Галопам па концы

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

Факты пра новую экспазіцыю Музея гісторыі Мінска
Урачыстым адкрыццём Музея мінскай конкі дапоўнілася святкаванне 950-годдзя сталіцы ў дзень, пад якім яна ўпершыню і згадваецца ў летапісных крыніцах — 3 сакавіка. Экспазіцыя — рэканструкцыя першай коннай чыгункі, а таксама элементы побыту гараджан канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Для “К” пра “кантэнт” новай кропкі на культурнай карце сталіцы распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі Мінска Лідзія МАРКОВІЧ.

/i/content/pi/cult/628/13948/2-3.jpgУ маштабе 1:1

— Калі пачалася рэканструкцыя гэтага квартала — тэрыторыі былога бернардынскага кляштара па вуліцы Кірыла і Мяфодзія — паўстала пытанне і пра стварэнне музея, — кажа наша экскурсавод. — Над экспазіцыямі “Карэтная” і “Мінская конка” мы працавалі пяць гадоў. У прынцыпе ж, тут запланаваны тры “кропкі”: “Карэтная”, археалагічны музей і Музей мінскай конкі. Першы знаёміць наведвальнікаў з асабістым транспартам жыхароў Мінска канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, трохі распавядае і пра возніцтва. Новы музей становіцца яго лагічным працягам і звяртае ўвагу на грамадскі транспарт, таму галоўным экспанатам мы і зрабілі конны вагон. На жаль, сёння гэтых вагонаў не захавалася, таму было складана знайсці дэталі для рэканструкцыі. А выканана яна ў маштабе 1:1, каб усе наведвальнікі змаглі адчуць сябе жыхарамі даўняга Мінска.

Левін, які гандляваў “усім без разбору”

Лідзія дадае, што вагон гэты мінчане будуць бачыць на вуліцы, таму што, калі ён у “дэпо”, — не так цікава. А дапоўнілі экспазіцыю вітрынамі папулярных магазінаў таго часу. Гэта крама Левіна, які гандляваў “усім без разбору”, як напісана ў яго візітоўцы. У яго можна было купіць дзіцячыя цацкі, паляўнічыя стрэльбы, вопратку і нават замовіць аўтамабіль…

Рукапіс на ступень доктара

Побач — аптэка Стараневіча, адна з першых сямі гарадскіх аптэк, дзе можна ўбачыць посуд для захоўвання або водпуску лекаў, медыцынскія інструменты, а таксама лекі, без якіх зараз ні адна аптэчка не абыходзіцца, але на той момант яны толькі заваёўвалі рынак — гаворка пра аспірын, валідол.

— На вітрыне ёсць адзін з апошніх прыдбаных намі экспанатаў — рукапіс на атрыманне ступені доктара медыцыны А.А. Бекарэвіча, а на яе адваротным баку мы ўбачылі запіс, што аўтар дорыць асобнік С.Н. Урванцову, чалавеку, які ўзначальваў губернскую земскую бальніцу, а ў 1920-я ўжо 2-ю і 3-ю бальніцы, — распавядае Лідзія Марковіч.

Калонка ад пасла

Некаторыя экспанаты — гэта падарункі музею.

— Калі мы гаворым пра конку як пра частку тэхнічнага развіцця Мінска таго часу, то варта заўважыць, што амаль адначасова ў горад прыходзіць вадаправод, — зазначае візаві “К”. — Таму ў нас і прадстаўлены экстэр’ер вуліц — калонка, знойдзеная на тэрыторыі Пасольства ЗША падчас будаўнічых работ і перададзеная музею па ініцыятыве колішняга Пасла гэтай краіны ў Беларусі Джорджа Крола. На калонцы ёсць кляймо “Анцэліёвіч — Мінск губернскі”, і калі паглядзець дакументы, то мы даведаемся: на вуліцы Губернатарскай знаходзілася тэхнічная кантора Анцэліёвіча, які аказваў паслугі па праводцы вадаправода, артэзіянскіх калодзежаў.

І ліхтары — у стылі тых

Тэхнічныя навінкі ў жыцці тагачасных гараджан — тэлефон і электрыфікацыя. Якраз адна з першых тэлефонных сетак і працягнулася ад пажарнага дэпо, дзе знаходзіцца новы музей, да пажарнай каланчы, якая была ў капліцы былога езуіцкага калегіума. Што да электрыфікацыі, у экспазіцыі ёсць стылізаваныя ліхтары, якія калісьці асвятлялі вуліцы Мінска.

Кантора па вопісе

— Другая частка экспазіцыі ўяўляе з сябе кантору, якая каардынавала дзейнасць усёй конкі. Спачатку ў штаце было больш за сто чалавек, куды ўваходзілі служачыя, кандуктары, кучары, конюхі, кавалі, ветэрынары. На тэрыторыі парка можна ўбачыць конныя вагоны, вагонныя хлявы, стайні, кузню, вартоўню. У аснову ляглі вопісы 1913 года, у якіх складзены пералік рухомай і нерухомай маёмасці. Пашанцавала, што захаваліся і чарцяжы стайні, павільёна для пасажыраў — усё гэта лягло ў аснову складання дыярамы, — зазначае мая суразмоўца.

А гербавыя гузікі — зразалі

Дзякуючы намаганням музейных работнікаў, уся экспазіцыя выглядае вельмі цэльна і якасна. Манекены ж работнікаў конкі праўдападобныя настолькі, што іх можна зблытаць з замерлымі на імгненне артыстамі. А касцюмы ўяўляюць з сябе асобнае мастацтва, якое, дарэчы, патрабуе да сябе шмат увагі, бо кожная дэталь — гэта гісторыя. Напрыклад, у паслярэвалюцыйны час старую ўніформу проста пераніцоўвалі, пінжакі выварочвалі, гербавыя гузікі зразалі і абцягвалі тканінай альбо насілі звычайныя касцяныя.

Білет — ад 4 да 6 капеек

З таго часу мала што змянілася, хіба што вагоны і коні сталі жыць асобна. А людзі працягваюць купляць білеты на праезд (тады яны каштавалі ад 4 да 6 капеек у залежнасці ад адлегласці) і, на жаль, як і шмат гадоў таму, трапляць у ДТЗ.

Трапіў пад… конку

— Калі транспарт прыходзіў у жыццё гараджан, паступова выпрацаваліся правілы паводзінаў і для пешаходаў, і для кучараў, і для кандуктараў. Цікава, што кіраваць такім відам транспарта сапраўды навучаліся, паколькі на дарозе адбываліся розныя здарэнні, у тым ліку праз тое, што фурман не спраўляўся з коньмі. Гэтыя ДТЗ можна сустрэць у рэпартажах таго часу. Да ўсяго, першая канструкцыя вагона спрыяла таму, што людзі неспадзявана маглі трапіць пад колы: кузаў садзілі вельмі высока — па прынцыпе экіпажа. Гэта значыць, што ад яго конныя вагоны і бяруць свой пачатак. Ужо потым кодабы пачалі альбо апускаць, альбо прыдумляць спецыяльныя шчыткі, каб максімальна засцерагчы пасажыраў ад розных здарэнняў.

Ганна ШАРКО, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

Фота аўтара