Чытач купляе! Па якіх законах?

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Вакол кнігі: аўтары, чытачы, рэкламісты
“Калі вы звязаныя з індустрыяй, якая згасае, — тэрмінова кідайце яе! Да таго часу, як страціце працу!” — раіў некалі Стыў Джобс. Калі ўпершыню прачытала гэтую параду, то была яшчэ літаратурным крытыкам. Насамрэч я навуковец, і тады, і цяпер. Але раней, акрамя навуковых тэкстаў, пісала артыкулы і рэцэнзіі... Cправа ў тым, што мне заўсёды здавалася, што літаратуразнаўства не будзе мець сэнсу, калі ў беларускай літаратуры не будзе чытача. “Бо нашто каласы, калі няма васількоў?” Таму нястомна расказвала ўсім больш-менш зацікаўленым, што, як і навошта чытаць у беларускай літаратуры. Газеты, сайты, радыё, тэлебачанне, інтэрнэт — цяжка знайсці месца, дзе я не распавядала б, якія цудоўныя ў нас пісьменнікі. Дзякуючы сродкам масавай інфармацыі як літаратурны крытык я стала больш вядомая, чым як навуковец. Але ў той самы момант, калі можна было б адпачываць на лаўрах, мне стала ясна, што літаратурная крытыка як галіна “згасае”.

/i/content/pi/cult/634/14098/2-9.jpgНу, як згасае? Мадыфікуецца. Перастае быць тым, чым была… І я стала яшчэ і брэнд-менеджарам выдавецтва. Па сутнасці, гэта тая ж праца па рэкламе кніг, але на прынцыпова іншым узроўні. Можна сказаць, здзейсніла сваю мару! Мне ж заўсёды хацелася даведацца, чаму так кепска прадаецца беларуская кніга і ці можна гэта неяк змяніць. І ведаеце што? Гэта вельмі крута — быць звязанай з рэальнымі продажамі! Літаратурны крытык не мае такой магчымасці — пераканацца ў слушнасці сваіх высноў. А тут усё канкрэтна: лічбы, продажы, лайкі, прагляды, перапосты…

Лайкі, прагляды і перапосты… Я нездарма іх згадала. Справа ў тым, што сёння большасць пакупак робіцца праз інтэрнэт. Таму і расказваць пра кнігі таксама даводзіцца ў інтэрнэце. Здавалася б, чым гэтая праца адрозніваецца ад працы літаратурнага крытыка? Але насамрэч гэта проста нейкі прынцыпова іншы досвед жыцця! І, па шчырасці, за апошні год я даведалася пра аўтараў, чытачоў і наогул людзей больш, чым за папярэдняе дзесяцігоддзе!

Напрыклад, перастала давяраць аўтарам. Бо цяпер ведаю рэальны кошт папулярнасці. Ведаю, як робяцца праплачаныя пасты аб выхадзе кніжнай навінкі ці прэзентацыі. Пра відэаблогераў, якіх наймае выдавецтва, якое выпусціла кнігу ў свет. Пра хвалебныя каментары на старонках інтэрнэт-крамаў, якія пішуць самі аўтары… І калі хто думае, што беларускія пісьменнікі гэтым не карыстаюцца, то моцна памыляецца. З другога боку, цяжка асуджаць аўтараў, якія змагаюцца за свайго чытача.

Чытачы, дарэчы, аказаліся таксама не зусім такімі, якімі я іх сабе ўяўляла. Хто б мог падумаць, што іх найбольш хвалюе не якасць тэксту, а якасць паперы? Палову пытанняў, якія атрымліваюць тыя, хто камунікуе з пакупнікамі, звязаныя з якасцю матэрыялаў. Пераплёт, вокладка, таўшчыня старонак… Калі ты расказваеш пра кнігу, то павінен улічваць гэты фактар. А яшчэ тое, што чытач купляе настрой, а не тэкст. Таму, рэкламуючы кнігу, ты павінен умець рабіць атмасферныя фота. Некаторыя выдавецтвы, рэкламуючы кнігу, робяць сапраўдныя шэдэўры фотамастацтва, а некаторыя буктрэйлеры не саступаюць сапраўднаму кіно!

А яшчэ з чытачом трэба гуляць. Пытацца ў яго, як справы. Віншаваць са святамі. Адзначаць пятніцу. Праводзіць конкурсы. І вось менавіта конкурсы далі мне нагоду зразумець, што ў нас з’явіўся новы тып чалавека — конкурснік. Той, хто заняты пошукамі конкурсаў у самых розных сферах. Чалавек, які хоча выйграць. Не важна што! Кнігу, сукенку, машыну, але галоўнае — хутка і не ўкладаючы ў гэта ніякай працы. Такім людзям аддаваць кнігу няма ніякага жадання.

Няма жадання дарыць кнігі і шматлікім кніжным відэаблогерам, якія ўвесь час звяртаюцца ў выдавецтвы з прапановай расказаць пра кнігу ў абмен на саму кнігу. Мне здаецца, мала хто ўяўляе, колькі на сёння існуе відэаблогераў. Сотні, тысячы, сотні тысяч? Тут, ізноў жа, узнікае пытанне даверу. Калі ты разумееш, што відэаблогер распавядае штодзённа пра некалькі кніг, то міжвольна пачынаеш думаць: “А калі ён паспявае іх чытаць?” Тым больш што палову відэа часцяком складаюць аповеды блогера пра сябе любімага і самага рознага кшталту выкрыкі, кшталту: “Вжух! Паехалі!” Ну і абавязковае прадстаўленне, напамін: “З вамі быў, ёсць, будзе Вася Пупкін”.

Пры гэтым за іменем, як правіла, няма біяграфіі, якая магла б сведчыць пра тое, што чалавек разбіраецца ў прадмеце, пра які распавядае. Затое прапаноўваючы свае паслугі выдавецтву, такі блогер можа ўказаць, што ён вучыўся ў школе фотамадэляў у Лондане. Наогул сёння візуальнае відавочна перамагло вербальнае, і гэта немагчыма не ўлічваць пры рэкламе кніг.

Самым жа цікавым для мяне, напэўна, з’яўляецца вопыт утаймавання гардыні. У брэнд-менеджары я трапіла, ужо дасягнуўшы пэўнага прафесійнага ўзроўню. Але рэкламай кніг у сеціве на сённяшні дзень займаюцца людзі маладыя. Зусім маладыя. Ты для іх — толькі імя з электроннай паштовай скрыні. Ты не можаш сказаць: “Рабіце так, бо так правільна…” Бо гэтая галіна ў нас у прынцыпе толькі-толькі ўсталёўваецца, і тут няма аўтарытэтаў. Ты з усімі на роўных… Таму даводзіцца шмат прасіць. Напрыклад, размясціць твой матэрыял, агляд ці відэа ў сацыяльнай сетцы, СМІ ці на інтэрнэт-сайце. І тут ужо ўсё залежыць ад чалавека.

Тэарэтычна ты напаўняеш кантэнтам выданне, прычым бясплатна, прычым якасна, прычым па дамове з кіраўніцтвам. Робіш за чалавека яго працу. Але тут уступае ў сілу чалавечы фактар. І ты перыядычна трапляеш на “прынцэс”. Людзей, якія лічаць, што месца ўпрыгожвае чалавека. Нечакана высветлілася, што маштаб арганізацыі цалкам звязаны з узроўнем капрызаў і амбіцый яе супрацоўнікаў.

Цяжка паверыць, але дамовіцца на публікацыю ў сацыяльнай сетцы невялікай беларускай крамы значна цяжэй, чым, напрыклад, з такім гігантам, як вядомая расійская інтэрнэт-крама “Лабірынт”. Узнікае ўражанне, што нашы інтэрнэт-крамы заводзяць акаўнты ў сацыяльных сетках не столькі для прасоўвання кніжнай прадукцыі, колькі таму, што “так усе цяпер робяць”. І таму часцяком на прапанову дапамагчы ў рэкламе беларускай літаратурнай класікі ты атрымліваеш гнеўнае: “Мы самі вырашаем, што, калі і як рэкламаваць!” Прытым што тэарэтычна вы зацікаўлены ў адным і тым жа — продажы кніг. Калі для менеджараў вядомых інтэрнэт-крамаў важная толькі якасць — тэксту, фота, відэа, — то для маленькіх важная толькі думка кіраўніцтва, таму ўсе перамовы варта пачынаць з яго.

…Ніколі асабліва не любіла рынкі. Месцы, дзе ўсе нахвальваюць свой тавар. Дзе хапаюць за рукі і прымушаюць зрабіць пакупку. Дзе крычаць проста ў вушы, незалежна ад таго, ці хочаш ты тое чуць. Але вось цяпер я гляджу на рынкі зусім іншымі вачыма. Бо сёння разумею, што кніга — гэта не толькі крыніца ведаў і асалода духу, але і тавар. Які ніколі не дойдзе да чытача, калі пра яго не расказваць.

Фота прадастаўлена аўтарам

Аўтар: Ганна КІСЛІЦЫНА
загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук