Публічнасць сямейнай шафы

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Мінск кніжны: плюс 600 бібліятэчных запісаў
У бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прэзентавалі выданне “Кніжная справа ў Мінску (канец XVIII — пачатак XX стагоддзя)”. У склад манаграфіі прафесар кафедры тэорыі і гісторыі інфармацыйна-дакументальных камунікацый БДУКіМ Ларыса ДОЎНАР уключыла каталог мінскіх выданняў, які налічвае 3133 бібліяграфічныя запісы, у тым ліку больш за 600 не ўлічаных беларускімі бібліёграфамі. З чытачамі “К” Ларыса Іосіфаўна дзеліцца адметнымі фактамі з гісторыі мінскай кнігі, якія зацікавілі яе падчас падрыхтоўкі энцыклапедычнай працы ў фондах бібліятэк, музеяў і архіваў Беларусі, Літвы, Расіі і Польшчы.

/i/content/pi/cult/628/13956/15-1.jpgМінск скрозь стагоддзі

З канца XVIII стагоддзя Мінск быў звычайным правінцыйным горадам з размераным рухам жыцця. Важную ролю ў кнігавыданні адыграла зняцце ваеннага становішча з Мінска напачатку 1870-х. Ну а як толькі будучую беларускую сталіцу перарэзалі дзве галіны вядучых еўрапейскіх чыгунак, перапісчыкі адразу адзначылі рост колькасці насельніцтва, а сам Мінск выйшаў на першыя пазіцыі ў параўнанні з іншымі беларускімі губернскімі гарадамі, паступова ператвараючыся ў вядучы гандлёва-прамысловы і банкаўскі цэнтр. У горадзе пабольшала адукацыйных устаноў — значыць, павялічвалася і патрэба ў літаратуры. А суіснаванне на адной плошчы прадстаўнікоў розных нацыянальна-этнічных супольнасцей патрабавала ад гандляроў цудаў камерцыйнай дальнабачнасці, каб забяспечыць кожную з суполак патрэбнай літаратурай на іх роднай мове.

Усплёску выдавецкай дзейнасці паспрыялі гістарычныя акалічнасці — кнігадрук актывізіраваўся пад уплывам рэвалюцыйных і ваенных падзей. Статыстыка паказвае, што колькасць мінскіх выданняў рэзка ўзрастала менавіта ў 1830-я і 1860-я гады, а таксама ў другой палове першага дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя і напачатку Першай сусветнай вайны.

Сваё слова

У канцы XVIII стагоддзя была заснаваная базыльянская друкарня, што сведчыла пра ўласныя патрэбы горада ў друкаваным слове — найперш у галіне кіравання і адукацыі. Да 1860-х 75 працэнтаў кніжнай прадукцыі з “мінскай прапіскай” стваралі прыватныя ўстановы. У горадзе працавалі літаграфіі, друкалітаграфіі, паравыя і электрадрукалітаграфіі. Нярэдка сустракаліся і варыянты, калі наклад і ўласнасць належалі Мінску, але сама кніга паліграфічна выконвалася, скажам, у Лейпцыгу. У коле прыватнікаў сустракаліся цікавыя асобы. У прыватнасці, Эмерык Адамовіч — вучань мастака Яна Дамеля, які афармляў касцёл у Кальварыі. Спадар Эмерык нават звычайны фірменны бланк мог ператварыць у твор мастацтва, аздобіўшы яго арыгінальным малюнкам. Дарэчы, сын Эмерыка таксама працягнуў друкарскую справу, меў кнігарню, а пасля асноўных спраў пісаў вершы.

Дзяржаўныя прадпрыемствы напачатку можна было пералічыць па пальцах. Асноўным была Мінская губернская друкарня. Дзякуючы ёй выйшлі ў свет першыя мінскія навуковыя, вучэбныя і літаратурна-мастацкія кнігі. Вылучаліся таксама дзяржаўныя выдавецтвы ў галіне эканомікі, прамысловасці, статыстыкі і крэдыту — Мінскага губернскага статыстычнага камітэта і Упраўлення Любава-Роменскай чыгункі. Цікава, што сваёй выдавецкай дзейнасцю займалася і Мінская гімназія.

