Пра барабанны дыялог, "Кінахвалю" і дугу Струвэ

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Крыху пазітыву ад разумнага Міхаіла Велера. Ён сцвярджае, што ў адпаведнасці са статыстыкай UNESCO, пацверджанай даследаваннямі фонду Карнегі, людзі, якія чытаюць, жывуць даўжэй за тых, хто не чытае. І даўжэй захоўваюць працаздольнасць. Тыя, хто прачытвае адну кнігу за два тыдні (дваццаць — сорак кніг за год), жывуць у сярэднім на 4,2 года больш за тых, хто катэгарычна ігнаруе літаратуру. І грашовы даход у першых вышэйшы на 27 працэнтаў. Так што чытайце, каб доўга і добра жыць!

/i/content/pi/cult/635/14110/11-1.jpgСтолінская раённая кінавідэасетка здзіўляе. Яна ладзіць кіналекторыі не толькі ў школах, але і ў іншых арганізацыях і ўстановах раёна. Тэматыка такіх мерапрыемстваў звязана са здаровым ладам жыцця, працоўнай дысцыплінай, правапарадкам, аховай працы, пажарнай бяспекай і бяспекай дарожнага руху. З пачатку навучальнага года кіналекторыі праведзены ў 375 навучальных установах.

Метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Таццяна Смаршчок піша: “На базе нашай установы прайшло свята “Веснавы карагод Магілёўшчыны” ў рамках абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Скарбніца Падняпроўя”. У свяце прынялі ўдзел выканаўцы, калектывы, майстры Дрыбінскага, Кіраўскага, Клічаўскага, Касцюковіцкага, Асіповіцкага раёнаў. Быў прэзентаваны вясновы абрадавы цыкл”.

Ашмянская раённая бібліятэка правяла гучныя чытанні “Францыск Скарына — гуманіст, асветнік, першадрукар”. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Садоўская паведамляе: “Мерапрыемства ладзіцца ў рамках абласной акцыі “Чытаем разам” і прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Творы Францыска Скарыны, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Караткевіча чыталі навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа, настаўнікі, урачы і работнікі культуры”.

У міжнародным конкурсе спевакоў у Нефцекамску за Беларусь выступіла мінчанка Залія Азарава і атрымала дыплом ІІ ступені. Башкірскія і татарскія песні выконвалі там 57 канкурсантаў.

Навагрудскі цэнтр культуры і народнай творчасці сабраў восем шматдзетных сем’яў на раённы конкурс “Саюз родных сэрцаў”. Пра гэта распавядае кіраўнік згаданай установы Наталля Кавальская. Кожная сям’я паказала візітоўку і прэзентацыю сацыяльнага праекта “Мая краіна — мая сям’я”.

29 — 30 красавіка ладзіцца ХІ Абласны фестываль народных тэатральных калектываў “Лідскія тэатральныя сустрэчы”. У гарадскім Палацы культуры збяруцца 12 лепшых калектываў і пакажуць драматычныя, лялечныя і музычныя спектаклі.

Чацвёрты раз у Эстоніі праходзіў міжнародны конкурс выканаўцаў на ўдарных устаноўках. Мерапрыемства пачалося з “барабаннага дыялогу” прафесіяналаў. Конкурсныя праслухоўванні праходзілі па трох узроставых групах. Паспяхова саліраваў і заняў першае месца настаўнік дзіцячай школы мастацтваў № 3 Барані Антон Жалезнякоў. Цудоўна выступілі і ягоныя вучні Кацярына Івашнева, Вадзім Шахманаў, Таццяна Сыравацкая. Пра гэта напісала настаўнік ДШМ № 3 Барані Наталля Латышава.

Вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Кацярына Варанькова паведаміла пра тое, што ў бюлетэні “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”, які выдаецца НББ, змешчаны бібліяграфічны спіс “Бабруйск — культурная сталіца Беларусі 2017 года”. Тут змешчаны звесткі (пераважна за апошнія дзесяць гадоў) пра ўзнікненне, развіццё, архітэктурныя і культурныя асаблівасці горада.

Галіна Гашчук піша са Століна. Раённы семінар-вучоба культработнікаў прайшоў у Цэнтры ганчарства вёскі Гарадная і Фядорскім доме народнай творчасці. Майстар-клас правёў 75-гадовы ганчар Рыгор Кавалька. А юныя ткачы з Фядораў прадэманстравалі свае вырабы. Быў прааналізаваны досвед работы з фальклорнымі калектывамі.

70 гадоў спаўняецца аднаму са старэйшых народных тэатраў Мінска — “На доўгім бродзе”. Ён вырас з драматычнага гуртка Дома культуры Мінскага трактарнага завода. 27 красавіка юбілейныя ўрачыстасці адбыліся на вялікай сцэне Палаца культуры МТЗ.

Сёлета гораду Бяроза, што на Брэстчыне, — 540 гадоў. З гэтай нагоды Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей распрацаваў праект — цыкл музейных вечароў “Горад у панараме стагоддзяў”. Мерапрыемствы, як распавядае Галіна Халімончык, ладзяцца кожны апошні чацвер месяца. Мэта праекта, які будзе рэалізоўвацца цягам года, — як мага паўней раскрыць музейныя фонды. Музей падчас такіх вечароў працуе да 20-й вечара і прымае наведвальнікаў бясплатна. Адна з экскурсій мела назву “Гістарычныя сімвалы горада над Ясельдай” і была прысвечана святыні Бярозы — манастыру ордэна картузаў.

У Віцебскім абласным цэнтры народнай творчасці працуе выстава “Таямніцы Колавароту”. Вядучы метадыст установы Вольга Прусак тлумачыць: экспазіцыя работ навучэнцаў і выкладчыкаў Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў пра вясновае абуджэнне прыроды. На выставе — пераважна габелены і работы змешаных тэхнік дэкаратыўна-пракладнога мастацтва.

Загадчык сельскай бібліятэкі аграгарадка Гальшаны, што на Ашмяншчыне, Алена Юневіч распавядае пра дасягненні Музея дугі Струвэ пры бібліятэцы. На адпаведным сайце размяшчаецца інфармацыя не толькі пра пункт “Тупішкі” (дуга ўяўляе з сябе сетку працягласцю 2820 кіламетраў з 265 геадэзічных пунктаў, і Тупішкі на Ашмяншчыне — адзін з іх), але і пра культурныя традыцыі 10 краін, праз якія дуга праходзіць. У музеі шмат інфармацыйнай прадукцыі, ёсць аб’ёмная карта аб’екта. Тут ладзяцца музейныя заняткі, анімацыі на пункце “Тупішкі”.

“Тыдзень дзіцячай кнігі ў Казлоўшчынскай (Дзятлаўскі раён) гарпасялковай бібліятэцы-цэнтры агульнадаступнай інфармацыі — мерапрыемства традыцыйнае, — піша загадчык установы Людміла Хілімончык. — Сёлета Кніжная фея вызначала суперчытачоў, ладзіла літаратурныя гульні. Пераможцы атрымлівалі БІВы — бібліятэчную інтэлектуальную валюту (выкарыстоўваецца для атрымання кніг з камерцыйнага фонду)”.

У Рагачове ўпершыню прайшоў адкрыты конкурс кароткаметражных фільмаў міжнароднага маштабу “Кінахваля”. Гран-пры атрымала стужка з Германіі “Саміра”. “Кінахваля” абяцае стаць традыцыйнай кінаакцыяй.

Свята пісанкі адбылося ў гарпасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна. Як вядома, гэты край славіцца традыцыяй роспісу велікодных яек, якая ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"