Капітан “Таццяна”, або Ас з гомельскай вуліцы Партовай

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Кіно і песня ганаровага парыжаніна з эскадрыллі “Нармандыя — Нёман”
У ціхім цэнтры Гомеля на нічым не характэрнай пяціпавярхоўцы вісіць мемарыяльная шыльда, якую не адразу і заўважыш. Але калі вы дапытлівы і прачытаеце тое, што на гэтай шыльдзе напісана, то, хутчэй за ўсё, не адразу паверыце сваім вачам і перачытаеце надпіс яшчэ раз. А калі вам неабыякавая наша гісторыя, то, можа, зазірнеце ў энцыклапедыю. “У гэтым доме жыў Сярогін Васіль Георгіевіч. Герой Савецкага Саюза, лётчык палка “Нармандыя — Нёман”, ганаровы грамадзянін горада Парыжа”. Так, ганаровы грамадзянін Парыжа жыў не на Елісейскіх палях, не на Манмартры або Манпарнасе, а на вуліцы Партовай у беларускім абласным цэнтры.

/i/content/pi/cult/636/14143/15-1.jpgНе толькі Ляўша

Са мной усё менавіта так і адбылося. Не паверыла сваім вачам, перачытаўшы лаканічны тэкст на дошцы, але стала шукаць, што напісана пра гэтага героя, як аказалася, двойчы майго земляка. Чаму двойчы? Бо нарадзіўся Васіль Сярогін у сяле Ламінцава Тульскай вобласці. Я ж нарадзілася ў Туле, дзе ганарыліся не толькі майстрам Ляўшой, што падкаваў блыху, збройным заводам і Львом Талстым, але і тым, што падчас вайны ў Туле нейкі час размяшчалася французская эскадрылля “Нармандыя — Нёман». У дзяцінстве я часта бывала ў Туле і апавяданні пра французаў чула не аднойчы.

Усё сваё жыццё я жыву ў Мінску і часта бываю ў Гомелі ў сваякоў. А вось пра лётчыка-героя Сярогіна, які жыў там, даведалася зусім нядаўна. Так і цягне сказаць, што жыццё і лёс Васіля Георгіевіча вартыя ўвасаблення ў літаратуры ці кіно. Але... Як выявілася, ён ужо даўно, яшчэ пры жыцці, стаў прататыпам аднаго з галоўных герояў знакамітага савецка-французскага фільма “Нармандыя — Нёман”. Памятаеце такі? Глядзелі?

Рыцарскі эпізод

Пасталелы пасляваенны кінематограф, паэты-франтавікі, “лейтэнанцкая проза”, кампазітары і жывапісцы — усе стваралі эпапею вайны і міру ХХ стагоддзя. Нямала рамантычных узнёслых старонак было сярод трагічных і гераічных падзей, выпрабаванняў Духа і чалавечнасці ў Вялікай Айчыннай вайне. Былі страты, былі паразы і была Перамога. І эпізод, які асабіста мне здаецца па-рыцарску выдатным.

Па прапанове Шарля дэ Голя, лідара французскага нацыянальнага вызваленчага камітэта “Змагарная Францыя”, баявога генерала, аднаго з найбуйнейшых палітыкаў ХХ стагоддзя, у СССР накіравалі групу лётчыкаў і механікаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях супраць Германіі. Эскадрылля спачатку называлася “Нармандыя” — у гонар французскай правінцыі, якая найбольш пацярпела ад нямецкай акупацыі, пазней — за баявыя подзвігі пры вызваленні Беларусі і Літвы, за фарсіраванне ракі Нёман — палку было прысвоена званне “Нёманскі”, “Нармандыя — Нёман”.

Французскія і савецкія авіятары крылом да крыла ўдзельнічалі ў Курскай бітве, беларускай аперацыі “Баграціён”, у баях ва Усходняй Прусіі. Змагаліся за мір і за неба, якое адно для ўсіх. Баявая слава легендарнага авіяпалка абляцела ўвесь свет і не магла застацца незаўважанай кінематаграфістамі.

Фільм дзякуючы жонцы Арагона

У 1960-м адбылася прэм’ера першай савецка-французскай ігравой кінастужкі “Нармандыя — Нёман”, якая праз год у Брусэлі атрымала ўзнагароду “За фільм, які спрыяе справе міру”. У Францыі карціну паказалі напярэдадні афіцыйнага візіту савецкага кіраўніка Мікіты Хрушчова. Абедзве падзеі — выхад фільма і візіт Хрушчова — мелі такі поспех, што ў тамтэйшым часопісе “Экспрэс” была змешчана карыкатура: прэзідэнт дэ Голь і першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў у форме пілотаў “Нармандыі — Нёман". Так, была ў гэтым фільме і вакол яго прэм’еры палітыка. Але якая прыгожая палітыка!

