Рух ажылай прасторы

№ 18 (1301) 06.05.2017 - 12.05.2017 г

Чаму прамовы і дыскатэка — не абавязковы фармат вулічных святаў?
Што змянілася ў сталіцы ды іншых гарадах Беларусі дзякуючы развіццю вулічнага руху? Напярэдадні адкрыцця разважаем пра гэта з арт-дырэктарам Мінскага форуму вулічных тэатраў Уладзімірам ГАЛАКОМ, яго памочніцай Таццянай ЯНУКОВІЧ і дырэктарам па развіцці Маргарытай КОРЗУН.

/i/content/pi/cult/636/14138/1-1.jpgТ.Я.: — Калі ў іншых краінах вулічны тэатр і цырк успрымаюцца непадзельна, бо звычайна тэатры ўзнікаюць пры цыркавых студыях, то ў Беларусі гэта розныя ініцыятывы, якія паступова аб’ядноўваем.

У.Г.: — Мы і раней запрашалі артыстаў цырка, напрыклад, з Амьена, працавалі з Белдзяржцыркам, але ўпершыню сфарміравалі асобную тэматычную праграму — 7 мая выступяць шэсць дзіцячых цыркавых студый з Мінска, Кобрына, Оршы, наш даўні сябра клоўн Міхаіл Фархутдзінаў са сваімі вучнямі, бальнічныя клоўны “Фанні ноўз” і госць з Ліворна Андрэа Фэдзі, больш вядомы ў Італіі як клоўн Катастрофа. У якасці эксперта мы запрасілі Інгу Лазавую з Цэнтра Славы Палуніна ў Маскве, каб удзельнікі маглі паслухаць яе парады.

Паспрабуем паказаць гледачам, адкуль паходзяць карані айчыннага вулічнага мастацтва — студыя “Варгін” рыхтуе для нас батлейку, а народны тэатр з Краснаполля забаўляльную праграмму накшталт тых, што праводзіліся калісьці на беларускіх кірмашах. Два праекты фактычна перайшлі да нас з праграмы фестываля “Пластформа” — перформансы “Structures” Сяргея Паяркава і “З кропкі А ў кропку В” харэографа Леры Хрыпач. Для абодвух удзельнікаў вулічны выступ — гэта эксперымент. Але большасць імёнаў у афішы паказаў на 7 і 8 мая гледачам ужо знаёмая.

— Фестываль праводзіцца ўжо пяты год. Што змянілася ў гарадской прасторы з таго моманту, як у Мінску акрэсліўся вулічны рух?

У.Г.: — Форум давёў, што вулічныя артысты — не проста людзі ў нейкіх касцюмах, якія забаўляюць іншых, а сапраўдны феномен мастацтва са сваімі правіламі. Падаецца, што ўсё так проста і яскрава, але вулічнае мастацтва — рэч сур’ёзная, якая эмацыйна аб’ядноўвае вялікую колькасць людзей у адным месцы, змяняе ўяўленні пра пэўную прастору.

Хто такія беларускія вулічныя артысты? Згодна з сучаснай тэрміналогіяй — аматары, бо не маюць адпаведнай адукацыі і не зарабляюць грошы на жыццё такой дзейнасцю. У прынятым Кодэксе аб культуры Рэспублікі Беларусь няма паняццяў вулічнай культуры і мастацтва. Але год за годам мы бачым, як гэтыя аматары-энтузіясты павышаюць свой прафесійны ўзровень.

Т.Я.: — Відавочна, што і глядач змяніўся за гэты час — яму прасцей узаемадзейнічаць з артыстамі, няма такога страху, як раней, бо ён адчувае, што цяпер і яму належыць гарадская прастора.

Шмат хто прыходзіць на пляцоўкі ўжо падрыхтаваным — са сваім крэслам ці дыванком — і спакойна сядае глядзець спектаклі на зямлю. Гэтак выпрацоўваецца глядацкая культура. Паступова мы ахопліваем розную аўдыторыю. Асабліва летась была заўважнай колькасць дзіцячых спектакляў — выхоўваем свайго маленькага гледача, які прыходзіць са сваімі бацькамі. Я хацела б яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што форум ці іншы вулічны фестываль — гэта не проста свята, а працэс аб’яднання адных людзей з іншымі людзьмі, горада і яго жыхароў.

/i/content/pi/cult/636/14138/1-3.jpg— Якім зменам у мастацкім асяроддзі паспрыяў гэты працэс?

