Мясцовая версія сучаснасці

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

У сталічным Палацы мастацтва, на ўсіх ягоных паверхах, разгорнута выстава сучаснага мастацтва Беларусі. Прымеркаваная яна да 130-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала.

/i/content/pi/cult/634/14086/9-1.jpgАле пачну, як кажуць, здалёк. Каб хто надумаў напісаць гісторыю сталічнага Палаца мастацтва, дык атрымалася б культурная хроніка з немалым даважкам паліталогіі, сацыялогіі і эканомікі. Палац адкрыўся вялікай рэтраспектывай беларускага мастацтва. За ім замацаваўся статус базавай пляцоўкі рэспубліканскіх выстаў. Фактычна стаўшы нацыянальным выставачным цэнтрам, палац дазволіў разгрузіць Дзяржаўны мастацкі музей, а таксама адмовіцца ад правядзення маштабных мастацкіх выстаў у непрыстасаваных памяшканнях. Наш Палац мастацтва быў адным з найбуйнейшых і лепшых спецыялізаваных выставачных залаў Савецкага Саюза. Праўда, прымаць ён мог толькі сучаснае мастацтва. Спадзяванні, што тут будзе гасцяваць Эрмітаж і Траццякоўка, не спраўдзіліся. Рэжым захоўвання і экспанавання (ці, як гавораць музейшчыкі, клімат) яўна не адпавядаў такім запытам. Потым былі “вясёлыя 1990-я”, “нулявыя”, калі функцыя, дзеля якой ствараўся палац, была амаль забытая і ён ператварыўся ў велізарны гандлёвы павільён. Лічы, да нядаўняга часу жыў палац у асноўным за кошт здачы ў арэнду сваёй прасторы пад праславутыя кірмашы.

І вось літаральна днямі адбыліся дзве падзеі, якія спарадзілі надзею, што палац вяртае колішнюю славу і годны статус.

Першая: адзін з самых буйных і паспяховых банкаў беларускага фінансавага рынку адкрыў на частцы выставачнай прасторы палаца сваю мастацкую галерэю, дзе экспануюцца творы, ад якіх не адмовіліся б Эрмітаж і Луўр. Другая: у палацы разгарнулася рэспубліканская выстава сучаснага мастацтва “Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала”. Мне давялося быць на вернісажы згаданай рэспубліканскай выставы. Я быў прыемна ўражаны колькасцю гледачоў, што прыйшлі на гэтае свята. І я дадаў бы, “якасцю” іх: прыйшлі тыя, каму гэта насамрэч цікава. Тыя, хто адчувае патрэбу ў творчым і проста чалавечым сумоўі. Гэта добры знак, асабліва калі браць да ўвагі, што рэаліі жыцця спрыяюць раз’яднанасці грамады, часта робяць нас зашоранымі, засяроджанымі на прыватным.

Аналагічная ў нечым выстава праходзіла тры гады таму ў павільёне на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Памяшканне дазваляла зрабіць экспазіцыю шыкоўна, што называецца, з размахам. Палац мастацтва таму павільёну не канкурэнт. Але сёлетні праект відавочна збярэ больш гледачоў, чым той, трохгадовай даўніны. Бо месца больш зручнае, а Палац больш утульны, чым згаданы павільён. Нават самая насычаная экспазіцыя ў ім (пры правільнай рабоце экспазіцыянера) успрымаецца гледачом як “хатняя”, цёплая. А гэта вельмі пасуе менавіта творам выяўленчага мастацтва, якія зыходна мусяць спрыяць віртуальнаму, а калі і рэальнаму, дыялогу аўтара і гледача.

Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак. Гэта творы з фондаў Музея Марка Шагала ў Віцебску. Тут прадстаўленыя работы шагалаўскіх пленэраў, прысвечаныя мастаку інсталяцыі, відэа. Яны мусяць настроіць гледача на пэўны эмацыйны лад і нагадаць/давесці, што наша сучаснае мастацтва, беларуская авангардысцкая эстэтыка не на роўным месцы ўзніклі. Менавіта ў Беларусі выспеў талент аднаго з рэвалюцыянераў мастацтва ХХ стагоддзя. Гэты экспазіцыйны сегмент можна параўнаць з эпіграфам, што папярэднічае тэксту кнігі.

