Ная і Раман

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Палітра чыстага лёсу без партрэта ва ўяўнай старасці: пра лёсы расстралянага і ацалелай
Адкрыццё новага таленту падобнае да адкрыцця новай зоркі ў галактыцы. Вяртанне з забыцця імёнаў, падавалася б, назаўжды зніклых у ім творцаў параўнальнае са здабыццём Атлантыды або Зямлі Саннікава. Вось і беларускі мастак Раман Семашкевіч быў забыты на паўстагоддзя. Трагічна абарвалася яго жыццё, трагічным стаўся лёс ягоных твораў. А ў яго ж, яшчэ студэнта, набывалі карціны і Траццякоўская галерэя, і Рускі музей…

/i/content/pi/cult/634/14084/15-1.jpg“За што?” у сонечным свеце

Пра Рамана Семашкевіча я пачула ўпершыню ў раннім дзяцінстве. Не як пра выдатнага жывапісца, а як пра нявінна рэпрэсаванага і расстралянага. Дарослыя казалі аб гэтым напаўголаса, за гарбатай, у велізарнай маскоўскай кватэры нашай сям’і на Патрыяршых ставах, якая пасля рэвалюцыі стала камунальнай і дзе жыла Надзя Васільева з мужам Раманам Семашкевічам і са сваёй маці. Як у 1930-я масава саджалі і знішчалі нявінных людзей, у гады так званай адлігі гэтак жа масава апраўдвалі ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Хто выжыў у лагерах — вяртаўся, хто не выжыў  — рэабілітавалі пасмяротна. Ды нават у гэты час ілюзорнай справядлівасці ўсё абмяркоўвалася шэптам, з аглядкай і з недаказанасцю. Але дзецям, якія важдаліся са сваімі гульнямі каля стала, тое падавалася нецікавым і незразумелым. У нашым гарманічным радасным сонечным свеце яшчэ не было месца дарослым перажыванням. Але запомніліся нейкія фразы, што даляталі да яго, нашага сонечнага свету: “За што расстралялі Рамана? Ён жа пісаў голую Надзю. За гэта?” Напэўна, дарослыя казалі пра нешта значна больш сур’ёзнае, але ў дзіцячай памяці засталося: “голая Надзя”. Гэта ж было сорамна, гэта табу — і так хвалявала!

З суседкай Надзяй, мадэллю і ўдавой мастака, я тады не была знаёмая. Ці проста не запомніла яе. А потым вельмі доўга не бывала ў тым доме. Сваякі раз’ехаліся хто куды: адны — у асобных кватэрах, другія — у іншым свеце. Але часта, праходзячы каля дома ва Успольным завулку, паглядала на вокны, дзе жыла ўжо толькі Надзя са сваім сынам. Гэта ў двары дома-музея Антона Чэхава на маскоўскім Садовым кальцы і па суседстве з асабняком Лаўрэнція Берыі на Малой Нікіцкай.

“А можа, аўтапартрэт каштуе мільён?”

Праз шмат гадоў Надзя напісала ліст маёй маме ў Мінск. Не змагу ўжо аднавіць, як яна знайшла ейны адрас. Я не звярнула тады на гэта ўвагі. А потым яна часта пісала і мне. Зноў жа я прыйшла ў гэтую самую кватэру, калі Надзя рыхтавала выставу захаваных у яе работ Рамана Семашкевіча. І ўжо выдала першы пасмяротны каталог да той экспазіцыі. Таксама марыла пра выставу яго карцін у Еўропе.

У чарговую сваю паездку ў Францыю і ў Вялікабрытанію я ўзяла гэты каталог з сабой. Пачатак 1990-х, нядаўна абрынуліся і “жалезная заслона”, і берлінская сцяна. Нас усюды чакалі з распасцёртымі абдымкамі і з найвялікай цікавасцю да нашага жыцця, да нашага мастацтва. Так склалася, што ў Лондане мне з мужам давялося правесці тры тыдні. Не ведаючы англійскай мовы (а мая французская аказалася зусім без патрэбы ў сталіцы Злучанага Каралеўства), мы нават не маглі нічога спытаць у лонданцаў, бо ўсё адно не зразумелі б адказ. Таму проста блукалі па велізарным горадзе, імкнучыся ўсё-такі апынуцца ў самых вядомых з літаратуры, кіно і гісторыі яго месцах. Вось так выпадкова ў цэнтры мы патрапілі ў карцінную галерэю мастацтва сацрэалізму, якую патранавала каралеўская сям’я. Дырэктар галерэі, былая адэсітка з зоркім прафесійным поглядам, хутка адрэагавала: “Мы купляем усё. Колькі ўдава мастака хоча за яго працу?” Што можна было адказаць, не абмеркаваўшы з Надзяй і без яе дазволу? Так і дамовіліся — кошты назаве яна сама. І ў Парыжы галерыстам настолькі спадабаліся працы Семашкевіча, што яны тут жа прапанавалі зрабіць персанальную выставу яго жывапісу і малюнкаў на Елісейскіх палях. З запрашэннем удавы на адкрыццё. Што было няпроста — у яе ўзросце маглі быць праблемы са страхоўкай.

Ад такіх галавакружных прапаноў Надзя зусім разгубілася. Не маючы ні найменшага паняцця аб еўрапейскіх і сусветных цэнах на творы мастацтва, яна разважала: “А можа, адзін аўтапартрэт Рамана каштуе мільён?” “Вельмі можа быць. Тады напішыце каля кожнай працы цану, якую вы хочаце, і адпраўце ў Лондан для абмеркавання. А яны зробяць свае прапановы. Так і вызначыцеся”, — сказала ёй я. Надзя абяцала падумаць і... надоўга замоўкла. А потым даслала ліст, што частку работ набыў Пермскі мастацкі музей. Што ж, тое рашэнне — выключна яе права. Але нейкія ўнікальныя магчымасці, вядома ж, назаўжды страціліся.