М.К.: — Форум адкрыў дзверы іншым жанрам і відам мастацтва, людзі сталі задумвацца пра тое, каб выйсці са сваімі працамі на вуліцу. Мне падаецца, што першымі адгукнуліся архітэктары і ўрбаністы. Затым стала заўважнай гарадская скульптура. На мінулым тыдні, напрыклад, “Спеўны сход” збіраўся на Зыбіцкай, на плошчы Свабоды праходзілі паказы мод — цяпер гэта ўжо нікога не здзіўляе і не пужае.

У.Г.: — Нават ідэю выставы “Арт-астравы”, што цяпер кожны год адкрываецца каля Камсамольскага возера, мы прывезлі з Амьена, калі вярнуліся адтуль з фестывалю.

Т.Я.: — Вулічны рух па-новаму паказвае гараджанам знаёмую прастору. Летась наш фестываль выбраў адной з пляцовак Карэтны дворык на вуліцы Кірыла і Мяфодзія — і цяпер гэта добра вядомая ўсім пляцоўка для самых розных мерапрыемстваў. Квартал Верхняга горада, які цяпер называюць пешаходным, сфарміравалі людзі, звязаныя з вулічнай культурай.

М.К.: — Гэта ўсё наступствы першых фестываляў, калі разам працавалі і рамеснікі, і харэографы, і музыкі, і фокуснікі, і тэатральныя артысты, і арганізатары ларпаў. Потым хтосьці стаў развівацца разам з намі, а хтосьці  — сам па сабе, але таксама на вуліцы. Вялікі штуршок развіццю вулічнага руху даў Чэмпіянат свету па хакеі ў 2014-м. Мы ўпершыню тады працавалі ў гістарычным цэнтры, а горад яшчэ не разумеў, як можна запоўніць гэтую прастору, дзе знаходзілася шмат людзей — і замежнікаў, і мясцовых жыхароў. Цяпер мы бачым, што паказаны намі фармат быў прыняты.

У.Г.: — За пяць гадоў мы пераканалі гарадскія ўлады, што вартыя ўвагі, таму што вулічны рух цікавы вялікай колькасці людзей, а без муніцыпальнай падтрымкі ён не можа існаваць нідзе.

— Дзе і ў якіх кірунках развіваецца гэты рух па-за Мінскам?

М.К.: — З першага ж форуму мы сталі выязджаць у іншыя гарады рэспублікі, што дало штуршок развіццю падобных праектаў у Віцебску, Магілёве, Брэсце…. Там зразумелі, што стандартныя прамовы і дыскатэка — зусім не абавязковы фармат для вулічных святаў, што можна прапанаваць людзям магчымасць стаць не проста гледачамі, а саўдзельнікамі.

Т.Я.: — Напрыклад, у Магілёве вулічны рух таксама актыўна стаў развівацца ў 2013-м, калі рэжысёр Жан Мельнікаў са сваімі артыстамі прайшоў па пешаходнай вуліцы Ленінскай “смеццевым шэсцем” — ён быў у вобразе барона, які кіруе сваімі падданымі і паказвае, дзе не хапае смецця, каб яны яго туды накідалі. І яны кідалі, але завяршалі шэсце артысты ў вопратцы супрацоўнікаў ЖЭСу: спачатку смецце збіралі яны, а потым да іх далучыліся мінакі. Пасля разавых акцый з’явіліся фестывалі. На жаль, пасля смерці Жана Мельнікава фестываляў больш няма, але рух усё адно не спыняецца.

У.Г.: — Адначасова і незалежна адзін ад аднаго гэты рух пачаўся адразу ў трох гарадах — у Мінску, у Магілёве і ў Гродне, дзе таксама з’явіўся і штогод у чэрвені праводзіцца “Біг-міні-фестываль”. Да гэтага часу на “М@rt.кантакт” у Магілёў ці на “Белую вежу” ў Брэст прыязджалі вулічныя тэатры, праходзілі разавыя мерапрыемствы з удзелам артыстаў, але вулічнае мастацтва як з’ява не было шырока прадстаўлена гледачу да згаданага часу.

М.К.: — Важна, што тады разам сабраліся зацікаўленыя людзі і сканцэнтраваліся вакол ідэі, якая прыйшла са знешняга боку — Марына Акішына, якая арганізоўвае фестываль у Яраслаўлі, прыязджала з прапановай арганізаваць вялікі міжнародны тэатральны караван і завяршальнай яго кропкай зрабіць менавіта Мінск. Каравану не атрымалася, а Мінск атрымаўся.

