Яшчэ раз без эскізаў

№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г

Увесну 2015-га адна з “Рэдакцый плюс…” адбылася ў майстэрні народнага мастака Беларусі Мая ДАНЦЫГА. Мы гутарылі пра радасць творчасці, нацыянальную школу, пра планку ў арт-працэсе. Тады ж пераканаліся: вось пра такіх Асоб і гавораць “чалавек-эпоха”, аўтар эталонных твораў, наш нацыянальны брэнд. Згадаем некалькі выказванняў Мая Вольфавіча з той сустрэчы, адлюстраванне якой на старонках “К” атрымала назву “Данцыг без эскізаў”...

/i/content/pi/cult/631/14024/8-3.jpg“Культуры не стае… культуры. У тым сэнсе, што ў грамадстве няма ўсведамлення яе адвечнай каштоўнасці. А самі адмыслоўцы часта абумоўліваюць якасць сваёй работы тым, колькі за яе заплацяць. Асабіста я большасць сваіх карцін пісаў без замовы, без дамоў, без упэўненасці, што на іх знойдзецца пакупнік. Проста таму, што не мог іх не пісаць. І, дарэчы, карціны гэтыя манументальных памераў”.

“Напісаць карціну — гэта, акрамя ўсяго, яшчэ і вялікая фізічная праца. Памятаю, як я пісаў “И помнит мир спасённый…” (яе памер — тры з паловай метры на сем): браў страмянку, ставіў да палатна, размешваў фарбу, як падавалася, патрэбную, узбіраўся на лесвіцу, клаў два мазкі і — назад, бо трэба глядзець здалёк, што атрымалася. І часта па шмат разоў перарабляў”.

“Для мяне памер ролю адыгрывае. Але я заўжды казаў, што значнасць твора вызначаюць не памеры, а думка, у яго закладзеная. Палатно ці аркуш — толькі прастора, што адпавядае мастакоўскаму менталітэту, фармат, у якім канкрэтнаму творцу зручна і звыкла працаваць”.

“Гаварыць пра тое, што мы маем сваю, выразна адрозную ад свету, беларускую школу, у нейкай ступені са скідкай на гістарычныя варункі, на спецыфіку нашай рэчаіснасці, можна. Але, безумоўна, яна не так ярка выяўлена, як італьянская, нямецкая, іспанская. Ды і з рускай я паасцярогся б нашу побач ставіць… Хацелася б думаць, што ў нас школа ёсць. Лепш, аднак, закрыць гэтае пытанне шматкроп’ем... Не варта нам замахвацца на многае. Калі ёсць пяць імёнаў, дык гэтага, мяркую, дастаткова, каб уяўляць цікавасць”.

“Калі сацрэалізм бэсцілі, я яго таксама бэсціў. Балазе было за што. У мастацтве сацрэалізму, аднак, ёсць такія постаці, што ўвесь свет мусіць зайздросціць. Але мы не ўмеем сябе рэкламаваць”.

“Калі станеш лічыць, колькі фарбы засохла на палітры, дык нічога з цябе не атрымаецца. Гэта як лічыць, што ўсе, хто скончыў акадэмію, стануць мастакамі. А між тым, даецца нейкі працэнт на тое, што з кагосьці мастака не атрымаецца. Урэшце, мець мастацкую адукацыю — гэта для асобы каласальны плюс. Тая краіна, дзе ўсе будуць умець маляваць, перасягне астатнія дзяржавы ва ўсіх сферах. Гэта не значыць, што кожны мусіць маляваць, як Энгр, Рафаэль… Але той, хто далучыўся да мастацтва, да разумення формы, колеру, прасторы, і мысліць зусім інакш”.

“З чаго пачынаецца мастак? З таго, што яму нешта падабаецца, і хочацца зрабіць гэтак жа”.

“Мастаком я стаў у час вайны. Мы ў эвакуацыі жылі ва Ульянаўску, куды эвакуіравалася віцебская фабрыка “КІМ”, а мая маці насіла валёнкі з голымі пяткамі і працавала там. І даведаліся неяк, што я магу маляваць. Прадавец шапіка, у якім выдаваўся хлеб па картках, сказаў маці: слухай, папрасі сына, хай зробіць надпіс на шыльду. І я на кавалку бляхі напісаў “Ларёк № 3”. Мне далі бохан хлеба. Разумееце, што гэта ў 1942-м? Я нёс яго дадому як найвялікшую каштоўнасць”.