Ная, Маякоўскі і пячаткі з галёшаў

І ўсё ж менавіта Надзя, як мала хто з тых, на каго “абвальваецца” творчая спадчына спачылага, прыклала неймаверныя намаганні па захаванні памяці пра мужа. Сутыкаючыся з іншым стаўленнем удоваў-спадчынніц, што ад невуцтва, сквапнасці або рэўнасці хутчэй засыпаюць попелам памяць пра мужоў, жартам кажу сваім сябрам: трэба старанна выбіраць не толькі жонак, але і ўдоваў. Такі выбар — таксама адна з праяваў таленту.

Бойкая, энергічная нават у сталым веку, вясёлая і прыгожая на фотаздымках 1930-х, Надзя была, як кажуць, “маскоўская цэнтравая штучка”. Яна вучылася ў Літаратурным інстытуце, сябравала з многімі авангардыстамі мастацтва. Да Надзі ў госці наведваўся Маякоўскі, які сваім з’яўленнем неяк ашаламіў маю прабабулю, якая адкрыла дзверы. Імя “Ная” ёй прыдумаў паэт-футурыст Аляксей Кручоных, іх з Раманам прыяцель. Семашкевіч так і падпісваў яе партрэты. Характар жа ў яе быў упарты, дзёрзкі, незалежны. Для таго каб у час вайны прыехаць з Тулы ў Маскву да сваякоў, маёй маме трэба было камандзіровачнае пасведчанне. Тады Надзя з сябрамі-мастакамі зрабіла пячатку з... галёшаў і адзначала маміны “камандзіроўкі”. (Наогул Надзя ведала пяць пакаленняў маёй сям’і!) А яшчэ пагаворвалі, што Надзя — пазашлюбная дачка Аляксандра Гучкова, старшыні дзяржаўнай думы Расійскай імперыі. Можа быць.

“Вінаватым сябе не прызнаў” і копія фатаграфіі

Запыты пра лёс арыштаванага ў 1937-м мужа Надзя пачала пісаць, адважна і бясстрашна, адразу ж — Яжову, Берыі, Сталіну. Але ўсё — безвынікова. І толькі праз 53 гады, у 1990-м, у адказе ўпраўлення па Маскве і Маскоўскай вобласці Камітэта дзяржаўнай бяспекі СССР (падпісаў яго намеснік начальніка аддзела Мікалай Грашавень) на свой чарговы зварот яна даведалася, што Раман Семашкевіч абвінавачаны “за актыўную контррэвалюцыйную агітацыю, усхваленне фашысцкага ладу, выражэнне варожасці да кіраўнікоў ВКП (б) і савецкага ўрада”. Паводле гэтага ён быў асуджаны да расстрэлу. “Ні на адным з 4-х допытаў вінаватым сябе не прызнаў. У пратаколе апошняга допыту ад 17 снежня 1937 года маецца запіс: “Допыт перарываецца з-за катэгарычнай і безматываванай адмовы абв. Семашкевіча даваць паказанні”. Прысуд вынесены 20 снежня 1937-га “тройкай” пры ўпраўленні НКУС па Маскоўскай вобласці, а прыведзены ў выкананне 22 снежня.

“У матэрыялах справы маецца вопіс карцін, вынятых пры ператрусе 19 снежня 1937 года. Маецца таксама акт пра перадачу ўсіх вынятых карцін з НКУС у Дзяржфонд. У канцы акта маецца запіс пра накіраванне ўсіх карцін на базу Масскуппрамгандлю. На жаль, прынятымі мерамі ўстанавіць месцазнаходжанне карцін у цяперашні час не ўдалося”.

І яшчэ: “Пастановай Прэзідыума Маскоўскага гарадскога суда ад 2 чэрвеня 1958 года ў дачыненні да Семашкевіча Рамана Мацвеевіча за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства (справа) была спыненая. Ён быў пасмяротна рэабілітаваны. Праведзенай у 1958 годзе праверкай было ўстаноўлена, што крымінальная справа на Рамана Мацвеевіча цалкам сфабрыкаваная супрацоўнікамі НКУС. Усе датычныя да фальсіфікацыі супрацоўнікі панеслі заслужанае пакаранне”.

“Прыміце нашы шчырыя спачуванні ў сувязі з трагічнай гібеллю ў 1937 годзе вашага мужа Рамана Мацвеевіча Семашкевіча”.

Вось так. Усё проста: і невінаватым прызналі, і вінаватых пакаралі, і спачуванні выказалі. Па вопісе НКУС, прыкладзеным да працытаванага вышэй адказу, — каля дзвюх соцень жывапісных палотнаў і малюнкаў. І копія пратакола выпіскі пасяджэння “тройкі”. І копія фатаграфіі Рамана Семашкевіча. Усё. Толькі мастака забілі. І работы яго зніклі.

Вера САВІНА, кінасцэнарыстка, журналістка

Дарэчы

Нагадаем: пра постаць рэпрэсаванага ў 1937-м мастака Рамана Семашкевіча на старонках "К" у №№ 24 і 25 за 2010 год грунтоўна пісаў у 2010 годзе Барыс Крэпак у цыкле "Вяртанне імёнаў", за кнігу паводле якога ён быў намінаваны на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь 2016 года.

Заканчэнне — у наступных нумарах "К".