Доўгая дарога да імені…

№ 9 (1292) 04.03.2017 - 10.03.2017 г

Чаму аўтар запісаў на CD-дадатку да кнігі не пазначаны?
У выдавецтве “Вышэйшая школа” выйшла кніга “Сямейныя абрады і звычаі”. Аўтар тэксту, Тамара Варфаламеева, грунтоўна апісала сямейную абраднасць усіх гісторыка-культурных рэгіёнаў Беларусі. На электронным дадатку да кнігі змешчаны экспедыцыйныя аўдыя- і відэазапісы Ірыны Мазюк (каля 80 трэкаў), адпаведныя тэматыцы выдання. Узровень тэкстаў, запісаў і ўкладання высока ацанілі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У рэдакцыю “К” звярнулася аўтарка запісаў і ўкладальніца электроннага дадатку. Імя Ірыны Мазюк не пазначана ні ў бібліяграфічным апісанні кнігі, змешчаным на абароце тытульнага аркуша, ні на паверхні дыска. Звесткі пра ўкладанне дасяжныя толькі пасля таго, як дыск устаўлены ў дыскавод. Аўтарку турбуе, што яе імя не будзе ідэнтыфікавацца падчас бібліяграфічнага пошуку, як тое было з амаль усімі дыскамі-дадаткамі да тамоў серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”.

/i/content/pi/cult/627/13928/5-1.jpgАсноўнае месца працы Ірыны Мазюк — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, дзе яна выкладае традыцыйнае ткацтва будучым спецыялістам па тэкстылі і дызайнерам. Запісы песеннага фальклору даследчыца робіць у свой вольны час і за ўласны кошт. Здавалася б, што прасцей — знайсці бабулю, пасадзіць, уключыць сродак фіксацыі гуку ці відэа. Але добрых спявачак засталося не так і шмат. Некаторыя ў гурце маглі толькі падпяваць, без пачынальніцы губляюцца. Бабуля можа жыць у глухой вёсцы, да якой трэба яшчэ неяк дабрацца, часта грамадскі транспарт ходзіць не штодня. Гэта вялікія фінансавыя выдаткі і нават пытанне фізічнага стану, наколькі здароўе дазваляе даследчыку вандраваць. Да бабулі ў госці трэба прыехаць не з пустымі рукамі, а хоць з нейкім гасцінцам. Настроіць яе пэўным чынам, каб яна спявала, не звяртаючы ўвагі на камеру. Такім чынам, даследчыцы даводзіцца браць на сябе ролю менеджара і рэжысёра.

Акрамя таго, Ірына вучыць народным песням зацікаўленых аматараў. Традыцыйная спеўная манера адрозніваецца ад сучаснай “прыроднасцю” падачы голасу, Ірына адзначае пэўны псіхатэрапеўтычны эфект спеваў. Для таго, каб атрымаць уяўленне пра гукападачу, недастаткова бывае паслухаць аўдыя, лепш бачыць спявачку на відэа: як яна бярэ паветра, як артыкулюе гукі. Для захавання экспедыцыйнага відэа трэба вялікія аб’ёмы камп’ютарнай памяці, а гэта таксама выдаткі. Каб наладзіць пошук, матэрыялы павінны быць апісаныя і сістэматызаваныя. Калі паўстае пытанне ўкладання дыска, аўдыя і відэа трэба апрацаваць: дзесьці прыбраць шум, дзесьці падрэзаць — гэта вялікая па аб’ёме праца, што патрабуе засяроджанасці і пэўных эмацыйных высілкаў, напрыклад, калі даследчыца ведае, што некаторыя з яе інфармантак ужо памерлі.

Карэспандэнтка “К” апытала ўсе зацікаўленыя бакі і шэраг экспертаў, каб высветліць, як жа павінны афармляцца звесткі пра электронныя дадаткі да кніг.

Наталля ЗЕЛЯНЕЎСКАЯ, загадчык аддзела бібліяграфічнай апрацоўкі дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі:

— Супрацоўнікі бібліятэкі правяраюць кожны дыск, што да нас паступае. У бібліяграфічным апісанні імкнемся адлюстраваць максімум звестак: абавязкова фіксуецца тое, што выдавецтва прывяло на абароце тытульнага аркуша кнігі і на паверхні дыска, што да яе прыкладаецца. Калі нейкія істотныя звесткі запісаныя на дыску, то можам увесці іх таксама, але варта разумець, што бібліёграф не можа быць спецыялістам у кожнай галіне ведаў. Таму найлепш, калі выдавецтва надае дыску ўласны загаловак, апісвае яго змест у анатацыі.

Часамі звесткі для бібліяграфічнага апісання могуць брацца з прадмовы кнігі, але самае істотнае выдавецтву лепш усё ж пісаць на абароце тытульнага аркуша. У разгорнутым бібліяграфічным апісанні ў каталогу Нацыянальнай бібліятэкі ёсць поле “Інтэлектуальная адказнасць”, туды трапляюць, напрыклад, прозвішчы фатографаў, чые здымкі выкарыстаныя ў кнізе. Але бяруцца яны з абароту тытульнага аркуша, не з подпісаў уласна пад фотаздымкамі, прадмовы ці заключэння.

