Шкадаваць грошай на развіццё мастацтва ў Беларусі не будуць

№ 10 (1293) 11.03.2017 - 17.03.2017 г

6 сакавіка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя і творчая сустрэча з намінантамі на суісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры 2016 года. У падзеі прыняў удзел Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Якраз беларускі Лідар і ініцыяваў правядзенне гэтага мерапрыемства, як і папярэдняе знаёмства з дасягненнямі намінантаў на суісканне дзяржпрэміі ў галіне навукі і тэхнікі, каб да падпісання ўказа асабіста азнаёміцца з прэтэндэнтамі на высокую дзяржаўную ўзнагароду.

/i/content/pi/cult/628/13946/1-1.jpgПадчас наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак, дзе і былі прадстаўлены працы намінантаў у навукова-тэхнічнай сферы, Прэзідэнт зазначыў: прысуджэнне дзяржаўных узнагарод не павінна мець фармальны характар. “Я хачу дзейнічаць у рамках сумленнасці і справядлівасці, а яны заснаваны на аб’ектыўнасці”, — адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Падобныя крытэрыі Аляксандр Лукашэнка паўтарыў падчас падрабязнага азнаямлення з выставай творчых работ намінантаў на суісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры 2016 года і ў выступленні пасля канцэрта-прэзентацыі гэтых прац.

Сярод асноўных тэзісаў, агучаных 6 сакавіка Кіраўніком дзяржавы: неабходна больш актыўна папулярызаваць нацыянальныя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі. “У нас ёсць людзі, якія сапраўды заслугоўваюць і пашаны, і ўвагі, і матэрыяльнага заахвочвання, і падтрымкі“, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Яшчэ адна ключавая думка: шкадаваць грошай на развіццё мастацтва ў Беларусі не будуць. Аляксандр Лукашэнка раскрыў гэту думку больш шырока ў сваім выступленні пасля канцэрта-прэзентацыі: “Я даўно казаў, што няма такой сітуацыі, калі няма грошай на творчасць. Не. У мяне да гэтага іншы падыход: грошы трэба плаціць тым, хто іх заслугоўвае. А вялікія грошы тым, хто гэтага ўдвайне заслугоўвае. Для гэтага мы заўсёды знойдзем грошы“.

Прэзідэнт перакананы: мастацтва аказвае станоўчы ўплыў на грамадства, адухаўляючы грамадзян. Вялікае значэнне яно мае ў жыцці моладзі, і дзейнасць работнікаў культуры, дзеячаў мастацтваў у гэтым кірунку асабліва важная. “Моладзь павінна выходзіць з вашай залы адухоўленай. Нават прыйшоўшы сюды, нічога не разумеючы ні ў балеце, ні ў оперы, ні ў мюзіклах, ні ў класічнай музыцы. Адсюль яна павінна выйсці разумеючай. Амаль так, як вы разумееце сваю творчасць“, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Што ўласна да сустрэчы Прэзідэнта з намінантамі — дзеячамі культуры і мастацтва, дык яна, адзначае БелТА, прайшла ў вельмі душэўнай атмасферы. Прыемна адзначыць, што адным з удзельнікаў выставы іх дасягненняў, якая разгарнулася ў фае другога паверха Вялікага тэатра, быў рэдактар аддзела — член рэдакцыйнай калегіі “К”, вядомы мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барыс Крэпак. Нагадаем, наш калега быў вылучаны на суісканне Дзяржаўнай прэміі за стварэнне серыі кніг і альбомаў пра жыццё і творчасць дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі. Сярод іншых сваіх работ, Барыс Аляксеевіч прадставіў Прэзідэнту фундаментальны двухтомнік “Вяртанне імёнаў”, што ўкладзены на аснове матэрыялаў, якія друкаваліся ў аднайменнай рубрыцы нашай газеты.

Наогул, падчас сустрэчы ставала цікавых момантаў, у тым ліку і размоў пра ўчора, сёння і заўтра беларускай культуры. Так, у гутарцы з намінантам на высокую ўзнагароду, рэжысёрам-дакументалістам, заслужаным дзеячам мастацтваў нашай краіны Анатолем Алаем Кіраўнік дзяржавы выказаў долю крытыкі ў адрас айчынных кінематаграфістаў. Паводле яго слоў, у галіне ігравога кіно за апошні час у Беларусі не было сапраўды моцных і запатрабаваных работ.

