Пяць крокаў да чалавека на экране

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Яны працуюць на тэлекампаніі, здымаюць фільмы і мараць аб прэміі “Оскар”. Днямі ж была магчымасць сустрэцца з імі ў сталіцы Беларусі, куды амерыканскія рэжысёры Ці Сі ДЖОНСТАЎН і Джон РЭЙС прыехалі са сваімі дакументальнымі кароткаметражкамі.

/i/content/pi/cult/634/14083/14-2.jpgЦі Сі Джонстаўн і Джон Рэйс.

Два дні давялося правесці з Ці Сі і Джонам: адзін — у кінатэатры “Піянер” (падчас паказаў аднаго з кароткаметражных фільмаў у рэтраспектыве пад агульнай назвай “Незнаёмая Амерыка”), а другі — у сценах Інстытута журналістыкі БДУ, дзе госці правялі майстар-класы. Перад паказам у “Піянеры” нам паабяцалі: “Гэта ўсё не так, як вы бачылі ў Галівудзе, — зусім не так!”

Пасля стужкі Джонстаўна “Падлеткавая прэса” пачаліся пытанні да аўтара. Часам, праўда, было нават смешна, таму што большасць аўдыторыі ў зале — гэта дамы пенсійнага веку, якія актыўна высвятлялі інфармацыю пра жонку, сабаку і дзяцей. Аднак праз тую павярхоўнасць (сам рэжысёр выказаўся пра яе так: “О... Вам трэба навучыцца задаваць пытанні!”) усё ж такі прысутныя даведаліся пра тое, як пачалася работа над фільмам:

— Да мяне падышоў хлопчык 12 гадоў і сказаў: “Прывітанне! Я хачу зрабіць з вамі інтэрв’ю!” Тады я зазірнуў у спіс ягоных пытанняў і ўбачыў там штосьці накшталт “Як завуць вашага сабаку?”, “Ваш улюблёны колер?”... Але ў выніку хлопчык даведаўся пра мяне больш, чым я каму-небудзь распавядаў раней. А потым ён расказаў пра сябе і пра гурток “Падлеткавая прэса”, у якім удзельнічае. Адсюль і мая ідэя...

У Інстытуце журналістыкі БДУ майстар-класы замежнікаў — традыцыйныя. Але студэнты, якія, можа, чакалі лекцыю, атрымалі сапраўды майстар-клас: згулялі ў гульні, запісалі інтэрв'ю, з суседзямі па зале пазнаёміліся. Карацей, больш гаварыла моладзь, але і сам Ці Сі Джонстаўн распавёў пра сябе (Рэйс пайшоў да іншай аўдыторыі студэнтаў):

 — 15 гадоў таму я пачаў здымаць фільмы — працаваў з камедыямі. Мае ж асноўныя тэмы сёння — яны, так бы мовіць, “без часу”, заўсёды актуальныя. Уласна, цяпер я сканцэнтраваў увагу менавіта на чалавечых зносінах. І, перш за ўсё, трэба быць журналістам, каб здымаць дакументальныя фільмы.

Амерыканскі рэжысёр падзяліўся тым, як знайсці гісторыі для вялікага экрана.

— Гісторыі — гэта людзі, і каб навучыцца ствараць гісторыі, трэба ўмець задаваць пытанні. Людзі дзеляцца з тымі, каму давяраюць. Такім чынам, трэба навучыцца наладжваць зносіны — на гэтым я і пабудаваў кар’еру. Потым справа простая — піяр. Трэба зацікавіць людзей, каб заходзілі на вашу старонку ў сацыяльных сетках, — стварыць тое, што яны хочуць пабачыць.

Ці Сі Джонстаўн распавёў нам і пра ўласны шлях спазнання чалавека, які складаецца з 5 крокаў — гэта словы, што пачынаюцца на кожную з пяці літар у англійскім слове “speak” (гаварыць). “Story” (гісторыя) — ці ёсць яна? Гэта першае пытанне, якое вы задаяце сябе як журналісту. “Passion” (захапленне, цяга) — “Што цябе больш за ўсе захапляе?” “Encouragement” (падбадзёрванне) — вам трэба заўсёды падбадзёрваць чалавека, з якім працуеце. “Assistance” (узаемадапамога) — галоўная мэта не штосьці забраць у рэспандэнта, а аб’яднаць сілы, каб стварыць нешта агульнае, тады я заўсёды спытаю чалавека, як магу яму дапамагчы. “Knowledge” (веды) — “З кім бы ты мне параіў пазнаёміцца?”, а таксама “Як ты лічыш, што мне варта ведаць?” І памятайма, самае галоўнае — быць удзячным! Такім чынам, уся яго кар’ера складаецца з гэтых крокаў.

 — Мае фільмы найперш скіраваныя на тое, каб натхніць гледача і прыцягнуць яго ўвагу да нейкай актуальнай праблемы, — кажа Ці Сі. — І калі мы дагрукаліся да кагосьці, заўсёды ўзнікае надзея, што гэты чалавек можа змяніцца да лепшага. Які фільм я мару стварыць? Насамрэч над гэтым фільмам я працую ўжо 11 гадоў (усміхаецца), дзеля яго стварэння я наведаў каля 50 краін свету. Ён закранае пытанні мірнага жыцця на Зямлі, пытанні лідарства, беднасці, медыцынскага абслугоўвання. Я хачу дастукацца да сэрцаў гледачоў стужкай, таму што аднаму чалавеку складана штосьці рабіць, а калі нас будзе шмат і мы ўсе аб’яднаемся для таго, каб вырашыць праблему, — паўстануць вынікі. Мне здаецца, што ўся справа ў мастацтве, таму што калі вы аб’яднаеце журналістыку і мастацтва, дык пабачыце, як шмат яны могуць змяніць.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"