Гісторыя стварэння карціны пра герояў вайны і неба не менш цікавая і рамантычная, чым гісторыя самой эскадрыллі. Ініцыятарам, сааўтарам сцэнарыя і строгім куратарам усяго здымачнага перыяду стала французская пісьменніца Эльза Трыяле, лаўрэат Ганкураўскай прэміі, удзельніца французскага Супраціўлення, жонка Луі Арагона, былая масквічка, сястра Лілі Брык, сяброўка Уладзіміра Маякоўскага. Дакументальнымі матэрыяламі для фільма займаўся пісьменнік і публіцыст Ілья Эрэнбург, адным з сааўтараў сцэнарыя стаў Канстанцін Сіманаў. Музыку да фільма напісаў Радзівон Шчадрын.

Рыўер, Бюр, дэ Сэрэвіль…

У ролях савецкіх і французскіх лётчыкаў зняліся выдатныя акцёры. Для тагачасных няспешчаных уражаннямі савецкіх гледачоў гэтыя імёны, хутчэй за ўсё, мала што казалі. Затое цяпер, калі нам даступныя не толькі класіка айчыннага і сусветнага кінематографа, але і ўвесь шквал кінапрэм’ер, можна па вартасці адзначыць увесь ансамбль.

Ролю лейтэнанта Бенуа сыграў знакаміты ўжо тады Жорж Рыўер, які здымаўся ў Аргенціне, Германіі, Італіі, ЗША з Рычардам Бартанам, Генры Фонда, Шонам О’Конары, Жанам-Луі Баро... Дарэчы, пляменнік Жоржа Рыўера — Андрэ Рыўер — працяглы час жыў і працаваў у Беларусі, у Мінску. У ролі капітана дэ Ліро — Жэрар Бюр, прыяцель Жэрара Філіпа, з якім ён здымаўся ў шматлікіх карцінах, а ў ролях другога плана — з Амарам Шарыфам, Пітарам О’Тулам, Аленам Дэлонам, Марлонам Брандо, Томам Крузам. У невялікай ролі лейтэнанта Пікара — знакаміты мастак, графік, ілюстратар, акцёр Мішэль дэ Сэрэвіль, чые персанальныя выставы неаднаразова праходзілі ў Кіеве… Вось так мудрагеліста перапляліся ў часе кіно і жыцці героі рэальныя і артысты, якія іх увасобілі. Так рэальнае жыццё няспынна сілкуе і натхняе мастацтва.

Два абліччы аса

Але, мабыць, больш за ўсіх і ярчэй за ўсё ў фільме запомніўся абаяльны Мікалай Рыбнікаў — капітан Тарасенка, капітан “Таццяна”. Працуючы над гэтай роляй, папулярны акцёр, любімы гледачамі за фільмы “Вышыня”, “Чужая радня”, “Вясна на Зарэчнай вуліцы”, сустрэўся з прататыпам свайго кінагероя — Героем Савецкага Саюза Васілём Сярогіным, прыехаў да яго ў Гомель. Выявілася, што яны былі вельмі падобныя — вядомы артыст і камандзір эскадрыллі знакамітага авіяпалка, лётчык-ас капітан Сярогін — вясёлы і прыязны, выдатны гарманіст, дарэчы.

Капітан “Таццяна”

Неяк пасля першага ж удалага вылету ў складзе “Нармандыі — Нёман” Сярогін праспяваў таварышам песню “Таццяна”. Хто яе напісаў — цяжка сказаць. Загучала яна спачатку ў першае лета вайны ў Адэсе і стала такой жа папулярнай, як “Кацюша” і “Зямлянка”. Песня ў палку так спадабалася, што неўзабаве яе сталі напяваць і французскія лётчыкі. І заўсёды пасля вяртання пілотаў з пераможнага вылету спеў той транслявалі праз дынамікі. Яна стала гімнам і талісманам палка, яго пазыўнымі і музычным сімвалам крылатай дружбы, а капітана Сярогіна сталі называць “капітан “Таццяна”. І пасля вайны песня гучала на ўсіх сустрэчах ветэранаў палка. Прагучала песня і ў фільме ў выкананні Мікалая Рыбнікава, і ў... Парыжы — у выкананні самога лётчыка-героя. Пра гэта шмат пісалі ў газетах.

Аўдыяпірат — Сімона Сіньёрэ

У 1961 годзе ў мэрыі Парыжа адбыўся ўрачысты прыём у гонар ветэранаў авіяпалка “Нармандыя — Нёман”. Чатыром савецкім лётчыкам уручылі дыпломы і медалі ганаровых грамадзян Парыжа. Адным з іх быў тады ўжо гамяльчанін Васіль Сярогін. Савецкіх ветэранаў палка запрасілі да сябе ў госці знакамітая акцёрская сям’я — аскараносная Сімона Сіньёрэ і спявак ды акцёр Іў Мантан. Як заўсёды, Сярогіна папрасілі праспяваць “Таццяну”. Героя не збянтэжыла прысутнасць знакамітага шансанье — ён спяваў шмат і з задавальненнем. Сіньёрэ ж непрыкметна ўключыла магнітафон і на наступны дзень песня загучала па радыё, на вуліцах і ў кавярнях Парыжа. Капітан “Таццяна" стаў папулярным выканаўцам: калі лётчык пераходзіў вуліцы французскай сталіцы, паліцэйскія спынялі рух.

