Асяродку няма, або Зноў пра міфы нашага кіно

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

З Вячаславам Нікіфаравым (“Беларусьфільм”) — пра айчынную культуру / Частка ІІ
У кабінеце бадзёра грае класічная музыка, а на працоўным стале ўзвышаецца стос папак з кінапраектамі, сярод якіх лунае выява Грунвальдскай бітвы. Мы працягваем размову з намеснікам генеральнага дырэктарага па творчых пытаннях кінастудыі Вячаславам НІКІФАРАВЫМ, распачатую ў мінулых нумарах “К”. Рэжысёр — у добрым гуморы, які трохі псуецца, калі супрацоўнікі прыносяць яму ліст ад расійскага ветэрана, які прапаноўвае Міністэрству культуры экранізаваць свае мемуары. Кінематаграфіст тлумачыць, што падобных лістоў на адрас “Беларусьфільма” прыходзіць даволі шмат і на ўсе патрэбна адказаць, а час не гумовы — трэба здымаць кіно, якое будзе цікавым не пэўным асобам, а ўсім сучасным людзям.

/i/content/pi/cult/634/14095/3-1.jpg

Вячаслаў Нікіфараў. / Фота Дар'і АМЯЛЬКОВІЧ

(Заканчэнне. Пачатак у № 14.)

— Ці звязана абнаўленне студыйнага прадукту, пра які вы распавядалі раней, з завяршэннем рэканструкцыі “Беларусьфільма”? Ці паўплывае апошняе на паляпшэнне ўзроўню кінавытворчасці?

— Паўплывае наўпрост, таму што студыя — гэта сродак вытворчасці. Па-першае, палепшыцца матэрыяльнае становішча “Беларусьфільма”. Зараз у нас няма абаротных сродкаў, мы вымушаны заключаць з аўтарамі дамовы, як кажуць, на слове гонару. Калі ўсе павільёны будуць адрамантаваныя і даведзеныя да ладу, тое павялічыць нашу прывабнасць для замежных кінавытворцаў, а значыць — вырастуць прыбыткі кампаніі. Адпаведна, пастановачная якасць нашых стужак і іх колькасць прапарцыйна ўзрастуць.

— А вось з нагоды выхаду на іншыя рынкі. Быў міф пра тое, што запрашэнне ў беларускі праект галівудскіх кінематаграфістаў ці аўтараў, акцёраў абавязкова нясе ў сабе поспех. Гэта сапраўды так?

— Тут трэба разумець, што гэта неадназначны акт: рэжысёра ці акцёра запрасілі  — і ўсё, поспех. Варта разглядаць пытанне комплексна. Калі запрасілі акцёра — значыць, ёсць грошы, гэта раз. Калі запрасілі добрага акцёра, ёсць грошы і якасць ролі, гэта два. Усё ўзаемаспалучаецца. А калі ёсць грошы на запрашэнне, на якасць, то праект салідны. У сваю чаргу, салідны праект забяспечваецца як добрым сцэнарыем, добрай рэжысурай, так і кантэкстам. Можна сказаць, што гэта кінематаграфія, якая моцна стаіць на адной назе як мінімум. Урэшце, поспех будзе не таму, што запрасілі, а таму, што праект сам дастаткова цікавы і выразны.

— А што вы думаеце пра незалежны кінематограф, пачынаючы ад маладых людзей да медыйных асоб, такіх як Курэйчык? Як вы ацэньваеце само незалежнае кіно — яно якаснае на сённяшнім этапе альбо не?

— Тут не важна, які ўзровень якасці. Важна, што з’ява ёсць. Я радуюся і найменшым прыкметам, бо гэта азначае, што акрамя прафесіяналаў, ёсць людзі, закаханыя ў кіно. Краіна, дзе ёсць крытычная маса закаханых у штосьці людзей, робіць безумоўныя поспехі ў той справе: футболе, музыцы, кінематографе… А ў той жа Грузіі, памятаю (а яна ў маёй свядомасці на асаблівым месцы), даўно быў перыяд, не ведаю, чым выкліканы, калі ў іх раптам звярнулі ўвагу на дзіцячую музычную творчасць. І з’явіліся дзясяткі ансамбляў — такі выбух быў! Як гэтага дамагчыся? Ці аднымі толькі грашыма? З іншага боку, чаго нам прыбядняцца? Ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, дзе я з’яўляюся сябрам савета па грамадскіх сувязях, пайшоў паглядзець на “Дуброўскага”. Аказалася, усе ўзроставыя ролі граюць студэнты выпускнога курса. Я ўбачыў такі класны калектыў! Там ёсць да чаго прычапіцца, але аснова мюзікла — цуд! І гэта ўчарашнія школьнікі, так званыя самадзейныя, незалежныя… Дарэчы, а што ў вашым разуменні “незалежныя”?

