатоля Вярцінскага (рэжысёр Канстанцін Гусеў) раскрывае каханне як меру маралі і гуманізму, аснову сусветнай справядлівасці, крыніцу жыцця на зямлі. У выкананні Галіны Дзягілевай сцэнічны твор прымае гучанне гімна жанчыне — ад вобразу Эдыт Піаф да вобразу Аксінні з паэмы “Дажынкі”, якую Вярцінскі прысвяціў маці.

Монаспектакль “Мне сняцца сны аб Беларусі...” паводле паэзіі Янкі Купалы (рэжысёр Вольга Клебановіч) створаны на аснове ненадрукаваных пры жыцці паэта вершаў, дакументаў і лістоў. Спектакль прысвечаны бадай самаму складанаму перыяду жыцця класіка — часу ўсведамлення асабістай адзіноты і падвойных стандартаў маралі тагачаснага грамадства, часу душэўных пакут і сумненняў. Вечная тэма адносінаў творцы і ўлады раскрываецца ў алегорыі забытай скрыпкі без струн, што з’яўляецца ў руках артысткі. Паэтычны маналог Галіны Дзягілевай становіцца рэквіемам па ўсіх творцах, якія загінулі пад коламі крывавай машыны сталінізму.

Спектакль “Пачакай, сонца!” (рэжысёр Максім Сохар, мастак Вольга Грыцаева) вырашаны кампазітарам Алегам Залётневым у рэдкім жанры музычнай монадрамы. Галіна Дзягілева стварыла інсцэнізацыю рамана ў вершах украінскай паэткі Ліны Кастэнка “Маруся Чурай” (гэтай пяснярцы прыпісваецца шэраг песень, што лічацца народнымі), выкарыстаўшы пераклад Ніны Мацяш, а таксама дапоўніўшы сцэнічны твор яе ж перакладамі еўрапейскай паэзіі і аўтарскімі санетамі. Дзеянне монаспектакля адбываецца на судзе, што вяршаць у Палтаве над Марусяй за ненаўмыснае забойства каханага. Падчас суда дзяўчына захоўвае маўчанне. Яе ўспаміны, драматычныя адкрыцці і таемныя пачуцці раскрываюцца ў зонгах, што выконвае Галіна Дзягілева. У стварэнні цэласнага палатна прымае ўдзел Дзяржаўны камерны хор Беларусі.

Драматычны монаспектакль “Абраннiца” (рэжысёр Таццяна Пацай, мастак Віктар Цімафееў) створаны па “Маленькіх трагедыях” Аляксандра Пушкіна ў перапляценні з яго вершамі ў перакладзе народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Выкрываючы чалавечыя заганы, Галіна Аляксееўна грае мноства алегарычных роляў. У галерэі пушкінскіх персанажаў — Донна Ганна, Дон Гуан, Лепарэла, Моцарт, Сальеры, Барон. Эмацыйна дынамічным выкананнем артыстка нясе гледачу ідэю абранасці кожнага з нас для сваёй зямной місіі.

Літаратурнай асновай монаспектакля “Пяюць начлежнiкi” (рэжысёр Таццяна Пацай, мастак Ксенія Бяляева-Дзягілева) сталі паэтычныя па сваёй мастацкай існасці абразкі Змітрака Бядулі “Дзе канец света?”, “Велікодныя яйкі”, “На Каляды к сыну”… Паэтычна-празаічныя мініяцюры ўяўляюцца ў спектаклі снамі. Кожнага з нас Галіна Дзягілева прадстаўляе “начлежнiкамі”, начнымі пастырамі, бо ў снах мы мроім пра жыццё. У персанажаў розных характараў, узросту і вопыту артыстка пераўвасабляецца з лагоднай лірычнасцю і высокім псіхалагізмам.

Многія спектаклі адсвяткавалі сваё дваццацігоддзе ў рэпертуары “Зніча”, што ўжо XXVII тэатральны сезон застаецца верным нацыянальнай і сусветнай класічнай літаратуры, з’яўляючыся адным з пяці дзяржаўных драмтэатраў, якія іграюць свае спектаклі выключна па-беларуску. Такі вялікі тэрмін жыцця пастаноўкі магчымы, бо монаспектакль змяняецца разам з яго выканаўцам. У дні святкавання свайго нядаўняга асабістага юбілею Галіна Дзягілева захоплена новымі ідэямі, нязменна гатова да мастацкіх адкрыццяў. Ужо на восень яна плануе прэм’еру монаспектакля “Мама” паводле п’есы Карэла Чапэка “Маці” і паэзіі Рыгора Барадуліна.

Зміцер ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ, тэатразнаўца