Сябар дэ Голя і замак караля-сонца

У пасляваенным жыцці Сярогіна былі яшчэ эпізоды, якія не ўсялякі сцэнарыст адважыўся б сачыніць. Усе ацалелыя “нармандцы” вярталіся на радзіму на знішчальніках “ЯК-9”, якія ім падарыў савецкі ўрад. А суправаджаў французаў капітан Васіль Сярогін.

Калі наш герой прыязджаў у Францыю, то жыў у замку Трыанон Людовіка ХІV у Версалі і нават спаў у ложку караля-сонца! На сустрэчы ў рэзідэнцыі свайго асабістага сябра Шарля дэ Голя на Елісейскіх палях сядзеў побач з французскім прэзідэнтам. Яго месца за сталом паказвала картка “Капітан “Таццяна”.

Сярогіну, дарэчы, не раз прапаноўвалі застацца жыць у Парыжы або на Блакітным беразе. Але ён вяртаўся. Выйшаўшы ў адстаўку палкоўнікам, жыў і працаваў у Гомелі... загадчыкам склада гатовай прадукцыі ў абутковым аб’яднанні “Праца”. Сам жартаваў: быў знішчальнікам — стаў спажыўцом. Яму прапаноўвалі высокую пасаду ў “Аэрафлоце”, а ён адмовіўся — для баявога лётчыка быць у авіяцыі, значыць, лётаць. І ніяк інакш.

У ваенным небе  — шчаслівейшы, чым на мірнай зямлі

Так склалася, што ў ваенным небе Сярогін быў шчаслівейшым, чым на мірнай зямлі. Жыццё, як вядома, — самы бязлітасны і самы непрадказальны драматург. Сын Васіля Георгіевіча, маёр міліцыі Валерый Сярогін у 1991 годзе памёр ад захворвання, атрыманага пры ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Праз два гады ўнук Эдуард, малодшы сяржант АМАПа, загінуў у перастрэлцы з кілерам на гомельскай Прывакзальнай плошчы. Яго іменем названая школа, у якой ён вучыўся. Новы час, новыя выпрабаванні, новыя пасіянарныя героі. І словы “ёсць такая прафесія — радзіму абараняць” перастаюць быць банальнасцю. Гэта і праўда словы афіцэрскага гонару. Так, усё так... Але хіба ад гэтага лягчэй? І зноў жа, сцэнарый жыцця, на жаль, не перапішаш, фінал не зменіш. А хэпі-энду не будзе.

Калі, перажыўшы і сыноў, і жонку, і ўнука, Васіль Георгіевіч Сярогін пайшоў з жыцця, мэр Парыжа даслаў у Гомель ліст-спачуванне з прычыны смерці ганаровага грамадзяніна французскай сталіцы. У сяле Ламінцава Тульскай вобласці Расіі школа носіць імя Героя Савецкага Саюза Васіля Сярогіна. Адна з вуліц новага мікрараёна Шведская горка ў Гомелі таксама атрымае ягонае імя. У гонар 100-годдзя з дня нараджэння Сярогіна ветэранская арганізацыя палка, у якім ён ваяваў, выпусціла памятны медаль “Капітан “Таццяна”. А па ўказе прэзідэнта Францыі Жака Шырака ў свой час авіяполк “Нармандыя — Нёман” стаў кавалерам ордэна Ганаровага Легіёна, найвышэйшай узнагароды Францыі. Выпадак выключны, бо статус ордэна не прадугледжвае ўзнагароджвання ім фарміраванняў замежных армій. І зноў палітыка, і зноў прыгожая і высакародная.

І яшчэ. Напэўна, адна з самых высакародных місій мастацтва быць захавальнікам памяці. І ў мастацкім фільме “Нармандыя — Нёман” назаўжды застаўся вясёлы, лагодны, адважны герой — капітан “Таццяна”, лётчык Сярогін Васіль Георгіевіч. Герой Савецкага Саюза, кавалер двух ордэнаў Леніна, ордэна Аляксандра Неўскага, пяці ордэнаў Чырвонага Сцяга, двух ордэнаў Чырвонай Зоркі, ордэна Айчыннай вайны І ступені, ганаровы грамадзянін горада Парыжа. Дарэчы, большасць сваіх узнагарод ён атрымаў у баях за Беларусь.

Вера САВІНА, кінасцэнарыстка, журналістка