У.Г.: — Калі Брэст абвясцілі культурнай сталіцай у 2015 годзе, я зразумеў, што гэта добрая нагода прапанаваць гораду вулічную праграму. Нам былі вельмі рады, і на наступны год ужо самі брэстчане паспрабавалі арганізаваць там фестываль.

Т.Я.: — У 2015 годзе дзякуючы рэжысёру Уладзе Цвікі з’явіўся вялікі фестываль “На сямі вятрах” у Віцебску. Сем вятроў — сем відаў мастацтва. Там прадстаўлены і вулічныя паэты, і перформеры, і мастакі, і музыканты, і артысты. Ён праводзіцца ў ліпені і супадае па часе са “Славянскім базарам…”

У.Г.: — Сёлета культурная сталіца Беларусі — Бабруйск, таму прапанавалі прывезці і туды нашых артыстаў. З 12-й да 17-й гадзіны 2 ліпеня выступаем на пешаходнай вуліцы Сацыялістычнай.

М.К.: — Насамрэч усе хочуць бачыць у сябе вулічных артыстаў. Любань, Ліда, Кобрын, Браслаў — увесь час узнікаюць нейкія прапановы ад гарадоў, але не заўжды атрымліваецца ўсё ўзгадніць.

У.Г.: — Мы часта гатовыя, але грошай на падзею няма.

/i/content/pi/cult/636/14138/1-2.jpg— Тады дзе можна іх знайсці пры ўмове, што зарабіць на вулічных выступах немагчыма?

У.Г.: — Вулічны тэатр не быў і не можа быць самаакупным. Мы не прадаем на яго прадстаўленні білетаў, таму ёсць толькі два варыянты, каб вырашыць пытанне — альбо фестываль ці канкрэтны выступ фінансуецца мясцовымі ўладамі, зацікаўленымі правесці мерапрыемства, альбо трэба шукаць спонсара, якому можна прапанаваць правесці цікавую іміджавую акцыю. Глядач нічога не плаціць, але артыстаў трэба, як мінімум, дзесьці рассяліць і пакарміць, аплаціць ім дарогу.

— Калі замежныя госці штогод розныя, то імёны беларускіх артыстаў у праграме амаль адны і тыя ж. Новыя не з’яўляюцца ці проста не трапляюць у праграму?

М.К.: — Спачатку год за годам мы адкрывалі тыя калектывы, што ўжо існуюць. Цяпер прыйшоў момант, калі ўсіх, хто працуе ў Беларусі ў такім кірунку, мы ўжо прыцягнулі да сябе. Некаторых заахвочваем спрабаваць сябе на вуліцы, але яны звычайна ўсё ж такі працуюць у іншай прасторы — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага ці Белдзяржцырк.

У.Г.: — Новыя імёны ўсё ж такі з’яўляюцца, але пад разавымі праектамі. Існуюць студыі пры тэатрах “Вір”, “Eye”, “Інжэст”. “Мусташ” спрабаваў праводзіць заняткі, у мінулым годзе мы арганізавалі школу вулічнага тэатра і яе выпускнікі будуць выступаць на форуме. Калі камусьці становіцца цікава паспрабаваць сябе ў такім кірунку, яны спрабуюць — і на гэтым, на жаль, усё, бо яскравых вынікаў адразу не будзе, выдатнага спектакля ў першы ж год не атрымаецца, суперзоркай экрана не станеш, грошай не заробіш. Няма ў нас ні інфраструктуры, ні сацыяльнай абароненасці вулічных артыстаў. Нават статусу, паўтаруся, у іх няма. Адзінае з магчымага — атрымаць сертыфікат творчага работніка, але для гэтага трэба давесці, што ты артыст, які супрацоўнічае з рознымі арганізацыямі і фестывалямі. Таму ў вулічным руху застаюцца толькі ідэйныя людзі, якім проста ў кайф гэтым займацца.

Вераніка МОЛАКАВА

На здымках: падчас леташняга Мінскага форуму вулічных тэатраў; героі інтэрв'ю.

Фота з архіву фестывалю


“Голас Мінска” — крок за крокам

Уладзімір ГАЛАК, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, мастацтва- і тэатразнаўца, аўтар і арганізатар тэатральных праектаў, апынуўся ў прасторы ўвагі “К” і як пераможца Рэспубліканскага конкурсу культурных праектаў і ініцыятыў творчай моладзі “Геній-стартап” (гл. “К” №№ 12 і 15 за 2017 г.). Уладзімір вылучаў праект, які нібыта яднае вулічна-тэатральныя эксперыменты — праменад-спектакль “Голас Мінска”.

