Падарунак першага настаўніка

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Студыя Яўгена Ермалкевіча: каб не было вайны... / Бабруйск — культурная сталіца Беларусі-2017
Першы настаўнік — гэта асаблівы чалавек, які адкрывае нам дзверы ў новы і часта загадкавы свет. Ён здольны запаліць цікавасць і жаданне спазнаць яго, знайсці ў ім сваё месца. Так, у студыйнай адукацыі Бабруйска сярод многіх імёнаў выкладчыкаў вылучаюцца, дзякуючы памяці сваіх вучняў, Яўген Ермалкевіч і Барыс Бяляеў. Іх дзейнасць стала тым вытокам, што насычае мастацкае жыццё роднага горада і адбілася яркімі імёнамі ў культуры Беларусі і працягвае прыносіць плён да гэтага дня ў выглядзе новых творчых дасягненняў вучняў. І яны з цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадваюць сваіх першых настаўнікаў.

/i/content/pi/cult/636/14145/12-2.jpgВядома, што Яўген Аляксандравіч Ермалкевіч (1912 — 1942) нарадзіўся ў Бабруйску, дзе яго бацькі жылі на вуліцы Вадаправоднай, 32. Тут сярод аднапавярховых домікаў, што хаваюцца за кронамі клёнаў, будучы мастак з дзяцінства не расставаўся з альбомам, алоўкамі і фарбамі.

У 1928 годзе Ермалкевіч паступае ў Беларускі дзяржаўны мастацкі тэхнікум у Віцебску і трапляе не толькі ў асаблівае творчае асяроддзе мастацкага жыцця, але і ў спецыфічную атмасферу літаратурнай беларускай мовы і нацыянальнай культуры, на чым будавалася навучанне ў тыя гады. Выкладаліся, скажам, гісторыя беларускай культуры і мастацтва, нават “беларуская геаграфія”. Навучэнцы выязджалі на практыку ў розныя куткі краіны для вывучэння помнікаў культуры, разнастайных народных традыцый. Думаецца, дапушчальна выказаць здагадку, што Ермалкевіч, сам носьбіт старадаўняга беларускага прозвішча, не мог заставацца абыякавым да працэсу адраджэння нацыянальнай культуры, усведамляў яе значэнне для свайго творчага і асобаснага станаўлення і пасля нёс успрынятыя ў БДМТ ідэі вучням.

Працягласць навучальнага курса ў тэхнікуме — чатыры гады, і якраз у перыяд навучання Ермалкевіча ў Віцебску пранеслася хваля рэпрэсій канца 1929 — пачатку 1930-га, якія нанеслі велізарны ўрон нацыянальным культурным кадрам Беларусі. Кампанія, названая “барацьбой з нацыянал-дэмакратызмам”, закранула і БДМТ — выкладчыкаў і студэнтаў.

З 1932 па 1934 гады Ермалкевіч праходзіў тэрміновую службу ў шэрагах Чырвонай арміі, а пасля дэмабілізацыі ўзначаліў мастацкую студыю пры Доме піянераў Бабруйска, створаную ў тым жа 1934-м. Фактычна, пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, яна была першай мастацкай навучальнай установай у горадзе, а Яўген Ермалкевіч прапрацаваў да 1940-га, да пераезду сваёй сям’і ў Беразіно. У сваёй працы малады кіраўнік абапіраўся на атрыманыя ў БДМТ веды і навыкі. Добрай дапамогай былі яго адкрыты характар і шчырае жаданне шчодра дзяліцца тым, што ведаў і ўмеў сам, што для сябе лічыў найбольш цікавым і важным.

Асноўнай крыніцай звестак пра Ермалкевіча і ўзначаленую ім мастацкую студыю Дома піянераў Бабруйска з’яўляюцца ўспаміны яго вучня  — заслужанага мастака Расіі Абрама Рабкіна. Ён згадваў, што ў студыі была створана добразычлівая атмасфера супрацоўніцтва і творчасці, даверу, якую падтрымліваў кіраўнік. Знаёмства з будучым настаўнікам, калі Рабкіна прывялі ў студыю і распавялі Ермалкевічу аб яго жаданні стаць мастаком, зрабіла на падлетка вялікае ўражанне. “Прыгожы чалавек абняў мяне за плечы, сказаў: “Ну, пойдзем”.

Даверлівыя адносіны паміж Ермалкевічем і студыйцамі выяўляліся ў некаторых, на першы погляд нязначных, фактах. Рабкін ускосна згадвае аб дзіцячых малюнках настаўніка, з чаго можна выказаць здагадку, што педагог знаёміў з імі вучняў. Магчыма, гэта быў спосаб прадэманстраваць падлеткам, што і ў яго гэтак жа далёка не адразу ўсё атрымлівалася. Відавочна, падобнае стаўленне педагога выклікала давер з боку хлопцаў.

З асобных фраз і фрагментаў успамінаў Рабкіна ўзнікае ўяўленне аб характары працы студыі, якая складалася з трох груп: малодшай, сярэдняй і старэйшай. Пейзажны жывапіс быў асноўным напрамкам у навучальным працэсе, студыйцы шмат працавалі на пленэры: “Лугі за ракой, шчокат конікаў... Мы — гурток выяўленчага мастацтва дома піянераў — у гэтай спякоце ляжым у траве, слухаем нашага першага настаўніка”.

