Якія сакрэты Францыска Скарыны?

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Міфалогія першадрукара: чаму мае права на існаванне гіпотэза пра ліцвінскага шпіёна
Міфы не нараджаюцца — міфы сёння ствараюцца людзьмі. Не так даўно намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь СУША прапанаваў свой міф, — ці, лепш сказаць, навуковую гіпотэзу, — які непасрэдна датычыць нашага знакамітага першадрукара Францыска Скарыны. “К” пагутарыла з даследчыкам і даведалася пра слыннага палачаніна шмат цікавага.

/i/content/pi/cult/636/14149/3-1.jpg— Спадар Алесь, але ці трэба сёння ствараць міфы? Можа, калі ў грамадстве існуюць пэўныя ўяўленні пра тую ці іншую знакамітую асобу, дык не варта тыя ўяўленні і парушаць?

— Названыя Вамі “пэўныя ўяўленні” таксама з’яўляюцца нічым іншым як міфам. Міфам, створаным людзьмі. Напрыклад, вобраз Скарыны як нацыянальнага героя, створаны людзьмі за апошняе стагоддзе, — рукатворны міф. На мой погляд, стварэнне міфаў цалкам апраўдана. Больш за тое, у кожнай краіне, у кожным грамадстве трэба пастаянна мець новыя міфы, асабліва пра знакамітых людзей, якія стваралі і ствараюць гонар сваёй дзяржавы. Тым больш пастаянна з’яўляюцца новыя знаходкі, невядомыя гістарычныя факты. І стварэнне ў гэтым выпадку новых міфаў ці, скажам больш навукова, новых гіпотэз, на мой погляд, заўсёды магчыма. Асабліва ў дачыненні да Скарыны, пра якога мы ведаем, на жаль, не так і шмат, хоць гэта і вядомая, сусветнага маштабу, асоба.

— Але кожная гіпотэза павінна мець пад сабой пэўны навуковы грунт…

— Несумненна. Напрыклад, калісьці Мікалай Шчакаціхін прапанаваў сваю гіпотэзу аб часе нараджэння Францыска Скарыны. Ён паглядзеў на гравюры першадрукара, дзе адлюстраваны знакамітыя сонца і месяц — так званае “Сонца маладзіковае”, — параўнаў тагачасныя сонечныя зацменні і вызначыў такім чынам, што Францыск Скарына нарадзіўся ў 1486 годзе. І гэтую гіпотэзу не абвергнеш, бо мы не ведаем сапраўдны год нараджэння слыннага палачаніна, а ў самога Скарыны запытацца не можам. Гэтаксама мы не ведаем, дзе і калі ён памёр, калі пабраўся шлюбам і колькі меў дзяцей. Можам толькі здагадвацца, якой ён быў веры, дзе абараніў дысертацыю на годнасць доктара філасофіі… Адсюль і з’яўленне новых гіпотэз, датычных Францыска Скарыны.

— А ваша гіпотэза пра шпіёнства першадрукара мае дакументальныя пацверджанні?

— Натуральна! Ёсць рэальныя дакументы, напрыклад, лісты тагачаснага кіраўніка Прусіі Альбрэхта Брандэнбургскага да высокіх асобаў у ВКЛ. Францыск Скарына некаторы час працаваў у яго, а пасля з’ехаў назад у Вялікае Княства Літоўскае. Дык вось, спачатку прускі кароль выдаў яму ахоўныя лісты, дзе казаў пра выдатныя веды і эрудыцыю нашага земляка, яго найлепшыя чалавечыя якасці ды прасіў кіраўніцтва ВКЛ паспрыяць Скарыну ў вырашэнні яго жыццёвых пытанняў. Але літаральна праз два тыдні Альбрэхт Брандэнбургскі піша іншыя лісты тым жа адрасатам, дзе гнеўна выказваецца пра Скарыну, які з’ехаў з Прусіі, выкраўшы каралеўскага друкара і каралеўскага лекара, просіць яго жорстка пакараць і вярнуць двух вельмі важных для кіраўніка Прусіі людзей.

— Як такое магло адбыцца і навошта Скарыну займацца крадзяжом людзей?

— Справа ў тым, што Прусія таго часу — зацяты вораг ВКЛ. Гэта краіна, якая існуе толькі пяць гадоў, а перад гэтым быў Тэўтонскі ордэн, што доўгі час ваяваў з ліцвінамі. І толькі ў 1525 годзе Альбрэхт пагадзіўся на прымірэнне, але ўзамен папрасіў прызнаць Прусію як суверэнную дзяржаву. Жыгімонт яе прызнаў, мір усталяваўся, але сваю экспансію ў дачыненні да ВКЛ і Польшчы — гэтым разам эканамічную ды рэлігійную — Прусія так і не спыніла. Таму, як я мяркую, у кіраўніцтва Вялікага Княства і ўзнікла ідэя скрасці гэтых людзей.

