Вясна з “…Чараўніцтвам”

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Вясна ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, як заўжды, азорана не толькі ўласна вучэбнымі заняткамі, але і буйной навуковай канферэнцыяй ды шэрагам адметных канцэртна-тэатральных праектаў. Тут завяршыўся Велікодны фестываль, некалькімі днямі раней прайшлі ХХVI Міжнародныя навуковыя чытанні памяці Лідзіі Мухарынскай, а таксама традыцыйны студэнцкі канцэрт на галоўнай акадэмічнай сцэне краіны — у сталічнай філармоніі. Падзеі ладзіліся напярэдадні 85-годдзя БДАМ.

/i/content/pi/cult/635/14118/8-3.jpgСцэна з оперы “Дзіця і чараўніцтва”.

Ледзь не сотня навуковых дакладаў, дзясяткі студэнцкіх выступленняў, лекцыі, выставы прэзентацыі, канцэрты: ад этнаграфічнай аўтэнтыкі да твораў выкладчыкаў і студэнтаў-кампазітараў, шырокі гісторыка-геаграфічны ахоп тэм, розныя да іх падыходы і методыкі даследаванняў.

Адной з самых “чаканых нечаканасцяў” стаўся паказ аднаактовай оперы Марыса Равэля “Дзіця і чараўніцтва”, падрыхтаваны опернай студыяй. Спектакль выклікаў ажыятаж яшчэ і таму, што гэта была прэм’ера згаданага твора ў Беларусі. Заходнееўрапейскае мастацтва стогадовай даўніны, у адрозненне ад класікі рамантызму, усё яшчэ з цяжкасцю знаходзіць у нас шлях да выканаўцаў і, адпаведна, публікі. Больш за тое, музыка пачатку ХХ стагоддзя па-ранейшаму лічыцца тым авангардам, які не змогуць успрыняць не толькі слухачы-гледачы, але і тыя ж спевакі, выхаваныя на традыцыях бельканта. Але рэжысёр Ганна Маторная, схільная да эксперыментаў, даказала, што пры слушным падыходзе вынік можа быць цудоўным.

Пастаноўкі опернай студыі звычайна разлічваюцца на дыпломнікаў, на справе пацвярджаючы іх прафесійны ўзровень і гатоўнасць да самастойнай працы. А вось у “…Чараўніцтве” ўдзельнічалі, па вакальных мерках, пакуль яшчэ “дзеці” — студэнты пераважна 2-га і 4-га курсаў. Але нават тыя, у каго меўся сцэнічны вопыт, паўсталі ў новых якасцях. І разбілі міф пра тое, што сучасная музыка псуе галасы. Наадварот, опера Равэля дала вакалістам магчымасць адчуць сябе не проста салістамі, а артыстамі, выявіўшы і рэалізаваўшы акцёрска-пластычныя здольнасці, уменне хутка змяняць вобразны строй, выходзячы ў некалькіх ролях.

Опера як найлепш пасуе моладзі, прычым з абодвух бакоў рампы. Яе актуальнасць для публікі — у звароце да тэмы аховы навакольнага асяроддзя, жыцця ў гармоніі з прыродай, дзе экалогія сплятаецца з маральнай праблематыкай свабоды і ўседазволенасці. Актуальнасць для маладых музыкантаў — у вялікай колькасці не надта працяглых, але выразных партый і ў звароце да полістылістыкі, уключаючы джазавыя павевы. Аркестравая партытура была заменена больш “празрыстым” камерным варыянтам, дзе асноўная нагрузка размеркавалася паміж раялем (Сяргей Мікулік) і сінтэзатарам (Лілія Туравец), да якіх далучыліся жывыя тэмбры флейты (Ганна Пыкавая) і ўдарных (Антон Невяроўскі, Валерыя Рыбінская). Партыя Гадзінніка ўвогуле гучала ў запісе, што надало гэтаму персанажу містычнае адценне. Хаця ўсё тое крыху “змікшыравала” багацце музычных фарбаў, перакрыкваць праславутыя тры трамбоны не давялося: дырыжор-пастаноўшчык Аляксандр Высоцкі ашчадна ставіўся да маладых галасоў, дэталёва выяўляючы тонкасці тэмпава-драматургічных, дынамічных, стылёвых паваротаў.

