Першадрукар: экран, кнігі, сцэна...

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

2 сакавіка ў прэс-цэнтры БелТА прайшла прэс-канферэнцыя па падрыхтоўцы да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання з удзелам намесніка міністра інфармацыі Беларусі Аляксандра Карлюкевіча, начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Наталлі Задзяркоўскай і дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага.

З галоўных анансаваных навін адзначым сказанае Карлюкевічам: у хуткім часе ў Беларусі выйдзе энцыклапедыя, прысвечаная дзейнасці Скарыны і яго паслядоўнікаў. Акрамя таго, паводле слоў намесніка міністра, Міністэрства інфармацыі, дзяржаўныя выдавецтвы рэалізавалі шэраг значных праектаў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Мерапрыемствы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання пройдуць сёлета і за мяжой. Плануюцца яны ў Польшчы, Чэхіі, Сербіі і іншых краінах. Напрыклад, у Бялградзе запланавана навукова-практычная канферэнцыя, у Маскве адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку прадстаўленне друкарскага станка, які наведвальнікі XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу маглі бачыць у рабоце. Падключацца да гэтай эстафеты краіны Цэнтральнай Азіі, Кітай. Ідуць перамовы аб фармаце скарынаўскіх мерапрыемстваў у Польшчы. Сярод мерапрыемстваў, якія ўжо адбыліся за мяжой, — прадстаўленне нашай кнігі на XVIIІ Міжнароднай Вільнюскай кніжнай выставе-кірмашы.

У сваю чаргу, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Задзяркоўская адзначыла, што сёлета на Дні беларускага пісьменства прэзентуюць дакументальны фільм пра Францыска Скарыну.

— Праект стаў пераможцам адкрытага конкурсу кінапраектаў летась, — сказала Задзяркоўская. — Здымачны перыяд гэтага фільма завершаны, ідзе мантаж.

Акрамя таго, як адзначыла прадстаўнік Мінкультуры, верасень будзе насычаным па колькасці мерапрыемстваў, якія пройдуць згодна з праграмай святкавання 500-годдзя кнігадрукавання. Так, у Дзень беларускага пісьменства плануецца прадставіць спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі па п’есе Віктара Марціновіча, якая стала адным з пераможцаў конкурсу п’ес на тэму 500-годдзя кнігадрукавання і творчасці Скарыны. Акрамя таго, Нацыянальны гістарычны музей прапануе цікавы мультымедыйны праект — падарожжа Францыска Скарыны па месцах кнігадрукавання.

Годнай падзеяй стане 95-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі. З гэтай нагоды адбудзецца міжнародны кангрэс, прысвечаны 500-годдзю кнігадрукавання. Рэгістрацыя на форум, як зазначыла Наталля Задзяркоўская, сёння ўжо адкрыта. Акрамя таго, верасень будзе адзначаны буйным выставачным праектам “Францыск Скарына і яго эпоха”. На ім прадставяць арыгіналы выданняў Францыска Скарыны з розных краін свету.

Як удакладніў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, на выставе мяркуецца прадставіць выданні Скарыны, што раней не пакідалі краіны іх знаходжання.

— Дзякуючы праекту “Францыск Скарына і яго эпоха” мы зможам увачавідкі прадставіць маштабную спадчыну першадрукара, — адзначыў Раман Матульскі. — Як вядома, каля 50 краін валодаюць асобнікамі кніг першадрукара. Сёння перамовы пра ўдзел у выставе вядуцца з многімі дзяржавамі свету, таму назваць колькасць краін, якія возьмуць удзел у выставачным праекце ў Мінску, пакуль яшчэ рана. Бо, як вядома, арганізацыя вывазу кніг за межы краіны знаходжання — складаны і працаёмкі працэс.

Па словах Рамана Матульскага, Нацыяналка з партнёрамі рэалізавала праект па выданні факсімільнай 20-томнай серыі “Кніжная спадчына Францыска Скарыны: факсімільнае выданне”. У хуткім часе выданне будзе прэзентавана журналістам. Мяркуецца, гэтыя кнігі будуць перададзеныя ўстановам, якія аказвалі дапамогу ў падрыхтоўцы і стварэнні серыі. Таксама плануецца папоўніць выданнем фонды публічных бібліятэк Беларусі. Напрыклад, як адзначыў Матульскі, факсімільныя Бібліі Скарыны абавязкова будуць прадстаўлены ў кожнай раённай і абласной бібліятэцы краіны, у бібліятэках ВНУ.

