“Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (не Брэсцкую крэпасць) мемарыял. Цяпер ідзе конкурс. Мы зробім гэты мемарыял, можа, нешта накшталт невялікай капліцы“, — расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што недапушчальна выкарыстоўваць гэту тэму ў палітычных мэтах. “Чаго топчамся па касцях і робім на гэтым палітыку?“ — задаў ён рытарычнае пытанне. Прэзідэнт закрануў нядаўнія падзеі, звязаныя са скандалам з-за будаўніцтва ў Курапатах бізнес-цэнтра. Паводле яго слоў, гэта пытанне было штучна раскручана.
“Гэта ніякіх адносін да Курапат не мела. Але гэта палітычна пачынаюць раскручваць. Вы вось у Гродне жывяце і думаеце: што гэта за ўлада, на могілках далі бізнесмену зямлю. Гэта ж для таго, каб вам паказаць “шалёную ўладу“ ў Мінску. А на самай справе гэта зусім было не так. Я ніколі не дазволіў бы (тым больш кожны раз езджу на работу міма Курапат) нешта будаваць на гэтых землях“, — падкрэсліў беларускі Лідар.
“Там будзе мемарыял. Гэта будзе агульнае месца пакланення людзям, якія там загінулі“, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Працоўная акцыя пройдзе ў Курапатах сёння, паведаміў журналістам старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, перадае БелТА.
“Федэрацыя заклікае неабыякавых грамадзян, арганізацыі незалежна ад палітычных поглядаў, веравызнання прыняць удзел у добрай справе”, — сказаў старшыня ФПБ. Ён адзначыў, што заяўкі на ўдзел ад грамадзян і арганізацый паступаюць.
Міхаіл Орда паведаміў, што плануецца абвесціць конкурс на стварэнне мемарыяла памяці і смутку ў Курапатах, які пройдзе адкрыта. Праект мемарыяла, які прызнаюць пераможцам, павінен будзе стаць увасабленнем памяці ўсіх ахвяр, загінулых у той трагічны перыяд гісторыі.
Орда нагадаў, што ў час "круглага стала" газеты “СБ. Беларусь сегодня” вучоныя, грамадскасць выказаліся за стварэнне ва ўрочышчы Курапаты мемарыяла памяці і смутку. ФПБ ідэю падтрымлівае, балазе дзесяцігоддзямі з працоўнымі калектывамі, моладдзю, ветэранскімі арганізацыямі праводзіць работу па добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў.
Фота Ільі СВІРЫНА з архіва "К"