— Самастойнае кіно. Як яго называць?

— Па сутнасці яно, вядома, аматарскае. Калі скарыстаць тэрмін “незалежнае” — тады ад чаго ці каго? Ад дыктату? Маладое кіно? Слушна! Наогул, я, як той дзед Мазай, радуюся кожнаму зайцу. Мне ўсе спробы падаюцца важнымі для беларускага кіно. Усе, нават няўклюдныя, аматарскія. Бо, як толькі чалавек зняў хоць адзін кадр, альтэрнатыва простая — ці ён завязвае з тым праз дзве-тры спробы, ці развіваецца. Валерый Рубінчык быў кінааматарам шмат гадоў, паступаў пяць ці шэсць разоў. І гэты кінааматар, назавём яго так, прыйдзе ў рэжысёры праз колькі гадоў, памацаўшы ўжо прафесію “на зуб”. А калі ён будзе супрацоўнічаць з “Беларусьфільмам”, з вытворчасцю, гэта ўвогуле добра.

— Зразумела, што кіно — мастацтва калектыўнае, якое патрабуе вялікіх сродкаў на вытворчасць. Ці могуць незалежныя студыі, аўтары атрымліваць сродкі на кінавытворчасць нароўні з “Беларусьфільмам”? Ці аднолькавыя на Адкрытым рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў у іх ўмовы?

— Я быў на перадпітчынгу ўпершыню як адзін з экспертаў і кіраўнік крэатыўнага аддзела студыі. І па маіх уражаннях — так, аднолькавыя ўмовы. І ў той жа час  — не. Чаму? Магчыма, мне лёгка так казаць, таму што я арыентуюся на — ключавое маё слова — талент. Каб убачыў бы там штосьці адпаведнае гэтаму паняццю, быў бы чалавекам, які піярыў, проста на руках насіў такі праект. Але, на жаль, нават у прапановах з боку “Беларусьфільма” гэта не заўжды так. Потым — сістэма патрабаванняў тэхнічна не ўсім зразумелая, і гэта   не віна Міністэрства культуры альбо студыі.

— Меркаванне экспертнага савета мае важкае значэнне? Рэкамендацыі ўлічваюцца?

— Рашэнне савета носіць рэкамендацыйны характар, так. Камісія павінна была абраць шэсць-сем “лотаў” у ігравым кіно, а тут больш за пяцьдзясят праектаў на перадпітчынгу сабралося. Ад “Беларусьфільма” была прыкладна палова, а астатняе — прапановы ад прыватных ініцыятыў і кампаній. Часта ў заключэнні на заяўкі пішуць: працягваць працу. Ашчадным чынам дзейнічаюць, рэзкіх адмоваў няма. Той жа сцэнарый “Скарыны”, у прыватнасці, не адхілілі, а прапанавалі папрацаваць над тэмай.

Аднак калі абіраць метады працы — я за жорсткія заключэнні. Аддаём аўтару, а калі ён не хоча працаваць, бяромся самі і дарабляем. Таму што потым, калі пачнецца вытворчасць, ні змяніць, ні спыніць нічога немагчыма. І гэта нармальны працэс. Можа, праз 10 гадоў аўтар дзякуй табе скажа за такую адзнаку. Таму што вытворчасць ёсць вытворчасць: існуюць жа вытворчая дысцыпліна, тэхналагічная. І я сваю місію бачу ў тым, каб імі не паступіцца. Менавіта адсутнасць такіх рэчаў і з’яўляецца асноўнай прычынай фіяска апошніх дзесяцігоддзяў. Рамяство кульгае. У музыцы ж немагчыма не ведаць ноты…

Важная і якасць навучання, і наяўнасць асяродку — майстар-класы і гэтак далей. Рыбараў ходзіць без справы 16 гадоў! А ён мусіць выкладаць, штогод павінен рабіць варкшопы, у журы быць! Што ж гэта за кінематаграфія, якой майстры не патрэбныя?! Дабралюбаў у 2010 годзе памёр — чакаў да апошняга, калі паклічуць. Дабралюбаў, які сваім “Іван Макаравічам” прынёс узнагароду на Міжнародным фестывалі дзіцячых фільмаў у Венецыі! Вось дзе агульная сітуацыя! А паспрабуй за гэта вушы каму-небудзь надзерці! Карацей, зразумеўшы, варта праветрываць, ачышчаць паветра.