“Я прыхільнік таго, каб фільмы здымаліся аб нашых людзях, якія ўсім сваім жыццём заслужылі права быць у дакументальным кіно. І тады гэты фільм будзе запатрабаваны ўсюды. Але даваць гэту справу трэба майстрам“, — сказаў Анатоль Алай, вылучаны на суісканне прэміі за стварэнне цыкла дакументальных фільмаў аб Вялікай Айчыннай вайне (“Чорная дарога“, “Салдаты Італіі“, “За два крокі ад гільяціны“, “Чырвоны д’ябал“, “Пётр Конюх“, “Георгій Жукаў. Вайна і мір маршала Перамогі“, “Бумеранг“ і іншых). У адказ Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кінарэжысёру зняць дакументальныя фільмы аб цяперашніх намінантах на Дзяржпрэмію. “Але трэба хутка, каб людзі не забылі, што ў нас прадстаўляюць восем калектываў, мастакоў“, — адзначыў ён.

Цікава, што тэма кінематографа працягнулася і падчас размовы з іншым намінантам — кампазітарам Уладзімірам Кандрусевічам (вылучаны на ўзнагароду за значныя дасягненні ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, стварэнне музыкі да балета “Мефіста“ і мюзіклаў “Шклянка вады“, “Джулія“, “Соф’я Гальшанская“, “Байкер“). Прэзідэнт прыгадаў выпадак, калі некалькі гадоў таму наведваў здымачную пляцоўку, дзе прапанаваў творчай моладзі прадставіць асабіста яму моцны сцэнарый, каб потым зняць фільм. “Да гэтага часу пішуць сцэнарый...“, — канстатаваў Лукашэнка. “Хацелася б, каб мы знялі, — я не кажу фільм, мюзікл або оперу паставілі, — можа, гістарычнае або сучаснае. Але такое, каб народ валам ішоў. Трэба так, каб захапіла і моладзь. Трэба такое стварыць“, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Заслужаны артыст краіны Аляксандр Крамко (ён з народным артыстам Беларусі Міхаілам Казінцом і кампазітарам Ларысай Сімаковіч уваходзяць у творчы калектыў Белдзяржфілармоніі, намініраваны за стварэнне канцэртаў-спектакляў тэтралогіі “Святое, незабыўнае...“ — музычна-тэатралізаваныя пастаноўкі “Гусляр“, “Апокрыф“, “Песня пра долю“, “Люцыян Таполя“) па просьбе кіраўніка дзяржавы выканаў на цымбалах некалькі нацыянальных матываў, у тым ліку з творчасці лідара легендарных “Песняроў” Уладзіміра Мулявіна.

Сярод іншых намінантаў — старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, намінаваны за стварэнне кніг для дзяцей “У родным краi“, “Гульняслоў“, “Серабрыстыя чайкi“. За стварэнне мемарыялаў і скульптурных груп пагранічнай тэматыкі ў перыяд з 2004 па 2011 год на саісканне дзяржпрэміі вылучаны творчы калектыў у складзе скульптара Генадзя Буралкіна, скульптара-архітэктара Валянціна Занковіча і архітэктара Сталіна Федчанкі. Пасмяротна намініраваны на дзяржпрэмію народны артыст Беларусі Расціслаў Янкоўскі за выдатнае ўвасабленне вобразаў класічнай замежнай і сучаснай айчыннай драматургіі.

Нагадаем, таксама ў ліку намінантаў — творчы калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі (у складзе народных артыстаў Беларусі Настассі Масквіной, Ніны Ламановіч, Сяргея Франкоўскага, заслужаных артыстаў Аксаны Волкавай і Станіслава Трыфанава, галоўнага мастака тэатра Аляксандра Касцючэнкі), вылучаны за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцей і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда“ паводле твора Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання храма мастацтваў цікавіўся работай тэатра, наколькі якасна ў свой час была праведзена рэканструкцыя. Прэзідэнта запэўнілі, што як опера, так і балет развіваюцца на найвышэйшым узроўні. Між іншым, канцэрт-прэзентацыя збольшага таксама складаўся з нумароў, падрыхтаваных артыстамі беларускіх оперы і балета. Аляксандр Лукашэнка цёпла паразмаўляў з удзельнікамі імпрэзы.