— Але ці былі тыя два чалавекі настолькі важныя, каб іх крадзеж быў апраўданы? Што ён даў ВКЛ?

— Тут трэба адзначыць вось што: Альбрэхт з дапамогай друкавання пратэстанцкіх кніг мог паўплываць на змену веравызнання жыхароў Польшчы і ВКЛ. І гэта вельмі не падабалася біскупу віленскаму Яну, пазашлюбнаму сыну караля і аднаму з неафіцыйных кіраўнікоў ВКЛ, у якога Скарына быў сакратаром. Крадзеж каралеўскага друкара мог значна перашкодзіць планам прусакоў. Што да каралеўскага лекара, дык у той час у Прусіі была жахлівая эпідэмія так званай англійскай ліхаманкі. Кароль ледзь знайшоў у Еўропе чалавека, які змог бы з гэтай ліхаманкай змагацца — і вось яго выкралі. Таму ягоны гнеў цалкам зразумелы, бо гэта стварыла пэўную эпідэміялагічную пагрозу яго краіне. Пагадзіцеся, усё гэта выглядае на добра спланаваную дыверсію кіраўніцтва ВКЛ, зробленую рукамі Францыска Скарыны.

— Але ці даў гэты крадзеж плён?

— Так, і гэта таксама пацвярджаецца пэўнымі гістарычнымі звесткамі. Напрыклад, колькасць друкаваных выданняў пасля 1530 года ў Прусіі значна скарацілася, і яе ўплыў на рэлігійную свядомасць палякаў ды ліцвінаў так і не стаў значным…

— Мяркую, вашу гіпотэзу будуць абвяргаць і спрачацца з ёй неаднойчы многія скарыназнаўцы…

— І тое вельмі добра! Бо ў выніку недастатковай інфармацыі пра Францыска Скарыну мы маем сёння безліч гіпотэз і нават цалкам беспадстаўных міфаў. Таму з гэтага гледзішча беларускім даследчыкам неабходна працягваць даследаванні, каб абмежаваць пашырэнне недакладных звестак, а таксама прыцягваць увагу да Францыска Скарыны, да яго асобы, яго творчасці… Тым больш, патэнцыял для новых знаходак яшчэ вельмі вялікі: на жаль, скарыназнаўцы дагэтуль зусім не дастаткова працавалі ў архівах Кракава, Прагі, Падуі, Венецыі, Капенгагена, Рыма, Познані, Уроцлава…

— Ці не падаецца вам, што ваша гіпотэза выглядае правакацыйнай? Асабліва ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, калі да асобы і творчасці першадрукара вельмі шмат увагі?

— Канешне, гэта ў пэўнай ступені правакацыя. Але яна зроблена свядома. Бо я не хачу, каб Францыск Скарына быў статычным, бранзавеў, рабіўся недатыкальным нацыянальным героем, пафасным небажыхаром. Бо такім чынам мы робім Скарыну нецікавым, тым, кім не варта займацца новым даследчыкам, своеасаблівым Карлам Марксам на пастаменце. А ён быў жывым чалавекам, з пакручастым жыццёвым лёсам, вельмі неадназначнай і арыгінальнай асобай, якая вельмі шмат зрабіла для свайго роднага краю. Таму трэба, на мой погляд, здымаць гэтыя ружовыя скарынаўскія акуляры, цалкам дапушчальна ствараць коміксы пра Скарыну, смяяцца з яго і разам з ім у тэатральных пастаноўках, рабіць з ім рэкламу пепсі ці новай сантэхнікі, пісаць дэтэктыўныя аповесці пра яго і пра ягоны лёс… Дарэчы, сёння ўжо паступова так і адбываецца. І гэта не можа не радаваць.

— Але ці не будзе гэта пэўным прыніжэннем постаці нашага слыннага першадрукара?

— Ні ў якім разе! Бо Скарына — не нейкі бог, на якога трэба маліцца. Ён такі ж чалавек, як і мы самі. Бо ён жыў, кахаў, сядзеў у турме, друкаваў кнігі, займаўся творчасцю, сутыкаўся з цяжкасцямі — карацей, рабіў тое, што і мы. І выснова адсюль наступная: мы таксама можам быць гэткімі, як ён, можам зрабіць шмат для Беларусі, столькі, колькі здзейсніў і ён. У гэтым яго значэнне і прызначэнне для нашага часу: каб мы разумелі, што вялікімі не нараджаюцца, а становяцца.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"