Уласна ж ад выставы нашага сучаснага мастацтва маю ўражанні далёка не адназначныя. Па-першае, відаць, што пры вонкавай інавацыйнасці ці нават дэклараванай рэвалюцыйнасці мастацтва, якое прэтэндуе на адкрыццё новых даляглядаў, яна мае ў аснове традыцыю, імкнецца ў неба з падмурку, закладзеным папярэднікамі. Пры тым што сувязь з мінулым можа дэманстратыўна абвяргацца. Я нібыта акунуўся ў атмасферу мяжы 1980-х — 1990-х, калі рэалістам з акадэмічнай адукацыяй надакучыла ісці торным шляхам і яны дзеля новых уражанняў збочылі ў нетры нефармальнага мастацтва. Кагосьці гэтыя блуканні вывелі на ўласны шлях, сталі справай жыцця. А нехта вярнуўся да зыходнага, праўда, узбагачаны досведам эксперыменту.

Сёння ў нашым выяўленчым мастацтве ўжо ёсць творцы, якія пераадолелі сюжэтнасць, але трымаюцца фігуратыўнасці. Відаць, сама глядацкая грамада яшчэ не гатовая на радыкальную змену эстэтычных арыенціраў. Ну, а мастак мусіць лічыцца са сваёй аўдыторыяй…

Цікавай экспазіцыйнай знаходкай я лічу выставачны сегмент пад назваю “Прастора адной ідэі”. Тут сэнс у тым, што мастак мае магчымасць прадставіць не толькі сам твор, але і свае вербальныя ці візуальныя сентэнцыі паводле гэтага твора. Сам, без дапамогі крытыка, патлумачыць грамадзе, што, уласна кажучы, ён меў на ўвазе. Гэта крыху нагадвае абарону дыплома ў мастацкім ВНУ, але ў кантэксце творчасці сталага майстра можа сапраўды прагучаць як споведзь і крэда.

Значную частку прадстаўленых у экспазіцыі твораў мы ўжо бачылі раней, на персанальных і групавых выставах. Так, у прыватнасці, Беларускі саюз дызайнераў, што бярэ ўдзел у выставе разам з Саюзам мастакоў, прэзентуе сябе работамі, апрабаванымі на сваіх прафесійных імпрэзах.

Найбольш удала глядзяцца на выставе тыя творцы, якія мелі ўласную канцэпцыю і здолелі зрабіць у кантэксце выставы нейкае падабенства персаналіі — гэткі праект у праекце.

Выстава атрымалася цікавая, вартая ўвагі і адмыслоўцаў мастацтва, і аматараў неканізаванай прыгажосці. Але скончыць нататкі мне хацелася б на роспачнай ноце. Неяк мне давялося пачуць вызначэнне постсавецкай, постсацыялістычнай прасторы (праўда, прыдомак “пост” нярэдка трансфармуецца ў “неа” — асабіста я, што б хто ні казаў, веру ў неакамунізм…) як “даганяючай цывілізацыі”. Маўляў, нам, як цывілізацыйнай перыферыі, на лёсе напісана даганяць больш паспяховыя краіны. Дык вось, калі мы бяромся скарыстоўваць на нашай глебе чужыя эстэтычныя напрацоўкі, мы сапраўды ставім сябе ў ранг даганяючых. Гэта як у хатніх умовах на бабульчыным “зінгеры” шыць фірмовыя джінсы — практыка савецкай пары. Сучаснае мастацтва, якое мы спрабуем адаптаваць да нашых рэалій, робіцца на іншай тэхналагічнай аснове і разлічана на іншага спажыўца. Зыходзячы з гэтай тэзы, лягчэй знайсці ўласны шлях.

І яшчэ. Згадваючы час пабудовы Палаца мастацтва, магу сказаць, што і ўявіць не мог, што тут калі-небудзь пройдуць падобныя выставы. Гэта сведчанне таго, як далёка сёння савецкая эпоха.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"