— У свеце ёсць прыклады спектакляў, разлічаных на розныя варыянты “абжывання” іншай прасторы. Спектаклі, у час якіх змяняецца не антураж на сцэне, а сама пляцоўка, дзе іграюць артысты. Адпаведна, перамяшчаюцца і гледачы: пераходзяць з пакоя ў пакой, выходзяць з залы ў фае — рухаюцца туды, куды іх запрашаюць. Нават становяцца ўдзельнікамі балю ці якой іншай падзеі.

— Штосьці падобнае пачало ўзнікаць і ў нас. Узгадаю навагоднюю “Снежную каралеву” польскага рэжысёра Дарыуша Язерскага ў новым дзяцічым тэатры “Кропка”, красавіцкую прэм’еру “Бога казытання” грузінскага рэжысёра Давіда Мгебрышвілі ў прасторы Галерэі “Сталоўка XYZ”, дзе ў пачатку другой дзеі гледачы ператвараліся ў наведвальнікаў фотавыставы. Праўда, ваша прапанова, вылучаная на конкурс, была раней.

— Дый па змесце яна адрозніваецца! Бо мне хацелася б сумясціць тэатр з… экскурсіяй па горадзе.

— Добра, тады згадаю сумесны беларуска-славенскі “Стрытвокер”, прэзентаваны на III Мінскім форуме вулічных тэатраў і Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва “TeART” у 2014-м: пад кіраўніцтвам “экскурсавода” Аляксея Стрэльнікава гледачы блукалі па Верхнім горадзе, знаходзячы вартыя ўвагі арт-аб’екты ў самых звычайных побытавых рэчах.

— Мой “шпацыр” крыху іншы. Ён таксама будзе пачынацца, мяркую, ад сталічнай Ратушы, але завершыцца дзесьці непадалёк ад новага будынка Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гледачы агульнай колькасцю да пяцідзесяці чалавек збіраюцца ва ўмоўленым месцы і, уключыўшы плэер з навушнікамі, пачынаюць рухацца па спланаваным маршруце. Загадзя запісаны голас у навушніках (адсюль і назва праекта) не толькі накіроўвае гледачоў ісці ды глядзець туды ці сюды, але і расказвае штосьці цікавае пра сустрэтыя аб’екты.

— Дык атрымліваецца звычайная вулічная экскурсія! Прычым тут тэатр?

— Пры тым, што вам не проста гавораць паглядзець направа ці налева, а распавядаюць (дадам, пад музыку, як гэта бывае, прыкладам, у радыётэатры) нейкую сюжэтную лінію. Але, у адрозненне ад той жа аўдыякнігі, прыдуманая гісторыя паўстае перад вамі быццам “жыўцом”, у “жывых дэкарацыях”. Бо па гэтым маршруце вас там-сям сустракаюць артысты — і, у залежнасці ад сцэнарнай сітуацыі, паказваюць гэткую сумесь вулічнага тэатра, флэш-моба, перформанса.

— А звычайныя мінакі — ці не будуць яны замінаць спектаклю? І ці не будзе замінаць спектакль ім самім?

— Калі вы пра “дробных хуліганаў”, дык ад іх не застрахаванае ніводнае вулічнае прадстаўленне. У астатнім мы ж не збіраемся ладзіць паказы ў натоўпе ля завадской прахадной ці на ажыўленых вуліцах у “гадзіну пік”. Больш за тое, маршрут і графік правядзення такіх спектакляў і іх рэпетыцый будуць, вядома, узгадняцца з мясцовымі ўладамі. Ну, а тое, што хтосьці са старонніх убачыць фрагмент, можна расцэньваць як дадатковую рэкламу: калі чалавек зацікавіцца, дык наступным разам прыйдзе на ўвесь спектакль. І сяброў з сабой прывядзе!

— Сапраўды, цікава — гэткі мастацкі твор у выглядзе адметнага турыстычнага маршрута з аўдыягідам.

— Мы таксама думалі пра турыстаў. Дарэчы, “голас у навушніках” можа быць перакладзены на любыя мовы, якія будуць запатрабаваны. А яшчэ падобныя праекты можна ладзіць не адно ў сталіцы, але і ў іншых гарадах.