Акрамя таго, як адзначыў “К” намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша, лічбавыя копіі выданняў Францыска Скарыны перадасць у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі Брытанская бібліятэка.

— Рашэнне агучыў дырэктар Брытанскай бібліятэкі Роўлі Кітынг на сустрэчы з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раманам Матульскім у Лондане, — адзначыў Алесь Суша, які таксама прысутнічаў на імпрэзе. — Да таго ж, Брытанская бібліятэка ўпершыню стала арганізатарам мерапрыемства з удзелам беларусаў: ім стала святочная акцыя да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Акрамя таго, па словах Сушы, падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Брытанскай бібліятэкай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, прэзентацыя факсімільнага перавыдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны і яго перадача Брытанскай бібліятэцы, знаёмства з беларускімі ўнікальнымі выданнямі. Яшчэ адной важнай падзеяй дня стала канферэнцыя, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, у якой прынялі ўдзел гісторыкі-славісты, супрацоўнікі дзвюх бібліятэк, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, шырокай грамадскасці і СМІ. У час канферэнцыі адбылася ўрачыстая перадача факсімільнага выдання кніжнай спадчыны Францыска Скарыны Брытанскай бібліятэцы, якая з’яўляецца захавальніцай некалькіх каштоўных пражскіх і віленскіх выданняў беларускага першадрукара.

Як паведаміў Алесь Суша, адмыслова да свята ў Вільнюсе Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пры падтрымцы Пасольства Літвы ў Беларусі было падрыхтавана выданне  “Вільня часоў Францыска Скарыны” — альбом на беларускай, літоўскай і англійскай мовах, які расказвае пра колішнюю сталіцу ВКЛ.

Віктар Бабарыка і Раман Матульскі прэзентуюць выданні. / Фота Юрыя ЧАРНЯКЕВІЧА

А 3 сакавіка Нацыянальная бібліятэка Беларусі і “Белгазпрамбанк” прадстаўлялі ў галоўнай кніжніцы краіны Міжнародны выставачны праект, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, пад назвай “Дарогамі Скарыны з “Белгазпрамбанкам”.

У рамках праекта прэзентавалася вернутая ў Беларусь “Малая падарожная кніжыца”, выдадзеная Францыскам Скарынам у 1522 годзе ў Вільні. Прычым, як адзначыў на прэс-канферэнцыі кіраўнік банка Віктар Бабарыка, гэта не адно выданне, а цэлых 18 кніг, сабраных разам пад адну вокладку. Яны ўпрыгожаны ўнікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі. 9 кніг маюць пасляслоўе самога першадрукара. Перамовы аб набыцці, да слова, ішлі цягам 10 гадоў.

Такім чынам, як у сваю чаргу сказаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, цяпер у Беларусі налічваецца 28 кніг Скарыны: 10 з іх, пражскага перыяду, здаўна знаходзяцца ў Нацыяналцы, а цяпер яшчэ 18 — у карпаратыўнай калекцыі банка. Дарэчы, “Малая падарожная кніжыца” перададзена на захоўванне ў фондасховішча галоўнай бібліятэкі краіны, таму з ёй можна будзе працаваць розным айчынным навукоўцам і даследчыкам.

Сам жа праект “Дарогамі Скарыны…” пройдзе цягам года ў краінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю першадрукара — у Літве, Польшчы, Чэхіі і Італіі. Першай кропкай на маршруце стане Нацыянальны музей “Палац вялікіх князёў літоўскіх” у Вільнюсе, дзе з 4 мая па 4 чэрвеня пройдзе выстава, на якой будуць экспанавацца як “Малая падарожная кніжыца”, так і яшчэ адна кніга Францыска Скарыны “Кніга Іава” (Прага, 1517) менавіта з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Фаліянт таксама прадэманстравалі гасцям прэс-канферэнцыі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"