Люстэрка мультыкультурнасці

З 1622 да 1917 года ў Мінску выйшла больш за 3 тысячы выданняў. Кнігагандляры забяспечвалі доступ для жыхароў горада і губерні да сучасных выданняў на рускай, польскай, французскай, нямецкай, яўрэйскай, беларускай мовах самага шырокага функцыянальнага прызначэння і тэматыкі. Тое, што сёння назвалі б модным словам “мультыкультурнасць”, для Мінска тых часоў было звычайнай справай. Часта набываліся кнігі, у якіх тэкст друкаваўся адразу на дзвюх або некалькіх мовах, напрыклад, карысталіся попытам выданні з гісторыямі адначасова на рускай, польскай, старабеларускай мовах і латыні. Бывала, тэкст на адной мове агортваўся вокладкай з падвоеным тытулам. Нямала прадавалася і шматмоўных слоўнікаў. Як вядома, значную частку насельніцтва нашых гарадоў у той час складалі яўрэі. Спадарыня Доўнар вызначыла выдавецтва, што плённа працавала ў 1905 — 1906 гадах, але раней для нашага кнігазнаўства было ў ценю: “Verlag “Kultur”, што ў перакладзе з ідыш азначае “Выдавецтва “Культура”.

Паступова вызначалася спецыялізацыя ў дзейнасці кнігарняў, найбольш выразная па моўнай прыкмеце ці па нацыянальным складзе жыхароў, спажыўцоў кніжнай прадукцыі (руская, польская, яўрэйская, беларуская кнігарні), а таксама па відах выданняў (кніжныя, перыядычныя, нотныя, вучэбныя, літаратурна-мастацкія). Адначасова кнігарні, дбаючы аб камерцыйным інтарэсе, заставаліся ўніверсальнымі пунктамі па распаўсюджванні выданняў разнастайнай тэматыкі.

Цікавосткі хатняй паліцы

У Мінску было больш за 150 бібліятэк. Значная роля ў захаванні кніжнай спадчыны належала прыватным кнігазборам, якія хоць і неслі страты ў выніку ўздзеяння тагачасных палітычных, ваенных і рэлігійных фактараў, аднак заставаліся асновай для стварэння дзяржаўных публічных і вучэбных бібліятэк. Дзейнічала нямала бібліятэк пры рэлігійных установах розных канфесій: мінчанін мог абраць праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія, пратэстанцкія, мусульманскія, іўдзейскія выданні. Там маглі сустракацца ўнікальныя старадрукі і рукапісы. Сёння ад большасці тых збораў засталіся толькі сляды ў бібліяграфічных крыніцах… Існавалі грамадскія і ведамасныя бібліятэкі, а таксама пры навучальных духоўных і свецкіх установах. Цікавыя і прыватныя кнігазборы, некаторыя з якіх маглі пахваліцца калекцыяй у 4 — 6 тысяч асобнікаў. Натуральнай справай было за невялікую плату пусціць ахвотных азнаёміцца са сваёй асабістай кніжніцай. Напрыклад, захаваліся ўспаміны гімназістаў пра свайго настаўніка Фларыяна Чапялінскага, які за колькі манет адчыняў для вучняў хатнія паліцы.

Большасць манастырскіх бібліятэк Мінска перасталі існаваць у 1832 годзе, “польскіх” (асабліва вучэбных і грамадскіх) — пасля 1863 года. Адток кніжных рарытэтаў адбываўся пачынаючы з 1837 года ў Санкт-Пецярбург, з 1850 — 1860-х гадоў — у Вільню, з 1919 — 1920-х гадоў — у Варшаву, Маскву. Кнігазборы знікалі падчас ваенных дзеянняў ад пажараў і рабаванняў, змянялі ўласніцкую прыналежнасць у выніку продажу і рэквізіцыі. Аднак нават рэшткі захаваных вопісаў, спісаў і каталогаў бібліятэк горада сведчаць аб іх каштоўным змесце, а некаторыя з захаваных бібліятэчных рарытэтаў працягваюць і сёння служыць сваім мінскім чытачам. Прынамсі, у Ягелонскай бібліятэцы Кракава суразмоўца знайшла мінскія нотна-музычныя запісы тых часоў, якія здавён лічыліся страчанымі. Яна перадала ноты Беларускай капэле. Магчыма, яны ізноў загучаць у Мінску.

