27 сакавіка ў Міжнародны дзень тэатра ўсіх датычных да гэтага мастацтва чакаюць у Драматычным тэатры беларускай арміі: тут адбудзецца чарговая цырымонія ўручэння прызоў Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная Паўлінка”.У Нацыянальным прэс-цэнтры журналістам абвясцілі толькі першае імя са спісу лаўрэатаў — народная артыстка СССР Тамара Ніжнікава. Як паабяцаў старшыня БСТД Аляксей Дудараў, у святочны дзень разам з мэтрамі Валянцінам Елізар’евым і Барысам Луцэнкам ён наведае легендарную оперную прыму і перадасць ёй ганаровую статуэтку.
Сёлета Міжнародны дзень тэатра прыпадзе на панядзелак — традыцыйны выхадны творчых калектываў, таму спецыяльных мерапрыемстваў для публікі амаль не будзе. Так, дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі лічыць, што адпачынак — лепшы падарунак заслужанаму калектыву рэспублікі, які не так даўно адзначыў 25-годдзе творчай дзейнасці. У юбілейным сезоне трупа прапануе 7 прэм’ер — лічба сапраўды ўражвае. Тры з іх падрыхтаваныя пры дапамозе спонсараў, што яскрава сведчыць пра добрую працу ў кірунку дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Не паспеў аціхнуць розгалас ад нядаўняга “Сіндрома Медэі” (білеты на п’есу Юліі Чарняўскай знікаюць з кас за дзён дзесяць да паказу), як РТБД заклікае на наступны медыйны праект: на красавік запланаваны першы паказ пастаноўкі Аляксандра Гарцуева па творы Віктара Марціновіча “Кар’ера доктара Рауса”. Уладзімір Міхайлавіч запэўніў таксама: наступным месяцам у продаж паступіць даўно абвешчаны зборнік п’ес пераможцаў конкурсу “Скарына і сучаснасць”.
Кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Палякоў распавёў журналістам, што каля 44 працэнтаў рэпертуару трупы прапануецца з сінхронным перакладам на англійскую і рускую мову. Купалаўскі плануе супрацоўнічаць з пасольствамі, каб пры іх дапамозе рабіць па спецыяльнай замове на пэўны паказ сінхронны пераклад на іншыя мовы, напрыклад, кітайскую. Дарэчы, увосень купалаўская “Чайка” павінна выправіцца на гастролі ў шэсць гарадоў Паднябеснай.
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў чакае гараджан і гасцей сталіцы на Мінскім форуме вулічных тэатраў, які пройдзе 7 — 8 мая на традыцыйных пляцоўках у Верхнім горадзе. Разам з беларусамі будуць выступаць калектывы з Германіі, Польшчы, Францыі. Ноу-хау трэцяга фэсту стане разнастайная цыркавая праграма. Мастацкі кіраўнік НЦСМ Уладзімір Галак адзначыў узбуйненне руху альтэрнатыўных тэатраў: “Сумесна з Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн” мы падлічылі, калі пакінуць за дужкамі антрэпрызу: па рэспубліцы стала працуе каля 35 калектываў, што маюць адпрацаваны рэпертуар, які прадстаўляе пэўную мастацкую каштоўнасць. Цікава, што ў 30 з іх працуюць аматары”. Сярод тэндэнцый альтэрнатыўнага тэатральнага руху спадар Уладзімір вызначыў такія папулярныя кірункі, як танцавальны тэатр (каля 10 калектываў па краіне) і незалежны камерны дзіцячы тэатр (10 — 15 труп у буйных гарадах рэспублікі). Асабліва заўважным, на думку спікера, стаў зварот да формы baby-тэатра, які бачыць сваёй патэнцыйнай публікай малечу ад “нуля” і прапануе ім максімальна інтэрактыўнае дзеянне. Характэрнай рысай беларускай творчай альтэрнатывы значыцца інстытуцыйнасць. Кіраўнік НЦСМ растлумачыў: “Калектывы разумеюць, што ім практычна немагчыма існаваць на ўмовах самаакупальнасці, таму яны шукаюць апекі ва ўстаноў культуры, у клубным руху. Самы красамоўны прыклад — сталічны тэатр “ІнЖэст”, які значыцца пры Доме культуры “Інтэграл”.
Напрыканцы прэс-канферэнцыі ўзгадалі Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які ўвосень прыме чарговы Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі. Па словах кансультанта аддзела прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Кацярыны Панамаровай, да гэтага мерапрыемства калектыў рыхтуе праект у рэжысуры Таццяны Траяновіч. Прамоўца нагадала, што бабруйчане абвясцілі змену творчага кірунку ў бок сучаснай беларускай драматургіі, альтэрнатыўнай рэжысуры. На жаль, пакуль трупа застаецца без мастацкага кіраўніка. Па словах Уладзіміра Карачэўскага, на дадзены момант існуе дамова паміж бабруйскім тэатрам, РТБД і Цэнтрам беларускай драматургіі аб актыўным супрацоўніцтве ў падрыхтоўцы фестывалю.
На здымку: сцэна са спектакля "Пансіён "Belveder".
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