А калі туры ў... нікуды?

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Мінулым летам я распавяла пра “самаробны” міні-тур па беларускіх рэгіёнах маладых музыкантаў-акадэмістаў праз інтэрв’ю з “віноўнікам” падзеі (глядзі “К” № 30 за 2016 год). Іван Малібошка, ініцыятар, менеджар і рэалізатар праекта, і сёлета здолеў сабраць каманду ды выехаць за межы Мінска з камерна-інструментальным канцэртам. Адным.

/i/content/pi/cult/633/14060/13-2.jpg

Па маіх (і не толькі) назіраннях, культурнае жыццё ў раёнах не самае цікавае і досыць аднастайнае. І не трэба пераконваць у адваротным, не атрымаецца. На ўласныя вочы бачыла, як захоплена прымалі жанчыны выступленне Аляксея Хлястова ў Бялыніцкім ДК. Людзі прагнуць відовішчаў і падзей, але прапановы часцей за ўсё не адпавядаюць пажаданаму з гледзішча здаровага сэнсу агульнакультурнаму ўзроўню. Канешне, аўдыторыя з задавальненнем будзе слухаць тое, што прапаноўваецца, альтэрнатыў жа няма.

Свежае паветра і спрабуе прыўнесці Іван Малібошка разам са сваімі юнымі калегамі. Летась неліверпульская “чацвёрка” (піяністка, студэнтка Маскоўскай кансерваторыі Вікторыя Каралёнак, альтыстка, навучэнка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Яніна Пракудовіч, віяланчэліст, студэнт Джульярдскай вышэйшай школы мастацтваў у Нью-Ёрку Марк Прыходзька і сам Ваня, піяніст, выпускнік Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, студэнт БДАМ) літаральна на электрычках прыехалі ў Барысаў і Жлобін, каб сыграць там для мясцовай аўдыторыі.

Калі ў мінулы раз наша з Ванем размова ішла больш пра станоўчыя бакі іх культурнай інтэграцыі ў мясцовыя супольнасці, то гэтым разам хочацца прагаварыць рэальную сітуацыю. А яна такая, што за паўтара месяцы дамоў напярэдадні міні-тура-2017 музыкантаў паспелі “кінуць” некалькі гарадоў і ўстаноў культуры. У выніку ў іх атрымалася наведаць толькі Барысаў.

Каб было зразумела: райдара ў гэтай групы альтруістаў няма. З патрабаванняў — толькі наяўнасць прыстойнага раяля ці фартэпіяна, а такі інструмент можна адшукаць у кожным раённым цэнтры, спадзяюся. Грошы за выступленні музыканты не бяруць. Больш за тое, самі ўкладаюцца ў працэс: аплачваюць свой праезд і іншыя выдаткі. Мэта — кантакт з публікай, актуалізацыя класічнай музыкі, набыццё ўласнага вопыту. Рэкламай мерапрыемства займаюцца таксама асабіста. Праграму складаюць індывідуальна і загадзя. Гэтым разам у Барысаў ездзілі Марыя-Ганна Цудзіла, Марыя Галкіна, Марыя Трапашка, Ганна Лепяшкевіч, Аляксей Цімонін, Елізавета Сур’ева, Аляксандра Гарбачонак і Іван Малібошка. Трошкі шырэйшы састаў на пачатку красавіка працаваў з Малібошкам у канцэртнай зале “Верхні горад” у Мінску: да вышэйпералічаных музыкантаў далучыліся Марыя Дзяруга, Ганна Патапава, Яніна Пракудовіч. На ўсю каманду — больш за 40 званняў лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, 10 стыпендый Прэзідэнта і 4 гранд-стыпендыі. Дарэчы, высокую ацэнку гэтай мінскай імпрэзе даў сусветна знакаміты піяніст і кампазітар Юрый Бліноў, падкрэсліўшы выдатную якасць выканання і агульную свежасць канцэпцыі. Спадар Бліноў і пакрытыкаваў: “Такі канцэрт павінна была пачуць значна большая колькасць людзей, гэта магла быць не толькі прафесійная музычная “тусоўка”, але і звычайная моладзь, людзі творчых прафесій. Напэўна, і “Верхняму гораду” і “Мінскканцэрту” наогул трэба сур’ёзна паклапаціцца прыцягненнем публікі, а для гэтага трэба знайсці эфектыўны піяр-ход. Сёння ж усе арганізацыйныя пытанні ўкладаюцца на плечы саміх артыстаў”.

Але вернемся да выязных акцый. У мяне шэраг пытанняў да кіраўнікоў і работнікаў сферы культуры з раёнаў. Як можна фактычна “перарубаць” рэдкую і яскравую ініцыятыву на корані, абяцаць пляцоўку, а потым адмаўляць? Як лічыце, на колькі акцый хопіць музыкантаў? І колькі дзесяцігоддзяў райцэнтры будуць слухаць выключна поп-зорак дый тое раз на год?

Чаму з маладымі музыкантамі не хочуць звязвацца? Хутчэй за ўсё, па дзвюх прычынах. У Беларусі любое мерапрыемства трэба ўзгадняць у многіх інстанцыях. Па сутнасці, мы становімся сведкамі таго, як бюракратыя становицца перашкодай высокакультурнай прапанове. Ну і другое: на выступленнях гэтых таленавітых, але спецыфічнага жанру артыстаў складана зарабіць, бо класічная музыка зараз не самае топавае захапленне ў людзей. То бок, на погляд чыноўнікаў, падобныя мерапрыемствы бессэнсоўныя і патрабуюць шмат рухаў. Іншых адказаў асабіста я не бачу. Магчыма, хтосьці з прадстаўнікоў мясцовых органаў улады ці кіраўнікоў устаноў культуры выйдуць на сувязь з рэдакцыяй ды растлумачаць прычыны пасіўнасці. А можа, звяжуцца з музыкантамі і запросяць іх выступіць?

Для прыкладу. Іван Малібошка пару разоў на год ездзіць у Германію, дзе за некалькі дзён паспявае дамовіцца з пяццю-шасцю сцэнічнымі пляцоўкамі. І цягам двух тыдняў потым грае там сольныя праграмы. Ён лёгка збірае камерныя залы і нават атрымлівае за гэта грашовыя падзякі, бо ў цывілізаваных краінах прынята выкарыстоўваць “данат боксы”, дзе кожны ахвотны можа пакінуць сімвалічную ці несімвалічную суму. Не здзіўлюся, калі франкфурцкая публіка калі-небудзь папросіць музыканта застацца назаўсёды. Не здзіўлюся і станоўчаму на гэта адказу Вані. Але пакуль што ён і яго каманда гатовы граць менавіта для беларускай публікі.

На здымку: маладыя музыканты падчас мінскага выступу ў канцэртнай зале "Верхні горад".

Фота аўтара


Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст