Век Шмакава

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

1 сакавіка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага артыста СССР Фёдара Шмакава, акцёра-коласаўца, для якога нават вызначэнне “чалавек-легенда” замалое. 70 гадоў творчага жыцця ён аддаў сцэне, яго ведалі і любілі гледачы розных пакаленняў — і не толькі заўзятыя тэатралы. Слава, аўтарытэт Шмакава былі непераўзыдзенымі далёка за межамі Віцебска.

/i/content/pi/cult/627/13933/13-1.jpgУчора з нагоды векавой даты на малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбыўся вечар памяці Фёдара Іванавіча “Мая партыя — мастацтва” (у назву вынесены словы самога Шмакава). Прагучалі ўспаміны калег па сцэне, былі паказаныя ўрыўкі са спектакляў (як у відэазапісе, так і “жывым планам”, калі ролі Шмакава прымервалі на сябе іншыя акцёры) і кінафільмаў, дзе ён іграў… А “К” прапануе некалькі цікавых, а мо і малавядомых фактаў з біяграфіі Шмакава.

Слесар дакладнай механікі

У 1918 годзе бацькі Федзі пераязджаюць у падмаскоўны гарадок Рашаль. Тут на крылах піянерскіх і камсамольскіх песень імкліва імчаць дзіцячыя і юнацкія гады будучага майстра беларускай сцэны. Школа-сямігодка, ФЗН пры заводзе, дзе бацька працуе рабочым, а сын ужо слесар дакладнай механікі. І нічога ў жыцці Фёдара не змянілася б, каб да яго аднойчы не падышоў заводскі інжынер, са старых інтэлігентаў: “Табе трэба вучыцца на акцёра”, — сказаў ён.

Адмовіўся ад Меерхольда

Праз некаторы час Шмакаў пабачыў аб’яву ў газеце: “Студыя МХАТа аб’яўляе першы набор”. На экзамен спазніўся, але яго згадзіліся прагледзець два масцітыя акцёры. Чытаў вершы і апавяданні Зошчанкі. І пры гэтым так цікава рухаўся, такія выкрутасы паказваў, што яму параілі студыю Меерхольда. Але Фёдар паступіў у Ленінградскае тэатральнае вучылішча. Яго педагогам быў знакаміты артыст Васіль Мяркур’еў.

Выбраў Магілёў

Па заканчэнні вучобы ў 1939 годзе, калі Шмакаў атрымаў шэраг запрашэнняў з ленінградскіх тэатраў, а таксама з тэатра Паўночнага флоту, узнікла заманлівая прапанова стварыць у Магілёве новую маладзёжную трупу. Так Шмакаў са сваімі аднакурснікамі апынуўся на Беларусі. Якраз большая частка выпускнікоў мяркур’еўскага курса склала ядро Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра ў Магілёве, мастацкім кіраўніком якога быў рэжысёр і педагог Дзмітрый Арлоў. З першых жа крокаў малады Шмакаў звярнуў на сябе ўвагу яркай індывідуальнасцю, шырынёй творчага дыяпазону. Ён смела браўся за ролі рознага плану — ад Важаватава ў “Беспасажніцы” Астроўскага і Аргона ў “Прытворным хворым” Мальера да Віктара ў “Казцы” Святлова.

Вайна “выбрала” Віцебск

У чэрвені 1941 года тэатр выправіўся на гастролі ў Беласток, дзе артыстаў і напаткала вайна. У нейкім эшалоне Фёдар трое сутак дабіраўся да Віцебска. Тут артыст Аляксандр Ільінскі, які ведаў маладога Шмакава па спектаклях, прапанаваў уладкавацца на працу. Але неўзабаве і віцебскі тэатр становіцца “на колы”, выпраўляецца ў эвакуацыю ў далёкі Уральск. Потым былі незабыўныя чатыры месяцы ў франтавой брыгадзе артыстаў-коласаўцаў. Фёдар Шмакаў там аказаўся самым маладым. Іх брыгада абслугоўвала Першы Беларускі фронт. У дзень адбывалася па пяць — шэсць выступленняў, нярэдка на перадавой. Але якраз тады, на вайне, прызнаваўся потым Фёдар Іванавіч, ён добра ўсвядоміў, як патрэбна чалавеку мастацтва.

Шмакаў і Канапелька

Віцебск ляжаў у руінах, а Коласаўскі тэатр даваў першыя прадстаўленні ў будынку былога клуба металістаў (зараз гэта будынак па вуліцы Ільінскага). Сярод іншых асаблівым поспехам у гледача карысталіся спектаклі з удзелам маладых Фёдара Шмакава і Зінаіды Канапелькі (на той час — мужа і жонкі).

Абаянне псіхалагізму

Артыст з рэдкім абаяннем і шчырасцю, ён умеў прыцягнуць гледача да мыслення і перажыванняў героя. Для мастацтва Шмакава і ў 1940-я — 1950-я, і ў больш познія гады былі ўласцівыя псіхалагічная характарыстыка вобразаў, лаканізм і прастата ў спалучэнні з яркімі, тэатральна выразнымі фарбамі. Асабліва тонка ён мог даследаваць прыгожы ўнутраны свет сучаснікаў. Гаворка пра ролі Лабанава ў інсцэніроўцы рамана Данііла Граніна “Шукальнікі”, Сяргея з “Іркуцкай гісторыі” Аляксея Арбузава.