Метадам выкладання Ермалкевіча была любоў: да сваёй справы, да вучняў, да роднай прыроды і, галоўнае, — да Радзімы. “Не будзеш любіць родны край — мастаком ты не станеш”, — узгадваў словы настаўніка Абрам Рабкін. З яго аповеду паўстае вобраз Ермалкевіча не толькі як выкладчыка, але і як мастака-пейзажыста, які пачуццёва ўспрымае навакольны свет, улюбёнага ў прыроду, родны край. “...Аб Бабруйшчыне ён казаў неяк асабліва, і ў словах яго жылі лугі, іржанне коней у начным, далёкі скрып калёс, усплёск рыбы ў перадранішнім тумане, раптоўны шоргат лісця...”

Рабкін узгадвае адно настаўленне, калі ў яго ўзніклі цяжкасці з выявай дрэва: “Паглядзі, як Саша Дзегіль намаляваў, у яго галіны спяваюць, ён палюбіў гэта дрэва, зразумеў яго спеўнасць”. Свядома ці інтуітыўна Ермалкевіч імкнуўся, каб студыйцы навучыліся ўспрымаць навакольны свет пачуццёва, рабілі яго аб’екты, як згаданае ў цытаце дрэва, часткай сваёй эстэтычнай свядомасці.

Ермалкевіч як жывапісец ладзіў і свае выставы, у якіх, як правіла, удзельнічалі і лепшыя работы студыйцаў. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце і майстэрстве, ён разглядаў сваіх вучняў як калегаў і таму ладзіў сумесныя паказы — своеасаблівыя справаздачы аб выніках дзейнасці студыі. Пастаянным удзельнікам выстаў быў Віця Савіцкі. “Як прыгожа малюе гэты сціплы і маўклівы “мастак”, як мы яго называлі. Ніколі не забыць яго сакавітых малюнкаў...” Дасягненнем студыі стала персанальная выстава работ Сашы Дзегіля ў Вялікай зале Дома піянераў. З ліку сваіх таварышаў-студыйцаў Рабкін згадвае Севу Пяткевіча, Кіма Плоткіна, Яўгена Маркава, Мірона Кацнельсона — найбольш паспяховых хлопцаў, — усе яны, уключаючы Сашу Дзегіля і Віцю Савіцкага, загінулі на вайне. У спісах навучэнцаў студыі Ермалкевіча значыўся Альгерд Малішэўскі, пасля — вядомы беларускі мастак і педагог.

Навучальны працэс у студыі шмат у чым быў блізкі праграме БДМТ, з сумяшчэннем студыйнай і пленэрнай працы. Звяртае на сябе ўвагу набытая Рабкіным ад першага настаўніка звычка заўсёды мець пры сабе нататнік і рабіць замалёўкі, дзякуючы чаму складвалася ўменне пільна, аналітычна глядзець на навакольны свет, фіксаваць усё найбольш цікавае.

З некаторых фрагментаў успамінаў складваецца ўражанне, што Рабкін не лічыў сябе самым паспяховым выхаванцам студыі, аднак Ермалкевіч, ад’язджаючы ў Беразіно, дорыць яму на памяць сваё маляўнічае палатно. “На развітанне мой першы настаўнік падарыў мне сваю карціну. Там лугі, стагі, зацягнутае надыходзячай навальніцай неба, далёкія стагі ўжо тонуць у ліўні...” Верагодна, хацеў падтрымаць свайго вучня, ведаючы аб гібелі ягонага бацькі. Магчыма, падобныя падарункі атрымалі і некаторыя іншыя старэйшыя студыйцы.

Вядома, што Ермалкевіч падчас нямецкай акупацыі стаў удзельнікам антыфашысцкага падполля ў Беразіно і пасля правалу ў 1942 годзе быў пакараны. Загінулі таксама яго жонка Ганна Пятроўна і двое дзяцей. Выратавацца ўдалося толькі старэйшай дачцы Наташы.

Адзіны з навучэнцаў, хто застаўся ў жывых — Абрам Рабкін, — на працягу ўсяго свайго жыцця з удзячнасцю і цеплынёй згадваў свайго настаўніка і сяброў-студыйцаў, па лёсах якіх трагічна “прайшлася” вайна. А немудрагелістае, на першы погляд, настаўленне першага настаўніка — “Не будзеш любіць свой край — мастаком ты не станеш” — заслужаны мастак Расіі зрабіў галоўным прынцыпам сваёй творчасці, пасля вайны дзелячы сваё жыццё паміж Ленінградам і Бабруйскам, які апяваў у сваіх творах.

Дарэчы, да 630-годдзя Бабруйска, як прысвячэнне роднаму гораду, у Бабруйскім мастацкім музеі адкрыецца выстава твораў Рабкіна.

Генадзь БЛАГУЦІН, навуковы супрацоўнік Бабруйскага мастацкага музея