Перасоўнікі

На працягу ўсяго абранага даследчыцай для вывучэння перыяду Мінск стала насычаўся кніжнай прадукцыяй, якая выпускалася ў Рэчы Паспалітай і Вялікім Княстве Літоўскім, краінах Еўропы, у Расійскай імперыі. Усё пачыналася з рухомага, ці як яго яшчэ называлі — вандроўнага гандлю. Часцяком мінскія гандляры развозілі прадукцыю па мястэчках. Другой асноўнай формай распаўсюджвання літаратуры ў горадзе стаўся часова-стацыянарны ці кірмашовы гандаль. Мінск і Навагрудак былі важнымі кантрактавымі месцамі. На пэўны перыяд у наш горад "на кантракты" наведваліся кнігагандляры з розных куткоў, часцей за ўсё — з Варшавы і Вільні. На тыя кантракты з’язджалася шляхта. У першую чаргу шляхцічы вырашалі свае камерцыйныя справы, аднак падгадвалі дзелавыя сустрэчы так, каб паспець закупіць кнігі. З мэтай прадаваць іх больш эфектыўна некаторыя распаўсюджвальнікі спецыяльна выдавалі каталогі таго, што прывязуць, каб зацікаўленыя змаглі папярэдне замовіць неабходнае. Дзякуючы гэтым бібліяграфічным спісам, якія першапачаткова мелі рэкламную мэту, сёння можна вызначыць, што было некалі выпушчана.

Хутка атрымлівае развіццё стацыянарны кніжны гандаль. Пачынаючы з 1860-х кнігарні горада становяцца аднымі з важнейшых культурных цэнтраў, вакол якіх гуртуецца мясцовая інтэлігенцыя, наладжваюцца кніжныя сувязі. Паступова ўзнікаюць буйныя прыватныя кнігарні. На пачатак 1919 года ў Мінску налічвалася каля 20 крамаў, пры якіх таксама існавалі прыватныя бібліятэкі-чытальні і бібліятэкі-пазычальні для самай шырокай публікі, развіваўся букіністычны гандаль. Ва ўмоўным топ-лісце кніжнага рэпертуару мінскіх выданняў значыліся сацыяльна-эканамічныя, сельскагаспадарчыя, рэлігійныя, медыцынскія, гістарычныя найменні, а таксама кнігі па адукацыі, педагогіцы і мастацкай літаратуры. Па назіраннях суразмоўцы, асаблівасцю многіх мінскіх выданняў была іх краязнаўчая тэматыка незалежна ад галіны ведаў.

Усяго ж у горадзе за вызначаны перыяд працавала не менш 125 разнастайных па сваёй форме і арганізацыі кнігарняў. Пры некаторых адчыняліся бібліятэкі, у якіх можна было за пэўныя грошы пачытаць на месцы ці ўзяць дадому. Такія кнігі пазначаліся спецыяльнай пячаткай уладальніка кніжнай крамы. 1919 год быў страшны для кнігароў: даследчык сустракала ў архівах унікальныя дакументы, з якіх вынікае, што прыватнікі да апошняга прасілі новыя ўлады дазволіць працаваць у кніжнай справе. Людзі пагаджаліся на любыя ўмовы, бо былі аддадзенымі справе, якой прысвячалі сваё жыццё. Аднак іх просьбы патанулі ў пустаце, а ўсё прыватнае рэквізавалі…

Дарэчы

Ларыса Іосіфаўна прысвяціла сваю манаграфію бацькам і брату — вядомаму літаратуразнаўцу і паэту Уладзіміру Мархелю. Менавіта ён падштурхнуў колішнюю васямнаццацігадовую другакурсніцу сталічнай ВНУ да навуковай сцяжынкі, зазначыўшы сястры: “Прыйшоў час займацца сур’ёзнай навукай”. За мінулыя дзесяцігоддзі курсавая праца пра кніжныя выданні Мінску перарасла ў дыпломную, пасля — у кандыдацкую дысертацыю.

