З чаго "зроблены" нашы жанчыны…

№ 11 (1294) 18.03.2017 - 24.03.2017 г

…З велікадушнасці, творчасці і працаздольнасці
Сёння ў сталіцы адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў ІХ Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2016”. Беларускі саюз жанчын прадставіць плеяду паненак, якія робяць важкі ўнёсак у навуку і духоўна-маральнае адраджэнне нацыі, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё краіны. На сцэну ў ліку лепшых беларусак уздымуцца кіраўнік узорнай студыі сучаснага бальнага танца “Шарм” Смалявіцкага гарадскога Дома культуры Алена МЫЦЬКО, галоўны дырыжор камернага хору Гомельскай абласной філармоніі, заслужаны дзеяч культуры краіны Алена САКАЛОВА, дырэктар Любанскай дзіцячай школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Любоў СЕРАВОКАЯ, дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна ШУРАКОВА.

/i/content/pi/cult/629/13972/2-1.jpg— Адным з асноўных крытэрыяў вызначэння пераможцаў стаўся значны ўнёсак у прафесійную галіну.

А.М.: — Сёння студыя бальнага танца “Шарм” — знак якасці. У нас задзейнічаны ўсе ўзроставыя групы ад 4 да 50 гадоў! За мінулы год нашы выхаванцы прывезлі ў Смалявічы пяць першых месцаў з сур’ёзных турніраў. Каб падтрымліваць высокі ўзровень, усім неабходна “цягнуць”. І непасрэдна дзецям, якім трэба хадзіць на бясконцыя рэпетыцыі па суботах-нядзелях. І бацькам, каму часам патрэбна зрабіць намаганне над сабой, каб тых малых рэгулярна прывозіць да нас. І трэнерам, што імкнуцца быць на грэбені хвалі, сачыць за новымі танцавальнымі кірункамі. У “Шарме” разам са мной працуюць дзве мае дачкі Крысціна і Караліна. Трэнеры стала выязджаюць на вучобу за мяжу па досвед да чампіёнаў свету, удзельнічаюць у майстар-класах. 12 гадоў запар наш калектыў выступае ў французскім Кулоне, дзе мяне нават назвалі ганаровым грамадзянінам. У кастрычніку распачынаем супрацоўніцтва з мэрыяй Бюлі-ле-Мін. На маю думку, трэнеры студыі даюць прыклад моладзі, як трэба аддавацца працы. Сярод культработнікаў неаднойчы бачыла маладых спецыялістаў, якія хочуць усё і адразу. Насамрэч жа, спачатку трэба сябе заявіць, зарэкамендаваць, а потым чакаць “дывідэндаў”.

А.С.: — Камерны хор Гомельскай абласной філармоніі стаў у Беларусі першым прафесійным калектывам, які пачаў выконваць шэдэўры славянскай духоўнай музыкі. Зараз мы спяваем не толькі яе, заходнееўрапейскую класіку і сачыненні айчынных кампазітараў, але і джаз. Тры гады таму, калі сталі лаўрэатамі на вядомым міжнародным конкурсе ў Таліне, дзе беларусы да нас 18 гадоў нічога не выігрывалі, гамяльчане выканалі джаз у падарунак. Журы было ў захапленні! Маўляў, як пасля той гарызантальнай лініі, калі песня плыла, нібыта мелодыя аргана, раптам кожны з выканаўцаў загучаў, як асобны яскравы інструмент. Мы шмат гастралявалі ў замежжы, не менш атрымліваем запрашэнняў і сёння. Аднак з-за абмежаваных фінансавых магчымасцей усё цяжэй выбрацца на фестывалі. Нам прапануюць самім зарабляць, але духоўная музыка — не эстраднае шоу… Спонсараў таксама не заўсёды атрымліваецца знайсці. А хацелася б часцей праслаўляць Беларусь у іншых дзяржавах.