— І ўвогуле на турыстычных аб’ектах, куды завітваюць не паасобку, а экскурсійнымі групамі. Да таго ж, у такія спектаклі можна дадаць і элементы квэсту, інтэрактыву. А калі дзеянне будзе разгортвацца не ў цэнтры населенага пункта, а дзесьці ў загараднай зоне, дык магчыма і гульні задзейнічаць — асабліва, калі збярэцца маладзёжная “тусоўка”.

— Так, кожны падобны спектакль можа стаць своеасаблівай “візітоўкай” пэўнай мясціны і ўсёй Беларусі. Дый для здароўя карысна! Сучаснаму чалавеку пры яго цяперашняй гіпадынаміі не перашкодзіць крыху прайсціся па вуліцы.

— Праект цудоўны, толькі… хто ўсё гэта ўвасобіць? Ці ёсць на прыкмеце рэжысёры, аўтары?

— Планавалася, што ўсё будзе ажыццяўляцца сумесна з Цэнтрам эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Поле дзейнасці тут вялікае, нафантазіраваць можна многа. На сёння галоўнае — каб праектам зацікавіліся адпаведныя дзяржаўныя структуры. Паводле папярэдняга каштарысу, для старта спатрэбіцца крыху больш за 12 тысяч рублёў. Акупіцца ж праект літаральна праз 30 паказаў — пры кошце білета ў 10 рублёў. У традыцыйных тэатральных пастаноўках больш за ўсё грошай, як вы разумееце, звычайна сыходзіць на сцэнаграфію і касцюмы. А тут сцэнаграфія не патрабуецца. Дый колькасць артыстаў не павінна быць вялікай — чалавек шэсць, пэўна, хопіць. Можна задзейнічаць і студэнтаў: для іх гэта будзе добрая практыка.

— Ведаеце, я падумала пра тое, што ваша дзейнасць па правядзенні форумаў вулічных тэатраў  — таксама своеасаблівая “практыка” на шляху да праекта “Голас Мінска”. Прычым праходзяць практыку не толькі арганізатары і ўдзельнікі, але і гледачы, атрымліваючы вопыт успрымання вулічных спектакляў і іншых імпрэз, розных па жанрах, стылях, тэхніках і іх усялякіх мікстах. А як вы зацікавіліся тэатрам? Бо пачыналі ж з рамана-германскай філалогіі ў БДУ. Бескарысная спецыяльнасць?

— Веды бескарыснымі не бываюць. Я добра ведаю французскую, нямецкую мову, што вельмі дапамагае вырашаць пытанні з замежнымі ўдзельнікамі і гасцямі, у тым ліку ў НЦСМ. Філалогія — гэта вялізны культурны пласт, дасканалае вывучэнне літаратуры, уключаючы драматургію. Так што ўніверсітэт, можна сказаць, стаўся яшчэ адной маёй прыступкай да тэатральнага мастацтва. Цалкам натуральна потым былі магістратура падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі, якую скончыў як мастацтвазнаўца, і, нарэшце, аспірантура Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Бо тэатрам я цікавіўся здаўна, а са студэнцкіх гадоў — асабліва.

— Дык у НЦСМ вы “па сумяшчальніцтве” за перакладчыка? А яшчэ, як я назірала ў час правядзення на вашай сцэне спектакляў, і за адміністратара?

— Здараецца, і за грузчыка, рабочага сцэны таксама. Але ж хочацца, каб наш цэнтр стаўся сімвалам творчых эксперыментаў і ўсяго найноўшага, што з’яўляецца ў галіне сучаснага мастацтва. Такія спектаклі, як “Ілюзіі”, “Камера, якую дала мне маці”, з’явіліся пры падтрымцы НЦСМ. Мы развіваем кірункі форум-тэатра, дзе гледачы могуць заняць месцы кагосьці з артыстаў і паўплываць на дальнейшы разгорт падзей, плэйбэк-тэатра, дзе гледачы распавядаюць свае гісторыі, артысты ж спантанна-імправізацыйна разыгрываюць іх. Прыязджаюць да нас і спектаклі з іншых гарадоў Беларусі, з замежжа. Сачыце за афішай! Прыемна, што паказы і мерапрыемствы на нашай сцэне карыстаюцца попытам. Водгукі таго ж фестывалю дзіцячых тэатраў “Казачны джэм” ідуць і дагэтуль. Імкнемся, каб глядач прыходзіў на спектаклі не выключна “адпачыць” і “адключыцца” ад жыццёвых праблем, а, наадварот, паразважаць. Тая ж мэта і ў праекта “Голас Мінска” — сумясціць прыемнае з карысным…

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"