Што да кнігі “Сямейныя абрады і звычаі”, то яна паступіла ў Нацыянальную бібліятэку зусім нядаўна, у колькасці двух асобнікаў. Разгорнутае бібліяграфічнае апісанне на яе пакуль не рабілася, падчас яго складання абавязкова прывядзем звесткі, што змешчаны на дыску.

Пасля таго, як бібліяграфічнае апісанне будзе сфармавана, мы адкрытыя да прапаноў па яго дапрацоўцы. Аўтар ці прадстаўнік выдавецтва можа звярнуцца па тэлефоне, электроннай ці звычайнай пошце. У нас быў выпадак, калі аўтар прасіў дапоўніць бібліяграфічнае апісанне некалькі разоў, і мы ішлі яму насустрач.

Святлана КАГАДЗЕЕВА, галоўны рэдактар выдавецтва “Вышэйшая школа”:

— Калі ў кнігі вялікі аўтарскі калектыў, выдавецтва працуе з адным чалавекам, які бярэ на сябе адказнасць за ўзгадненне ўсіх пытанняў з іншымі аўтарамі. У аўтарскай дамове прапісана, што аўтар, які перадае матэрыялы выдавецтву, нясе адказнасць за тое, каб пазначыць усе крыніцы, адкуль ён узяў інфармацыю, і іншых аўтараў у выпадку выкарыстання іх матэрыялаў. Калі ўзнікаюць прэтэнзіі па аўтарстве, яны перанакіроўваюцца ад выдавецтва да аўтара, з якім заключана дамова.

Перад тым, як падпісаць кнігу ў друк, мы накіроўваем бібліяграфічныя звесткі на ўзгадненне ў Кніжную палату і, калі ёсць заўвагі, то выпраўляем. Што да выдання “Сямейныя абрады і звычаі”, то гэта не першая кніга ў нашым выдавецтве, што выходзіць з такім афармленнем. Склалася практыка афармлення камбінаваных выданняў, што звесткі пра кнігу прыводзяцца ў бібліяграфічным апісанні на абароце тытульнага аркуша, а звесткі пра дыск — у тытульным лісце, захаваным на самім дыску. Афармленне робіцца адпаведна з ГОСТамі, а там няма патрабавання даваць звесткі пра дыск з камбінаванага выдання на тытульным аркушы кнігі. З Ірынай Мазюк была заключаная дамова на матэрыялы, што выйшлі на дыску, суадносна, яе імя было пазначала там жа. Парушэння аўтарскага права тут няма, але ўжо пасля таго, як наклад (600 асобнікаў) быў надрукаваны, мы вырашылі зрабіць уклейку ў кніжку. На ўклейку будуць вынесеныя звесткі з тытульнага аркуша дыска, там будзе апісаны ўвесь аб’ём работы, зроблены Ірынай Мазюк, і прыведзены назвы ўсіх твораў на дыску (а іх амаль 80). Гэты аркуш будзе ўклеены ў канцы кнігі, побач з дыскам, ва ўсе дасяжныя нам асобнікі, у тым ліку тыя, што знаходзяцца на рэалізацыі ў крамах Мінска. У кнігі, што ўжо перададзеныя ў іншыя гарады, на жаль, тэхнічнай магчымасці зрабіць уклейку няма.

Алена ІВАНОВА, дырэктар Нацыянальнай Кніжнай палаты:

— У выпадку з камбінаванымі выданнямі, якім з’яўляецца кніга “Сямейныя абрады і звычаі” з электронным дадаткам, выданню надаецца агульны нумар ISBN, а таксама ўласныя нумары ISBN для кнігі і дыска. Суадносна, і на кнізе, і на дыску стаіць па два нумары ISBN. Дыск не можа распаўсюджвацца асобна ад кнігі, таму калі ён нейкім чынам згубіўся, дык ідэнтыфікаваць яго прыналежнасць да камбінаванага выдання дапаможа нумар ISBN. У бібліяграфічным апісанні, якое друкуецца на абароце тытульнага аркуша кнігі, павінна быць пазначана, што выданне ўтрымлівае электронны дадатак. Што да звестак, якія павінны прыводзіцца пра дадатак, то гэта — адказнасць выдаўца, роля Кніжнай палаты толькі кансультацыйная. Па вялікім рахунку, павінны быць звесткі пра ўкладальніка дыска ў бібліяграфічным апісанні, але калі выдавец з нейкіх прычын вырашыў гэта не пазначаць, то гэта па-за кампетэнцыяй Кніжнай палаты, гэта хутчэй пытанне аўтарскага права.