— Апошняе меркаванне пра ўсе міфы наконт кіно і беларускай кінавытворчасці. Яны развіваюць альбо замаруджваюць працэс? З’яўленне такіх ідэй, якія ўплываюць на розумы людзей, што прымаюць рашэнні, — гэта пазітыўна ці негатыўна?

— Па-рознаму. Я тлумачу сабе гэта тым, што доўга беларускі кінематограф быў пазбаўлены трыадзінства. Кінематограф як сума тэхналогій, асоб і асяродак — хтосьці з вядомых персон агучыў гэтую трапную формулу. Тэхналогіі ў нас ёсць? Ёсць. Асобы? Так. А асяродку — няма. Гэта — сімпозіумы, фестывалі, прэм’еры, саюз, урэшце, а што апошні мусіць рабіць?

Ён павінен ладзіць прэм’еры і на іх казаць: “Стары, ну ты і лайно зняў!” — і даказаць, чаму гэта так. І ўся зала мусіць біцца з-за прэм’ернай карціны, спрачацца. А гэтага няма — мёртвае поле. Перакручваецца асяродак. І запаўняецца ўсялякім глупствам. Ці плануюцца семінары? Хто ладзіць майстар-класы? Добра, нам хапае, мы вытворцы, на прэм’еры з задавальненнем сустрэнемся. Але дзе яшчэ якія трыбуны?

Так што ў нашай сітуацыі міфы альбо чуткі, усё, нават самае нікчэмнае, падавалася б, з’яўляецца падставай для ўзаемадзеяння, канфлікту, сутыкнення. Гэта — нармальна. Але дрэнна, што ў нас падставы дробныя. А каб была, да прыкладу, такая: хтосьці прапанаваў, каб адрынутыя на перадпітчынгу праекты разглядаліся далей? Сабраліся б лепшыя літаратары, журналісты, ім папярэдне разаслалі б сцэнарыі  — і яны прыйшлі на сустрэчу з аўтарамі падрыхтаваныя. Такая канферэнцыя, на дзве-тры гадзіны, дзе гэтыя праекты прафесіяналы “размазваюць” у пух і прах. Альбо знаходзяць там штосьці цікавае і ад імя грамадскасці звяртаюцца на “Беларусьфільм” з просьбай прыняць да ўвагі, улічваючы моцныя бакі праектаў, папрацаваць з аўтарамі. Аднак ніхто ж гэтага не робіць, бо  — няма асяродку. А пакрыўджаныя не разумеюць, чаму іх адхілілі. Альбо бачаць іншыя ў тым прычыны і пачынаюць пісаць з-за крыўды ў вышэйшыя арганізацыі — і нам ужо зусім іншым чынам даводзіцца з гэтым разбярацца. Самае цікавае, што ў нас не лічыцца непрыстойным так паступаць. Міфы часам трэба разумець як пункт гледжання. Любы канфлікт выклікае развіццё ці дэградацыю. Вось якасць гэтых канфліктаў і міфаў мяне не задавальняе…

 

/i/content/pi/cult/634/14095/3-2.jpgПракат — да верасня

“Лічбы кінапракату фільма “Сляды на вадзе” не канчатковыя”, — пра гэта паведаміў начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Юрый Ігруша падчас сустрэчы з кінааглядальнікамі Тарасам Тарналіцкім і Дар’яй Амяльковіч у гэтую пятніцу. “Пракат стужкі Аляксандра Анісімава працягнецца да верасня,  — распавёў прадзюсар, — і тады ў больш поўнай меры можна будзе гаварыць пра яго вынікі”. Пра спецыфіку беларускага кінапраката, у тым ліку яго недахопы, значэнне PR-кампаніі як неабходнай стратэгіі прасоўвання беларускага кіно  — чытайце ў бліжэйшых нумарах “К”. А нагодай для гутаркі сталі нядаўна агучаныя вынікі паказаў беларускай прэм’еры ў першым квартале 2017 г.

Аўтар: Тарас ТАРНАЛІЦКІ
кінааглядальнік
Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"