Л.С.: — Летась адбыўся першы выпуск Любанскай дзіцячай школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На працягу пяці гадоў дзеці навучаліся па сямі кірунках народнай творчасці — кераміка і ганчарства, разьба па дрэве, саломкапляценне, лозапляценне, бондарства, вышыўка і касцюм, ручное ўзорнае ткацтва — і мастацкім. З 14 выпускнікоў восем працягнулі сваю адукацыю ва Універсітэце культуры і мастацтваў і ў сярэдніх спецыяльных установах. Хутка некаторыя з іх вернуцца да нас ужо ў якасці выкладчыкаў. Мы доўга ішлі да нашай мары: па-першае, у рэспубліцы не існуе навучальных праграм па ўсіх неабходных нам галінах, давялося звяртацца па дапамогу да расійскіх калег. Мы набіваем шмат “гузакоў”. Напрыклад, усім навучэнцам-рамеснікам увялі абавязковымі прадметамі малюнак, жывапіс і кампазіцыю. Але навошта?.. Па-другое, існуюць праблемы з кадрамі: на Любаншчыне працуюць выдатныя народныя майстры, але па законе мы не маем права браць людзей без педагагічнай адукацыі. Давялося шукаць варыянты… Трымаць школу сёння цяжка, бо для ДПМ неабходна шмат матэрыялаў. Каб знайсці выйсце, адчынілі краму рамеснікаў, дзе прадаем вырабы, якія адабрала школьная экспертная камісія. За нядоўгі час зарабілі 1000 новых рублёў.

В.Ш.: — Гістарычна ў Капылі большасць насельніцтва складалі яўрэі. Падчас Другой сусветнай тут існавала гета, было расстраляна тры тысячы чалавек. Само жыццё падвяло да стварэння праекта “Гісторыя яўрэйскай культуры на Капыльшчыне”. Я правяла вялікую даследчую працу па пошуку землякоў. Займалася ў знакамітым ізраільскім цэнтры, дзе атрымала дыплом па вывучэнні тэмы Халакосту. За апошнія пяць гадоў праект набраў моц. Распрацаваны турыстычны маршрут па месцах, звязаных з яўрэямі. Тры гады запар да нас ездзяць з Іерусаліма студэнты, універсітэцкія выкладчыкі і пісьменнікі, вывучаюць нашы крыніцы, праводзяць так званы “семінар на калёсах”. Сёлета да нас сталі наведвацца з Лос-Анджалеса, Германіі, Ізраіля родныя тых, хто нарадзіўся на Капыльшчыне. Мы дапамагаем ім высветліць гісторыю іх сям’і, а яны ў адказ пашыраюць нашу дакументальную базу. Прынамсі, сям’я Родзіных шукала ў нас звесткі пра продкаў. Па прозвішчы інфармацыі не знайшлі. Толькі параўнаўшы фотаздымкі, мы зразумелі, што іх прадзед — Пётр Розін, між іншым, заслужаны мастак РСФСР, 200 карцін якога мне ўдалося калісьці прывезці з майстэрні самога аўтара ў Капыль. Акрамя таго, пры музеі дзейнічае праект “Апекуны шчасця”, паводле якога людзі сталага ўзросту з мясцовага сацыяльнага цэнтра дапамагаюць у правядзенні старажытнага вясельнага абраду. Дарэчы, “Апекуны…” патрапілі ў пяцёрку лепшых на нямецкім конкурсе сацыяльных праектаў. У выніку я паехала ў Германію вывучаць досвед працы з пажылымі людзьмі. Пасля той паездкі ў нашым музеі ўзнік клуб з краязнаўчым ухілам для сталых капыльчанак “Нітка Арыядны” і “Клуб шчаслівых жанчын”.

— Якраз пра шчасце маё наступнае пытанне: ці можна знайсці баланс паміж сям’ёй і працай, асабліва ў выпадку, калі рабочы дзень ненарміраваны, калі выхадныя і святочныя дні “нармальных” людзей пры тваёй прафесіі з’яўляюцца самымі загружанымі?

А.С.: — Ад прыроды жанчыне дадзена наканаванне — сям’я, ніхто з яе не здымаў гэтага. Я веру: калі мне штосьці неабходна, а мая справа патрэбная і карысная для грамадства, то прыйдзе дапамога, напрыклад, з дзіцем пабыць. Калі ж гэта гонка славалюбства, маўляў, мне патрэбна гэта і ўсё — можа і не атрымацца.

А.М.: — На маю думку, тое вельмі цяжка зрабіць. У мяне вялікі калектыў, больш за 70 чалавек. Каб трымаць высокі ўзровень і кожныя тры гады пацвярджаць ганаровае званне “ўзорны”, я не магу сабе дазволіць зачыніць дзверы а пятай і пабегчы дамоў. Я ўся ў вучнях: трэба не толькі праграму трэніровак распрацаваць, але і ведаць, хто чым захварэў, дапамагчы справіцца з праблемамі, калі ў кагосьці яны ўзніклі ў сям’і. Паверце, на паркеце адразу бачна, калі танцор думае не пра танцы, а пра сямейныя клопаты. Для мяне ўсе студыйцы — мае дзеці. Я часам ведаю пра іх больш, чым іх матулі, бо дзеці шчырыя са мной. Гэта павінны разумець члены сям’і і падтрымліваць ці… хаця б не замінаць.