“У лепшым выпадку, тое, што мы сёння маем, — гэта кепская імітацыя амаль стагадовай даўніны. Таго перыяду, калі выяўленчае мастацтва пачало падмяняцца дызайнам. Тое, што апошні атрымаў такое развіццё, — добра, паколькі гэта стала штуршком для развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое раней і мастацтвам не лічылася. Зрэшты, прыемна сядзець на табурэтцы, якую зрабіў мастак. Але ж дызайн падмяніў станковае мастацтва. Жывапіс, у прыватнасці”.

“Рабіць скандал вакол сябе, свайго імені, што апошнім часам стала папулярным, — справа не мастакоўская. Эпатаж часта скарыстоўваецца ад творчай няздольнасці. Мікеланджала, каб быць у цэнтры ўвагі гледачоў і мецэнатаў, эпатаж не патрабаваўся”.

“Мастацтва, як бы яно ні аплачвалася, трымаецца на энтузіястах. Мастак, калі хоча чагосьці дасягнуць у творчым плане, павінен быць апантаным прафесіяй. І вось гэтай апантанасці я ў студэнтах цяпер не бачу. Маладыя не так даражаць працай. Мяне гэта засмучае. Але кажу шчыра: студэнты мяне любілі, як і я іх”.

“Карціну адразу не ацэніш. Трэба, каб час прайшоў. Праўда, “Мой Мінск” я адразу ўспрыняў як поспех. Таксама я мог бы назваць нацюрморт “Пра Вялікую Айчынную”, “Партызанскае вяселле” — з вялікіх карцін. Яшчэ — “Беларусь — маці партызанская”, “Спадчына”. Калі пяць карцін набралося — дастаткова”.

“Ёсць у мяне такая карціна: елачка, выкінутая пасля святаў на сметнік. Дык вось, зусім не абавязкова сюжэту быць манументальным. Калі я прынёс на выстаўку гэтую работу, мне зноў жа сказалі, што ў мяне дах паехаў: Данцыг сметнікі піша… Але сметнік можа шмат чаго сказаць пра чалавека, пра яго натуру. Елачка, выкінутая пасля святаў на вуліцу, — гэта навела пра чалавека. Гэта трагедыя! Сюжэт невялікі, а праблема самоты і няўдзячнасці — глабальная”.

“Кнігі — мая слабасць. Грошай на іх я не шкадаваў. За гэта мне даставалася і ад бацькоў, і ад сваякоў. Усім чамусьці было шкада маіх грошай. Але кнігі я ўсё адно купляў. Я ўпарты чалавек: калі мэту вызначыў, дык буду ісці за ёй… Чаму кнігі? Дык у нас асаблівых мастацкіх выставак няма. Мы знаходзімся ў баку ад дыскусій, плыняў, ад пэўнага асяродку. Таму кнігі ў нейкай ступені кампенсавалі недахоп”.

“Халтуру і я рабіў: пісаў партрэты Сталіна на нашым камбінаце мастацкім, але не затрымаўся ў гэтым стане, тое было эпізодам. Маці, пакуль я вучыўся, кожны месяц дасылала грошы, трыццаць рублёў, якія ёй вельмі цяжка даваліся. І я лічыў сябе абавязаным матэрыяльна ёй дапамагчы, той доўг хоць неяк вярнуць. Таму і не магу пагадзіцца, калі студэнт вызначыў сабе ў якасці жыццёвага прынцыпу, маўляў, вось я зараблю, а потым стану мастаком. Так не бывае. Я лічу, што сённяшнія мастакі разбэшчаны камфортам… Але яны не ўяўляюць, што такое выпрабаванні. Я не ваяваў па ўзросце, але жылі мы ва Ульянаўску. Чым я там сілкаваўся? Ішоў на рынак, дзе стаялі жанчыны, якія гандлявалі семкамі. Я браў пакаштаваць нібыта парачку, але прыхопліваў незаўважна жменю: адгрызу некалькі, астатнія — у кішэню. Калі набіраў поўную, быў забяспечаны на дзень. А яшчэ жмых. Калі ўдавалася дастаць яго кавалак, тое было лепш за шакалад”.