Справа жыцця часта трымалася на энтузіязме ды падмацоўвалася добрымі стасункамі з такімі ж апантанымі сваёй працай людзьмі. Аднойчы родны ўніверсітэт змог выдаткаваць на даследаванні невялікія грошы, і навуковец, сэканоміўшы на ўсім, чым можна, два тыдні правяла ў Варшаве, каб адшукаць каштоўныя звесткі ў тамтэйшых архівах. У Пецярбургу супрацоўнікі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ва ўсім ішлі насустрач, напрыклад, дазволілі прыйсці ў бібліятэку са сваімі даследчымі карткамі (звычайна такое не шануецца: а раптам наведвальнік павырывае бібліятэчныя дадзеныя і паўстаўляе ў сваю скрыню?), запрасілі ў службовы каталог. Бібліятэкары раілі, дзе знайсці таннейшыя капіравальныя паслугі, бо копіі каштоўных для Беларусі выяў і запісаў нядрэнна б’юць па асабістай кішэні… “Складана было даследаваць фонды на ідыш і іўрыце. У мяне было толькі пазначанае на гэтых мовах слова “Мінск”, але як гэта дапаможа пры пошуку ў алфавітным каталозе? Выратавала знаходлівасць спецыялістаў, іх разуменне сітуацыі і вялікае жаданне падтрымаць: прынеслі мне бібліятэчныя інвентарныя кнігі. А ксеракопіі дапамагаў расчытваць беларускі паэт Рыгор Рэлес, які пісаў на ідыш”, — дадае візаві.

У сваіх паездках навуковец прыкмячала, з якой пашанай за мяжой ставяцца да сваёй гісторыі. Пакуль беларусы вырашаюць, лічыць пэўны дакумент сваім ці не, літоўцы даследуюць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, а палякі ўключаюць у каталогі нацыянальнага кнігазбору ўсё, што напісана на польскай мове (няхай сабе і выдадзена ў іншых краінах). Нашы суседзі маюць асобныя структуры па даследаванні нацыянальнай кніжнай справы (Інстытуты кнігі існуюць у Варшаве, Кракаве, Вільнюсе). У Беларусі гэтым займаюцца ў асноўным бібліятэкары, але Ларыса Іосіфаўна марыць пра тое, каб вывучэнне нацыянальнага кнігазбору пайшло далей, а даследаванні сталі комплекснымі і датычыліся не толькі ўласна выдання, але распаўсюджвання і захоўвання кнігі. Даследчык бачыць у гэтым кірунку неабсяжную ніву і спадзяецца, што з'явяцца і паслядоўнікі.

 

На ілюстрацыях: 1. Вокладка нотнага выдання (музыка Станіслава Манюшкі, словы Адама Шэмеша), надрукаванага накладам Аляксандра Валіцкага. Захоўваецца ў Ягелонскай бібліятэцы Кракаўскага ўніверсітэта і ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве; 2. Тытульны аркуш выдання (1855 год) В. Дуніна-Марцінкевіча з беларускамоўным тэкстам лацінкай, надрукаванага накладам братоў Бейліных. Асобнік з 4-ма гравюрамі (поўны) захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь; 3. Тытульны аркуш аднаго з ранніх выданняў Губернскай друкарні (1797 год). Пераклад з французскай мовы на польскую. Захоўваецца ў Бібліятэцы Інстытута літаратурных даследаванняў Польскай акадэміі навук (Варшава); 4. Фірменны бланк літаграфіі Эмерыка Адамовіча (1859 год). Захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі; 5. Тытульны аркуш аднаго з ранніх выданняў друкарні ордэна базыльянаў у Мінску (1791) — пераклад з англійскай мовы на польскую Францішка Букатага. Захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"