Сяброўства з Шамякіным

Адметныя ролі дырэктара школы Лемяшэвіча з “Крыніц”, хірурга Яраша з “Сэрца на далоні”, камуніста Антанюка са “Снежных зімаў”. Апошнія тры — пастаноўкі па творах народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, з кім Фёдара Іванавіча звязвалі доўгія гады сяброўства.

Сыграў “вешальніка”

Сатырычная завостранасць, дакладны сцэнічны малюнак уласцівыя створаным ім адмоўным персанажам. Салавейчык у “Амністыі” Мікалая Матукоўскага, Альховік і Кузьміч (“Трывога” і “Укралі кодэкс” Алеся Петрашкевіча), Разаеў (“Стары дом” Аляксея Казанцава), Грушэўскі (“Блытаныя сцежкі” Кандрата Крапівы), Мураўёў-“вешальнік” (“Кастусь Каліноўскі” Уладзіміра Караткевіча)...

Не аднойчы — Ленін

Не абмінеш і ролю, якая з’яўлялася этапнай у біяграфіях артыстаў савецкай эпохі. За яе стварэнне Фёдар Іванавіч быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Гэта вобраз Леніна. Прычым спярша Шмакаў сыграў маладога Валодзю Ульянава ў спектаклі “Сям’я” па п’есе Іосіфа Папова, а потым паказаў правадыра ў першыя гады савецкай улады ў спектаклях “Вечная крыніца” Дзмітрыя Зорына, “Шостага ліпеня” Міхаіла Шатрова і “Трэцяя, патэтычная” Мікалая Пагодзіна.

“ЧП…” з Гараднічым

Сярод вобразаў класічнага рэпертуару можна вылучыць яго Гарацыа, Эдгара, Ларэнца (“Гамлет”, “Кароль Лір”, “Рамэа і Джульета” Уільяма Шэкспіра), Акіма з “Улады цемры” Льва Талстога, Прысыпкіна з “Клапа” Уладзіміра Маякоўскага, Мурамскага з “Вяселля Крачынскага” Аляксандра Сухава-Кабыліна, Бессяменава з “Мяшчан” Максіма Горкага, Гараднічага з “ЧП-1” — “ЧП-2” (паводле “Рэвізора” Мікалая Гогаля). Дзіўна, але факт: артыст адчуваў сябе ў апошнім з названых спектакляў — эксперыментальнай пастаноўцы Барыса Эрына — вельмі натуральна. Хітрасць, езуіцкае крывадушша, прыстасавальніцтва, нахабнасць, цынізм, адчуванне сваёй беспакаранасці — усе гэтыя агідныя чалавечыя якасці выдатна раскрываў Фёдар Іванавіч у хрэстаматыйным вобразе Гараднічага.

Спадчынны Несцерка

Знакаміты шмакаўскі Несцерка ў аднайменным спектаклі-візітоўцы калектыву паводле твора Віталя Вольскага цягам дзесяцігоддзяў нязменна адкрываў тэатральныя сезоны ў коласаўцаў. Гэтая роля была і для самога Фёдара Іванавіча любімай. Магчыма, таму, што была прынятая ім у спадчыну ад карыфея беларускай сцэны Аляксандра Ільінскага.

Кантрасны Шмакаў

У апошнія гады ў спектаклі “Лебядзіная песня” паводле Антона Чэхава ўражваў шмакаўскі Светлавідаў — стары акцёр, забыты ў тэатры пасля бенефісу. У камедыі Астроўскага “Праўда добра, а шчасце — лепш” (дарэчы, Фёдар Іванавіч стаў і пастаноўшчыкам спектакля) артыст стварыў каларытны вобраз гэткага хітраватага, “сабе на розуме”, старога унтэра Сілы Гразнова, які хоць і ўладкоўвае шчасце маладой пары, але ж і пра сябе не забываецца.

Пэн у 1937-м

Зусім іншая роля — вострадраматычная па гучанні, трагедыйная па змесце — Юдаль Пэн, славуты віцебскі мастак. П’еса “Ружа ў чыстым полі” была хутчэй эскізам, чым цэласным творам. Тым не менш, артысты змаглі знайсці цікавыя фарбы для сваіх персанажаў. Якраз тут Шмакаву і спатрэбілася яго ўменне жыць унутраным жыццём персанажа, здольнасць прыцягнуць увагу гледача да працэсу мыслення на сцэне. Пэн-Шмакаў быццам адчужаны ад тых страшных падзей, што адбываюцца за сценамі яго жытла ў 1937-м. Ён быццам ведае, прадчувае: яго зямное жыццё адлічвае апошнія гадзіны, хвіліны. Мабыць, таму ён існуе ў нейкім сваім свеце памяці, кіруючыся згадкамі, успамінамі далёкай маладосці, няспраўджанага кахання…

Апошняя роля

Апошняй роляй на коласаўскай сцэне і ў творчым жыцці знакамітага артыста стаў Маргарытаў з камедыі Аляксандра Астроўскага “Позняе каханне”. Спектакль адмыслова да 90-годдзя Фёдара Іванавіча паставіў колішні мастацкі кіраўнік Віталь Баркоўскі. Пайшоў з жыцця доўгажыхар віцебскай сцэны 1 мая 2009 года…

Фота з архіва тэатра

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа