Прыгоды беларускіх бібліятэкараў за акіянам

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

22 дні адкрыццяў, вучобы і новага досведу
Загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Марына Пшыбытка ў складзе дэлегацыі айчынных бібліятэкараў пабывала ў ЗША. Замежная вандроўка, якая доўжылася з 18 студзеня па 8 лютага, ініцыявана амерыканскім дыппрадстаўніцтвам у нашай краіне ў рамках Праграмы міжнародных візітаў Дзярждэпартамента ЗША “Амерыканскія бібліятэкі”.

/i/content/pi/cult/625/13889/13-1.jpgУ складзе дэлегацыі былі таксама дырэктар Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Марыя Ляцяга, загадчыца аддзела замежнай літаратуры Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Ларыса Лотыш, галоўны бібліятэкар Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Павел Усцінаў, бібліятэкар Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Валянціна Таўлая Вольга Якубовіч і дэкан факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Мікалай Яцэвіч. Ці не штодня свае ўражанні Марына Георгіеўна змяшчала ў “Facebook”. Сёння мы друкуем фрагменты гэтых дарожных нататак.

Першы дзень у Атланце падараваў добрае надвор’е і шмат цікавых сустрэч. Наведалі дэпартамент па адукацыі штата Джорджыя, а таксама — публічную бібліятэку Атланты. Стала зразумела, што такое прынцып агульнай даступнасці. Гэта калі ў бібліятэку могуць прыйсці нават людзі без пэўнага месца жыхарства. А яшчэ тут ёсць бібліятэка насення. Яго пакункі, атрыманыя ў дар, бібліятэкары раскладваюць па пакеціках і бязвыплатна раздаюць чытачам.

Амерыка не перастае здзіўляць кантрастамі. Самае яркае ўражанне другога дня — жыхары гарадка Вітсбург, размешчанага за 50 міль ад Атланты. Па нашых мерках, гэта сельскае паселішча з колькасцю жыхароў у 600 чалавек. Дык вось, перад бібліятэкай — вітальны шчыт для беларусаў на дарозе. Такая нечаканасць стала нагодай для фатаграфавання. Зрабіла вывад: гасціннасць калег — рыса інтэрнацыянальная. Да слова, у бібліятэцы нас чакаў абед і яшчэ адзін вітальны плакат.

Але самае цікавае тое, што ўстанова пабудавана на сродкі мясцовых жыхароў. Не было ў іх сваёй бібліятэкі, і каб выправіць становішча, было створана таварыства сяброў бібліятэкі, якія і сабралі неабходныя сродкі на будаўніцтва. З набыццём фонду дапамагла мэрыя. Мясцовыя жыхары прынеслі свае кнігі і стварылі пры бібліятэцы кнігарню. Купляюць, чытаюць і часцяком вяртаюць прачытанае ў бібліятэку. Гэткі платны буккросінг. А на атрыманыя сродкі набываецца новая літаратура.

Трэці дзень — апошні ў Атланце. Заўтра адлятаем у Вашынгтон. Фінальны акорд гэтай часткі праграмы — наш удзел у зімовай канферэнцыі Амерыканскай бібліятэчнай асацыяцыі. Вельмі маштабнае мерапрыемства, як па працягласці (6 дзён), плошчы, на якой усё адбывалася, так і па колькасці дакладаў і прэзентацый (больш за 900). Некаторыя працоўныя дні канферэнцыі пачыналіся а 7-й раніцы, а заканчваліся а 10-й вечара. Каб толькі бегла пазнаёміцца з выставай, на якой былі прадстаўлены найноўшыя дасягненні ў сферы выдавецкай, бібліятэчнай справы, інфармацыйных тэхналогій, нам спатрэбілася больш за тры гадзіны.

Вашынгтон сустрэў дажджом. Кажуць, гэта рэдкасць. Адкрыла для сябе некалькі цікавых фактаў. У Вашынгтоне ёсць шэраг музеяў з бясплатным уваходам. Заслуга ў гэтым — англічаніна Джэймса Смітсана, які ніколі не быў у ЗША, але завяшчаў сваё багацце на заснаванне ў Вашынгтоне ўстановы, якая “распаўсюджвала б і памнажала веды сярод людзей”. Так быў створаны Смітсанаўскі інстытут і комплекс бясплатных музеяў пры ім. Наведалі тры з іх: Нацыянальны музей авіяцыі і касманаўтыкі, Нацыянальную мастацкую галерэю і Нацыянальны музей натуральнай гісторыі.

Марына ПШЫБЫТКА, загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Фота аўтара

Працяг — у наступных нумарах "К".