“Рамкі мастака — палітра. Заўжды кажу, што жывапіс умоўны. Хаця б таму, што ў прыродзе фарбаў больш, чым на палітры. У музыканта сем нот, у мастака, дапусцім, пятнаццаць колераў. Але шэдэўр можа быць і з чорнай, белай, охры, англійскай...”

“Я люблю, і мяне ў гэтым вінавацілі, чырвоны колер. Па-першае, ён эмацыйны, а я люблю такое мастацтва. Халоднае ж не трываю, нават калі яно дасканалае. Як тыя японскія распісныя шырмы”.

“Эмацыйнасць карціны вызначаецца пачуццём, якое ўнёс у яе мастак. Карціна ствараецца ад натуры праз душу мастака. Таму мастаку ніколі не пагражае канкурэнцыя з боку фатаграфіі”.

“Мастаку заўжды здаецца, нібы ён штосьці не зрабіў. Але напісаць усё пажаданае немагчыма. Я, дарэчы, свае карціны пішу без эскізаў. Звычайна мастакі робяць мноства эскізаў, потым па клетачках пераносяць іх на палатно... А я баюся змарнаваць свае эмоцыі на эскізы. А хачу ўсе думкі, пачуцці “скінуць” непасрэдна на палатно, каб атрымалася цэльная, жывая рэч”.

Поўны тэкст вялікага інтэрв'ю з Маем Данцыгам у рамках праекта "Рэдакцыя плюс..." чытайце тут.


Май Вольфавіч ДАНЦЫГ (1930 — 2017)

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным і блізкім народнага мастака Беларусі Мая Данцыга. Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага Лідара.

"Прыміце мае глыбокія спачуванні ў сувязі з адыходам з жыцця выдатнага мастака, педагога і цудоўнага чалавека. Май Вольфавіч пражыў яркае, насычанае жыццё, дасягнуў сапраўдных прафесійных вышынь і ўпісаў незабыўную старонку ў гісторыю сучаснага выяўленчага мастацтва", — гаворыцца ў спачуванні. Прэзідэнт адзначыў, што творчасць мастака атрымала ўсенародную любоў і павагу калег. Май Данцыг выхаваў некалькі пакаленняў маладых мастакоў і быў прыкладам самаадданага служэння сваёй Радзіме.

26 сакавіка 2017 года пайшоў з жыцця знакаміты майстар жывапісу, народны мастак Беларусі Май Вольфавіч ДАНЦЫГ.

Май Данцыг нарадзіўся 27 красавіка 1930 года ў Мінску. У 1947 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1958 годзе — Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В.І. Сурыкава. З 1960 года з’яўляўся членам Саюза мастакоў.

Творчасць Мая Данцыга — аднаго з заснавальнікаў “суровага стылю” ў беларускім жывапісе — вызначалася шырокім тэматычным і жанравым дыяпазонам. Агульнапрызнаны майстар-урбаніст, ён стварыў шэраг палотнаў, прысвечаных пасляваеннаму адраджэнню і росквіту беларускай сталіцы. Творы мастака “Мой горад старажытны, малады” і “Мой Мінск” сталі класікай нацыянальнага мастацтва. Творы Мая Вольфавіча, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны — “Партызанскае вяселле”, “Беларусь — маці партызанская” і іншыя, — спалучаюць філасофскую глыбіню, метафарычнасць і пластычную выразнасць рэалістычнага вобраза. Беларускія краявіды на палотнах “Мая Лагойшчына”, “Веснавы вечар” і іншых уяўляюць узвышана-паэтычныя вобразы роднага краю, поўныя любові да Айчыны. Напісаныя мастаком партрэты знакамітых дзеячаў культуры — Элема Клімава, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Булата Акуджавы і іншых — уражваюць глыбінёй разумення ўнутранага свету герояў.

Мастацкую творчасць М.В. Данцыг паспяхова сумяшчаў з педагагічнай дзейнасцю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе ён працаваў з 1958 года. Мастак унёс вялікі ўклад у захаванне і развіццё высокіх рэалістычных традыцый нацыянальнай школы жывапісу, выхаваў некалькі пакаленняў таленавітых людзей.

