Карэспандэнт — Агінскі

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Чатыры лісты: пакаленню наперад і чатыром дзяцям
“Варта памятаць, што адукацыя неабходна для таго, каб выхаваць карыснага для грамадства чалавека, каб яго здольнасці і талент прыносілі радасці жыцця”, — пісаў да старэйшай дачкі Амеліі Міхал Клеафас Агінскі. Слыннага кампазітара і дыпламата хвалявала, як дапамагчы дзецям сарыентавацца ў плыні інфармацыі, не абмінуць неабходную для жыцця навуку, выбраць маральныя і этычныя арыенціры. Бацькоўская заклапочанасць вылілася ў чатыры лісты аб выхаванні, якія сёння можна прачытаць па-беларуску.

/i/content/pi/cult/633/14056/14-2.jpgПарады ХІХ стагоддзя

Развагі Агінскага пад вокладку з гаваркой назвай “Бацькоўскія парады. Чатыры лісты аб выхаванні” сабралі дырэктар Рэтаўскага музея гісторыі культуры Агінскіх Вітас Руткаўскас і загадчык аддзела гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Інстытута гісторыі Літвы Рамуне Шмігяльскіце-Стукене. На прэзентацыі ў мінскай галерэі “Універсітэт культуры” складальнікі неаднойчы падкрэслівалі, што без глыбокага вывучэння спадчыны Агінскага беларускімі даследчыкамі дзвюхмоўная беларуска-літоўская кніга наўрад ці пабачыла б свет. Напрыклад, шмат дакументаў захоўваецца ў Маскве. Намаганнямі дырэктара Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі Зінаіды Кучар большая частка асабістага архіва Агінскага была алічбавана і прывезена ў Мінск, што палегчыла працу літоўскім навукоўцам.

У 2002 годзе быў апублікаваны першы ліст з перакладам на беларускую мову з французскага арыгінала. Гэты зварот да сына Ірэнія паклаў пачатак для вывучэння “выхавацельнай” серыі. Пасля да шырокай публікі трапіў цытаваны вышэй ліст да Амеліі. Першапачаткова кніга павінна была скласціся менавіта з гэтых двух разважанняў. Аднак у Літоўскім гістарычным архіве спадарыня Рамуне нечакана знайшла ўрывак з ліста жонцы Марыі Неры. Міхал Клеафас напісаў яго ў 1822 годзе, відавочна, перад сваёй эміграцыяй. Ён наказваў жонцы, якую літаратуру падабраць дзецям, бо, на яго думку, “маладыя людзі… сёння лепш валодаюць замежнымі мовамі, чым сваёй роднай… ”

Даследчыца распавяла: “Спіс літаратуры прадстаўляў сабой асноўныя працы эпохі Асветніцтва, самае новае слова навукі канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Усё гэта неабходна было прачытаць да сталення, “пакуль дзеці вырастуць і самі змогуць выбіраць, што чытаць”. Пасля той знаходкі Рамуне прыйшла дапамога ад беларускага боку: музыказнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай паведаміла літоўскай калезе, што ёсць яшчэ адзін ліст аб выхаванні, які быў адрасаваны гувернёру Ірэнія Гумберту. Так першапачатковы варыянт кнігі павялічыўся ўдвая. Па словах спадарыні Рамуне, яна пачала працаваць з карэспандэнцыяй Агінскага, каб паказаць яго як чалавека: “Лісты, якія Міхал Клеафас пісаў дзецям, надзвычай эмацыйныя, глыбокія, адлюстроўваюць яго характар”.

Формула выхавання

Дырэктар Рэтаўскага музея гісторыі культуры Агінскіх распавёў, што ў прадстаўленых лістах, напісаных у 1819 —1822 гадах у Залессі і Рэтаве, раскрываецца бацькоўскі клопат. У тэкстах прасочваецца, што Міхал Клеафас ставіў розныя задачы перад сынам і дачкой, улічваючы іх будучае размеркаванне абавязкаў. Асноўнай функцыяй жанчыны ён лічыў сацыяльныя ролі жонкі і маці. У светапоглядзе бацькі сямейства публічная прастора — прастора грамадска-палітычнай дзейнасці — традыцыйна лічылася мужчынскай. Але, што да фарміравання чалавека як асобы, то тут падмурак не залежыў ад гендару: выхаванне хлопчыкаў і дзяўчынак будавалася на фундаментальных працах па культуры і навуцы. “Кампазітар імкнуўся, каб дзеці не толькі чыталі галоўныя работы па хіміі, астраноміі, батаніцы, матэматыцы, гісторыі, але і намагаліся прыкласці навуковыя веды на практыцы”, — зазначыў спадар Руткаўскас. Дарэчы, у сям’і было прынята, каб старэйшыя дзеці, атрымаўшыя добрыя веды па пэўных прадметах, браліся за навучанне малодшых.

Агінскі разумеў, што ў працэсе навучання нельга забывацца на ўзрост дзіцяці, таму ад адзінаццацігадовага Ірэнія ён патрабуе, каб той поруч з заняткамі па фехтаванні, музыцы і танцах “больш часу прысвячаў абавязковым для юнака ведам і выпрацоўваў у сабе схільнасць да лаціны і матэматыкі”. У лісце даросламу сыну знаходзіцца месца для разваг пра жыццёвыя мэты, сыноўні і грамадзянскі доўг, развіццё звычкі да самааналізу.

У выхаванні трох дачок клапатлівы бацька выбіраў другую лінію. Агінскія не ўхвалялі тагачасную практыку аддаваць дзяўчынак на вучобу ў манастырскія школы або дзявочыя пансіёны, аднак, не прытрымліваліся і традыцыі, згодна з якой іх выхаванне абмяжоўвалася сямейна-побытавай тэматыкай. Амелія і яе сёстры Эма і Іда атрымлівалі ўсебаковую адукацыю ў бацькоўскім доме. Англійская, нямецкая мовы, музыка, літаратура… Пры гэтым у спіс для абавязковага навучання маглі патрапіць такія экзатычныя для сённяшняй школы прадметы, як спазнанне жылой прасторы і садаводства. Бацькі не ўпускалі любой магчымасці насыціць дзіцячыя галовы карыснай інфармацыяй: напрыклад, падчас гасцявання ў Санкт-Пецярбургу старэйшую Амелію накіроўвалі браць урокі па англійскай літаратуры ў брытанскага даследчыка.

Як паказваюць біяграфіі Амеліі ды Ірэнія, дзеці рэалізавалі ўсе бацькоўскія спадзяванні. І не дзіва, бо Міхал Клеафас ставіўся да бацькоўскай місіі надзвычай сур’ёзна. Чаго варты толькі адзін факт: з лістоў па пытаннях выхавання адразу здымалі копіі. Па меркаванні літоўскіх даследчыкаў, ацалелыя пазнакі архівавання рукапісаў Агінскага наводзяць на здагадку, што тое рабілася невыпадкова. Магчыма, Міхал Клеафас збіраўся развіваць тэму парадаў дзецям, а копіі адукацыйных тэкстаў, ушытыя ў асобныя сшыткі, прызначаліся для больш шырокага распаўсюджвання.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"