Сямейныя таямніцы Дуніна-Марцінкевіча

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Хто такая Францішка з Марцінкевічаў Парчэўская і ці спагнала яна пазыкі бацькі?
Сёння “К” завяршае расповед пра адзінакроўную сястру класіка беларускага пісьменства Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, на лёс якога істотна праліваюць святло і факты ейнай біяграфіі.

/i/content/pi/cult/633/14055/14-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 12.)

Такім чынам, Францішка мела заняцца вяртаннем грошай, прычым, як відаць, Ян Марцінкевіч памятаў нават даволі дробныя сумы — такія, як 30 рублёў асігнацыямі. Узяўшы за своеасаблівы прайс-ліст той жа спіс рэчаў, якія Марцыяна Марцінкевічава аддала ў пасаг сваёй дачцэ — гэта кошт аднаго вялікага абруса. І гэтаму абавязку было ўжо больш за 10 гадоў. Найбольш жа буйным даўжніком Яна з’яўляўся яго сваяк па жонцы Ян Сестранцэвіч. Як гэтыя грошы Францішка павінна была забраць сабе (таму запіс называецца перавадным), то, магчыма, што гэта быў такі варыянт пасагу ад бацькі на яе вяселле.

Відавочна, што ў гэтай складанай справе Марцінкевіч цалкам мог разлічваць на свайго будучага зяця. На гэтае месца ён ухваліў куды менш заможнага кандыдата, чым муж Амаліі Сестранцэвіч — палкоўнік, а з 1803 года (магчыма, што не без “цудатворных” лістоў ад Станіслава Богуша-Сестранцэвіча) і генерал-маёр князь Іван Сцяпанавіч Гур’ялаў — адзін з кіраўнікоў падаўлення паўстання Тадэвуша Касцюшкі, які атрымаў крыж за ўзяцце варшаўскага прыгарада — Прагі. Што, як і ваенная кар’ера пляменнікаў мітрапаліта ў расійскай арміі, яшчэ раз падкрэслівае, што ў сям’і Богуш-Сестранцэвіча прытрымліваліся імперскіх поглядаў.

Мужам Францішкі стаў падсудак Чавускага павета Вінцэнт Парчэўскі, і, натуральна, пасля шлюбу яна пераехала жыць у яго маёнтак. Дзякуючы гэтаму факту мы можам нанесці на карту Беларусі яшчэ два месцы, звязаныя з Марцінкевічамі — гэта вёска Горлава цяперашняга Дрыбінскага раёна, якая размешчана зусім побач з вёскай Расна, дзе да гэтага часу захаваліся разваліны касцёла, прыхаджанкай якога і стала Францішка з Марцінкевічаў Парчэўская. 21 лютага 1802 года ў гэтым касцёле быў ахрышчаны першынец маладой сям’і — дачка Канстанцыя Фелікса Вікторыя, якая нарадзілася 18 лютага. Яе хросным бацькам стаў родны дзядзька — Ігнат Марцінкевіч. Там жа ахрышчаны 1 сакавіка 1803 года — Казімір Станіслаў Ян (размова пра яго — наперадзе), а 5 чэрвеня 1806 — Сафія Паўліна Аляксандра Парчэўскія.

Падобна на тое, што пасля смерці Яна Марцінкевіча ў 1808 годзе менавіта Францішка ўзяла на сябе клопат пра сваю малалетнюю адзінакроўную сястру, гераіню нашай першай часткі, хросную маці і родную сястру Вінцэнта — Юлію. Менавіта ў Расненскам касцёле ў 1809 — 1810 гадах яна пару разоў згадваецца пры сакрамэнтах хросту. Аднак вельмі хутка і саму Францішку спасціг цяжкі ўдар лёсу: 10 жніўня 1811 года раптоўна памёр яе 40-гадовы муж Вінцэнт. Зрэшты, гэта была не адзіная трагедыя ў яе жыцці, але пра гэта крыху ніжэй.

У лістападзе 1826 года мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч склаў свой тастамент, якім пакінуў свае нерухомыя маёнткі Маляцічы і Лапацін нашчадкам сваіх трох сясцёр Дароты, Ганны і Рэгіны і брата Яна. Некаторыя недакладныя фармулёўкі ў дакуменце сталі прычынай доўгіх судовых працэсаў паміж нашчадкамі. Як мы ўжо ведаем, дачка Ганны Рыкачэўскай Людавіка была замужам за Янам Марцінкевічам, і ад іх шлюбу да дарослага ўзросту дажылі два дзіцяці — Ігнаці і гераіня гэтага артыкула Францішка, у замужжы Парчэўская. Менавіта яны, у адрозненне ад Вінцэнта і іншых дзяцей ад другога шлюбу Яна і Марцыяны з Нядзвецкіх, сталі нашчадкамі сваёй долі гэтых маёнткаў. Аднак раздзел багатай спадчыны, як тое часта бывае, не толькі стаў прычынай разладу паміж сваякамі, але і прынёс... немалыя выдаткі.

Хутка да складанасцяў раздзелу ўласных маёнткаў Сестранцэвіча дадаліся і новыя праблемы. Вядомы кожнаму, хто знаёмы з біяграфіяй Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, маёнтак Панюшкавічы не быў поўнай уласнасцю мітрапаліта. Ён уваходзіў у бабруйскую бенефіцыю — духоўнае ўладанне, якое прызначалася святару на час заняцця ім пэўнага месца або пажыццёва, а пасля яго смерці пераходзіла да іншага выбранага вышэйшай уладай гаспадара. Уладальнік мог распараджацца маёнткам па сваім меркаванні, атрымліваць ад яго выгоды, здаваць у арэнду, але ўсё-такі ён нёс за яго адказнасць перад сваім начальствам, для чаго складаліся падрабязныя інвентары. І вярнуць гэту маёмасць ён павінен быў у цэласці і захаванасці. Богуш-Сестранцэвіч неаднаразова здаваў Панюшкавічы розным арандатарам, і пасля аднаго з іх — троадыйскага біскупа Мікалая Быкоўскага — засталіся прэтэнзіі, якія ў 1808 годзе вырашаў Ян Марцінкевіч. Апошнім арандатарам Панюшкавічаў быў пляменнік уладальніка калежскі асэсар Іван Сестранцэвіч, які атрымаў арэндны кантракт ад дзядзькі на 8 гадоў. Пасля смерці мітрапаліта (1 снежня 1826 года) у лістападзе 1827 года бабруйская бенефіцыя была прызначана мінскім біскупам.

Атрымаўшы, здавалася б, такі шчодры дар, мінскі біскуп Матэуш Ліпскі знаходзіўся ў замяшальніцтве. 14 студзеня 1828 года ён звярнуўся да Міністра народнай асветы Шышкова, пакінуўшы нам дакументальнае апісанне цяжкага становішча малой радзімы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (нагадаем, што на гэты момант у гэтым маёнтку яшчэ жыла яго маці — Марцыяна): “У выкананне загада Вашага высакароддзя ад 31.10.1827 года за № 1766, якім [...] патрабуеце паведамлення, у якім стане аддадзены мне маёнткі бабруйскай бенефіцыі, на фундуш для мінскіх біскупаў прызначаныя, маю гонар данесці наступнае: [...] я толькі прыняў у сваё вядзенне маёнткі бабруйскай бенефіцыі, але ні фармальнага вопісу, ні жа справаздачаў да гэтага часу я яшчэ не атрымаў. Між тым, лічу неабходным прадставіць [...] рапарты пасыланых у Панюшкавічы святароў, з якіх лёгка ўпэўніцца можна, у якім бедным стане знаходзіцца бабруйская бенефіцыя: а менавіта хлебаробства — галоўная крыніца даходаў — даведзена ўжо да таго, што я цяпер знаходжуся ў складаным становішчы, чым пракарміць людзей да новага хлеба і што застанецца на пасеў? Прытым у такім прасторным маёнтку рагатай жывёлы, абавязкова ў гаспадарцы патрэбнай, ледзь знаходзіцца 11 штук. Сяляне таксама як у хлебе, так і ў рагатай жывёле маюць патрэбу. Такім чынам, для дапамогі і прыстасавання гэтага маёнтка не толькі ніякага ў наступным годзе не спадзяюся мець даходу, але прымушаны буду сваіх уласных выдаткаваць на гэта, па меншай меры, 2000 рублёў срэбрам…”

Вось такая выйшла “мядзведжая паслуга”, нават калі выказаць здагадку, што Ліпскі трохі згушчаў фарбы. Але і гэта было яшчэ не ўсё. Каб разабрацца з усімі стратамі і прэтэнзіямі бабруйскай бенефіцыі, спатрэбілася праца спецыяльнай камісіі, якая вывучала старадаўнія інвентары, а таксама цэлы працэс у бабруйскім земскім павятовым судзе. Толькі ў лютым 1830 года на падставе рашэння гэтага суда спадчыннікі мітрапаліта Станіслава Богуша-Сестранцэвіча былі прысуджаныя выплаціць “за існуючыя ў той плябаніі страты ўсяго 352 рублі 66 і 2/3 капеек срэбрам”. Гэтая сума была падзелена на 4 лініі спадчыннікаў, адной з якой і былі Ігнат Марцінкевіч і ўдава Францішка (у рускамоўных дакументах яе называюць Еўфразына або Афрасіння) Парчэўская. Менавіта Ігнат заплаціў мінскаму біскупу Ліпскаму тры чвэрці ад агульнай сумы пазыкі, а менавіта 264 рублі, а частка, якая выпала на нашчадкаў брата мітрапаліта — Яна Сестранцэвіча, — яшчэ ў жніўні 1831 года заставалася нявыплачанай.

Пакуль гэта адна з апошніх згадак Францішкі ў дакументах. Дакладна невядома, калі і дзе менавіта яна памерла. Хутчэй за ўсё, удава так і не выйшла другі раз замуж і пражыла рэшту жыцця на сваёй частцы ад былых маёнткаў “дзеда” Сестранцэвіча. Невядомы і лёс дзвюх яе дачок, метрыкі аб нараджэнні і хрышчэнні якіх прыведзены вышэй — будзем спадзявацца, што яны дажылі да сталага ўзросту, выйшлі замуж, а значыць, у нас будзе магчымасць знайсці яшчэ адну галіну нашчадкаў Яна Марцінкевіча. Але пра аднаго ягонага ўнука я яшчэ абавязкова распавяду падрабязна...

У маі 1830 года ў Рыме два паэты: народжаны на Навагрудчыне Адам Міцкевіч і народжаны на Ашмяншчыне Антоні Эдвард Адынец — два нашыя землякі сталі сведкамі апошніх слоў і хвілін трэцяга, свайго сябра, які падаваў надзеі ў літаратуры і які нарадзіўся на Дрыбіншчыне — пляменніка будучага класіка беларускай зямлі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Свой апошні ліст ён прадыктаваў і адправіў разам з рэчамі, кнігамі і рукапісамі каханай маці. У свае апошнія хвіліны глыбока веруючы 27-гадовы Станіслаў Парчэўскі найбольш перажываў за тыя пакуты, якія яго смерць даставіць ёй — дачцэ Яна і Людавікі Марцінкевічаў — Францішцы Парчэўскай.

Аўтар: Зміцер ДРОЗД
гісторык, архівіст