Творчая спадчына М.В. Данцыга ўваходзіць у залаты фонд нацыянальнага мастацтва. Памяць аб ім назаўжды застанецца ў нашых сэрцах.

Б.У.Святлоў, У.І.Пракапцоў, М.Р.Баразна, Р.С.Сітніца, Г.Г.Паплаўскі, Л.Дз.Шчамялёў, І.Я.Міско, У.А.Тоўсцік, Л.М.Гумілеўскі, В.П.Шаранговіч, Б.Ф.Герлаван, В.А.Грамыка, У.В.Уродніч, М.А.Апіёк

26 сакавіка 2017 г. на 87 годзе жыцця сышоў народны мастак Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, уладальнік ордэна Францыска Скарыны і ордэна Пашаны Май Вольфавіч ДАНЦЫГ.

Творчасць Мая Вольфавіча назаўсёды застанецца яркай з’явай у гісторыі нацыянальнай культуры. Выпускнік Маскоўскага мастацкага інстытута імя В.І. Сурыкава, мастак упэўнена заявіў пра сябе яшчэ ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў, калі ў беларускае выяўленчае мастацтва прыйшло новае пакаленне, для прадстаўнікоў якога было характэрным пачуццё асабістага, рамантычнага дачынення да ўсяго навакольнага свету, што адлюстравалася ў іх цікавасці да паэзіі паўсядзённасці, выяўленні нацыянальных асаблівасцей сваёй культуры.

Творы Мая Вольфавіча Данцыга вызначаліся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Майстар ствараў карціны, на якіх адлюстроўваў сцэны працоўных будняў, вобразы рабочых, дзеячаў культуры і мастацтва. Асаблівае месца ў яго творчасці займала ваенная і гарадская тэматыка. Май Данцыг унёс у беларускае мастацтва сваё асэнсаванне антыгуманнай сутнасці вайны, трагізму яе страт і героікі барацьбы. З Мінскам у майстра было звязана практычна ўсё яго жыццё. У творах, прысвечаных гэтаму гораду, ён склаў абагульнены паэтычны вобраз, дзе часта злучаны разам яго сучаснасць і мінулае. Яго палотны “Навасельцы” (1962), “Беларусь — маці партызанская” (1967), “Мой Мінск” (1967), “Партызанскае вяселле” (1968), “Мой горад старажытны, малады” (1972), “Спадчына” (1973), “Час. Падзеі. Людзі” (1987) і інш. увайшлі ў залаты фонд беларускага мастацтва ХХ стагоддзя. Творчая манера мастака вызначалася эпічным размахам, манументальна-абагульненай трактоўкай формы, экспрэсіўнасцю колеравых рашэнняў, глыбінёй псіхалагічных характарыстык вобразаў.

Акрамя актыўнай творчай дзейнасці Май Данцыг з 1958 па 2011 год выкладаў на кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, з 2001 па 2011 год узначальваў яе. Яго шматлікімі таленавітымі вучнямі былі студэнты, што пасля сталі прафесійнымі мастакамі і займаюць сёння дастойнае месца ў сучасным беларускім мастацтве (Бараноўскі А.В., Бархаткоў І.А., Варламаў В.М., Дударэнка Л.А., Задорын А.Г., Заслонаў Р.Л., Ігнаценка Т.Д., Кожух У.У., Кузняцоў А.В., Назаранка П.М., Сумараў В.Ф., Шарыпа П.П., Янушкевіч Ф.І. і многія іншыя).

Палотны майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі рускага мастацтва ў Мінеапалісе і інш., а таксама ў прыватных калекцыях Азербайджана, Бельгіі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Малдовы, Расіі ды інш.

Калектыў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь смуткуе з прычыны страты светлага чалавека, выдатнага мастака, таленавітага выкладчыка, сапраўднага прафесіянала і выказвае шчырыя спачуванні сям’і, родным, сябрам і калегам Мая Вольфавіча Данцыга.

Беларускі саюз мастакоў смуткуе ў сувязі са смерцю народнага мастака Беларусі, прафесара ДАНЦЫГА Мая 
Вольфавіча, выдатнага жывапісца, члена грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё і прапаганду беларускага выяўленчага мастацтва. Рада ГА “БСМ” выказвае спачуванне родным і блізкім у сувязі з вялікім горам, якое іх напаткала.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"