Вялікую ролю ў спектаклі адыгрывала пластыка. Харэографам-пастаноўшчыкам выступіла студэнтка-пяцікурскніца Юлія Мельнічук: гэта яе дыпломная праца. Для розных дзейных асоб, сярод якіх былі і прадстаўнікі флоры-фаўны, і прыродныя з’явы-стыхіі, і фантазійныя вобразы “ў сне”, было знойдзена сваё рашэнне. Дзесьці харэограф сыходзіла з уяўленняў саміх спевакоў, даючы ім волю, дзесьці — прапаноўвала дакладную сетку рухаў, дзесьці — працягвала натхняць артыстаў нават у час спектакля, у люстэркавым адбітку “вытанцоўваючы” з апошняга шэрагу партэра рухі.

Ды ўсё ж галоўным “рухавіком” праекта стала яго мастацкі кіраўнік і рэжысёр Ганна Маторная, якая выступіла і аўтарам сцэнаграфіі ды відэапраекцый. Здавалася б, пастаноўка такога “фэнтэзі” павінна патрабаваць тэхнічных прыстасаванняў. А тут, у дадатак да мінімалістычна стыльных строяў, абышліся некалькімі кубамі, відэамантажом, нечаканым грымам, падобным да расфарбоўкі фанаў ці балельшчыкаў, — і філасофская казка “ажыла”, стварыўшы атмасферу чароўнага прыцягнення і, пры ўсёй фантазійнасці, амаль “шахматнай” разлічанасці.

Партыю Дзіця вырашылі не даручаць мецца-сапрана, як гэта прадугледжана опернымі традыцыямі, а перакласці яе для лірычнага барытона — 22-гадовага Міхаіла Лілы, вядомага і па дзіцяча-падлеткавым эстрадным мінулым, уключаючы адборы на “Еўрабачанне”, і па сваёй цяперашняй артыстычнай кар’еры ў нашым Музычным тэатры. Спевака было не пазнаць! Калі ў спектаклях згаданага тэатра ён часам выглядае крыху скаваным, не надта гнуткім, дык тут — быццам сапраўды запалілася яго менавіта акцёрская зорка, настолькі разняволена ён пачуваў сябе ў ролі рухавага, эмацыйна выбуховага хлапчука.

А якімі каларытнымі, запамінальнымі атрымаліся іншыя героі! Кот і Котка з іх амаль эратычным муркатаннем, Прынцэса як сімвал першай дзіцячай закаханасці, Страказа, падобная да анёла-чараўніцы, маленькае Ваверчаня, на ролю якога запрасілі дачку адной з супрацоўніц. Замест таго каб неяк “ажыўляць” побытавыя прадметы, што прыходзяць да хлопчыка ў сне, Крэсла паўстала ў вобразе Дзядулі, Канапка — Медсястры, Чайнік з Кубкам — Цётухны-сваячкі і яе Кавалера. Ды пра кожнага ўдзельніка можа казаць асобна! Бо нават хору даводзілася “прымерваць” на сябе розныя ролі, выступаючы мэбляй, лічбамі, попелам, малюнкамі на шпалерах, жабкамі, жывёламі, дрэвамі.

Адно, хіба, выйшла дрэнна: паглядзець оперу змаглі далёка не ўсе ахвотныя. Адзіны паказ папраўдзе выбітнага праекта — ці ж гэта слушна? Калі для драматычных спектакляў, падрыхтаваных студэнтамі, яшчэ можна знайсці там-сям прыстасаваную пляцоўку, дык што рабіць з тымі ж операмі? А “Дзіця і чараўніцтва” вартае таго, каб стаць папулярным як у шырокай публікі, так і ў асяродку спецыялістаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"