Л.С.: — Таму я і змяніла сваю працу! 25 гадоў працавала спявачкай, але бачыла, што сям’я пакутуе. Работнікі культуры — людзі творчыя, любяць сцэну, “зорнасць”, папулярнасць. І ўсё ж хочацца гармоніі не толькі па-за сценамі дома, але і непасрэдна ў ім, таму займаюся працай над сабой, імкнуся змяніць сябе па многіх пытаннях, хоць гэта і цяжка.

В.Ш.: — Сапраўды, складана. Можна ўнутры крычаць ад стомленасці, бездапаможнасці, бяссілля, але выгляду не падаваць. Здаецца, гэта галоўны прынцып. Так, мне цяжка, але я паспяваю і ў музей прыйсці, і на мерапрыемства выправіцца, і па доме ўсё зрабіць, і штотыднёва ў басейн патрапіць. Можна шмат жаліцца, але калі ёсць жаданне — усё паспееш. Магчыма, справа ў тым, каб дазволіць сабе права на адпачынак, знайсці час на асабістае хобі. Вось я люблю падарожнічаць — аб’ехала ўжо безліч краін.

— Цягам месяцаў не сціхаюць узрушаныя выказванні феміністак супраць сексізму ў рэкламе айчыннага вытворцы бялізны. А вы адчуваеце патрэбу змагацца з неадназначным выкарыстаннем жаночых вобразаў?

А. М.: — Шчыра кажучы, я вельмі далёкая ад гэтых тэм. Я ўся ў бальных танцах.

А.С.: — Маё меркаванне — перш за ўсё трэба абараняцца ад бескультур’я.

Л.С.: — Не вітаю занадта адкрытых мадэляў. Аднак лічу, што не трэба змагацца. Справа хутчэй у кожным з нас: жанчыне неабходна разумець сваё наканаванне.

В.Ш.: — На мой погляд, барацьба з мілавіднымі фотавыявамі — справа непатрэбная. Пры жаданні ва ўсім можна разгледзець усялякія агіднасці, на мой жа погляд, выява вытанчанай дамы — гэта матывацыя да таго, каб стаць прыгожай. Узнікае жаданне купіць моднае адзенне (адпаведна свайму ўзросту), стаць на шпількі. Мы самі калісьці хацелі быць роўнымі ў правах з мужчынамі, таму сёння жанчына аддаецца рабоце не менш за мужчын. Але гэта не прычына забыцца на свой знешні выгляд. У любым узросце дама павінна падаваць сябе так, каб яна ішла, а на яе аглядаліся ўсе. Напрыклад, я вельмі рэдка абыходжуся без абцасаў. Калі станаўлюся на шпількі, адразу адчуваю сябе падцягнутай, прыгажэйшай, хоць і разумею, што з узростам усё часцей баляць ногі. Галоўнае — я адчуваю сябе жанчынай.

— Памятаеце дзіцячую песеньку “З чаго ж зроблены нашы дзяўчынкі?” Не так даўно адзін вядомы брэнд пераасэнсаваў тэкст і замяніў класічныя вызначэнні жаноцкасці на памкненні, майстэрства, незалежнасць і свабоду. А з чаго зроблены беларускія дамы?

Л.С.: — З сарамлівасці. І творчасці.

А.С.: — З велікадушнасці. Гэта галоўная якасць беларусак. А таксама — з дабрыні, жаноцкасці, умення знайсці кантакт з тымі, хто побач. І толькі пасля гэтага ідзе ўсё астатняе, розныя актыўнасці. Мне падаецца, мы пачалі забываць, што жанчына пры ўсім жаданні не зможа стаць мужчынам. Так, я сама займаю пасаду кіраўніка, аднак заўсёды працягвала адчуваць сябе маці, жанчынай.

А.М.: — У першую чаргу, зроблены мы з дабрыні, прыстойнасці і працавітасці. Я шмат дзе была і таму магу сцвердзіць, што беларускі сапраўды працавітыя!

В.Ш.: — Пагаджуся — з шалёнай працаздольнасці! А яшчэ — з цярплівасці і пачуцця абавязку. Беларуска гаворыць: “Я павінна гэта зрабіць, як бы мне ні было цяжка”. Такі падыход мае вынік, і не толькі на працы. Калі бачыш, як родныя моцна цябе любяць, як радуюцца тваім поспехам і імкнуцца не засмучаць. У майго сына, калі той даведаўся, што мне прысудзілі званне “Жанчыны года”, нават слёзы на вачах з’явіліся. А гэта дарагога каштуе!

Фота з архіва гераінь матэрыяла

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"