Аляксей БІЧУРЫН, кіраўнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці:

— У гэтым выпадку мы маем справу з немаёмасным правам аўтара на імя. У Законе аб аўтарскім праве і сумежных правах не прапісана дакладнага шляху, якім чынам павінна быць пазначана імя аўтара, каб яго права лічылася абароненым. Адназначны вердыкт у прыведзеным выпадку можа вынесці толькі суд. Я мяркую, што калі ўзнікне судовая спрэчка, выдавецтва будзе апеляваць да таго, што права аўтара на імя не парушанае, бо звесткі прыведзены на дыску. У той жа час мне здаецца, што не варта займаць крайняй пазіцыі, на будучыню такія тэхнічныя пытанні варта абгаворваць выдавецтву з аўтарам загадзя, мабыць, узгадняць арыгінал-макет. А наконт выданняў, што ўжо выйшлі, варта звярнуцца ва ўстановы, што займаюцца каталагізацыяй, гэта, наколькі мне вядома, у першую чаргу Нацыянальная бібліятэка і Кніжная палата, каб слушныя звесткі пра ўкладальніка дыска былі каталагізаваныя.

У практыцы працы Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці былі выпадкі, калі аўтар, часцей замежны, патрабуе чагосьці, што не вельмі ўпісваецца ў практыку беларускай установы, з якой ён працуе, скажам, прапісаць яго імя ў праграмцы шрыфтам пэўнага памеру. Нам гэта можа здавацца надуманым, але сведчыць, што ў іншых краінах культура выкарыстання аўтарскага права склалася і яго патрабаванні звычайна задавальняюць.

Тамара ВАРФАЛАМЕЕВА, аўтар тэксту кнігі “Сямейныя абрады і звычаі”:

— Праца з фальклорам — гэта сфера, не адлюстраваная ў заканадаўстве, шмат што даводзіцца вырашаць па аналогіі. Канечне, імя даследчыка павінна быць пазначана, для гэтага варта шукаць форму адпаведна ГОСТам, што рэгулююць выдавецкую справу. Кніга “Сямейныя абрады і звычаі” распачала серыю “Духоўная спадчына беларусаў”, хаця яна павінна была пачацца кнігай пра каляндарныя абрады. Усё ж каляндар — аснова беларускай традыцыйнай культуры. У “Сямейных абрадах і звычаях” выкарыстаны матэрыял з тамоў серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” і новыя звесткі, што назбіралі даследчыкі за апошнія гады. Выданне атрымалася нятанным, яно каштуе ў кнігарнях каля 40 рублёў. Выдавецтва плануе тэматычныя кнігі ў працяг серыі, калі “Сямейныя абрады і звычаі” добра раскупяцца.

***

З усяго пачутага ад экспертаў зразумела, што лепш пазначыць імя ўкладальніка дыска ўсюды, дзе толькі можна: і на самім дыску, і на яго паверхні, і ў бібліяграфічным апісанні. У апошнім пасля надпісу “+CD” у дужках можна вылучыць нешта кшталту “аўт. зап. і укл. — Імярэк”. Лічбавыя тэхналогіі імкліва развіваюцца, паступова прыходзіць усведамленне істотнасці аўтарскага права, хаця ў Беларусі гэта адносна новая юрыдычная галіна. Таму кожны выпадак выдавецтвам варта разглядаць індывідуальна, працаваць з аўтарамі, прыслухоўвацца да іх меркаванняў, узгадняць арыгінал-макеты выданняў. Магчыма, давядзецца нават змяніць нейкую звыклую выдавецкую практыку, але ж гэта непазбежна: усё цячэ, усё змяняецца.

Добра, калі пазнака пра электронны дадатак ёсць на вокладцы кнігі, гэта падвышае яе шанцы на продаж. Гэта новая рыса, уведзеная выдавецтвам “Вышэйшая школа” акурат для кнігі “Сямейныя абрады і звычаі” (на тамах серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” такая практыка яшчэ не выкарыстоўвалася). Добра было б шырэй “рэкламаваць” дыск у выдавецкай анатацыі, калі гэта дазваляюць нарматывы па яе аб’ёме: напісаць, з якіх рэгіёнаў запісы, колькі іх змешчана на дыску, магчыма, вылучыць нейкія асабліва рэдкія ўзоры песеннай творчасці (у выпадку з кнігай “Сямейныя абрады і звычаі”, напрыклад, заручальныя песні ці творы, што выконваліся для сіраты).

Не варта таксама забывацца на інтарэсы чытачоў: мала хто ходзіць у краму з ноўтбукам, куды можна ўставіць дыск. Таму пажадана, каб звесткі пра электронны дадатак  — назвы песень, іх працягласць, лакалізацыя, жанравая прыналежнасць — былі надрукаваныя ў кнізе, да якой дыск прыкладаецца. Зрэшты, гэта таксама спрыяла б узрастанню продажаў кнігі і знаходзіцца ў сферы інтарэсаў самога выдавецтва.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"