Харавыя сходы: усё яшчэ эксклюзіў

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

У жодзінскім Палацы культуры БелАЗа прайшоў VIII Адкрыты фестываль харавога мастацтва “Ад Шчырага сэрца”. Гран-пры паехаў у сталіцу: яго атрымаў папраўдзе бездакорны Архіерэйскі хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Спецыяльны прыз “За лепшае выкананне песні Эдуарда Шчырага”, памяці якога і ладзіцца свята, быў прысуджаны добра спрактыкаванаму вакальнаму ансамблю “Шчырасць” мясцовай дзіцячай школы мастацтваў.

/i/content/pi/cult/635/14131/2-3.jpgПадчас аднаго з канцэртаў фестывалю.

Фестываль праходзіць біенале, але цяперашняга давялося чакаць удвая дольш. Затое вынік не расчараваў, бо, як пажартавалі арганізатары, кожны з удзельнікаў рыхтаваўся ажно чатыры гады — а насамрэч, дадамо, усё жыццё, бо сцэна адразу высвечвае “плюсы” ды “мінусы”. Праўда, умяшаліся непрадбачаныя абставіны: да конкурснай сцэны, на жаль, не змог дабрацца ніводзін хор профільных навучальных устаноў — тых жа музычных каледжаў, якія заўжды задавалі высокі ўзровень. Прычына вельмі простая: не знайшлі грошай на аўтобус. Шкада, бо харавых сходаў у нас ладзіцца не так многа. А такія, дзе можна паспаборнічаць ды атрымаць каштоўны падарунак, становяцца ўвогуле “эксклюзівам”.

Вакальных ансамбляў аказалася ледзь не ўтрая больш, але рэдкія з іх дацягвалі да гэтага азначэння. Часцей яны ўяўлялі з сябе гэткія “міні-харавыя” калектывы, што спяваюць усяго на два, максімум на тры галасы і крыху дапаўняюць, адцяняюць саліста ў прыпевах. Крыўдна было і тое, што такія “не зусім ансамблевыя” калектывы (у ансамблі, у адрозненне ад хору, кожны павінен прэтэндаваць на ролю саліста) узнікаюць у тым ліку ў прафесійным асяродку — у дзіцячых школах мастацтваў, яднаючы педагогаў. Затое гаспадары прадставілі ансамбль “Камплімент”, які вылучаўся шыкоўнымі ансамблевымі апрацоўкамі твораў Дзмітрыя Окунева, крэатыўнымі сцэнічнымі строямі, імкненнем надаць адметнасць кожнай з пяці дзяўчат-удзельніц — і знешне, прапанаваўшы ім розныя фарбы ў касцюмах, і музычна, расклаўшы партытуру на пяць галасоў, дзе ёсць месца і поліфанічным прыёмам, уключаючы канон, і сучасным бэкам. “Ночка зорная купальная” Эдуарда Шчырага (нагадаем: умовай фестывалю з’яўляецца выкананне адной з песень гэтага жодзінскага хормайстра) упершыню загучала з яркім блюзавым каларытам — дый увогуле, гэткім чынам ягоную творчасць яшчэ ніхто не ўяўляў. Адное толькі сапсавала ўражанне — удзельніцы “Камплімента”, пры ўсёй сваёй апантанасці, пакуль не дацягвалі да заяўленых вяршынь. Але ж як яны да гэтага імкнуцца, абраўшы адзін з самых, бадай, перспектыўных кірункаў шматгалосся, дзе ўсе галасы выступаюць на роўных! І гэта пры тым, што, як высветлілася, выканаўцы, за выключэннем кіраўніцы Ганны Мігуры, выпускніцы БДУКіМ, нават нот не ведаюць, знаходзячыся ў няроўных умовах са многімі іншымі калектывамі, цалкам ці часткова ўкамплектаванымі выхаванцамі сярэдніх і вышэйшых музычных устаноў.

Харавыя фестывалі, падобныя жодзінскаму, — не проста патрэбныя, а неабходныя. Яны павінны існаваць у кожным рэгіёне, даючы магчымасць калектывам не “варыцца ў сваім соку”, а абменьвацца вопытам, удзельнічаць у сумесных акцыях (фіналам такіх мерапрыемстваў звычайна становяцца спевы харавой “зборнай”, складзенай з усіх калектываў). Тады агульнарэспубліканскае “Харавое веча”, традыцыя правядзення якога ўзнікла ў нас некалькі гадоў таму, будзе яшчэ больш велічным акордам. І ў агульным патрыятычным парыве заспяваюць не адно прафесіяналы і найбольш адданыя аматары, а ўся краіна.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"