Колас — з новымі гісторыямі

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа — адзін з узорных “каланізатараў” сваёй тэрыторыі і фондаў. Летась супрацоўнікі ўстановы прадэманстравалі публіцы неардынарную экспазіцыю, што змясцілася ў гаражах народнага паэта Беларусі, юбіляра гэтага года. Дзякуючы архівам, успамінам Міхася Канстанцінавіча, сына Коласа, і самім работнікам музея праз “аўтамабільную” выставу атрымалася паказаць напружаную атмасферу эпохі і прыватную гісторыю Якуба Коласа на яе фоне. Ды, канешне, машыны, якімі карыстаўся літаратар на працягу жыцця.

/i/content/pi/cult/625/13896/2-1.jpgГэтым разам музейшчыкі прапануюць зазірнуць глыбей, літаральна — пад зямлю, у “Склеп”. Ён знаходзіцца злева ад галоўнага ўвахода ў сядзібу. Склеп быў пабудаваны яшчэ палоннымі немцамі ў 1945 годзе, а пасяліўшыся на Акадэмічнай, 5 сям’я Якуба Коласа адразу пачала яго выкарыстоўваць па прызначэнні. Дырэктар музея Зінаіда Камароўская задачай стацыянарнай выставы бачыць рэканструкцыю фрагмента гарадскога жыцця сярэдзіны XX стагоддзя, калі прагрэс беларускага горада яшчэ не далёка адышоў ад вёскі.

Вядома, што паэт вярнуўся на радзіму пасля вайны ўдаўцом, і гэты смутак Колас пранёс з сабою да канца. Але скласці абавязкі руплівага гаспадара і гасціннага “галавы” сямейства ён не мог. Таму склеп заўсёды быў запоўнены беларускімі прысмакамі, кансервамі, настойкамі. Сёння гэта атмасфера ўзноўленая супрацоўнікамі мемарыяльнага музея. Імі зроблена і аўтэнтычная “хэндмэйдаўская” лядоўня, у якой смела можна захоўваць прадукты харчавання. Эксперымент з лядоўняй, дарэчы, запушчаны: на палічках па перыметры квадратнай метровай ямы паклалі кавалкі мяса і сала, праз шкло бачна, што холад захоўваюць ільдзіны, якія ляжаць на саламянай посцілцы. Склеп застаўлены банкамі з гуркамі, варэннем, рэтра-шкалікамі з дзіўнага колеру напоямі, вытрымкамі і кнігамі з рэцэптамі.

У дапаўненне да праекта “Склеп” адкрылася і двайная выстава ў самім будынку музея. Назва “Якуб Колас: вядомы і невядомы” добра раскрывае сутнасць экспазіцыі, якая складаецца з фотаздымкаў і ўласных рэчаў песняра. “Колас вядомы” — гэта грамадскі дзеяч, паважаны літаратар, старэйшы таварыш, турыст, савецкі чалавек. “Невядомы Колас” — гэта бацька, дзядуля, гаспадар і нават аграрый.

Калі першая частка фотаздымкаў зроблена на з’ездах, дэманстрацыях, у камандзіроўках Коласа (кангрэс у Парыжы ў 1935 годзе, неафіцыйная паездка ў Пецярбург, афіцыйная — у Маскву), у рабочым кабінеце, у доме творчасці ў Каралішкавічах сярод калег, на Пухавіччыне (Колас любіў гэтыя мясціны і арандаваў там летам жыллё), у грузінскім санаторыі ў Цхалтуба, дзе адпачываў і Янка Купала, то на іншай частцы дакументаў пісьменнік — у сцянах дома, сярод сыноў, нявестак, унукаў, сяброў і вучняў па рамястве. Сярод “хатніх” дакументаў перапіска з Аляксандрай Кетлер, фота са сваяком Янкам Маўрам, замежнымі журналістамі, што наведваліся ў госці.

У фондах дома Коласа каля 33 тысяч прадметаў. І амаль усе яны даследаваны і хаця б раз дэманстраваліся аўдыторыі. Тое тычыцца і плошчаў установы: першы і другі паверх дома, падвал, гаражы, зараз склеп. Вядома, што ў бліжэйшых планах музея адрамантаваць драўляны хлеў 1946 года. Што супрацоўнікі змесцяць там, пакуль абдумваецца.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст