Князь з "тутэйшых"

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

“Люблю згадваць словы апошняга нясвіжскага ардыната Альбрэхта Радзівіла. Ён нарадзіўся ў Берліне, яго маці была родам з Украіны, бабуля і прабабуля — з Францыі і Германіі. Ён вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, ажаніўся з амерыканскай дзяўчынай. Калі князь ужо жыў у Нясвіжы і адзін з журналістаў запытаўся ў яго, кім па нацыянальнасці той сябе лічыць, Радзівіл без прамаруджвання адказаў: “Я — тутэйшы”. Дык вось, я таксама адчуваю сябе тутэйшым, хоць і наведваю радзіму продкаў два-тры разы на год”, — гэтымі словамі князь Мацей Радзівіл адкрыў выставу твораў з асабістай калекцыі “Радзівілы: лёсы краіны і роду” ў Нацыянальным мастацкім музеі.

/i/content/pi/cult/627/13943/2-2.jpgДля спадара Мацея зладжаная экспазіцыя мае асаблівую энергетыку: па ягоным прызнанні, у Нацыянальным мастацкім з’явіліся карціны, на якія князь глядзеў, калі быў яшчэ маленькім хлопчыкам. Гэты позірк продкаў надаваў яму ўпэўненасці ў неабходнасці далейшага даследавання гісторыі роду. Прамоўца працягваў: “Упершыню я патрапіў у Беларусь 28 гадоў таму. У мяне быў дазвол на наведванне Мінска, але я нелегальна паехаў у Мір, Нясвіж… Уявіце: я стаў першым Радзівілам, які пасля вайны прыехаў у родавы маёнтак! Мае продкі жылі на гэтых землях больш за пяць стагоддзяў, лёс нашай сям’і цесна звязаны з гісторыяй Беларусі”.

Спадчыннік фаміліі зрабіў добрую кар’еру ў бізнесе, стаў саўладальнікам некалькіх кампаній. Пры гэтым не забываўся на папаўненне збору твораў мастацтва, які ўдалося захаваць бацькам у часы Другой сусветнай вайны і панавання камуністычнага ладу: “Сучасная калекцыя дапоўнена ўнікальнымі партрэтамі з дакладна вядомай гісторыяй самога палатна і асобы, якая на ім адлюстравана, а таксама работамі невядомых аўтараў, якія я набываў на аўкцыёнах і ў Сеціве”. У праекце Нацыянальнага мастацкага можна пабачыць галерэю вобразаў славутых дзеячаў гісторыі, сярод якіх Барбара Радзівіл, “Геркулес Літоўскі” Юрый Радзівіл, заснавальнікі Нясвіжскай рэзідэнцыі Мікалай Радзівіл Сіротка і мануфактуры слуцкіх паясоў Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька. Безумоўнай каштоўнасцю калекцыі з’яўляецца тое, што некаторыя партрэтныя вобразы — напрыклад, Цэцылія з Радзівілаў Сяняўская, Антаніна Мяньчыньская, Тэафілія з Радзівілаў Бжастоўская — вядомыя мастацтвазнаўцам толькі ў адзіным варыянце! Некаторыя партрэты падпісаны вядомымі еўрапейскімі майстрамі. Сярод аўтографаў можна пабачыць прозвішча італьянскага жывапісца Марчэла Бачарэлі, які служыў пры двары Станіслава Аўгуста Панятоўскага, аўстрыйца Францішка Ксаверыя Лампі, фламандскага гравёра Дамініка Кусто.

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Сяргей Вечар распавёў карэспандэнту “К”, што на абароце некаторых работ музейшчыкі ўбачылі зроблены чырвоным колерам надпіс “Замак Вавеля”. Высветліўся ўнікальны факт: у свой час кракаўскі Вавель узяў у Сапегаў некалькі палотнаў на дэпазіт, бо апошнія з-за розных прычын не цікавіліся сваёй спадчынай. Пасля падзення камуністычнай улады творы пачалі вяртаць былым уладальнікам, але Сапегам яны былі не зусім патрэбны, таму рарытэтныя партрэты выкупіў спадар Мацей. Суразмоўца звярнуў маю ўвагу на пахавальны партрэт Караля Станіслава Радзівіла: “Такія партрэты было прынята ставіць у саркафагу. Для Беларусі гэтая з’ява ўнікальная, у краіне захавалася, здаецца, усяго дзве аналагічныя работы”. Між іншым, каб прывезці тое ў Беларусь, неабходна было атрымаць асобы дазвол у Міністэрстве культуры Польшчы, бо ён стаіць на ўліку, як каштоўная рэч тамтэйшай спадчыны.

Дарэчы, з такім жа грыфам на выставе яшчэ чатыры работы, у тым ліку акварэль Юльяна Фалата “Паляванне ў Нясвіжы з удзелам кронпрынца Вільгельма, пазней — імператара Германіі Вільгельма II, Антонія Вільгельма Радзівіла і Мацея Радзівіла”. З гэтай работай звязаная сямейная легенда. Як распавёў публіцы князь Мацей, аднойчы да яго ў госці завітаў італьянскі князь, вядомы заўзятар палявання.

Пільна ўглядаючыся ў пейзаж, ён выказаў недавер, маўляў, як каранаваныя асобы маглі сустрэць мядзведзя ўзімку. “Сапраўды, у гэтую пару касалапыя спяць, але дзеля кронпрынца вырашылі не чакаць вясны, а разбудзіць мядзведзя да часу”, — усміхнуўся прамоўца.

У сталічную экспазіцыю арганічна ўпісаліся жывапісныя партрэты князёў Радзівілаў са збору Мастацкага, рэдкія старадрукі і прысвечаны паляванню фотаальбом Радзівілаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама дакументы з Нацыянальнага архіва нашай краіны, звязаныя з нацыяналізацыяй нясвіжскай маёмасці. Як вядома, нясвіжская рэзідэнцыя страціла статус прыватнай уласнасці толькі ў верасні 1939 года. З інструкцыі “камісару замка-музея былога маёнтка князёў Радзівілаў” бачна, што новая ўлада не змагла адразу забяспечыць бяспеку “музею вялікай навукова-гістарычнай каштоўнасці”. У дакуменце таго часу пазначана: неабходна “мець на ўвазе, што ахова, якая зараз існуе, не можа абараніць музей ад расцягвання, бо прыслугі маецца больш за 100 чалавек і існуе велізарная колькасць вядомых і, верагодна, невядомых выхадаў з замка”. Але ў хуткасці ад ідэі стварэння музея адмовіліся. З выпіскі з пратаколу пасяджэння ЦК КП(б)Б ад 4 студзеня 1941 года можна пабачыць, як склаўся лёс маёмасці і каштоўнасцей былога палаца: бібліятэку і архіў накіравалі ў Акадэмію навук БССР, каштоўныя мастацкія карціны і скульптуры — у Карцінную галерэю БССР, рыцарскія даспехі, зброю і іншую маёмасць рыцарскай залы  — гістарычнаму музею БССР і кінастудыі, калекцыі паляўнічай залы — Беластоцкаму дзяржаўнаму запаведніку, касцюмы і мэблю — Вялікаму тэатру оперы і балета БССР, БДТ-І, Дому работнікаў мастацтваў…

Па словах гаспадара калекцыі, са з’яўленнем фатаграфіі традыцыя замаўляць партрэты членаў магнацкай фаміліі стала перарывацца, а зараз увогуле сышла. Сучаснае пакаленне, прынамсі, сам князь Мацей, яго жонка (таксама, дарэчы, з дрэва Радзівілаў) і іх пяцёра дзяцей фамільных партрэтаў не маюць. Радавы збор доўгі час бачылі толькі дамашнія і сябры княжацкага дома. Там, у Варшаве, па запрашэнні гаспадара і пабачылі экспазіцыю супрацоўнікі НММ, пасля чаго прапанавалі прывезці яе ў беларускую сталіцу. “Наша сям’я безумоўна рада такой магчымасці, бо разумее, што мастацтва толькі тады жыве, калі даступнае людзям”, — падкрэсліў спадчыннік роду.

Пасля Мінска выставу чакае Гомель, потым — польская Бяла-Падляска. Як распавёў князь, экспазіцыяй зацікавіліся ў Літве, дзе гісторыю Радзівілаў таксама разглядаюць як частку летапісу краіны.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"